Не кідай мацеры (Шаўчэнка/Бядуля)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Не кідай мацеры
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Пераклад: Змітрок Бядуля

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




«Не кідай мацеры!» — казалі,
А ты пакінула, ўцякла,
Шукала маці — не знайшла
Ды ўжо шукаці перастала…
Памерла, плачучы. Даўно
Пануе ціш, дзе ты гуляла,
Уцёк сабака згаладалы,
І ў хаце выбіта акно.
У цёмненькім садку ягняты
Удзень пасуцца, а ўначы
Вяшчуюць совы ды сычы,
Няма ані суседзям сну там.
І твой барвінак крыжаваты
Аж быльнікам зарос, ждучы
Цябе няўквечанай. Ў гаі
Ставочак чысты высыхае,
Дзе ты купалася калісь,
Сумуе гай, схіліўся ўніз…
У гаі птушка не спявае —
Яе з сабою панясла.
Ў яру завалена крыніца,
Вярба пасохла, пала ніцма.
І сцежачка, дзе ты хадзіла,
Калючым цернем парасла.
Куды пайшла ты, дзе асела?
І да каго пераляцела?
Ў чужой зямлі, ў чужой сям’і
Каго ты радуеш? Да кога,
Да кога рукі прыраслі?
Вяшчуе сэрца, што ў багатых
Жывеш палацах — не шкада
Табе пакінутае хаты…
Благаю бога, каб бяда
Цябе давеку не збудзіла,
Каб у палацах не знайшла…
Каб бога ты не асудзіла
І мацеры не пракляла.

У каземаце 1847