Пракосы напамяць (1932)/Там, на Захадзе/Пагранічнікі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вольны ліст зьняволенаму брату Пагранічнікі
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1932 год
Вершы пра Палесьсе

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАГРАНІЧНІКІ

Два слупы,
Невялічкая сьцежка,
Дзьве сасны і расьцягнуты дрот —
Дзён мінулых нязбытая рэшта.
Скрыжавалася тут ля дарог.
Тут мяжа,
Тут бяссонная варта,
Там варожыя ходзяць пасты,
Там вятры між дарог вілаватых
Засыпаюць сьнягамі пустыр,
Толькі месяц
Між хвоек высокіх,
Нібы коршак, віецца ў цішы…
І чутны асьцярожныя крокі
На сярэбраным сьнезе мяжы.
Вартавы на пасту
Не таварыш,
Стрэльба зноў нагатоўку: Стой!..
І збліжаюцца крокі з аддаляў
Ў пераклічцы напружанай: свой!
Ноч заўсёды прыносіць трывогу, —
Кожны куст, як варожая здань,
Тут зышліся крывыя дарогі,
І ў сьнягох прытаілася даль.
Там за слупам
Варожыя сілы
Пільна сочаць гусьцеючы змрок.
Сёньня тут, а назаўтра ў магіле
За няправільна ступлены крок.
І напружанасьць
Кожнай хвіліны
Пагранічніку радуе кроў —
Гэта дні працы мірнай краіны.
І вясельных напеваў дуброў:
Дзесьці там за асьнежаным полем
Вёскі родныя паляць агні…
І пяюць штось сасонкі такое
Пра вялікія дальнія дні.
Там будуюць вялікае нешта,
Кожны дзень сьцеле новы абрус…
А думкі, а думкі ў дэпэшах
Вецер золкі нясе ў Беларусь.
І мацнеюць
Напорныя крокі,
Сьнег сярэбраны зносяць вятры.
Ходзіць варта бяссонная ў змроку
Пад марозны рассыпаны рып.
А у ранак, пад шэпат сасонак,
Як заўсёды, ў звычай стары —
Пераклікнуцца пеўні спрасонак
Па-зямляцку пагаварыць.

Менск, 1928 г.