Поэмы (Бядуля, 1927)/Адплата пану

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ў Ясных Крушнях Адплата пану
Паэма
Аўтар: Змітрок Бядуля
1927 год
На хутары
Іншыя публікацыі гэтага твора: Адплата пану.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Адплата пану

(З часоў паншчыны)

I

Гам, дзе стромкія бярозкі,
Разьлягліся хаткі вёскі.
Пры тэй вёсцы быў равочак,
За равочкам быў садочак.
А за садам між прысад,
Нібы волатавы брат,
Лез на неба, лез да зорак
Вялічэзны стромкі ўзгорак.
А на ўзгорку — роўны пляц,
Дзе сьвяціўся дом-палац.
Нібы злое бяльмо-вока,
Той палац бялеў здалёку.
Жыў на ўзгорку на крутым
Пан сьляпы ў палацы тым.
Людзі скардзіліся надта
На благога пана-ката,
Не за цяжкую работу,
Не за вечную турботу,
А за іншы, горшы зьдзек
Сьлязьмі плакаў чалавек.
Не мазоль людзей палохаў,
Не ад працы бедны вохаў,
Не ад горкае нядолі
На шырокім плакаў полі,
Не ад крыкаў цівуноў,
Не ад сьвісту бізуноў, —
Бо на панскіх на загонах
Так-сяк звыкліся з прыгонам;
У хацінках курных, цесных
Пацяшалісь часам песьняй;
Песьня мкнулася ўгару
На агнёвую зару,
І адтуль чырвоным птахам
Біла крыльлямі аб дахі:
Зыкі брызгалі яскрава
На абшары, на дубравы, —
Дзеі горшыя былі,
К ім прывыкнуць не маглі:
Вочы панскія сьляпыя,
Як ражонішчы страшныя,
Бедных рэзалі-калолі
Да вялікай дзікай болі;
Той сляпы, той панскі зрок
Пранікаў людзкі куток
І даводзіў да дрыготаў.
Адпадала на‘т ахвота
Жыць на сьвеце — бельмы пана
Аж да вечара ад рана
Ўсюль тырчалі, як сукі,
Як сталёвыя цьвякі!
Пан сьляпы, а заўжды знае,
Дзе дзяўчынка маладая,
Дзе красуня-маладуха, —
Да яго даходзіць слуху.
Да сябе з вясковых хат
Згоніць пан усіх дзяўчат;
Корміць, поіць салам, мёдам,
Кружыць гучным карагодам.
Граюць скрыпкі і цымбалы
На вясёлым панскім балі
Дзень за днём, за ночкай ноч,
Ажна іскры сыплюць з воч.
На благія жарты-кпінкі
Пан ім ладзіць вечарынкі.
Ён у шумным карагодзе
Страхацьцё на іх наводзіць,
Бо іх мацае рукой:
Робіць спробы над красой;
А каго з іх спадабае, —
Ночку цэлую трымае…
Шмат гадоў насілісь стогны.
Бедны стараста прыгонны
Волю пана выпаўняў —
Ён дзяўчат сюды зганяў.

II

Раз падвечар громка, строга
Кліча старасту старога
Пан сьляпы к сабе ў камору,
Кажа: „Во якраз у пору
Ты прышоў! Наладзь гульню,
Знаеш, так, як я люблю!
Калі не, дык закатую,
Хамскай скуры не шкадую!
Я зьдзяру яе ды з мясам
Маім выжлам на каўбасы.
Мой фурман на гэта зух, —
Выб‘е твой мужыцкі дух!“
Мужычок стаіць, трасецца:
„Дзе схавацца? Дзе тут дзецца?
Заклююць, зьядуць сяляне,
Мне жыцьцё пякельняй стане.
Вось паганства, вось брыда,
Проста гора ды бяда!“
Вышаў стараста з пакояў.
Над зямелькай зорак poi
З неба сіняга глядзелі,
Нібы штось казаць хацелі.
Во-во скажуць тайны сказ,
Шэпнуць словачка хоць раз…
Над гаёчкам над хваёвым
Пад абшарам пад сталёвым
Ціш вісела ільдзяная,
Ціш сьмяротная, нямая;
Жудзь дрыжэла на палёх,
На цяністых пустырох.
„Гэй, нябёсны божа, дзе ты,
У рызах вогненных адзеты?“
„Дзе ты? — водгалас гавора
На шырокім на прасторы.
„Дзе ты? — кажа цёмны бор.
„Дзе ты? — крык імчыць да зор.
„Што-ж ты бедных не ратуеш?
Ці ня бачыш? Ці ня чуеш?
Мы-ж папоў тваіх паілі,
Мы-ж ксяндзоў тваіх кармілі,
Мы-ж малілісь да хрыпот
У царкоўных у варот.
Лобам камень прабівалі,
Шчыра сьвяты сьвяткавалі,
Ў нашых хатах у старых —
Малявідлы ўсіх сьвятых.
Пад мядзянымі званамі
Чорнарызьнікі над намі
Шуткавалі, жартавалі,
Нашу цемру вартавалі.
Гулка бомкалі званы.
Ці ня хлусілі яны?
Мо‘ усё выдумкі і глумы?
Так старэнькі думаў думу.
А нябёсныя пустоты
Давадзілі да маркоты…
Дзед пусьціўся нацянькі,
Дзе луналі аганькі.
Нібы страхі-чорнарысы,
Нібы кнігі-летапісы,
Хаткі нізкія цямнелі,
Вокны дробныя мігцелі.
Пад нагой квахтала гаць.
Дзед пачаў дзяўчат зьбіраць…
„Гэй, на згон-прыгон да пана!
Пабалюеце да рана!
Хто шкадуе сваю цноту,
Дык бізун паддасьць ахвоты!
Падбярэце, дзеўкі, хор
І да пана сыпце у двор!
У сьвяточных у намітках,
У суконных новых сьвітках,
У гарсэціках, каралях
Трэба быць на панскіх балях.
Гэй, у двор на згон-прыгон!“
У вадказ ён чуе стогн,
Ён ідзе ад хаты ў хату.
Крык і плач. Усе дзяўчаты
Ў хмызьнякі пауцякалі,
Іх бацькі тайком схавалі.
Шмат страхоцьця, шмат жуды.
Дзе ратунак ад бяды?..

III

У палацах пан сярдзіты.
У атласе ўвесь абвіты,
Нецярплівы, чагось хоча,
Ўверх глядзяць сьляпыя вочы,
Што ад бельмаў йшчэ страшней —
То ня пан глядзіць, а зьмей.
А музыкі ў гулкай залі
Ладзяць скрыпкі і цымбалы.
А лякай стол рыхтуюць,
Па куткох сабе жартуюць,
Няпрыстойныя слаўцы
Сыплюць градам малайцы
Скрыпы, рыпы, шэпты, піскі
Па куткох далёкіх, блізкіх
Чэлядзь панская разводзіць,
Валаводы валаводзіць.
„Што ня йдзе сюды скарэй
Гурт прымушаных гасьцей?“
Пан рукой сваёй варушыць,
Ўвесь ён — слух, увесь ён — вушы.
Адкідае, як лупіны,
Шэпты слугаў, іх вазьніну,
Ловіць шорхі са двара,
„Што ня йдуць? ужо пара“…
Разважае ён паволі,
Прыслухаецца ён болей,
Слух, як шпілька, навастроны.
Ўсе магчымыя законы отх
Праступае яго слух,
Як нялюдзкі нейкі дух.
Сярод дня і сярод ночы
Пану слух — другія вочы.
Не пабачыць, дык пачуе,
І ніколі ня спудлуе.
Хоць сьляпы, але зато
Дзіўна чуе, як ніхто.
Раптам пан устрапянуўся,
Да дзьвярэй ён пацягнуўся.
Чуе — йдуць. І толькі двое
Увайшлі ў яго пакоі.
Злосьць сваю ён перамог:
„Гэта стук дзявочых ног!“
Стук саромлівы, пудлівы,
Не адважны, ня гульлівы.
Аксамітная дарожка
На сабе ня чуе ножкі.
„Маладзенькая, ой, так…
Вось у гэтым — самы смак“…
Толькі шасьць лапцёў кародзіць,
Ажна слуху яго шкодзіць.
Пан злуецца: што за звода?
Хто ў лапцёх тут робіць шкоду?
— Ты? Мой стараста? Ну, ну!
— Дзеўку я прывёў адну…
— Ці-ж адну? Ах ты, гультаю!
— Спадабае пан, я знаю!
Уцяклі ўсе. Дай, пан, веры. —
I старэнькі — шмыг за дзьверы.
А дзяўчынка сьлёзы льле.
Пан бярэцца за яе…
— Дык чаго-ж ты так баішся? —
Кажа пан, — ты пакажыся!
Я агледжу бяз прынукі,
Замест воч — я маю рукі.
Ацаню красу тваю.
Палюблю ці праганю. —
Прыцягнуў і — мац рукою.
— Пан, зьлітуйся нада мною…
— Бач, які твой галасочак:
Ён зьвініць, як той званочак!
Валасы твае, як пух,
Словам, стараста мой — зух!
Шчочкі гладкі — маладая.
Тварык — жар, то кроў жывая,
Мабыць, вельмі чырванееш?
Во халодная — бляднееш.
Губкі пухлыя маўчаць,
Грудкі поўныя дрыжаць…
Пан ёй гладзіць рукі, плечы,
Штось балмоча недарэчы,
А яна глядзіць на бельмы
Злой, агіднай, дзікай шэльмы,
І бязьмерны, сьмертны страх
Адбіваецца ў вачах:
Пад схаванай панскай грозьбай
Скамянелі яе просьбы.
— Бач, як гнецца стан дзяўчыны,
Ўся трасецца, як асіна…
Аб зубок стучыць зубок,
Ты ня бойся, лебядок!
З галавы да ног агледжу
Я рукамі, як належа.
Ой, панок, хай будзе досыць, —
На каленях шэпча-просіць.
— Ты чыё, дзіця маё?
— Дочка старасты твайго.
— То няпраўда! — кажа хтосьці, —
То няпраўда, ягамосьце!
Далібог, ня доч мая, —
Кажа стараста, — твая!
(Ён за дзьверы прытаіўся,
Як ня трэ‘ было — зьявіўся).
Пан калісь і маю бабу
Да сябе ў камору вабіў.
Ты пакінуў тады ёй
Водсьлед похаці тваёй.
Гадаваў тваю дачку я
І цяпер яе шкадую,
Як над ёй во чыніш зьдзекі
Недастойна чалавеку.
У грудзёх тваіх цяпер
Вые, рвецца дзікі зьвер.
Пан, дастаў ты асьляпленьне
І на вочы й на сумленьне.
Вось цяпер на пана-ката
Надыйшоў і час адплаты.
Я ў граху служыў табе —
Кару знойдзеш праз мяне!
Пан сьляпы ад страху млее,
А дзяўчынка камянее.
Яе стараста сшалелы
За руку выводзіць сьмела,
Пасярод слугоў, людзей
Да хаціны йдзе сваей.

IV

Ноч васеньняя, глухая
Вельмі ціхая, даўгая.
Сьпіць зямелька ў жудкіх чарах,
На нябёсы ляглі хмары.
У ваўнянай паласе
Патанулі зоркі ўсе.
Цьма сьляпым бяльмістым вокам
Абхапіла сьвет шырокі,
Загуляла з цішынёю,
Паплыла над шырынёю,
Ўсе запоўніла куткі,
Пустыры і хмызьнякі.
Чуць шапталіся бярозкі.
Спала поле, спалі вёскі.
Сон з дрымой удвох луналі
Па-над змрочнай, немай даляй,
Сажу сеялі уніз
Сярод хатак, сярод хмыз.
Што за гукі апаўночы?
Мо‘ каго хто рэзаць хоча?
Чаму неба расквітнела?
Чаму глеба счырванела?
Што за дзіўны нейкі сход?
Куды ймкнецца так народ?
Панскі ўзгорак грае, зьяе,
Нібы ведзьма агнявая.
Сонцам яркім асьвятлёны,
Зьмеем пышным аздаблёны
Панскі дом на тэй гары
Пад пажарышчам зары.
Як удзень, уночы сьветла —
Гэтак цёпла, гэтак ветла,
Варна, нібы сярод лета.
Што за дзіўная прымета?
Панскі дом блішчыць, як жар, —
Гэта бухае пажар…
Асталіся на узгорку
Толькі печ і падмуроўка.
Рэшта нейкім дзіўным чынам
Спапялілася лучынай.
Згінуў сам і пан благі
Ў тым пажарышчы агні.
А назаўтрае па вёсках
Пайшла чутка-пагалоска
Нібы стараста з дачкою
Ўночы панскія пакоі
Падпалілі, уцяклі,
Бо нідзе іх не знайшлі.
Вельмі скора, вельмі хутка
Гэта спраўдзілася чутка,
Як агонь пайшоў гуляці
Над суседнім над палацам,
Як маёнткі паміж сёл
Пагарэлі ўсе вакол.
Доўга помнілі сяляне
Той палац сьляпога пана,
Яго жудасныя балі.
І паны не забывалі
Цэлай панскай грамадой
Дзеда-старасту з дачкой!

Менск, 1918—1922 г.