Пракосы напамяць (1932)/Пракосы напамяць/На станцыю

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Да дому На станцыю
Верш
Аўтар: Сяргей Дарожны
1932 год
Разьвітаньне

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА СТАНЦЫЮ

Іскрамі белы сьнег,
Вёска далёка за мной.
Люба мне, весела мне
Дыхаць палескай зімой.

Як залатыя дні,
Коні бягуць дарогай
Месяц, і той прынік,
Долу схіліўшы рогі.

Люты. Дарога рыпіць,
Я аглядаю шлях.
Раптам — дай закурыць,
Таварыш,
Здаецца, зямляк!

Нешта сягоньнячы веянь
Ціхне, і вецер змоўк…
Бывае-ж, гудзіць завея,
Дарогу пільнуе воўк.

Вы тут-здаецца, новы,
Гэтага вам ня знаць:
Палескай дарогай зімовай
Усякага можна чакаць.

І пацягнуліся словы:
Як вы, адкуль і куды,
Толькі дарогай зімовай
Значацца роўна сьляды.

Пытаю: Да станцыі колькі?
— Дзесяць, калі стараной.
Праехалі дзесяць, а й з горкі
Станцыі ня відно.

Такі балагол паганы, —
За тройку на пары кляч
Ён вёз мяне з самага раньня
На станцыю, хоць ты плач.

Пад кожную гору — зьнямога;
Пад‘едзем на пару вёрст,
І так гэта ўся дарога
Абрыдзела мне, як пост.

І толькі ўвечары позна,
Як водзіцца тут спакой,
Са мной разьвітаўся абозьнік,
А я пагрузіўся ў вагон.