Першая навука Закону Божага (1936)/Праваслаўная Вера на Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З царкоўнае гісторыі Праваслаўная Вера на Беларусі
Гістарычны артыкул
Аўтар: Сяргей Паўловіч
1936 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАВАСЛАЎНАЯ ВЕРА НА БЕЛАРУСІ.

Пачатак Веры Праваслаўнай на Беларусі.

На Беларусі Праваслаўная Вера пашыралася з Кіева, У XI—XIII сталецьці ўва ўсіх галаўнейшых асяродзьдзях тагачаснае Беларусі, населенай крывічамі, дрэговічамі і радзімічамі (прэдкі беларусаў), былі ўжо праваславныя цэрквы, духавенства, дзе-ня-дзя манастыры і пры іх школы. Так, у Полацку была школа, у якой вучылася 300 дзяцей. Багаслужэньне адбывалася на славянскай мове, якая тады была вельмі блізкая да жывой народнай гутаркі. На славянскай-жа мове чыталі і кнігі Сьвяшчэннага Пісаньня: яны былі ўжо перакладзены на гэтую мову сьв. братамі Кірылам і Мяфодам, Асьветнікамі славянаў. Адначасна заснаваліся і Епіскапскія кафэдры ў Полацку, Пінску ці Тураве і Смаленску. Духавенства было пераважна выбранае, з мясцовых людзей, якія добра зналі жыцьцё і рэлігійныя патрэбы сваіх прыхаджанаў. Наагул народ прыймаў шырокае ўчасьце ў жыцьці царкоўным. Ўжо з XII веку пачынаюць закладацца пры цэрквах брацтвы: так у 1167 г. заснавалася брацтва пры саборнай царкве ў Полацку. У склад брацтваў уваходзілі праваслаўныя людзі розных станаў грамадзянства — ад багатых і знатных, на чале з князямі, да самых бедных і простых. Брацтвы будавалі і падтрымлівалі храмы, выбіралі духавенства, клапаціліся аб дапамозе бедным свайго прыходу і г. д. Кіравалася царква на Беларусі сваімі Епіскапамі, якія падпарадкаваліся Кіеўскім Мітрапалітам, а праз іх Канстантынопальскаму Патрыарху. У важных выпадках, як напр. выбары Мітрапаліта, Епіскапы зьбіраліся на Саборы. Так, у 1411—1414 г.г. быў Сабор у Наваградку: яшчэ пазьней, іменна ў 1509 г. быў Сабор Епіскапаў у Вільні для ўпарадкаваньня тагачаснага царкоўнага жыцьця

Праваслаўная Вера ў злучанай Літоўска-Беларускай Дзяржаве.

Калі Беларусь (па тагачаснаму «Русь») знаходзілася ў складзе Літоўска-Беларускае Дзяржавы (XIV—XVI в.в. і пазьней), яна ня толькі захоўвала Веру Праваслаўную, родную мову і культуру, але пашырала гэтыя свае ўплывы і на самую Літву. Шмат літвіноў з бегам часу прыняло Праваслаўную Веру. Вялікія князі літоўскія Гэдымін і Альгерд, пры якіх Літоўска-Беларуская Дзяржава дасягнула найбольшай магутнасьці, былі па веры праваслаўныя. Падчас кіраваньня Альгерда больш як 50 удзельных князёў літоўскіх былі Веры Праваслаўнай. Літоўскія князі жаніліся з праваслаўнымі князеўнамі, і дзеці іх заставаліся праваслаўнымі. У палацы вялікіх князёў маліліся па Праваславнаму, а гаварылі пабеларуску, бо і дзяржаўная мова ў Літве была беларуская (аж да самага канца XVII сталецьця). Наколькі было пашырана тады Праваслаўе, сьведчыць тое, што ў сталіцы Літоўска-Беларускае Дзяржавы — Вільні ў другой палове XV веку было больш за 15 праваслаўных храмаў, пабудованых пераважна з пачыну і пры падтрыманьні вялікіх княгіняў.

Пашырэньне Праваслаўнае Царквы на Беларусі у XV—XVI в.в.

XV—XVI векі і першая палова XVII в., ня гледзячы на пашырэньне на Беларусі каталіцтва і некаторыя праўныя абмежаваньні праваслаўных з боку вялікіх князёў, цяпер ўжо каталікоў, былі вякамі шырокага росквіту праваслаўнае царквы. У гэтым пэрыядзе заснавалася шмат новых манастыроў, шырока йдзе будаўніцтва храмаў па вёсках; беларускіе магнаты, баяры і шляхта не шкадуюць коштаў на іх падтрыманьне. Вялікія князі асобнымі граматамі вызначаюць цэрквам і манастыром багатыя фундацыі — зямлю, лясы, вазёры і г. д. Блізу кожная царква мела свайго патрона ці апякуна, пераважна з багатых і знатных мясцовых людзей, які браў на сябе абавязак падтрымліваць і прыходзкі храм і духавенства. Пад канец гэтага пэрыяду ўся Беларусь пакрыта густою сеткаю брацтваў (у 1458 г. заснавалася брацтва ў Вільні), якія выходзяць цяпер пераважна на абарону Веры Праваслаўнай, бо зьявілася вялікая небясьпека і з боку каталіцтва і вуніі, і з боку пратэстанства ды розных пратэстанцкіх сэктаў, ішоўшых праз Польшчу з Захаду. Гэтая небясьпека высоўвае што раз болей і болей патрэбу духоўнае асьветы, і яна на Беларусі пашыраецца і паглыбляецца. Каб здаволіць гэтую патрэбу, закладаецца шмат друкарняў. Друкарні раскідаліся па ўсёй Беларусі, па вялікіх і малых гарадох, як Вільня, Полацак, Магілёў, Віцебск, Менск, Нясьвіж, Любча, Слуцак, Пінск, Заблудава, Заслаўе, Супрасьль, Еўе і г. д. Друкуюцца пераважна духоўныя ці царкоўныя кнігі, бо наагул асьвета таго часу носіць такі характар. А д-р Юры — Францішак Скарына з Полацку перакладае на сучасную яму беларускую мову амаль усе кнігі Сьв. Пісаньня, каб яны былі даступны ня толькі вучоным, але і простым людзям.

Заняпад Праваслаўнае Царквы на Беларусі ў XVII—XVIII в.в.

У XVII—XVIII веку Праваслаўе на Беларусі паступова заняпадае. З часу вядомай Берасьцейскай царкоўнай вуніі (1596 г.) Праваслаўная Царква фармальна траціць права існаваньня. Яе месца павінна заступіць і часткова заступіла вунія, г. зн. царква, якая, пры захаваньні праваслаўнага багаслужэбнага абраду на славянскай мове, падпарадкавалася папе рымскаму, які стаіць на чале каталіцкага касьцёлу. На падставе каралеўскага загаду, да вуніятаў адна за аднэй пераходзяць Праваслаўныя Цэрквы і манастыры, са ўсёй іхняй маемасьцяй. Пераходзіць у вунію і частка духавенства, хто пад прымусам, а хто і дабравольна, спакушаны больш забясьпечаным і спакойным жыцьцём. Епіскапскія кафэдры праваслаўныя ўсе былі скасованы. Ад 1710 году блізу да канца XVIII ст. засталася толькі адна праваслаўная епіскапская кафэдра ў Магілёве на Дняпры. У той час на Беларусі была паншчына і народ быў паняволены, дзеля гэтага часта здараліся пераходы праваслаўных у вунію. За два сталецьці перайшло ў вунію больш за 1½ мільёны праваслаўных беларусаў. Шмат хто з іх, асабліва людзі заможнейшых клясаў, страцілі з працягам часу ня толькі веру сваю, але і мову і ўсё аблічча сваё народнае.

Ад усяе гэтае небясьпекі праваслаўныя, як маглі, бараніліся. Бараніліся праз суды, праз паслоў у Сойме польскім і г. д. Асабліва доўга і моцна бараніліся царкоўныя брацтвы, апіраючыся перш за усё на беларускае селянства і вернае Праваслаўнай Царкве вясковае духавенства. Ня гледзячы на прыгон, беларуская вёска выказала найбольшую цьвёрдасьць і адданасьць веры сваіх дзядоў і прадзедаў.

XIX і XX век у гісторыі Беларускае Праваслаўнае Царквы.

З пачаткам XIX веку Праваслаўе на Беларусі ізноў патроху ажывае і набіраецца сілы: узнаўляюцца епіскапскія кафэдры, зварочваюцца перайшоўшыя да вуніятаў цэрквы і манастыры, з іхняю маемасьцяй. Народ масамі — калі дабравольна, а калі пад прымусам варочаўся з вуні ў Царкву Праваслаўную, як-то было ў 1791—1792 г.г., у 1839 г. і інш. Да самай вялікай вайны (1914 г.) Праваслаўнай Царкве на Беларусі нішто не перашкаджала існаваць і разьвівацца. Адно толькі — было забаронена друкаваць на беларускай мове кніжкі, ужываць беларускую мову ў пропаведзях, пры выкладаньні ў школах Закону Божага і інш. Пасьля вайны, якая Рыскім трактатам падзяліла Беларусь на дзьве часьці, Праваслаўе спаткаў неаднолькавы лёс: ува Усходняй Беларусі Праваслаўная Вера, як і наагул усялякая рэлігія, прасьледуецца, хаця ёсьць там і цэрквы і духавенства (пазбаўленае правоў), а ў Заходняй Беларусі (пад Польшчай) Праваслаўная Царква існуе свабодна. Ёсьць пяць Праваслаўных епархіяў, ёсьць сярэднія і вышэйшая школа для падгатоўкі маладых сьвяшчэньнікаў. Духавенства карыстаецца правамі і мае матар’яльнае падтрыманьне ад ураду. У апошнія гады набывае сабе больш і больш прызнаньня ў царкоўным жыцьці беларуская мова.

З 1925 году Праваслаўная Царква ў Польшчы, раней падпарадкаваная Маскоўскаму Патрыарху, ўрачыста была аб’яўлена Аўтакефальнай, г. зн. незалежнаю ў сваім унутраным жыцьці і кіраўніцтве, аднак у пэўных выпадках падпарадкаванаю Канстантынопальскаму Патрыарху. На чале сучаснай Праваслаўнай Іерархіі ў Польшчы стаіць Яго Блажэнства, Мітрапаліт Дзіянісі.