Перайсці да зместу

На імпэрыялістычнай вайне (1926)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На імпэрыялістычнай вайне
Дакумантальная аповесьць
Аўтар: Максім Гарэцкі
1926 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: На імпэрыялістычнай вайне.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




М. Гарэцкі


НА
ІМПЭРЫЯЛІСТЫЧНАЙ
ВАЙНЕ

ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСІ
МЕНСК — 1926

МАКСІМ ГАРЭЦКІ


НА ІМПЭРЫЯЛІСТЫЧНАЙ
ВАЙНЕ

(ЗАПІСКІ)


ДЗЯРЖАЎНАЕ ВЫДАВЕЦТВА БЕЛАРУСІ
МЕНСК — 1926

„БДВ“ № 101.

Галоўлітбел № 11928.


Менск, 1-я Дзярж. друк. Заказ № 481. У ліку 5.000 экз.

НА ІМПЭРЫЯЛІСТЫЧНАЙ ВАЙНЕ

I

Тэрмін службы для вольнапісаных пачынаўся ў расійскім войску 1-га ліпня. Дык у самым канцы чэрвеня, 1914 году, ехаў я ў бязьлюдным вагоне трэцяе клясы, па зьнямелых ад пякоты й пылу і такіх убогіх жмудзкіх палёх, у N-скую артылерыйскую брыгаду, што кватаравала ў глухім і невядомым мясьцечку недалёчка ад нямецкае граніцы.

Запякло на сэрцы, калі цягнік падходзіў да станцыі нуднай, быццам тая ўжо казарма. Вакол — жоўтыя, голыя пустыры. Усё заліта нуднаю гарачынёю. Усё соннае, пыльнае, ціхае. Выхадзі — як на пакуту.

Але ў пустых і засьмечаных казармах, у цёмным і ня прыветным канцылярскім пакоі, даведаўся я толькі ад сухога і цьмянага чарнавусага кашчэя-пісара, што мог сюды я і ня ехаць: брыгада была ў лагеры, у суседняй губэрні, вёрст за сто адгэтуль. — „Чаму ты ня ехаў проста туды?“ — „Куды! мяне паслалі, туды я і прыехаў“, — адказаў я кашчэю са злосьцю, што ён гаворыць мне „ты“ і што такія ў іх парадкі. Кашчэй толькі ўсьміхнуўся і ціха загадаў другому пісару: „Напішы яму пасьведчаньне да лагеру, а білет хай купіць на свой кошт“… — „Чаму так?“ — ня ўмоўчыў я. — „Таму, што па прыказу цябе ў нашай брыгадзе яшчэ няма… Спаганяй з свайго вайсковага начальніка“. Усё тут было паказённаму груба і неахайна. Толькі адно вакно трошку адчынілі, а там прыемна, пажывому шавяліў шырокім зялёным лісьцем густы клён. і ў мяне супроць розуму зьявілася жалкая, дзяціная пацеха, што хоць-жа троху, да лагеру, пабуду яшчэ на волі. Узваліў скрыначку на плечы і йзноў пацягнуўся на станцыю.

У лагер я прыехаў познаю і цёмнаю начою. Начаваў у канцылярскіх сенцах, на вузенькай лаўцы, што сядзець было вузка, мулка і сьцюдзёна, а на сэрцы — страшэнна брыдка. Не супакойвала наўмысная пакора і цярплівасьць.

Гоман і шум у лагеры пачаўся дужа рана. Але я пасьпеў і ўстаць, і пахадзіць, і пасядзець, і зьесьці кавалак драчоны і колькі мядунічак, — і ўсё яшчэ доўга-доўга мусіў чакаць. Сядзеў на канцылярскім ганачку, на сонцы — быццам спаў, бяз жывых думак, без усяго.

Аж прышоў-ткі фэльдфэбель — высокі, рыжаваты дзяціна, гадоў пад трыццаць, і з маленькімі і рэдкімі залатымі вусікамі. Узяў мае паперы, сказаў пісару запісаць. Гаворачы, ён клаў два пальцы на ніжнюю лупу, мачыў іх, бздрынкнуўшы па ёй, і падкручваў залатыя вусікі. На мяне стараўся не глядзець.

Раптам недалёка ад канцылярыі пачуўся шум і голас. Разьляглася дужая каманда-крык: „Зьмірна-а-а!“ Гэта йшоў камандзір батарэі ў канцылярыю. І ў канцылярыі ўсе заварушыліся, як ашпараныя. Фэльдфэбель крыкнуў: „Устаць! Зьмірна-а!“ Усе ўскочылі, выцягнуліся, скамянелі. Паказаўся высокі і быццам задуманы афіцэр, з вусамі і падстрыжанаю бародкаю.

— Здарова, братцы! — сказаў ён ціхавата і вугнава.

— Здраўжлаў, ва-скродзь!!! — вякнулі ўсе на ўсю сілу і як адзін.

Фэльдфэбель, як чытаючы па кніжцы, злажыў рапарт і сказаў пра мяне. Камандзір з нейкаю няласкаю ці пагардаю павёў галавою ў мой бок.

— Здраўствуй!

— Здраўствуйце!

Ува ўсіх прабег сьмех, а ў фэльдфэбеля і прыкрасьць. Хоць я быў яшчэ ў вольнай адзежы, для іх такі адказ камандзіру быў сьмешан і дзік.

— Ты праваслаўны?

— Праваслаўны.

— Абстрыгчы і выдаць абмундараваньне! — прамарматаў ён, ужо ня гледзечы на мяне.

— Слухаю, васкродзь! — крыкнуў фэльдфэбель, і абодва пашлі з канцылярыі ў абход. У канцылярыі ўсе павесялелі і загаманілі.

Зьмесьцілі мяне ў аднэй палатцы з другім вольнапісаным, на прозьвішча Шалапутавым, нейкім шапялявым і, відаць, дурнаватым юнкерам, прысланым у батарэю з вайсковае школы ці-то за благія ўчынкі, ці-то за няздольнасьць у навуках. І на пачатку, мае службы найгорш мне было цярпець яго размовы і манеры, жывучы з ім разам у ваднэй цесьненькай палатцы. Вечна ён або жор, як у якую прорву, так у свой вялікі лантух, каўбасу з салам і сітны хлеб з батарэйнае крамкі, або малоў усякую лухту. Вось адноўчы гострыць ён галяк, скрабсьці сваю тлустую і ўсю ў чырвона-чарвівых скулачках шыю; — неяк умеў гэта рабіць: сам сабе галіў шыю, нават намыльваў і нават бяз люстры. Я ляжаў на койцы і чытаў вайсковы статут. Касалапы, потны, падходзіць ён на сваіх кароткіх нагах-тумбах, круціць нада мною нагостраны галяк і шапялявіць:

— Які шысты халяк! Гляджыча, шэры: халяк на яч!

„На яць“ — было ў яго ўлюбёным выразам, а „шэрым“ ён зваў мяне, як навабранца.

Ня ўгледзіўся я ў яго пальцы-абрубачкі, з уціснутымі і вывернутымі кіпцікамі, як галяк скаўзануў з іх мне на грудзі ля самае шыі.

Калі я пярэчыў яму ў чым-небудзь, ён казаў бяз усякага жарту: „Вы яшчэ шэры, а я стары юнкер і ваш старшы“. — „Ну і што?“ — „А тое, што вы не салдат, а індык, бо вы ўсё нешта думаеце, як індык… Чорт вас ведае, аб чым вы ўсё думаеце“. Калі я купляў яму каўбасу і сітны хлеб, ён рабіўся вятлівейшы, менш лаяўся, бо я гэтага ня любіў, і даваў мне рады: „Кідайце, колега, сваё інтэлігэнцтва! Ведайце, што з інтэлігэнта салдат, як з гразі куля“. Лаяўся ён ціха, але так паскудна, што я думаў — ніхто больш у брыгадзе гэтак ня ўмее. Аднак, я памыліўся. На другі ці на трэці дзень пачулі мы крык на галоўнай дарожцы перад палаткамі. Выбягаем… Маленькі, з чырвоным носікам, але з вялікімі і разьлеглымі бурымі вусіламі, фарсісты афіцэр страшэнна лаіць салдата нашае батарэі. А лаіць такімі брыдкімі словамі і так іх комбінуе, што куды там дурному Шалапутаву… Салдат стаіць выцягнуўшыся ў струнку і маўчыць, — маўчыць, як анямеўшы, толькі тарэшчыць вочы і цягнецца яшчэ болей. Пытаюся ў Шалапутава: „Хто гэты паршывы афіцэр? Няўжо з нашае батарэі?“ Шалапутаў паглядзеў на мяне з гневам, а тады са смакам адказаў, што гэта — камадзір аднэй батарэі нашае брыгады, падпалкоўнік Гноеў, найлепшы афіцэр у брыгадзе і „шырокая руская натура“.

Мне было прыемна, што хоць камандзір нашае батарэі ня любіць лаіцца. Наогул, мне адразу кінулася ў вочы, што ён нечым выдзяляецца спаміж афіцэраў. З выгляду ён быў — высокі і плячысты мужчына, зьлёгку пахілены, яшчэ малады, але з вусамі і барадою, падобна, як на портрэтах у цара, — „каб і з выгляду быць падобным да свайго імпэратара“, як вытлумачыў мне Шалапутаў, мусіць, са слоў нейкага афіцэра. Але вочы ў яго — глыбокія і тужлівыя. Відаць, чалавек з нездаровымі нэрвамі, дужа дражлівы. Я думаў, што, мусіць, ён пагарджае людзьмі — і салдатамі, і афіцэрамі, — але сэрца ў яго баліць, ён заўсёды аб нечым тужыць, нешта яго турбуе без адчэпкі. І я заўважыў, што ўся батарэя дужа яго баіцца, але што цішком з яго ўсе пасьмяхаюцца. Чуў я пра яго дзівоты: вялікай набожнасьці, драбязьлівай прывязнасьці да парадку і ахайнасьці. Казалі, што ён дужа пасварыўся з адным афіцэрам за тое, што той паклаў на яго ложак сваю шапку і газэту.

6 ліпня — першае сьвята, як я быў у лагеры — усіх пагналі ў лагерную царкву. З людзей, незанятых дзяжурствам, толькі я адзін сядзеў у палатцы; балазе ніхто мне нічога не сказаў, дык я і не пашоў. Камандзір з Хітруновым (гэткае прозьвішча было фэльдфэбелю) абходзіў палаткі і пачуў мой кашаль.

— А гэта хто там такі?! — грозна спытаўся ён у фэльдфэбеля.

— Новы вольнапісаны, васкродзь! — вінавата адказаў Хітруноў.

— Чаму ён не ў царкве?!

— Не магу ведаць, васкродзь, — ухіліўся ад праўдзівага адказу Хітруноў, а каб яшчэ лепей вывернуцца, дадаў двузначна: — Не захацеў пайсьці…

Можна было зразумець і так, што мяне пасылалі, ды я спрацівіўся і не пашоў.

— Як яшчэ „не захацеў“?! — гняўліва і ў злосьці крыкнуў камандзір. — Чаму вы не па-сла-лі яго?… Вымаўляю вам, фэльдфэбель! — крыкнуў і шпарка засягаў даўгімі нагамі далей.

Мне было дужа прыкра і цяжка. Я сядзеў тады ў палатцы, як паняволены, і баяўся яго крыку. Але ён мяне не зачапіў, а накрычэў за хітрыкі на Хітрунова, — і я адчуў, што пры ўсёй сваёй нэрвовасьці ён умее думаць і разьбірацца.

Затое другім разам зрабіў ён са мною неспадзяваную для мяне штуку… Раніца пачалася дужа добрым надвор‘ем, а потым стала горача і парна, а перад абедам пашлі па небе дажджовыя хмары, адразу пахаладнела. Я сядзеў у палатцы і пісаў ліст. Аж прыбягае адзін наш батарэец і кажа, каб я зараз бег у арудзійны парк, бо камандзір мяне кліча. Мяне?!.. — Зьдзіўлены, я схапіўся бегчы, выскачыў не апрануўшыся, а дождж вось-вось хлыне. З парку разыходзіліся ўсе салдаты, толькі пры аднэй гармаце двое нешта рабілі, і над імі стаяў камандзір. Я падбег, і ён сказаў мне: „Стой тут“. Я стаяў глядзеў, нічога не разумеючы, што яны там робяць, і чакаў дожджу. Зараз дождж і пашоў — і буйны… Тады камандзір загадаў салдатам апрануцца (шынэлі іх ляжалі тут-жа), а сам не апрануўся і мякнуў на дажджы, хоць тут-жа на пяску ляжала і яго накідка. Мяне ў аднэй летняй гімнасьцёрцы за хвілінку прамачыла наскрозь, а я ўсё мусіў стаяць, — камандзір нават не паглядаў на мяне. Нарэшце, ён адпусьціў іх, ускінуў на руку накідку — і пашоў сабе моўчкі з парку, ізноў-жа нічога мне не сказаўшы. Тады — што-ж мне стаяць? — паплёўся за ім сьледам, троху астаўшыся, і я, і па дарозе стараўся дадумацца, навошта ён мяне вымачыў і навошта сам без патрэбы мякнуў, калі й накідка ляжала… — „Бягом!!“ — зьнянацку аглянуўся і крыкнуў ён на мяне. — „Бягом!.. Прастудзіцца хочаш?!“ І столькі-ж было дражлівасьці і хваравітага злаваньня ў яго словах. Я пабег — сьмешны сам сабе і дужа пакрыўджаны.

І так блізу два тыдні жыў я ў лагеры, як вастрожнік. З лагеру мяне нікуды ня пускалі, а па лагеры я і сам хадзіць баяўся, пакуль ня ўмеў аддаваць чэсьці афіцэрам. Я завучваў напамяць прозьвішчы ўсіх сваіх начальнікаў, ад вайсковага міністра да ўзводнага і аддзялённага. Чытаў нялюбыя мне статуты вайсковае службы. Сотні раз станавіўся „ўва фрунт“ перад бярозавым калом замест начальніка, сотні раз „казыраў“ — і ўсё было яшчэ нядобра, усё яшчэ ня ўмеў.

У палатцы днём было душна і пыльна; ліплі, як злыя чэрці, конскія мухі. Начою было сьцюдзёна і непакойна: увесь час на вадапоі ці на стайні хто-небудзь стукаў, бразгаў, крычэў на коні, лаяўся. Паднімалі ўсіх а пятай гадзіне раніцы, і выспацца было немагчыма.

Толькі яда была ня дужа дрэнная, прынамся ня горшая, чым у звычайнага, сярэдняга гаспадара ў нашай вёсцы. Адно што — мусіць, у цэлым сьвеце ня было больш неахайных салдатаў, як у нашай батарэі (так мне тады думалася). I я еў з усімі разам, але не з агульнага баку, а з свае асобнае місачкі, як елі і некаторыя салдаты татары і яўрэі дзеля сваіх рэлігійных звычаяў. Бакаў ніколі ня мылі; добра, калі хоць абдавалі перад ядою сьцюдзёнаю вадою з калодзежа. 3 аднаго баку елі і варыва і кашу. Ложкі толькі аблізвалі і насілі іх за халявамі ў ботах, пры потных анучах.

Час праходзіў ад каманды да каманды. Я хадзіў на малітвы і цягнуў з хрыпаватымі басамі і тэнарамі „Отча наш“... або „Спасі, госпаді, людзі твоя“... — цягнуў ці маўчаў і горка пасьміхаўся. Хадзіў у парк глядзець, як робяць гімнастыку ці вольтыжыроўку, хадзіў на абед і на вячэру, піў з Шалапутавым гарбату і ўсё дзівіўся на яго сабачую жарлівасць, — так многа паядаў ён каўбасы і сітнага хлеба! — вучыўся аддаваць чэсьць і чытаў нудныя статуты. I так жыў. I так, можна сказаць, жылі тут усе.

Увесь час мне было цяжка на сэрцы. Лісты ні з дому, ні адкуль ня прыходзілі, і ад гэтага мне было яшчэ болей цяжка. Газэт, як прыехаў, я і ў вочы ні разу ня бачыў. Я ўжо ня ведаў, каторы я тут дзень, і які цяпер дзень: можа субота, можа пятніца...

Я са страхам думаў, што мушу так жыць цэлых два гады [1]. Мне шкода было загубленага часу, загубленых маладых сіл. I калі па вечарох, у пяхотнай частцы лагеру, прыгожа і вясёла йграла вайсковая музыка, мяне так хапала нуда за сэрца, што сьлёзы мімаволі накручваліся на вачох. Я пачынаў нэрвавацца.

II

13 ліпня, якраз у нядзелю, гадзіне а чацьвертай раніцы, калі мы яшчэ спалі, да мяне скрозь сон даляцела дужая каманда:

— Абамунічвай!

Першы крыкнуў фэльдфебель Хітруноў, а потым панясьлося ад дзяжурнага да дзяжурнага, ад палаткі да палаткі:

— Абамунічвай! Абамуні-і-ічвай!

Шалапутаў выскачыў з палаткі ў аднэй кашулі, даведацца, што такое, і вярнуўся зьбянтэжаны, ня ведаючы, жартуюць з ім ці кажуць праўду.

— „Гарох“, кажа, што вайна… — прамарматаў ён спалоханы.

„Гарохамі“ салдаты завуць звыш тэрмінова-служачых, укладаючы ў гэтую мянушку шмат зьнявагі да ахвотнікаў цягнуць вайсковы хамут за казённы гарох. Шалапутаў назваў цяпер так фэльдфебеля Хітрунова, і гэта было знакам дужа папсаванага гумару, бо зазвычай ў іх былі жартаўліва-прыязныя адносіны.

— Вайна? Адкуль? Якая? Мусіць, нейкае непаразуменьне, — праўдзіва быў зьдзіўлены і я, але зараз прыпомніў сабе словы свайго віленскага знаёмага, ведамага беларускага дзеяча Я. Л., які яшчэ год таму назад казаў з пэўнасьцю, што вайна будзе не пазьней, як цераз год-два.

Шалапутаў не размаўляў, крактаў і злосна брынкаў банькамі[2] і шашкаю.

Калі мы выбеглі, уся батарэя зьбіралася на галоўнай дарожцы перад палаткамі. Адзін па адным падыходзілі афіцэры, якіх я дагэтуль і ня бачыў, а цераз хвілін пяць, як усе пастроіліся, прышоў і камандзір батарэі. Прыняўшы ад дзяжурнага рапарт і паздароўкаўшыся з батарэяй, ён паглядзеў на выстраеных маўклівых людзей, памаўчаў, а потым сказаў сваім троху вугнавым, але гучным камандзірскім голасам:

— Вось, братцы! Прокляты наш вораг — Нямеччына, захацела пакрыўдзіць адзінаверную з намі, рускімі, невялічкую Сербію. Але наш бацюшка-цар гэтага не дапусьціць… Мы першыя не пачнем, але калі Нямеччына палезе, мы разаб‘ём ёй морду ў квас. Яна, пархатая, зажырэла, бо ўжо сорак год не ваявала. Дык мы ёй пакажам! А пакуль што, братцы, трэба пераехаць на зімовыя кватэры, каб быць бліжэй да ворага. Нну, ррасхадзісь!

Вось дык навіна!..

Адны маўчалі, задумаліся, другія з выгляду павесялелі, зашумелі. Але ўсё гэта было толькі звонку… А што рабілася ў сэрцы кожнага?

Я спачатку ня мог сабраць думак, уцяміць усяе важнасьці пачутага, але неяк мімаволі ўсьцешыўся, што ня трэба мне будзе цягнуць вастрожнае жыцьцё цэлых два гады, што жыцьцё пойдзе ўжо цікавейшае, што я трапіў у кашу лоўка…

Потым стаў сам сябе сароміць за гэткія думкі: быццам я радуюся вайне.

І сорамна прызнацца, але мне хацелася, каб яна была, каб прышла нейкая перамена.

Я задумаўся і над прамоваю камандзіра. Няўжо-ж можна намовіць салдата ісьці на вайну з уздымам пачуцьця, каб бараніць нейкую Сэрбію? „Адзінаверную“, калі яна далёка не для ўсіх нашых батарэйцаў адзінаверная, бо ёсьць мусульмане, юдзеі, каталікі. І якія няпрыгожыя словы „зажырэла“, „пархатая“, „морду ў квас“, што я нават і не чакаў ад нашага камандзіра.

Захацелася пісаць лісты дамоў і знаёмым. Сеў пісаць — і ня пішацца. Лепей пачакаць яшчэ троху, пакуль справа ня зробіцца сьвятлейшаю.

Ну, і трапіў у завіруху!

Цэлы той дзень і палову другога дню мы складваліся, пакаваліся, пераяжджалі на станцыю i разам з другімі, вайсковымі часткамі лагеру — пяхотай, артылерыяй, сапёрамі — грузіліся, суяціміліся, куламесіліся…

Цалюсенькую ноч гарэлі вогнішчы, гаманілі і крычэлі людзі, тарахцелі хурманкі, порскалі коні, а па-над усім гэтым нудна-дражліва галасілі ў ядраным паветры зорнай ночкі сьвісткі цягнікоў.

Я пасабляў пакаваць канцылярыю, начаваў на даўгой дашчатай скрынцы з батарэйнымі паперамі. Пісары, Беленькі і нейкія мне незнаёмыя салдаты-„арыстакраты“ пілі ў баковачцы гарэлку, елі мяса з гурком і сітным хлебам, і гневаліся, што я ня йду ў іхную кумпанію, а лёг спаць. Яны гаманілі ўвесь час пра вайну, пілі і елі як перад вайною, нічога сабе не шкадуючы.

Доўга ў лагеры стучэла, гручэла, ляскала зялезьзем, часам чулася салдацкая песьня — і ўсё гэта да познай ночы, аж пакуль я не заснуў, і начою, калі будзіўся ад гоману і свае нутраное трывогі.

Эшалён наш пашоў на другі дзень а пятай гадзіне па абедзе.

Я быў рад, што еду, — куды, усё роўна, абы еду… Цікаўней-жа наглядаць, што тут творыцца навокал, чым сядзець у тым лагеры-вастрозе.

Ужо з вагона, перад адходам цягніка, я бачыў, як паміж усялякага громазду, наваленага адпраўляць, там, дзе было троху вальнейшае месца, перад вакзальным будынкам, прахаджвалася пара. Ён — стромкі, харошы афіцэр, з дужа крывою шабляю, што валачылася па зямлі, яшчэ зусім маладзенькі. Яна — то-ж маладая, ды грубенькая, мусіць цяжарная, паня, уся чырвона-ружовенькая і з вопраткі, і з твару. Ëн усё ёй нешта казаў і казаў, нахіляючыся да яе галоўкі і ўзноў ідучы проста, у задуме, а яна ўзяла з яго рук хлысьцік, маўчала, сьціскала хлысьцік і, здаецца, плакала ціхімі сьлязьмі. Так мне зрабілася іх шкода, хоць і ня любіў я афіцэраў і паноў. Тут — шчырае каханьне і разлука…

А нашы батарэйныя „гарохі“ бегалі заклапачоныя, хаваючы цяжкія думкі, бегалі, насіліся, рассаджвалі па забітых усякімі скрынкамі і сёдламі вагонах сваіх жонак і дзяцей, падавалі ім у рукі свой спакаваны скарб, а рабілі ўсё так, як панскія слугі, лёкаі: каб ня дужа каму кідалася ў вочы. І брыдка, і жаласна было глядзець на іх бацькаўскі клопат у паднявольных людзей, і шкода было бедных „гарохавых“ дзяцей.

Вольныя людзі прапускалі нас на станцыях як на вайну. Апраненыя бедна жанчыны вынасілі вёдры вады, бегалі па колькі раз, не шкадуючы турбацыі, каб толькі мы ўсе напіліся. Беленькія паненкі, калі такія, што гаманілі парасійску ці паяўрэйску, а не папольску, кідалі нам у вагоны краскі, а як цягнік адыходзіў, махалі хустачкамі і крычэлі нешта вясёлае.

Начою ў вагоне пісары нашы і з пару „гарохаў“ узноў пілі гарэлку, — быццам бы гарбату, з кацялкоў, — але ў вайну ўжо ня мелі веры, казалі, што вайны напэўна ня будзе, і шкадавалі, што без пары скончыўся лагер. Страшэнна лаялі за гэта як немцаў, так і сэрбаў.

А газэт я так і ня мог нідзе дастаць.

Прыехалі мы на другі дзень раніцаю. Цяпер ужо я станцыю не разглядаў, і яна ня была нудная, апаленая сонцам… Пачалося выкладаньне рэчаў, пераезд і ў казармы, і ў склады, і ў арудзійны парк. А быў пыл, а бруд, а лаянка! Куды ні сунься — крыкі, громазд, куламеса…

На мяне ўсе забыліся, і я быў рад, што магу ня лезьці ў вочы без патрэбы.

Кінуў я ўвесь клопат, і пашоў на бераг Нёмну. Шчыпаў там у кустох гарэхі, знашоў колькі ягадзінак, спозьненых сунічак, любаваўся з высокага берагу на прыгожую Нёмнаву вадзіцу. Было тут ціха і супакойна — і не хацелася ні аб чым думаць.

Па абедзе загадалі мне схадзіць у акалодак, — больніцу для хворых салдат, — на мэдыцынскі агляд, што бывае кожнаму новапрыбыламу ў батарэі.

Ідучы туды, я разважаў як малое дзіця: „А вось знойдуць у мяне якую-небудзь загану ў грудзёх — і забракуюць… Паеду назад! Якое шчасьце!“

Там я доўга чакаў у невялікім пакоі, дзе на зялезных ложках, на голых сяньнікох і на падушках з сена, без посьцілак і наўлачак, ляжала чалавек пяць нядужых. Пад ложкамі валяліся кінутыя боты і ўсякія транты, а на шафках, што служылі й заместа столікаў, я ўбачыў у ваднэй кучы і шапку, і паяс, і кубак піць, і пляшачкі з лякарствамі. Мухі так ліплі; рамы былі падвойныя, з дужа пыльнымі шыбамі, і яны ляцелі адтуль, абнялі крошачкі цукру, садзіліся хворым на нос і ў вочы. Хворыя ляжалі моўчкі, заплюшчыўшы вочы, — спалі ці што.

Жаль агарнуў мяне.

Недзе пабегаўшы, зьявіўся салдат-прыслужнік. Ён ні слова не сказаў мне, прыткнуўся на табурэтку, дастаў з кішэні пушачку ад ваксы, дзе меў махорку, і стаў круціць цыгарку. Круціў і пяяў сабе пад нос з самым тупым выглядам:

Ціпер-жа нада мною

Тааварішчы сьміютца-а-а…

Зачэм-жэ ты мне ча-а-айнік пріпая-я-ала?…

Потым курыў, а курачы — мыском боту пароў у ражку бліжэйшага сяньніка… Пільна разглядаў, як сыплецца адтуль дробная, пацёртая саломка. Курыў доўга, а дакурыўшы — паклаў недакурачак на падлогу, напляваў на яго, старанна лучаючы, і расьцёр падэшваю аж да чорных шнуроў на брудным цэманце. Тады крыкнуў:

— Сурай, а Сурай! Перавярніся ты на другі бок: зараз камісія прыдзе аглядаць цябе.

Хворы татарчук скасіў мутныя, пачырванелыя вочы на шырокім, замшэлым ад валосься твары, кінуў у наш бок бязуважны погляд, нічога не прамовіў і з трудам лёг на другі бок.

Другі хворы, даўгі і сохлы, зьбялелы на сьмерць, нечакана зьлез з ложка і на маёй роднай мове сказаў прыслужніку:

— Мулка… І пасунь ты сюды…

Ён паказаў, каб пасунулі ложак. Гэта, відаць, былі яго хворыя верадаваньні. Ужо насілу стаяў, узяўшыся за край століка; ногі ў яго дрыжэлі.

Прыслужнік слухмяна ўзьбіў сяньнік, нарабіўшы пылу, тады страсануў убогую салдацкую коўдру, пасунуў дзеля віду ложак, пасобіў яму легчы і ласкава пакрыў яго коўдраю.

Калі ўсё ізноў сьціхла, прыслужнік падміргнуў мне, ухмыльнуўся і даволі голасна шапнуў:

— Во каму вайна ня страшна…

Я нічога не адказаў, і горкі жаль Яшчэ гаршы ахапіў мяне.

Аж нарэшце прышоў хвэльчар — лысы рыжавусы і з мяжджэрыстым, але добрым тварам немалады салдат. Першым чынам ён накрычэў на прыслужніка:

— Якога чорта самдзеле ты нічога тут, ня робіш? Прыбраў-бы хоць троху… Бяры мятлу, мяці!

Потым запісаў мяне ў больнічную кнігу і сказаў мне: „Ну і ўсё. Можаце ісьці“.

Ніякага мне агляду так і ня было. Я йшоў назад зьбянтэжаны і ў брыдкім настроі.

III

16-га ліпня ўвечары батарэя наша (гарматы і частка страявых людзей) выехала на пазыцыю: вартаваць ад нямецкіх аэраплянаў чыгуначны мост на Нёмне, вярсты за дзьве ад казармаў.

У казармах ня спынялася нязвычайнае безгалоўе, ня было дзе прытуліцца, і я выпрасіўся на пазыцыю.

Першы раз начаваў, я з батарэяю ў полі. Але начаваць было добра, бо мы, тэлефоністыя, паставілі сабе на-нач маленькую будачку-палатку.

Я дзяжурыў пры тэлефоне і заснуў з тэлефоннаю трубкаю ў руцэ. Спаў… прахапіўся раптам: нехта дыргануў ад мяне апарат! Я спалохаўся, што ён сьцягне апарат, і кінуўся бегчы шукаць… Бег, бег… дзе-ж парваўся дрот? Быў я ў шынэлі, з левальвэрам і кінджалам на паясе; цераз плячо вісела скураная каліта з прыладамі зьвязваць дрот і абкручваць яго ізоліроўкаю. Я замарыўся — і, балазе, угрэўся, бо спаць было трошку сьцюдзенавата.

Як ішоў ціха назад — агледзеўся. Месяц. Ядраны. Туман у доле. Шуміць цягнік. Машына: пых-пых! пых-пых! пых-пых! А колы грымяць: гру-ру-ру! гру-ру-ру! гру-ру-ру!.. Хораша! Супакой і хараство агарнулі мяне. Варта жыць на сьвеце!

Потым я ізноў лёг і смачна спаў, бяз ўсякіх перашкод і бяз трывогі ў сэрцы.

Прачнуўся дужа рана і быў рад добраму надвор‘ю і харошай відалі, што раскінулася далёка вакол позыцыі. Батарэя стаяла на высокай горцы. За ганей трое відаць быў зялезны мост на Нёмне, які мы вартавалі. На вялікай узгоркаватай раўніне — хутаркі, дарогі, Нёман, тырчэла вярхамі дамоў і высокімі касьцельнымі вежамі мясьцечка. Ад Нёмна ўгару, па равох і курганох — лес, лес, далёка, аж пакуль яго зялёная каёмка не ахоплівае ўсю відаль.

Тымчасам ліха на сьвеце расло, і мы што-дзень даведваліся што-што новенькае, што гнала думку ад навакольнага хараства ў зусім другі бок.

У той жа дзень, 17-га ліпня, па абедзе, прышоў з батарэі пасланец і прынёс нам навіну, што абвешчана мобілізацыя.

Дзяжурыў якраз паручык Пупскі — кароценькі, шчарбаты, насьмешлівы і злы, самы нялюбы афіцэр у батарэі. Ён скамандаваў нам усім: „Сюды! Бягом!“ Мы зьбегліся, і ён сказаў прамову аб мобілізацыі — з уласьцівым яму чорнасоценным духам. Але салдаты мала чаго зразумелі з яго слоў. — „Дык мы на Сэрбію?“ — спытаўся адзін зусім ужо падурному. — „Не на Сэрбію, а на Бэрлін пойдзем!“ — ня дужа зьдзівіўся на гэткую няцямлівасьць паручык Пупскі. — „Куды ж гэта, ваша благародзіе?“ — „На нямецкую сталіцу… разумееш ты, шляпа?“ А той аж засьмяяўся, што паручык злаяў яго так павайсковаму ласкава: шляпа!

18-га ліпня пачаўся пабор запасных, і Гірша Беленькі, які цяпер таксама быў тэлефоністым, пераказваў мне па тэлефоне з наглядальнага пункту ля мясьцечка, што ён там чуе і бачыць. — „Братачка! За Нёманам у мясьцечку бабы плачуць, запасных прапускаюць. Першага ўзялі а пятай гадзіне раніцы. Жонка адарвацца не магла, людзі адарвалі“… — „Дрэнна!“ — „Дрэнна, братачка! Але нічога! Цяпер, відаць, лягчэй пашло: міма мяне многа запасных едзе ў павет на мобілізацыю, дык сьмяюцца, шапкамі мне махаюць… Ах, братачка, жывём?“ — „ Жывём!“ — крычу я яму ў тэлефон. І чую, сьмяецца ён, — сьмяюся і я. Беленькі з выгляду зусім ня Беленькі, а рыжы і нязвычайна вяснушчаты. Галава, твар, нос, вочы — усё ў яго круглае і рыжа-вяснушчатае, але ўсё яно ў яго заўсёды сьмяецца, мілае і сымпатычнае. Беленькі любіць жартаваць і дружыць. Ён першы больш за ўсіх спадабаўся мне ў батарэі.

Потым прыехаў на дзяжурства капітан Сьмірноў — ціхі, спакойны і, здаецца, добры чалавек і начальнік. Ён дужа сьціплы з выгляду, сярэдняга росту, сярэдняе моцы мужчына, няпрыкметны, з тварам, якіх многа, з падстрыжанаю бародкаю, з шэрымі вачмі. Першым чынам ён загадаў схадзіць на дзьве зьмены ў лес і насячы там хвоек, каб замаскаваць нашу позыцыю, бо ўжо можна чакаць у госьці нямецкіх лятуноў. І я думаў: так проста і так патрэбна — захаваць гарматы на высокай горцы ад вока ворага… А дагэтуль ня было зроблена, і ні Пупскаму, ні падпаручыку Іванову, якія дагэтуль дзяжурылі, і ў голаў, мусіць, тое ня прышло. І чаму, напрыклад, я і сам не дадумаўся, што робяць падобныя хаванкі?

Падпаручык Іваноў — сыценькі, ружовенькі, як панскі парсючок. Ён быў прыкамандыраваны ў нашу батарэю з пяхоты, і гэтая акалічнасьць чамусьці абніжала яго афіцэрскую вартасьць у вачох нашых батарэйцаў. Ён ня знаў у твар усіх салдатаў батарэі; убачыўшы мяне першы раз, ён спытаўся: „Што-ж ты гэткі беленькі?“ — Не магу ведаць, ваша благародзіе! — адказаў я, усхапіўшыся і аддаўшы чэсьць, быў рад, што вышла гэта ў мяне зусім добра, як у праўдзівага салдата. А мой бліжэйшы начальнік, старшы тэлефоністы Лапцеў, пасьміхнуўшыся сказаў: „Яны ў нас новы вольнапісаны, вашблагродзь!“ Падпаручык пачырванеў-пачырванеў… „А-а… Чаму-ж вам не нашыюць шнуркоў вольнапісанага?“ (А я хадзіў бяз гэтых шнуркоў, бо нідзе іх няможна было дастаць пакуль што). Мне было тады сьмешна, што ён пачырванеў.

19-га ліпня было адно цікавае здарэньне… Прыехала наша кухня, мы паабедалі, я сядзеў пры тэлефоне і любаваўся на шырокі прастор. Вольныя салдаты распаўзьліся хто-куды. Пупскі лёг спаць. У гэты час па полі гулялі месьцячковы ксёндз і яго госьць — клерык. З цікавасьці яны зусім блізка падышлі да батарэі. Дзяжурны салдат крыкам адагнаў іх. Яны павярнуліся і пашлі назад, але старшы фэрвэркер, кастраміч Сакалоў, загадаў дагнаць іх і прывесьці на батарэю. Узбудзілі Пупскага, і ён, нездаволены, што патурбавалі, прыспаны і ўзлаваны, вышаў з палаткі. — „Дзе шпіоны“? — наўмысьля крыкнуў ён. Падвялі абодвух, спалоханых, зьбялелых, у чорных ксяндзоўскіх сутанах. Ксёндз быў кароценькі, грубенькі, ён зьдзеў перад Пупскім капялюш, і галава ў яго была круглая, чорная, з выгаленым кружком на макушцы. Ён зьбіваючыся казаў нешта перарваным ад хваляваньня і абурэньня голасам з дужа выразным літоўскім акцэнтам. А клерык, худы, доўгатвары і белавалосы, маўчаў і тарэшчыў свае галубыя літоўскія вочы з балючым выглядам. Паручык нібыта й слухаць не хацеў, што яны там кажуць, кажуць, стаў зьдзеквацца, што іх, як нямецкіх шпегаў, расстрэляць, а пакуль што ім прыдзецца пачакаць тут з гадзінку, а потым іх павядуць да камэнданта ў брыгаду. Бедныя духоўныя асобы ад нечаканае бяды і прыкрасьці зусім апалі духам… Аж вось зьявіліся вызваляць іх сяляне з хутару. — „Гэта-ж наш ксёндз-пробашч… Вось і дом іхны, і сенажатка, і сад… Іх і земскі ведае, і йспраўнік“… Пастрашыўшы, пакпіўшы, Пупскі міласьціва дазволіў ксяндзом „вынасіць свае галовы (так і сказаў!). Яны закланяліся, а ён зарагатаў, салдаты старанна падхапілі рогат начальніка. — „За вамі цяпер будуць сачыць!“ — крыкнуў ім наўздагон паручык… Белы, высокі клерык прымушана аглянуўся і прыўзьняў капялюш, потым нешта пачаў казаць ксяндзу, мусіць, каб той павесялеў, а той ішоў, утупіўшы вочы ў зямлю і, відаць, з вялікаю сукрухаю маўчаў. — „На граніцы сямёх ксяндзоў ужо павесілі“, — збрахаў Пупскі салдатам, хоць бы ўсьміхнуўся, і пашоў у палатку.

Салдаты, што прыходзілі на батарэю з казармаў, казалі, які ласкавы зрабіўся цяпер Хітруноў. Адзін салдацік, ня ведаю прозьвішча, навет паказаў, як цяпер „круціць хвастом“ Хітруноў. Ён прасунуў скручаны канец шынэлі скрозь ногі назад і прашоўся, круцячы ім і ўдаючы Хітрунова (бздрынкаў пальцамі па ніжняй губе і падкручваў вусікі). Гэты-ж салдацік казаў, што Хітруноў цяпер — стане трошку водаль і слухае, пра што гамоняць салдаты. Я зразумеў, што Хітруноў баіцца, што на вайне яго могуць забіць свае-ж салдаты за розныя крыўды. Мяне гэта зьдзівіла, бо мне здавалася, што Хітруноў досыць добра абходзіцца з салдатамі, самі салдаты ня раз казалі пра яго, што ён нічога сабе чалавек… Дык чаго-ж яму баяцца?

Пра старшага пісара казалі, што надта „завайстрыўся“: схуд, вочы запалі, нос выцягнуўся, — баіцца вайны.

У казармах, казалі яны, ідзець абмундараваньне, даюць усё новенькае, шэра-зялёнага колеру. Даюць і новыя боты, — і нашы тэлефоністы вельмі шкадавалі, што ў мясьцечку ня хочуць плаціць і пятай долі „мірнай“ цаны. Але, кажуць, салдатаў на таргу — поўна!

IV

Начою 19-20 ліпня Нямеччына абвесьціла вайну Paccii…

Дачакаліся. Ато ўсё йшчэ йшло як-бы жартам.

Дык вось — цяпер я на вайне! Заб‘юць? Лепей ня думаць…

Увечары 19-га наша зьмена пашла ў казармы на абмундараваньне. З намі ішоў Шалапутаў. Ён прыходзіў на батарэю па нейкай справе да паручыка Пупскага; хваліўся, што навет піў з ім у палатцы гарбату. На пустой вуліцы, у цямноце, ён крыкнуў нейкаму месьцячковаму чалавеку: „Пан! Дай прыкурыць“… — і ў дадатак злаяў таго бруднай расійскай лаянкаю. Я сказаў голасна і дрыжача ад злосьці: „Хуліган! не чапайце вольных людзей“… Праўда, мы з ім троху засталіся, дык другія салдаты маглі не пачуць, што я так сказаў яму. Шалапутаў, знарок нядбайна і быццам уважаючы мае словы за жарт, буркнуў на мяне: „Шляпа вы, а не салдат“. Але я пачуў, што цяпер я перастаў ужо быць з ім „шляпаю“, хоць у мяне аж і ногі дрыжэлі ад злосьці…

Быўшы ў казармах, перагледзіў я сваю маемасьць пералістаў свае кніжачкі… Эх, і навошта я вёз іх столькі сюды? Усё гэта цяпер згіне, як згіну, можа, і я сам… во славу… во славу… чаго? Вызваленьня „малых“ народаў? А ці вызваліцца мой народ? Што яму дасьць гэтая вайна? Лепей ня думаць…

Захадзіў на пошту: ніякіх пасылак ня прымаюць. Лісты прынялі, але чамусьці сказалі, што й за дастаўку заказных цяпер ня ручаюцца. А здаецца-ж, цягнікі ходзяць так, як і раней, — дык чаму-ж гэта яны так кажуць?

У мясьцечку бачыў многа запасных. І ўсё болей іх прыганяюць.

— Шкандальны запас… Чы пан ест поляк? — спытаўся ў мяне крамнік, мусіць, абпалячаны жмогус, калі я купляў у яго паперу і гаварыў з ім пабеларуску.

— А што? — адказаў я сьцюдзёным пытаньнем.

— Ніц, прошэн пана… Тшэба модліць-сен пану Езусу!

І праўда: ужо ўсё мясьцечка моліцца, вохкае, стогне — і шалёна спэкулюе салдацкімі ботамі, лахманамі і чым „пан Езус“ паслаў.

На гэтым многалюдзьдзі я пачуў сябе ў вялікай адзіноце. Думкі мае памкнуліся дамоў, да родных. Што там цяпер? Ільля (пішу 20-га ліпня), сьвята, кірмаш. Тут я зусім забыўся, што Ільля, а некалі на гэтага самага Ільлю — колькі было кірмашовае ўцехі! Не, цяпер трывога і там. Плачуць бедныя людзі. Што гэта будзе, што гэта будзе? Ня ведаю што будзе, і ніхто ня ведае.

Перад самым ад‘ездам з пазыцыі я ўбачыў яшчэ аднаго афіцэра нашае батарэі, штабс-капітана Дамброўскага. Дагэтуль ён быў гдзесь у камандыроўцы, купляў коні для батарэі ці што. Здаровы, круглы; твар у яго дужа грубы і дужа чырвоны, вочы заплыўшы салам; гаворыць ён папанску: сё-сё-сё… Шалапутаў сказаў мне пра яго, што гэта — „абруселы літоўскі паляк магометанскае рэлігіі“. Часам і Шалапутаў лоўка скажа.

Дамброўскі прывёз нам навіны: „Нашы ў Нямеччыне на 50 вёрст… Немцы аж стогнуць… Пасланьнік нямецкі, як абвяшчаў вайну у Пецярбурзе, дрыжэў, аж калаціўся… Дрыжэла папера ў яго руках… Вержбалова і Эйдкунен спалены… Казакам дазволілі рабіць, што хочуць, дык яны там!.. Японія забрала Кяо-Чао. Англія з флотам плывець да нашых берагоў, нам на падмогу… Наш конны полк падарваў мост… Гдзесь злавілі нямецкага шпега“.

Не шкадаваў навін жыцьцярадасны пан Дамброўскі, але троху, мусіць, падсыпаў дзеля храбрасьці.

— Пасьля заўтрага і мы ўжо будзем у Прусіі! — З радасьцю, вясёлы, гаманлівы, пацешыў ён нас.

У казармы прыехалі ўвечары.

Тут я пачуў ад Шалапуты, што Франц-Язэп, ад неспакою ў гэткай старасьці, сканаў… „Бедны дзядуля!“ — пашкадаваў шляхетны юнкер нябожчыка, шляхетнага імпэратара. А хадзіў ён у гэты з даўжэразным вожыгам вакол вогнішча, на якім гарэлі кнігі з батарэйнага архіву. Паварушваў абгарэлыя пачкі і важна сапеў — асьветлены з аднаго боку, цёмны з другога.

Вячэралі мы ў цямноце, пад асіньнікам, што рос пры казармах. Гоман людзей, порсканьне коні…

Ужо й казакоў многа прыехала. Пасьля вячэры я ўбачыў колькіх і ў нашай казарме: у госьці к батарэйцам прышлі. Яны прыгожыя людзі, але вялікія брахуны: паважненька вярзуць усякую лухту, і лепей, як пан Дамброўскі, бо з жартамі. Спадзяюцца перавярнуць дагары нагамі ўсю Германію. Віхрастыя, з чырвонымі лампасамі, досыць рослыя, самавітыя.

Многа прыгналі і запасьнікаў — барадатых, гаспадарлівых людзей. Яны паважныя, маўклівыя.

Усе і ўсё перамяшалася ў казарме…

Потым — сон. Салдаты і ляжаць, і ходзяць, лаюцца, крычаць, пішуць на невялічкай шафцы століку лісты пры аднэй закапцелай лямпачцы (на ўвесь аграмадны пакой). І няможна было заснуць — будзяць бесьперастанку, шукаючы тых, каму ісьці ў нарад, на дзяжурства. Крыкі і лаянка.

Яшчэ два дні і дзьве ночы прашлі ў такім-жа вархале і гармідары. Шумныя, але пустыя і нудныя для мяне дні!

V

24 ліпня.

Выехалі з мясьцечка. У паход, на граніцу. Перад тым малебен. Прамова папа і генэрала. Афіцэры ўсе перацалаваліся. Салдаты крычалі „ура“. Я маўчаў.

25 ліпня.

Едзем. Адзін ездавы трапіў пад кола гарматы і зламіў нагу. Кажуць — наўмысьля. А што, каб і мне так? — думаю.

Камандзір аддаў загад, каб мы, тэлефоністы, стаялі з сваімі двуколкамі і чакалі. Стаім ля саду. Вісяць над галавою вішні. Прыбягае паручык Пупскі: „Чаму не адпрагаеце“? — „Камандзір не загадалі, ваша благародзіе!“ — „Што вы… дзетачкі? Адпрагаць!“.. І аблаяў астатнімі словамі, а чорт ведае за што.

27 ліпня.

Два дні робім акопы. Я бачу ўсё гэта першы раз у жыцьці. Памагаю, але нясьмела. Камандзір заўважыў — і аблаяў мяне.

28 ліпня.

Акопы… Учора памыўся дажджавою вадою, што нацякло занач на брэзенты на двуколцы. Сяньня зусім ня мыўся. Варочаемся ўсю ноч, як сабакі, пад гэтымі брэзентамі. Украінец Яхімчык, новы наш запасны, кажа так: „У менэ собака… Я ёму будку іздэлаю“.

29 ліпня.

У мяне ўкралі каробку консэрваў. Думаю на Яхімчыка, але маўчу. А ён моліцца богу, адвярнуўшыся на садок, на вішні.

30 ліпня.

Няма часу. Робім акопы.

1 жніўня.

Выехалі. Праехалі Сімна, Красьняны. Прывал. Абедаем. Сяляне-жмогусы раздавалі сала й хлеб. Я сароміўся падыйсьці. Вельмі шкадую. Зьеў тое, што даў Пякельны, і пашоў купляць, але не прадалі. Увечары на прывале Лабкоў палез на вішню. Камандзір пабачыў у вакно і выскачыў з хаты. — „У морду цябе біць? У паходзе першае: абывацеля ня крыўдзі!..“ І трах! трах! яго то з таго боку, то з другога. Мне казалі, што камандзір наш б‘ецца, ды я ня меў веры. Бачу. Нэрвовы ён: зазлаваўся, аж пена забіла з вуснаў.

Мы даўна стаім, а хвост нашае калёны ўсё яшчэ цягнецца міма нас на прывал да розных хутароў. Пяхоты — бяз ліку. Як яны змарыліся! Балазе я ў артылерыі.

2 жніўня.

Выступілі ў 7½ раніцы. На дарозе, выстраіўшыся ў калёну, чакалі нечага аж да 9½. А падняліся: па загаду а 6-й, а запраўды яшчэ раней. Хто гэтаму вінават? Начальнік калёны? Дрэнна…

3 жніўня.

У паходзе. Недалёчка граніца. На небе пачынае хмарыцца. Прывал. Даўгая шэрая стужка, расьцягнутая па дарозе на колькі вёрст, села на зямлю. Проціў шэрсьці гэтай стужцы, ціснучыся з другога боку дарогі, пляцецца нямецкая калымажка з паркаю рыжанькіх стрыжаных коні. Кіруе рыжавусы зьбялелы, як палатно, немчык у чорным, хатняга вырабу гарнітуры, у сіняй камізэльцы з доўгім радам бліскучых гузікаў. Побач з ім сядзіць грузны пехацінец-канваір, паставіўшы стрэльбу прыкладам паміж ног. Наш камандзір прапускае калымажку зырка, пытліва і троху пагардліва. Немчык дужа просіць канваіра, каб дазволіў застанавіцца. Той добрадушна пасьмяхаецца і не пярэчыць. Немчык вылятае з калымажкі і кідаецца к камандзіру:

— Ваша дзіцтва!! — ловіць ён камандзірскую руку з зямлі, з каленяў, каб пацалаваць.

— Пшоў! — з нейкай злорадаснай нялюбасьцю да немцаў вугнавіць горда падпалкоўнік і, адхінуўшыся, задуманы пазірае цераз нашыя галовы ў няведамыя далі.

Падыходзіць артылерыйскі кандыдат і пытаецца ў немчыка панямецку. Той зноў ахопліваецца надзеяй і з жалкім агнём у вачох гаворыць, гаворыць зьбіваецца і ўзноў гаворыць…

— Я ня шпіён… Я рускі, хоць і немец… Рускі немец… Не хачу расстрэліцца… Ехаў толькі да касьцёла…

Дрыжачымі рукамі дастае з калымажкі, з сена, вялікі, румяны яблык і дае кандыдату. Яблык валіцца на зямлю, у пыл… Яго ловяць колькі рук, а гэтым часам салдацюга-кастраміч вокае:

— Папался-то! А кговоріл: нашы вашых-то как мух подавят…

— Зямляк! Ці я гэта казаў?!

— Па ко-онях! — разьлягаецца каманда, і кучка рассыпаецца ад калымажкі, шэрая стужка-зьмяя варушыцца далей…

Неба хмарыцца. Прывал блізка Эйдкунена (Вержбалова, Кібарты). Відаць пажар. Пашоў дождж. Ізноў вязуць таго немца. Сагнуўся, зьбедніўся корна кіруе коньмі. Па бакох — два салдаты з вінтоўкамі! „Яго могуць павесіць!“ — сказаў нехта з начальнікаў.

Гдзесь далёка як-бы страляюць?.. Казакі гоняць нямецкую скаціну. Яны хваляцца: „Па нас кулі ум ум-ум! Старыя немцы просяць, а мы ня кідаем, гонім“. Падпаручык Іваноў з прыемнасьцю і патураньнем у вачох слухае казакоў і глядзіць на гладкіх, чыстых нямецкіх кароў з вялізарным вымем.

— Ты, брат, ня рыкай тут у нас! — сказаў на неспакойную карову і пачырванеў. Сьледам за казакамі бягуць нейкіх два кані бяз сёдлаў. Аднаго, добрага, каня з-пад забітага нямецкага афіцэра казакі вядуць на повадзе з сабою. Вось яшчэ казакі, гоняць бараноў і бычка. Рабаваты, віхрасты казак падганяе бычка бізуном. Бычок задзірае галаву і раве благім матам. „Ён чуе незнаёмы гоман… Да непарадку ня звычны“, — жаласьліва ўзіраецца на яго запасны барадаты пехацінец.

— Бу-у-ух!! — першы гарматны стрэл.

Усе троху вясёла, троху трывожна азіраюцца. Усім цікаўна. Пачынаецца нейкая нэрвовая беганіна. Тэлефонныя двуколкі заяжджаюць за хутар. На падворку лемантуе баба-хутарчыха. Стаіць, без каня яшчэ, вялікі воз, бегае заклапочаны гаспадар-жмогус. Зараз яны паедуць у тыл, уцякуць. Вержбалова нам ня відаць, але дым сьцелецца адтуль у наш бок. Горад запалілі немцы або казакі. Часам выбіваецца полымя. Дожджык сьціх, і ледзьва відаць, як сыплецца марасіца. Гаспадар выяжджае. Цямнее. Вечар. Ноч. Неспакойнае чаканьне…

4 жніўня.

Добра, пагода, сьветла…

Ля хаты ардынарац Селязьнёў падаваў камандзіру каня і нечым не дагадзіў. Камандзір тыцнуў яму ў грудзі кулаком і нэрвовым голасам крыкнуў: „Ёлуп“.

Капітан Сьмірноў кажа малодшым афіцэрам: „Дарма ноч ня спалі… Вораг спалохаўся і ўцёк“.

Раньне робіцца яшчэ прыгажэйшае. Зараз будзем выяжджаць далей у дарогу. А начою быў страшэнны холад, на небе зіялі зоркі. Я начаваў у пуні, на ячменных снапох, пакалоўся асьцюлькамі, спаў мала і трывожна.

Відаць, пойдзем у наступленьне за граніцу, бо афіцэры кажуць нам, каб нічога нямецкага ня елі: можа быць атручанае.

Гдзесь далёка-далёка чуваць гарматныя стрэлы. Страляюць, мабыць, немцы. Перад намі на сінюсенькім краі неба хораша расплываюцца дымныя клубочкі: ірвуцца шрапнелі. Настрой падвышаецца.

Праскакаў міма нас казацкі генэрал-маёр. — Гэта распуста! Тут плятухаецца гэты абоз! — крыкнуў на ўсім скаку. А дзе гэты абоз — хто яго ведае…

Паехалі і мы.

Едзем паціху, часта спыняемся. Уздоўж усяе дарогі пяхотны ардынарац бегае, шукае нейкага батальённага.

Мы сталі збоку дарогі. Міма нас ідзець пяхота — бяз концу, бяз концу… Я ўзьлез на двуколку, падняўся, паглядзеў. Штыхі, як шчэць бліскучая, даўгой зьмяёю ўкрылі ўсю дарогу. Там далей, наперадзе, зварочваюць у бок, на поле, сыплюцца ротамі, узводамі…

Цюхае на малой кабылцы той шуканы батальённы, несамавіты пяхотны служака. Глядзіць у пляны. Шрапнелі паказаліся значна бліжэй, — цяпер відаць, што нямецкія. Дык зараз бой, бой!..

Недзе з бакоў патроху тахаюць вінтоўкі. Вось першы кулямёт: тук-тук-тук-тук! — „Наш, — кажа мімаезны казак, — нямецкі б‘е часьцей“.

Раптам, — наша каманда, і батарэя рухава зварыхнулася і з дарогі мякка пакацілася па чорнай ральлі да нейкіх кустоў. Прымчаліся к глыбачэннаму і яшчэ болей шырокаму рову. Гэта граніца: з аднаго боку стоўп з расейскім арлом і табліцаю „Расея“, з другога — з нямецкім арлом і табліцаю „Нямеччына“. Зьехалі ўніз, на зялёную тэрасу. Батарэя строіцца ў баявы парадак…

1 гадзіна 15 мінут дню, зараз будзем паліць „па наступаючым праціўніку“…

Як тут зацішна і прыгожа на ўлоньні ў прыроды: лог, травы, кусты, ручай. Берагі рову хаваюць нас ад вока з бакоў, над намі — сіняе жнівеньскае неба. Але зараз — бой! Таварышом маім, тэлефоністам, прыкра, што я ў такі момант запісваю ў сваю кніжку. Ня лайцеся, чорт вас дзяры!

VI

5 жніўня, раньне.

Ізноў раньне, ізноў дзень… Мы наступілі і адступілі. Крыўда і зьдзіўленьне. Ах, як ірваліся знарады па бакох таго рову! Раненыя пехацінцы паўзьлі а паўзьлі з кустоў к ручаю. — „Паганая вайна!“ — з адчаем стогне адзін. — „Чаму? Што ты?“ — пытаецца другі з абпэцканаю ў кроў шапкаю. — „Як-жа, калі наша артылерыя з левага флангу палажыла сваіх казакоў і пяхоту“. — „Няпраўда… Не кажы так“, — сьцішаў яго наш артылерысты.

Батарэя, пастраляўшы з рову, пераяжджала потым на другую позыцыю. Няслася па нямецкай зямлі наўскачка. Я бег, бег — і застаўся. Цагляныя хаты й будынкі нямецкіх хутароў, брукаваныя, абсаджаныя дрэвамі дарогі, напісы на ростанях кінуліся мне ў вочы, як нешта дзіўнае, панскае. Бягу шыбчэй: збоку ад дарогі ірвуцца чорным сьмярдзючым дымам гранаты. Сьпярша я ня чуў страху. — Джжж!!! — над самым вухам асколак. Тады я надта спужаўся, упацеў, ногі саслаблі. Прытуліўся ў канаўцы. Заўважыў у траве курапатку. Узяў яе ў рукі, бо яна не ўцякала. Сэрца яе тукае на ўсю сілу, воле цяжкое, бы камень. Здалёк прабеглі два зайчыкі. А высака-высака круціўся бусел і нічога не баяўся. Я знашоў батарэю, калі страляніна сьціхла. Ніхто ня ведаў, што я быў застаўся; думалі, што я ўвесь час быў з усімі разам. Калі я сказаў, агледзіліся, што няма яшчэ двух тэлефоністаў. Неўзабаве батарэя зьнялася з гэтае позыцыі, выехала на дарогу і пацягнулася назад, на граніцу. Паказалася ля нас разьбітая, маленькая рота; я думаў: адзін узвод. Людзі засмучоныя, змораныя, запэцканыя. Доўга-доўга едзем назад, але ўсё яшчэ па нямецкай зямлі, — мусіць, у бок куды-небудзь. Не, во той гранічны роў. Знаёмы пераезд. Ізноў у Расеі. Лягчэй зрабілася на сэрцы. Але што гэта: незадача? адступаем?

„Тады лічыць мы сталі раны“… У нашай батарэі ўсе цэлы, толькі адзін конь падбіт, — яго павялі ў роў прыстраліць. Шкада яго, як чалавека. У другіх батарэях ёсьць забітыя і раненыя.

Быў позны вечар, калі мы вярнуліся на ранейшую стаянку. Гаспадар вярнуўся таксама. — „Хай заб‘юць усіх, нікуды ня выеду“, — бурчыць гэты ўпорчывы жмогус.

Афіцэры ўжо вячэраюць. — „Дай коньяку!“ - чуем мы скрозь вакно іхную гутарку. — „Калі ласка“, — адказвае капітан Сьмірноў; потым нездаволена некаму даводзіць: „Няможна-ж без патрэбы пасылаць людзей на сьмерць“. Голасу камандзіра ня чутно; ён, пэўна, маўчыць і думае сам сабе.

Вячэра наша… Порцый не хапіла. Запасьнікі бурчаць, абураны. Галодны Яхімчык злосна калоціць па рэбрах свайго тэлефоннага каня і ўспамінае на прыстрэленага: „Такой гарный буў коньяка, а ты… шоб ты околіў!“

Ізноў начлег на ячменных асьцюльках. Сьцюдзёна было страшэнна. Устаўшы яшчэ ўдосьвета, я калаціўся, як у трасцы, зубы: тр-тр-тр…

Балазе ізноў вось сонейка, цяплыня, сьветла, прыгожа. Напіўся гарбаты і пішу. Учорашні дзень, наш першы бой — як ува сьне, як у тумане. Думкі ляцяць дамоў, да родных. А перад боем я сьніў сон… Нейкія столікі, палаткі, людзі, падводы, коні. Мама крышыць мяса — дробнае, чырвонае, сырое — і з гурком. І я хачу адыйсьці ўбок і купіць ёй гуркоў. Ня купіў… Ня купіў дзеля свае прост недараванае неадважнасьці. Мама кажа некаму: „Хваліць бога, прыждала ўжо і я помачы ад дзетак“. А мне сорамна-сорамна і жаль-жаль. Паводле нашых народных забабонаў, сьніць сырое мяса і гуркі — дужа дрэнны знак. І я думаю: як незразумела сплятаецца ў чалавеку гэтая спадчына вякоў, перажываньні многіх пакаленьняў.


5 жніўня па абедзе.

Абедалі хапаўшыся і зараз выступілі, каля першае гадзіны, у паход. З намі і першая батарэя ідзе разам. Сонца паліць — дождж будзе. Ідзём у Нямеччыну ізноў па тэй-жа самай дарозе.

„Старыя“ для нас месцы. Вёска завецца Плятэн. Бегаюць кіненыя гаспадарамі коні. Мы злавілі сьветла-гнядую кабылу на месца нашага забітага батарэйца. Яна ня ўмее ісьці вагам у гарматнай запрэжцы, дык яе паставілі везьці кухню, а кухоннага рабога коніка запраглі ў гарматную пару вынасам.

І неяк дзіўна: злавілі чужую, сялянскую, кабылу па дарозе, і зрабілася яна нашаю.

Пажарышча з краю вёскі. У пагарэлым садзе засталася зялёная дулька з багатым ураджаем фруктаў. Казакі ў часе прывалу, ня гледзячы на адданую нам раней забарону, зараз абтрэсьлі, і нас яшчэ пачаставалі, назваўшы за нясьмеласьць „шляпамі“.

Прыкра глядзець на чорныя дымныя галавешкі, балазе выяжджаем у поле. Прастор, наўпрэкі цеснай нямецкай культуры, шырокі. Тут, кажуць, і адбыўся самы бой. Поле цяпер пустое, голае, нуднае. У канаўках, з бакоў добрай брукаванай дарогі, там-а-там валяецца ўбогае шкумацьцё нашых салдат, быўшых у баі. Вось нейкая ніклая кучачка ля тэлеграфнага стаўпа… Першы бачаны мною труп. Наш забіты. Ляжыць ніц. Чэрап зьнесены — жах!..

Ізноў кучка дамкоў пад узгоркам, захаваная здалёку ад падарожнага дрэвамі. Завецца тож — Плятэн. Дзядок — немец сядзіць на лавачцы пад домам, друзьленькі, беленькі, сьлязьлівы. Болей — ні душы ўва ўсім пасёлку. Вось — нямецкая школа. Слаўны мураваны дом. У гародзе — процьма трусікаў. Ніхто на іх, нават з казакоў, ня галіцца. У сенцах валяецца паламаны веласіпэд. У кватэры ўсё кінута так, як было ў звычайным жыцьці. На стале стаіць недаедзены абед. На белым блюдзе многа катлет. Так хочацца іх зьесьці. А што, як атручаны? Выходзім… У чародным доме чарапковая страха разварочана знарадам. У гародзе на дарожцы забітая качка, а ў кустох шныхараць белыя, пушыстыя, як камочак бялюсенькай лёгкай воўны, трусікі; колькі іх тут — а-ей! Пакажа чырвонае вока — і ўцячэ, схаваецца. На градах шмат буйных гуркоў. Ня ўцерпілі — і нашчыпалі.

Направа за пасёлкам, убок ад нашае дарогі, дагарвае пуня. У ёй пагарэлі цяжка раненыя, бо там быў лекарскі прыпынак немцаў. Пагарэлі толькі нашы палонныя, бо сваіх немцы пасьпелі вывезьці. Аб гэтым кажуць паўзучыя ракам па канаве два нашы раненыя. І яны былі ў палоне і ляжалі ў тэй пуні. Яны рады, што ня зьмёрзьлі і не памёрлі, кінутыя адны, за мінушчую ноч. Цяпер, калі іх падабралі на насілкі, адзін зараз самлеў, а другі, белы, як з таго сьвету, усё намагаецца пераказаць сваім аб мінушчай страшнай начы. Хваліць немцаў, што, пакуль ня кінулі, — дужа добра даглядалі. — „А мы думалі: прыкончаць нас“, — слаба ўсьмяхаецца ён. Але зараз іх паклалі ў фургон з чырвоным крыжам на белым палатне і павезьлі. — „У Расеюшку на пабыўку!“ — жартуюць нашы батарэйцы.

Тымчасам сьпераду пад‘яжджае разьведка, і батарэя цягнецца далей.

Толькі ўзабраліся на курганок… Груды сьветла-сініх нямецкіх трупаў! Расшарпаныя вопраткі, прадаўленыя каскі, паломаныя карабіны і вінтоўкі, а ля кожнага забітага — цэлыя горкі гільзаў ад выстраленых патронаў. Самыя розныя, страшней адна за адну, позы мёртвых, скручаныя, ніц, наўзнак з выстаўленымі ўгару, сьціснутымі кулакамі. Вось адзін скручаны, як корч, з пышнымі вусамі, абтыканы вецьцем, відаць, раненага загарадзілі таварышы ад сонца, і ён памёр у страшных муках. Ці можа закрыў сябе страляючы. Дыханьне сьцінае мне ў горле, не магу глядзець… Можа, работа нашае батарэі!

Я знашоў новенькі нямецкі бінокль; узяў, пачапіў сабе цераз плячо. Тут-жа ў добрай, бліскучай, з вялікім залатым арлом, афіцэрскай касцы знайшоў я недапісаны ліст забітага… Мне запякло каля сэрца, зрабілася сорамна, цяжка. Я ўлажыў ліст у каску і скарэй кінуў яе, але абдумаўся — і палажыў на грудзі трупу. І тады яшчэ бачыў, што наш батарэец Талстоў, слаўны хлопец, узяў аднаго забітага немца за руку, патрымаў яе, адубелую, і ціханька палажыў. Нашто ён гэта рабіў? Мусіць, цікавіўся, што такое мёртвы.

Другія салдаты пруць рыжыя, касматыя нямецкія ранцы, поркаюцца ў іх. Цягнуць адтуль, з нейкай радаснай прагавітасьцю і быццам небясьпекаю, алавяную лыжку, мыла, рушнічок, кавалачак белага хлеба. Відэльцы і сталовыя нажы выкідаюць на бок, як непатрэбшчыну для салдата.

Нехта знайшоў у нямецкім ранцы салодкія жоўтыя сухарыкі. Нехта даў адзін сухарык мне. Я пакаштаваў — і мне прыкра й мляўка, як-бы нешта лішняе ў роце, расьпірае мяне…

VII

6 жніўня.

Увесь гэты дзень былі ў паходзе. Наша батарэя ізноў у авангардзе. Дагналі абоз нямецкіх мірных жыхароў. Глядзелі на нас воража і баязьліва. Едуць найболей старыя, жанчыны й дзеці. Вазы навалены ўсякім дабром, пры возе — карова з аграмадным вымем. Кожны воз — паркаю. Кіруе коньмі стары, седзячы сьпераду з піпкаю ў зубох; карову даглядае, седзячы адзаду, старая. Дзеці і дзяўчаты — пасярод, з катом ці з сабачкам. Дзяўчат прыгожых мала. Увесь абоз, па загаду начальніка штабу, павярнулі назад, дамоў, адкуль хто выехаў.

Праяжджалі мы пустое мястэчка. На культуру завідасьць глядзець! І жаль бярэ за сэрца, што Беларусь, у параўнаньні, дзікая-дзікая!

На вуліцы ляжаў у пылу труп маладога нямецкага дзяцюка ў залапленым на локцях пінжаку. Пры ім — паламаны веласіпэд. Кажуць, гэта — перапрануты нямецкі разьведчык, забіты казацкаю пагоняю. І ўсе мы ехалі міма — так, паглядзеў і адхінуўся…

З аднаго дому выходзіць наш пехацінец. У руках банка мёду і стэарынавая сьвечка. Нашто яна яму? З-за ганку высунуўся стары немец, зьнімае перад салдатам віславухі капялюх і нізка кланяецца лысаю, з піпкаю ў зубах, галавою. Салдат гэты радасна сьмяецца. Агідна глядзець.

Ізноў дагналі яшчэ даўжэйшы абоз нямецкіх уцекачоў. Адна прыгожая немачка сьмяецца й плача на сваім возе. Старая, мусіць, маці, маўкліва аглядаецца на яе і старанна сморгае вяроўку, за якую прывязана вялікая, марудная карова.

Мы ідзём пад Кёнігсбэрг. Гдзесь глуха аддаюцца гарматныя стрэлы. Там, кажуць, б‘ецца наш 20-ты корпус. Відаць далёкае і сьветлае зарыва.

Павялі пад канвоем нашага пехацінца. Што такое? — Арыштаваны за грабежніцтва.

Часам вядуць палонных немцаў. Не глядзяць на нас, але на маленькім прывале я з адным разгаварыўся. Ён умее папольску, — пазнанскі немец, а можа абнямечаны паляк. Калі яго канваір, віхрасты казак, адышоўся, ён сказаў мне:

— Вашы хахлатыя такое зьвяр‘ё… (Так ён казаў пра казакаў).

— А мы аб вас так думаем, — адказаў я ў тон.

— Нашто вайна? — сказаў ён памаўчаўшы: — у Расіі і так зямлі няма куды дзяваць.

— Ваш кайзэр абвясьціў вайну.

— Не, ваш цар. А пан ест поляк? — з небясьпекаю ў голасе дадаў ён.

— Не… але ня бойцеся мяне, бо я не хачу вайны.

— Рускі народ добры, а казак бывае розны, — паправіў ён на ўсякі выпадак.

— Вярнуўся казак, і я пашоў к сваім, кіўнуўшы немцу галавою.

Прыехалі на прывал начаваць. Яхімчык раптам спомніў, што пражыў ня просты дзень, а спасаўскае сьвята. — „Жывэш, як нэхрісьць, на цій войні“… Але раздабыў сабе яблык і, памаліўшыся, разгаўляецца. А Беленькі, наш бязбожны юдзей, дражніцца з ім: „Яхімчык! Ты аддавай мне свае порцыі мяса: табе-ж спасаўкі, пост“. — „А ты, дурныця, можэ й сала зьіў-бы?“ — агрызаецца Яхімчык. Ён яшчэ ня ведае, што найсмашнейшая пажыва Беленькаму — якраз сала. — „Зараз будзем есьці й сала, друг Яхімчык! Зараз сьвіньню закандрычым!“ — вясёла бегае Беленькі. Салдаты ўжо ловяць кур, парасят на хутары. Нашы два тэлефоністы цягнуць добрага падсьвінка, — не дарма-ж мы ў авангардзе і тэлефоністы.

Але што гэта? Не пасьпеў Яхімчык дагрызьці яблык, а нашы кухары-саматужнікі абсмаліць таго падсьвінка, як усіх нас, вялікаю трывогаю гоняць капаць акопы. Годзе пісаць!

7 жніўня, раніца.

Устаў у 5½. Батарэя ўся на нагах і гатова к бою. Мы стаім у вёсцы Варшлеген. Трэба запісаць, бо давядзецца, відаць, ня раз яе ўспомніць, калі буду жыў.

7 гадзін. Пачаўся страшны бой. Ці выйдзем жывы?

VIII

8 жніўня, пятніца.

Вядуць і нясуць раненых немцаў і нашых. Зьбялелы, акрываўлены немец ківае галаваю. Нешта перабіта ў яго шыі. Аднаго вядзець наш салдат, абняўшы як дзяўчыну. Другога нясуць пяць нашых на руках. Яшчэ адзін ідзець, шарпаючы па пылу, утупіўшы вочы. Перад афіцэрам — ува фронт. Палкоўнік яму панямецку: „Гут морген!“ Палонны нешта кажа, але язык ня служыць. — „Ідзі, ідзі, галубе!“ — махае палкоўнік рукою. Пашоў, скародзячы нагамі.

Што было ўчора? Я жыў, але ранейшага мяне навекі няма.

Я быў з камандзірам на наглядным пункце. Мяне старшы паслаў на вышкі глядзець у слухавое ваконца. Унізе, за дрэвам, стаяў камандзір з вугламерам, а пры ім у вакопчыку сядзеў старшы з двума лепшымі тэлефоністамі.

Кулі засыпаюць наш дамок. Вецьце на дрэве напалову пасечана. Камандзір толькі хрысьціцца пасьля кожнае каманды. Батарэя б‘ець і б‘ець бесьперастанку. Я баюся… Я нічога ня бачу скрозь запыленае з другога боку вакенца. Згіну бяз усякае карысьці. Кулі пабілі вакенца, калі я трошку адхінуўся. Хаваюся за комін, трасуся, атупеў. Над самаю страхою трахнуў знарад. Ахоплены дзікім страхам, засыпаны чарапкамі ад даху, бягу наніз. Каменем валюся ў вакопчык. — „Сьмерць прышла“, — шэпча адзін таварыш. Старшы гняўліва акідаець яго вокам. А камандзір за тонкім дрэўцам стаіць, прыкуты ля трубы і вугламеру… Толькі хрысьціцца часьцей. Гэты чалавек мае нязьмерную мужасьць. Я сьмялею. Кулі як-бы трошкі сьціхаюць. — „Па наступаючай кавалерыі!“ — праразьлівым голасам крычыць камандзір, хоць мы за два мэтры ад яго. Жах вісіць у паветры. Батарэя грукоча з перабоямі: штось там папсулася, — о, няшчасьце! — „Другое арудзьдзе засыпана знарадам!“ — чуем перарывісты голас па тэлефону, — „у пятым зьбіт прыцэл“. О, няшчасьце, няшчасьце! Мы цішэем, а кулямёты застракаталі з усіх бакоў. Наўкол перабягаюць пехацінцы. — „На вышкі!!“ — грозна роўкнуў на мяне камандзір, і ўсё ён хрысьціцца. Ізноў паўзу на вышкі, як загіпнотызаваны: сьмерць, дык сьмерць, абы ня мучыцца гэтак. О, не! не! Жыць хачу! Госпадзі, памілуй мя грэшнага! — і хочацца хрысьціцца, як камандзір, але рэшткі розуму сьцюдзёна шавеляцца. А пехацінцам-жа ў сто раз горш… Успамінаю родных. Мысьлі блутаюцца. Во яно вакенца-сьмерць… Разьбіваю ўсё шкло са злосьцю. Сьвежая відаль. — „Нямецкая кавалерыя ўцякае за горку, знарады кладуцца па ёй!“ — ашалелым, праразьлівым голасам крычу ўніз. Чаму я рад? — „Зьлязай, зьлязай!“ — гукае мяне старшы, — „гарыць дом!“ Так, дамок захапіўся ад знарада. Дым сьмярдзючы пхнецца ў рот. Зьлязаю… Камандзіра і тэлефоністаў няма. Дзіўлюся. Раптам бягу. Наганяю іх. Пад кулямі шыбка ідуць з трубою і ўгламерам наўскоса вуліцы к другому дому. — „Падбяры футляры“, — спакойна кажа камандзір: — „яны засталіся каля акопу“. Бягу назад, хапаю футляры, бягу ізноў даганяць іх. А дзе-ж камандзір? Забягаю за дом, куды яны пашлі, за добрыя мураваныя сьцены. Іх няма, а стаяць два казакі з адным канём і кураць. Другі конь, мабыць, здохлы ці забіты, ляжыць гарою пасярод вуліцы. — „Пабеглі на батарэю“, — кажуць казакі. І мне трэба ісьці туды, але я баяўся сьмерці; ах, як хочацца быць за гэтаю сьценкаю… Бягу на батарэю, а яна была ў лагчынцы, за хутарам, сажняў дзьвесьце адгэтуль. Бягу, а кулі над галавою так і гудуць, як пчолы. Сеў я ў канаўку адпачыць трохі. Гляджу: аж у канаўцы, цераз усю лагчыну, шмат сядзіць пехацінцаў. Страляюць патроху, а часам лапатачкамі поркаюцца, з дзірвана перад сабою заслону насыпаюць. Тады я папоўз па канаўцы, мінаючы іх. Калі поўз, дык прыгледзіўся, што некалькі пехацінцаў дужа нярухома прытуліліся к насыпанай зямлі перадам… Забітыя! Страх апанаваў мяне, я ўсхапіўся і, сагнуўшыся, пабег на ўсю сілу. Прыбег на хутар, на двор, аж там поўна батарэйцаў нашых раненых; ёсьць і пехацінцы, ляжаць усе на чыстай пасьцеленай саломцы. Цяжэй раненых несьлі ў хату. Ніхто ня мог сказаць мне дзе дзеўся камандзір, а батарэя ўжо ізноў страляла, значыцца, недзе ён выбраў новы наглядальны пункт і адтуль па тэлефону камандаваў. — „Калі-ж гэта пасьпелі кабель к яму працягнуць з батарэі?“ — зьдзівіўся толькі я і пабег к батарэйным тэлефоністам. Каля першага арудзьдзя мяне пераняў голас белавусага капітана Дыямантава, сядзеўшага ля прыцэлу, прыхінуўшыся задам да сталёвага шчыта-заслоны. Капітана гэтага я рэдка бачыў, бо ён доўгі час быў не ў батарэі, а дзесь яшчэ, у абозе ці што. — „Вольнапісаны!“ — крыкнуў ён, — „зьбегайце ў рэзэрвы: чаму не прысылаюць патронаў, няма ўжо чым страляць“. Я кінуўся назад, скрозь сад, туды, дзе стаялі перадкі. Там за капою саломы корчыўся ранены ездавы, а над ім стаялі зьбянтэжаныя таварышы. Я сказаў ім, што зараз трэба ехаць у рэзэрвы, а яны сталі даводзіць мне, што чалавека ім не хапае, няма як ехаць. Я, дурны, пабег назад к Дыямантаву і далажыў, што ездавыя кажуць: ня можна ім ехаць, чалавека бракуе. — „Шляпа ты!“ — злаяў мяне капітан, — „сам едзь або каго з санітараў пасадзі. Пшоў!“ Мне было сорамна і крыўда, што вымагаюць, як ад добра абучанага салдата, калі я яшчэ зусім слаба ведаю службу (прыехаў у батарэю месяц таму). Крыўду маю заглушыў страх, бо на мяне згары так і сыпалася адбітае кулямі з яблынак дробнае гальлё; ляталі кулі і ніжэй. Калі я прышоў, ездавыя ўжо паехалі без маёй помачы. Іх таварыш-ездавы сканаў. — „Трэба ж яго прыбраць“, — падумаў я і скіраваўся ў хату, дзе быў фэльчар. Санітар Лабкоў (што камандзір біў яго за вішні) захварэў, дык замест яго з санітарам Фэльдманам, нашым беларускім яўрэям, па забітага хадзіў я. Нясьлі пад сьвіст куль, кульгаючы між кустоў па садзе, а здаўся ён дужа цяжкім. Фэльдман агледзіўся, што нясём ня жывога, а мёртвага. Мы быццам згаварыліся і вывернулі яго з насілак пад яблыну); скуліўся ніц, як цяжкі мяшок, а самі шыбка пабеглі… Век сабе не дарую гэтай маладушнасьці, калі не сказаць — трусасьці, дзеля якой зьняважылі памяць таварыша. Потым фэльчар паслаў нас па раненага нумара, на прозьвішча Жукоўскага, к арудзьдзю падпаручыка Іванова. Падпаручык бадрыўся і падбадраў сваю арудзійную службу. Убачыўшы нас, ён як-бы вясёла кіўнуў мне галавою ад арудзійнага шчыта-заслоны, да якога туліўся плячмі, і нешта сказаў: „Нясіце, нясіце яго скарэй“ — ці што другое. Прынесьлі ўдачна і паклалі ў хаце, на ложак. Фэльчар зрабіў Жукоўскаму перавязку. Тады мы закурылі — фэльчар, ранены Жукоўскі і я. А Фэльдман ізноў некуды пабег глядзець, ці няма новых раненых. У хаце ляжаў, на ўзьдзіў мне, Шалапутаў. Месяц таму назад, калі я толькі прыехаў у батарэю, мяне зьмясьцілі ў аднэй палатцы з Шалапутавым. У той час гэта быў адважны ваяка на словах, хваліўся, што ён бывалы, бо прысланы ў батарэю з Віленскае вайсковае школы за нейкія грахі, вялічаў сябе „старым юнкерам“, а мяне менаваў „шэрым“, „шпаком“, „шляпаю“. Цяпер ён тут ляжаў. Здаецца, спаў… Ці прыкінуўся? Можа, ранены? А ён пачуў нашу размову і кажа грубасамаўпэненым голасам: „Усіх нас забяруць… Бачыце, абходзяць кругом“. Потым устаў, закурыў з намі і пашоў у дальні кут пакою, адвярнуўся к печы і заняўся там лёгкаю фізыолёгічнаю патрэбаю. — „Што вы гэта, Шалапутаў?!“ — застыдзіў яго фэльчар, — „ а яшчэ вольнапісаны“… — „Ды я ў печ, нічога“… — „І на двор ня хоча выйсьці“, — заўважыў яму ранены Жукоўскі. Пачуўшы аб панадворку, фэльчар кінуў недакураную цыгару (усе нашы салдаты шмат набралі іх у разьбітых крамах у мястэчку) і пабег з хаты. За ім пашоў і я. О, колькі-ж там было раненых!.. Стагнаньні, кроў… Гляджу: ля самае сьценкі ляжыць нехта з жоўтымі зубамі, скалячы іх ад мукі. Я адразу не пазнаў, і мне зрабілася так цяжка, што гэта быў слаўны, вясёлы наш Талстоў. Я хацеў сказаць яму што-небудзь, чуў, што трэба нешта сказаць, звычайнае, паўсёднае і таварыскае, але ніводнага гуку не выдавалі мае вусны. Талстоў паглядзеў на мяне… У галаве ў мяне праляцела, як аднаго разу, гуляючы па валу за горадам, я пачуў нейкі хрып у канаве, за кустамі акацыі, зьлез туды і ўбачыў здыхаўшага сабаку. Вочы ў таго сабакі былі як і ў чалавека, калі ён дужа трудзіцца ад болю і безнадзейнасьці, чуе, што канае, сьмерць… Сабака схаваўся, каб ніхто яго ня бачыў, і яму было прыкра, што я турбую яго апошнюю часіну, — ён балюча і нездаволена захрыпеў, скорчыўся… Такі-ж самы погляд кінуў на мяне цяпер Талстоў, бамбардзір-наводчык першага арудзьдзя. Я ўлавіў, як і фэльчар акінуў яго асаблівым поглядам, як глядзяць на людзей таго сьвету. Потым фэльчар з найвялікшаю ласкаю і далікатнасьцю падаў яму закураную цыгару, бо ён папрасіў курыць. — „За поўгадзіны памрэць“, — шапнуў мне фэльчар, калі мы адышлі ад яго. І праўда, калі я мінут цераз дзесяць ізноў прахадзіў міма, то ўбачыў, што ён, бедны, стаў сінець і памёртваму заплюшчыў вочы. Асколак гранаты пасек яму кішкі. Яшчэ цераз колькі мінут падышоў фэльчар, палажыў руку на яго грудзі і потым пераксьціў, як нябожчыка: „Каб ня так быў наеўшыся ўчора рознай зеляніны, то можа-б і вытрымаў“, — сказаў ён. Гэтая сьмерць зрабіла на мяне гнятучае ўражаньне, я нават стаў меней баяцца куль і знарадаў. А яны ізноў пасыпаліся. Адзін пялёхнуўся ў сажалку на самым падворку — і не ўзарваўся. Чорны дым ад знарадаў заслаў паветра і ўкрыў сіняе неба, дзе чыркала крыльлем бесклапотная і сьмелая ластаўка.

Гляджу: гадзіньнік стаіць на 11½. Шкло пабіта, стрэлкі пагнуты. Калі й дзе ўдарыў — ня ведаю. Ах, каб ужо барджджэй скончылася гэтае пекла! — прашу я няведамую сілу. — Сьві-і-ж-ссь! — куля праляцела над самым вухам. Хаваюся за сьценку. — „Дзе-ж нашы галоўныя сілы?“ — стогнуць там запасьнікі. Усе яны хочуць жыць, каб вярнуцца карміць свае сем‘і і даглядаць гаспадарку. А я атупеў, страціў яснасьць думкі і чуцьцё вайсковае павіннасьці. Плятуся, як хворы або п‘яны ў хату. Батарэя паліць адзіночнымі стрэламі. Няхватка знарадаў; чакаюць з рэзэрваў. У хаце ўсе нервуюцца. Прынесьлі яшчэ аднаго раненага.

— Шалапутаў! Уцякай, тут раненага пакласьці трэба, — кажуць там.

Шалапутаў ляжыць, як калода.

— Ведаеце, я жаліцца на санітараў буду, — панура пагражае фэльчар.

— Ну? На каго? — пытаюся, як-бы мне дужа цікаўна.

— Фэльдман… зусім ня слухаюць мяне. У Лабкова жывот баліць. Лабкоў! — паварачваецца фэльчар на Лабкова: — я на вас камандзіру далажу.

— Каллі лласка… — крывіць той грымасаю свой дзяціны, бязвусы твар. Боязнь сьмерці сьцяла яго сваімі балючымі кіпцямі.

Прышоў ездавы Марчук, здаравенны мужычынішча з прыгожаю, але грубаватаю беларускаю гутаркаю. Ён кажа:

— Кудой плывець ераплант, тудой ён і шпокае. А ераплант круціцца над намі, як каршун над падлаю.

Ранены Грыгар‘янц толькі нешта мармоча паармянску.

Прышоў фэрвэркер Ціхаміраў і з сваёю кастрамскою грунтоўнасьцю ўва ўсякай справе намякае нешта аб палоне. Няўжо палон?

— О, Вільгельма, Вільгельма! Бог цябе пакарае, калі ты вінават у гэтай жудаснай вайне, — у голас разважае Ціхаміраў, — бедныя людзі…

Ад Ціхаміравага я даведаўся, што камандзір сядзіць на страсе аднаго дому, недалёчка ад батарэі, і адтуль па тэлефону камандуе. Усе мы змоўклі, пераможаныя тым яго геройствам, і думалі, каб доля бараніла яго ад сьмерці. І ўжо хочацца верыць у дзівы. На маіх жа вачох адзін запасьнік-пехацінец, стоячы ў садзе, дастаў з шапкі кулю. — „Як жалудом з дуба шчоўкнула“, — сказаў ён з усьмешкаю. Магчыма, што кулю хто-небудзь кінуў на яго, а можа была надта далёкая, саслабелая, і зачапілася ў шапцы, але ўсе запасьнікі-расійцы пераксьціліся, як на дзіва… Нехта нават буркнуў, што бываюць людзі, зачараваныя ад кулі, ды ніхто яго размову не падтрымаў, бо сярод шуму і гулу ад бою там было не да вялікае размовы. Усе парупіліся схавацца за рог пуні.

Так цягнуўся гэты бясконца даўгі дзень. Ізноў і йзноў лётаў над намі аэраплян. Пяхота наша, нявідная нам, заядла па ім траскатала з вінтовак, а ён сабе, знай, плыве і кідае нейкія гаручыя стужкі над саменькай батарэяй.

Падпаручыка Іванова раніла. І ён прышоў у хату на перавязку.

— Запісаць у кнігу прыкажаце, вашродзь? — пытаецца фэльчар.

Нашто-ж?.. Я лёгка. А калі трэба, ну, ну, запішы. — І засароміўся, і „вярнуўся ў строй“ з нейкаю ўрачыстасьцю, хоць не бяз трывогі.

Бой сьціх увечары. Кажуць, на падмогу нам падышла з левага боку нейкая дывізія.

Арудзійная прыслуга так запрацавалася за дзень ля гармат, што некаторыя нумары з трудам паднімалі рукі і разьлівалі страву з дрыжачых лыжак. Працавалі ад 7 раніцы да раніцы да 9 вечара, без аддыхі і без абеду, то зараджаючы гарматы, то падкапваючы хабаты, то што.

Пасьля вячэры прыехалі пяхотныя санітары, і пачалося падбіраньне трупаў і раненых па ўсім полі.

Наш камандзір прышоў на падворак, стаў ля хаты, дзе ляжалі забітыя на саломе, пераксьціў Талстова і сказаў: „Царства нябеснае!“

У хаце ён пацалаваўся з кожным раненым, кажучы: „Поздравляю, брат, что удостоился пострадать за веру, царя и отечество!“

Пры гэтым панавала ўрачыстая ціша, у некаторых на ваччу стаялі сьлёзы. Нават мне было цяжка за сваю варожасьць да ўсяго гэтага прыгожага самаашуканства.

Потым здарыўся нягожы выпадак з Шалапутавым. Выходзячы на двор, камандзір убачыў яго ляжачага ў куце, у сенцах, прымасьціўшыся на нейкіх дошках, на пасьцеленым шынялі.

— Ранены, Шалапутаў?! Шалапутаў! — гукнуў яго камандзір.

— Гм-му-у…

— Ты ранен, Шалапутаў?

Никак нет… у мяне нага…

— Што, нага-а? — і схапіў яго цягнуць.

— Баліць дужа… Ударыў неяк.

— Вот яшчэ, задрыпанец, — з глыбокай і сарамлівай пагардаю сказаў гэрой-камандзір і шыбка, як ад чагось брыдкага, вышаў.

З афіцэраў у нас ранены яшчэ штабс-капітан Дамброўскі, але астаўся ў строі. А ў трэцяй батарэі забіты камандзір. Здаецца, я яго бачыў; гэта здаровы, дабрадушны, мужчына-русак, з вялікімі рыжымі вусамі, на прозьвішча Шылаў. Кажуць, канаючы, перад вечарам, ён пажартаваў з сваімі афіцэрамі, абступіўшымі яго: „Вот табе і георгіеўскі крыж… Пастаўце хоць драўляны“… Трэба паясьніць, што ён сваёй батарэяй нарабіў немцам такой шкоды, што яшчэ ў часе бою генэрал па тэлефону сказаў яму: „Віншую вас, палкоўнік, з георгіеўскім крыжам“. Калі памёр, адзін салдат кінуўся яму на грудзі, цалаваў і плакаў. Ніводзін з бачыўшых гэта таксама ня мог утрымацца ад сьлёз. А забіла яго куля скрозь вакно на вышках, калі ён схапіў некія дзьверы й загараджваў вакно, робячы сабе наглядальны пункт. Забіты быў пад вечар, у канцы бою.

Думаю: вось і мяне магло так забіць на вышках, на доміку, што цяпер згарэўшы.

Ня маю болей часу пісаць, і галава баліць ад учарашняга грукату і яшчэ болей ад маёй уласнай нэрвацыі.

Пішу па абедзе, паправіўшы акопчык. Ціха, спакойна. Сядзім удваіх з Воранавым на тым самым наглядальным пункце пад дрэвам, ля згарэўшага дому. Сьмярдзіць ад пажарышча, вецер узьнімае залу і пясок і сыпле на нас. Спаць хочацца, бо цэлую блізка таго ноч, пасьля ўчорашняга бою, сядзеў я з Воранавым на гэтым пажарышчы. Ах, як холадна было нам. І скрозь цэлую ноч нямецкія пражэктары сьвяцілі на нас і сеялі неспакой.

IX

9 жніўня.

Канец учорашняга дню быў для мяне горкі. Старшы, сьмяючыся, скалоў мяне: „Вы таксама ў хаце хаваліся“. Так, хаваўся… Няма як бараніцца. Я пачырванеў і маўчаў. Сяньня мне весялей. Сон вярнуў мне сілу, і нейкі голас супакойвае мяне: ну й добра, што хаваўся, — ты яшчэ спатрэбішся для сваёй роднай справы.

Дык у нас, значыцца, сур‘ёзная перамога. Немцы адступілі, кінуўшы многа забітых, раненых і зброі.

Сяньня я прачнуўся на батарэі, каля ямы тэлефоністаў, ад сьветлага, цёплага жніўнага сонейка і шумнай спрэчкі ў хаце між афіцэрамі 1-га і 2-га дывізіёну аб трафеях.

Нож мой прапаў, і няма чым алавік застругаць для апісаньня афіцэрскае спрэчкі. Яна йдзець аб тым, хто зьбіў нямецкую 12-арудзійную батарэю, шалёна выехаўшую на голую пазыцыю, відную ад нас простым вокам. Наўкол пазыцыі гэтай няшчаснай і геройскай батарэі цяпер валяюцца парэзаныя шматы коняй і людзей, кучы забітых знарадамі і задаўленых гужамі коняй, агідныя й страшныя груды людзей з адарванымі рукамі, раскіданыя рэчы. Зарадныя скрынкі паўзарваны, пагнуты, пакамечаны, як папера ў жмені, некаторыя раскрэмсаны літаральна ў шчэпкі.

Прадстаўнік першага дывізіёну, худы і чорны, вусаты капітан, як відаць, новы камандзір p батарэі, са сьлязьмі на вачох клянецца, прысягаецца, што батарэя зьбіта ім, не пасьпеўшы выехаць і зрабіць 3—4 стрэлы з 2 арудзьдзяў.

Афіцэры 2-га дывізіёну, прышоўшы ў госьці к нашым (я служу ў першым дывізіёне) сьпіраюцца… Іхныя батарэі стаялі далёка справа і ззаду ад нас, і нават я, нічога ня цямячы ў артылерыйскай справе, дзівуюся, як маглі яны, a ня мы, разьбіць тую батарэю.

Час, лік выехаўшых адначасна нямецкіх арудзьдзяў, запісы камандаў, пасьведчаньні пехацінцаў і іншае, усе довады — горача разьбіваюцца, і спрэчка схіляецца на карысьць першага дывізіёну, страляўшага 13 гадзін узапар!

Даслухаўшы сьпіраньне да канца, пашоў я мыцца, але доўга-доўга шукаў вады і нідзе не знашоў. Войска ўсю выпіла. У калодзежах на дне засталася адна гразь. Калодзежы тут найболей зачыненыя, з помпамі. Насілу выпрасіў вады напіцца ў камандзірскага ардынарца. Сяньня і абед спозьніцца, бо паехалі па ваду на рэчку, за колькі вёрст. Хадзіўшы па полю, бачыў многа забітых кароў і коняй. Чаму іх не закапваюць? На дарозе бачыў цэлую гару сабраных пехацінцамі вінтовак, шынэляй: сьветлых, сініх — нямецкіх, і шэрых, грубейшых — нашых, ранцаў касматых, бурых — нямецкіх, і палатняных — нашых; шашак, кулямётных стужак, чаравікаў і іншага. І ўсё нясуць і нясуць…

Раптам пачуўся „венскі“ гармонік! Звонкія, вясёлагульлівыя гукі заліхвацкай „полечкі“ скаланулі мяне. Не магу выразіць таго заблутанага клубка пачуцьцяў, які падкаціўся мне пад грудзі. Я пачуў мімавольныя сьлёзы на вачох. Думкі мае паляцелі ў ціхамірнае даўнейшае жыцьцё ў мілай, роднай Магілёўшчыне. Сьвяточны дзень, скачуць, гуляюць… А тут я бачу жудаснае поле сьмерці пад сінім, цёплым, безьмяцежным небам.

Дый раптам-жа гармонік абарваўся. Можа, ня даў хто йграць перад памеркшымі вачмі забітых таварышаў…

А хай-бы йграў перамогу жыцьця над сьмерцю! Ня ўсё роўна, што тут рабіць: плакаць ці сьмяяцца?

Іграньне было чутно з недалёчкага хутара, дужа вялікага, занятага пехацінцамі. Я пашоў туды. Там на падворку і ў стадоле, на пасьцеленай жоўтай саломе, поўна было раненых, абвязаных белым і акрываўленым бінтам — немцаў і расійскіх. Там-а-там, паміж раненых ляжалі непарушныя фігуры памёршых ад ран. Выскаленыя зубы, тусклыя, мятыя вочы, зблутаныя абмусоленыя вусы, — страх глядзець.

Тут і штаб. У садзе я пачуў размову начальніка нашага атраду па тэлефону з некім:

— Няма сілы сабраць. Можа тыл падбярэць. Ня меней як 700 вінтовак. Болей як 2.000 чалавек… Але! Ляжаць ланцугамі, колёнамі. Бог ведае, ці яны раненыя спаўзьліся і памёрлі кучамі, ці так разам пабіты. Артылерыя і кулямётчыкі работалі на славу! Рад старацца, вашадзіцтва!

Міма нашага наглядальнага пункту па дарозе шмат праходзіць і праяжджае розных вайсковых. Нядаўна ехаў п‘яны казак. Баўтаецца на сядле. Пад аднэю рукою пабіты тэлефонны апарат, а ў другой — бутэлька з наліўкаю. Ён папрасіў мяне падаць яму галавешачку прыкурыць і пасуліў мне пацягнуць „трошкі“ нагбом з бутэлькі. У яго, п‘янога, гора: кажа, быццам, „вольныя“ немцы (мірныя жыхары) забілі двух яго станічнікаў, а сам насілу вырабіўся з небясьпекі.

X

10 жніўня.

Мы ў далейшым паходзе. Пішу на крутым беразе няшырокай, але поўнаводнай і глыбокай рэчкі. Мост разьбіт. Сапёры наводзяць пантоны. Наўкол мяне — і драцяныя загарадкі, і воўчыя ямы. Дзівуюся, чаму немцы пакінулі іх бяз усякага бою.

Пераехалі. Мястэчка. Разумеецца, бязьлюднае. Кірха (а можа — касьцёл?). Нашы каталікі забягаюць і кленчаць. Ля самай кірхі, на адчыненым вакне пустога дому, грамафон, заведзены рукою ворага, пахабным дысонансам у абставінах вайны і сьмерці равець мірнага „пупсіка“. Маладыя пехацінцы сабраліся там, сьмяюцца, рагочуць, і некаторыя падпяваюць парасійску:

— Пуп-сік, мой мі-лы-ы пу-упсі-ік!..

Потым завялі неспанараўную мне нямецкую „польку“, пабраліся парамі і круцяцца, як дурныя. Старэйшыя невясёла паглядаюць на іхнае вырабляньне, абтрахаюць з сябе пыл, абціраюць пот, перабуваюцца.

У другім доме знашлі рояль. Бязмальна кожны пабарабаніў пальцамі. Урэшце, дакучыла. Наш ездавы трахнуў шашкаю ўздоўж па ўсіх пішчыках. Пехацінцы адкінулі крышку і паабдзіралі струны. Калі падходзіў нейкі афіцэр, усе ўцяклі хто куды. Забыўся адзначыць: учора нам абвясьцілі, што за п‘янства будуць розгі, а за грабежніцтва і разбой — расстрэл.

11 жніўня.

Учора ўвечары мы, тэлефоністы, абжорліся мёдам. Цэлую пасеку разьвярнулі. Упоцемку ня столькі дасталі мёду, колькі падавілі пчол. Твар у нашага старшага разьнясло, як ад скулы. У мяне таксама пакусаны рукі, бо і я хадзіў падлажваць пчол. Думаў, выйдзе ўсё палюдзку, а вышаў сорам і паскудзтва. Пехацінцы дакончылі нашу работу. Афіцэрскія дзяншчыкі таксама набралі для сваіх паноў міскі дзьве лепшых пляйстраў. Цікаўныя вулейчыкі: сплецены з саломы і ракітніку, як у нас пляцёнкі ссыпаць канаплі. Аж я ўсьцешыўся: і ў немцаў ня толькі рамчакі.

Шалапутаў з батарэі прапаў бясьсьледна. Думаюць, што ўцёк, бо ніхто ня ведае, калі й куды ён дзеўся.

Сёньня праяжджалі першую нямецкую вёску ня пустую, а з жыхарамі. Але хаваюцца ад нас.

12 жніўня.

Да абеда ехалі. Страшэнная санлівасьць апанавала мяне, бо за гэтыя тры дні паходу дужа змарыўся фізычна (пад‘яжджаць на двуколцы забараняюць, трэба ісьці пехатою). Яшчэ болей змарыўся розумам. Ня хочацца ні аб чым думаць і разважаць.

Па абедзе капалі акопы. — „Што вам рукі ня служаць?“ — з пагардаю сказаў мне старшы, гледзячы на маю работу.

Яго нэрвацыя — знак таго, што заўтра можа быць бой.

Прыходзіць дужа многа сьвежага войска — пяхоты, разумеецца.

Страты нашы пасьля 7-га жніўня, як цяпер кажуць, страшэнныя: 50—60 проц.

Зьявіліся аўтамабілі з нейкім важным начальствам.

Я заўважыў, што ў мірных немцаў падняўся дух. У ваднэй вёсцы я разгаварыўся з старым немцам, які ўмее папольску. Казаў стары, што немцы ўжо разьбілі Бэльгію і Францыю. Няўжо праўда? Можа наша начальства хавае ад нас? Той стары даў мне хлеба — чыстага, смашнага. Я даваў яму грывеньнік, але ён кланяецца і ўсё: „Нэйн, нэйн“.

13 жніўня.

Ураньні быў вялікі туман. Абедалі на прывале ў м. Аленбург. Зрабілі налёт на крамы з цыгарамі, віном і какао. Каб чаго зьесьці добрага — нідзе няма. Немкі давалі ваду. Усе яны, хто застаўся, — бедны народ. Самі вадзілі нашых салдатаў к багатым крамам і сьмешна абхоплівалі перад брухам рукамі, паказваючы, што гаспадары гэтых крамаў, пузатыя буржуа, паўцякалі, а іх пакінулі адных.

Як выехалі з Аленбургу, многія з нашых батарэйцаў былі выпіўшы: сьмяяліся, галдзелі, і ўсе, нават ня курцы, дымілі важнымі панскімі цыгарамі ў залатых апаясачках.

Я тож трошку хлібнуў нейкай смашнай-смашнай і такой прыемна-гусьценькай наліўкі, ня ведаючы, што яна падманлівая, бо сільна хмельная.

Зараз галава ў мяне сарамліва-вясёла заработала. Аднаго толькі баяўся, каб камандзір не заўважыў, што я п‘яны. Я стараўся йсьці як можна раўней і мець сур‘ёзны выгляд. Але твар у мяне і вушы, як і ўва ўсіх, быў чырвоны і гарэў.

Калі-ж хмель стаў спадаць, паніжаўся і мой настрой. Тэлефонныя двуколкі ехалі з камандзірам батарэі, троху аддаліўшыся наперад ад усяе батарэі.

З невялічкага гаю да нас даляцела колькі стрэлаў з леварвера ці карабіна. Зрабілася троху трывожна…

Аж едзе адтуль п‘янаваты казак к нашаму камандзіру і, стараючыся ня хіляцца на кані, рапартуе, што ён забіў „пару вольных немцаў-шпіёнаў“.

Падаў зьнятыя з забітых паперы.

Камандзір разглядаець і балюча крывіцца на стараннага воіна: з пашпартоў, канвэртаў і замасьленых запісак відаць, што гэта — расійскія чорнарабочыя, быўшы ў заробках у Нямеччыне, ішлі цяпер назад у Расію.

Казак зьбянтэжыўся, але ня дужа: відаць, не паверыў. А сам няпісьменны. І як у яго з імі вышла, не разабраць: „Пабеглі… пабеглі… крычаў“. Ведама, выпіўшы чалавек.

Мала таго: яму яшчэ прыкра, што яго не пахвалілі. Ехаў — і бурчэў на нашага камандзіра.

14 жніўня.

Прывал у вялізным двары нейкага барона. На галоўных дзьвярох старыннага дому палацу прылеплен белы аркуш паперы. „Пакідаючы маю маемасьць, прашу ўсім карыстацца, але прашу не паліць. Старая вежа была пабудавана рыцарамі супроць паганых“. Я хацеў агледзіць дом, але пры ім стаяла ўжо наша пяхотная варта, і мяне ў пасяродак ня пусьцілі.

Водаль, каля флігелю, поўзалі галодныя шчаняты і стагналі. Яны толькі-толькі пачалі глядзець. Сучка ўкусіла аднаго казака, і ён прапароў яе пікаю. Калі я за колькі мінут прышоў сюды яшчэ, нехта прыдушыў шчанят. Добра зрабіў.

Наш Яхімчык потым у дарозе доўга апавядаў мне, якая добрая сучка была ў таго штэйгера, пад началам якога быў ён у шахтах: і на задніх лапках станавілася, і сьмяялася, і забітага ў пяску зьнюхала і адкапала. А забілі таго чалавека таварышы за гуляшчую дзеўку; іх засудзілі на катаргу. Пра задушаных шчанятак ён сказаў з сваім украінскім спакоем так: „Мудрый цій чоловік, шчо вбыў: навішчо ж маленькім бэз маткі страждаць“.

Сяньня нам чыталі ў прыказе аб вялікіх перамогах хаўрусьнікаў над немцамі ў Бэльгіі. Значыцца, той стары мне наманіў.

Цяпер нам на прывалах у кожнай вёсцы выносяць ваду — старыя немкі, немцы й дзеці. Часам даюць нават малако, белы хлеб, яблыкі. Салдаты пры гэтым паказваюць скандальную прагавітасьць.

Пасьля паўдня чуецца гул ад гарматнай страляніны. Заўтра бой?


На прывале ў м. Грос Энгэляў я бачыў, як у пакінутай нямецкай хатцы, пад саламянаю страхою (што тут нязвычайнае дзіва, бо найболей дахі чарапковыя), салдаты нашай батарэі параскідалі, параскідалі ўсё-чыста і кінджаламі ламалі вялікую скрыню, дужа цяжкую, брудную. Ніяк не маглі зламаць замка. Я абазваў іх сьвіньнямі і хуліганамі, марадзёрамі, і сароміў іх, а ім хоць-бы што. Аблаялі мяне парасійску і назвалі „вольнашляючым“ (ад „вольноопределяющийся“ — вольнапісаны). Я кінуў іх і пашоў з гэтага пярэдняга пакою ў чысьцейшы пакой; там на палічцы ляжала грубая кніга ў дарагой вокладцы. Я разгарнуў — і на першай старонцы ўбачыў Вільгельма ўва ўсёй яго каралеўскай і імпэратарскай годнасьці і пышнасьці. Нейкае зло мяне ўзяло, і я ўнізе да подпісу дадаў крыжык і паставіў „1914 год“, што мела азначаць сьмерць яму ў гэтым годзе. Прышоў я на батарэю, гляджу: аж нясуць мне мае грамілы тую самую кніжку, каб я ўзяў сабе і ўлашчыўся. Але я ня ўзяў. Яны пасьмяяліся і аддалі кніжку нашаму кашавару на падтопу.

15 жніўня.

Едзем далей. Па дарозе часьцей а часьцей прыгожыя гайкі. На прыгрэтай траўцы стрыкаюць і зьвіняць конікі-скакунцы. У халадку прыемная раса…

Урэшце ўехалі ў вялікі нямецкі лес. Шмат вавёрак, птушак. Прабегла скрозь прасеку за ганей двое ад нас некалькі стройных дзікіх коз.

Далятае далёкая глухая страляніна з гармат.

XI

16 жніўня.

Учора па абедзе аж да вечару прастоілі з тэлефоннымі двуколкамі ў тым вялікім лесе. Набраліся страху. Пяхотная разьведка, як на аблаве, рассыпалася наўкол нас па лесе і скрылася з вачэй. Пасьля даўгога трывожнага чаканьня мы пачулі далёкую перапалку з карабінаў, потым паказаліся некаторыя разьведчыкі, сярод якіх былі лёгка раненыя з рукамі ці галавамі ў сьвежых белых бінтох. Раптам прыляцеў з лесу і наш камандзір з батарэйнай разьведкаю і раненым пяхотным афіцэрам. Усе прыехаўшыя былі ў прыгнечаным настроі. Некалі было пытацца, мы ў адзін момант зьвярнуліся, ударылі па конях і шпарка загрукацелі па роўнай і простай, як страла, шосы назад к батарэі. Не пасьпелі адскачыць і з паўганей, як на тым месцы, дзе мы стаялі, вораг стаў „крыць“ цяжкімі знарадамі, нязвычайнай, яшчэ нябачанай намі сілы. Лес загуў, напоўніўся гулам, трэскам і звонам. — „З фартоў шчупаюць“… — разабраў я пару слоў з нэрвовай гутаркі камандзіра з нашым старшым тэлефоністам, таксама спалоханым Лапцевым. З якіх фартоў, я ня мог зразумець: няўжо мы пасьпелі падкаціцца так блізка да Кёнігсбэргу?

Батарэю сваю дагналі на другой дарозе; яна таксама, бяз нас, завярнулася і пацягнулася некуды ўбок і назад. Калі цямнела, былі мы перад нейкім мясьцечкам. Тут, абапал усяе дарогі, стаяў аграмадны табар нямецкіх уцекачоў. Кінулася ў вочы розьніца ў настроі мірных. Яны ўглядаліся на нас значна сьмялей; пара-другая вачэй сьвяцілася захаваным вызавам і злой радасьцю. Якаясь рыжаватая дзяўчына сьмяялася і махала нам рукою, каб мы ехалі назад у Расію. Яна кіўнула галавою да свае засмучонае таварышкі, потым паслала мне рукою пацалунак. Што яна казала, я ня мог пачуць за стукам колаў.

Адзін абраз з учарашняга дню пакінуў асабліва цяжкі асадак у маёй душы. Вёрст пяць па шосы, ад таго табару, то астаючыся, то пераганяючы, беглі пры батарэі двое старых: грубы тучны немец i яго сухапарая сівая жонка. Немец быў чырвоны, як рак, і потны, ашпараны, з вытрышчанымі няпрыемнымі рачынымі вачмі. Ён прост душыўся ад беганіны. Старая раскудлачылася, зарумзалася, скакала як падбітая. Яны шукалі начальства, якое забрала іхнага сына, хлапчука гадоў 15. Забралі хлапца за тое, што нібы-та нешта дрэннае сказаў аб расійскім войску. Ніхто з нас ня ведаў, хто і як яго забраў, а старыя ўсё беглі, высалупіўшы языкі, ува ўсіх нас са сьлязьмі пыталіся сваім незразумелым жаргонам і заглядалі ў салдацкія вочы пасабаччу. Хух!

Потым ізноў мы, тэлефоністы і разьведчыкі, загрукацелі з камандзірам ад батарэі. Пасьля доўга стаялі ў цёмнай сьцюдзёнай дарозе і чакалі батарэю. Я ўжо зьбіўся з арыентацыі, ня ведаў куды, у які бок мы кіруемся. Ізноў, паехалі. Цёмна — хоць вока выкаль. Забаронена курыць: над намі павіс, кажуць, дырыжабль. Начавалі, стоячы ў дарозе, не разамунічыўшы (коні ў запрэжцы). Холад, ня дай божа. Макравата, прамозгла. Трывожна дрэмлецца.

Раньняе досьвецьце. Не магу арыентавацца. З усіх, здаецца, бакоў чую гарматную і з вінтовак страляніну. Першы раз у жыцьці ўбачыў дырыжабль. Як чорная цыгара, цёмная, непарушная, высака-высака стаіць над намі ў хмурым небе і гіпнатызуе.

Балазе-ткі разьвіднелася. Сонейка сагрэла нас. Дырыжабль зьнік няўпрыцям. Мы занялі пазыцыю. Выкапалі акопы.

17 жніўня.

Стаім на тэй самай пазыцыі — каля нейкага Картау, невялічкага пасёлку. Нехта спомніў, што сяньня сьвята, нядзеля. Сталі ўсе галіцца (цэлы дзень ціха, спакойна). Пагаліўся і я. Аж на душы быццам прасьвятлела.

Брадзіў бясцэльна наўкол пазыцыі і… знашоў каля рэчкі знаёмага з нашыўкамі вольнапісанага, быўшага банкавага служачага ў Вільні. Ён браў абеды ў мае кватэрнае гаспадыні-ліцьвінкі на Замкавым завулку, якая ўмела пячы нязвычайна смашныя налесьнікі. Я насілу пазнаў яго. А яму зрабілася сорамна, што ён такі. Сядзеў босы, спусьціўшы касматыя ногі ў цеплаватую вадзіцу, панураны, даўна няголены, у дужа бруднай гімнасьцёрцы. Гаворыць неахвотна. Пэўны, што жывыя ня будзем, у Вільню ня вернемся. Сьмерць стаіць ў яго мутных, пагаслых вачох. Яны ажывіліся пакорнай завідасьцю, калі ўцеміў, што я служу не ў пяхоце, а ў артылерыі. — „Вы, батарэйцы, пэўна маеце соль. Пазычце мне дробачку, калі ласка“… Я прынёс яму шчэпаць солі, але гутарку болей не пачынаў, бо цяжка было на сэрцы ад яго выгляду. Ён казаў, што ў яго палку пасьля бою 7 жніўня мала хто застаўся з другога папаўненьня, з якім яго прыгналі.

18 жніўня.

Дождж, мокра, сьцюдзёна. Пашоў я з пазыцыі за ганей трое ў пусты дом пагрэцца трошку. Дзьверы адчынены, пуста, але чую: у задняй цёмнай каморцы нешта робіцца… Схапіўся за кінджал, асьцярожна гляджу: аж мізэрны пехацінец, з цыфрай 106 на пагонах, капаецца лапатачкаю ў зямлі. Цягне адтуль вялікае бярэма рознага рызьзя, завязанага ў посьцілку, і поркаецца ў ім. Сорамна і гідка: гэта шакал. Я яму нічога не сказаў і павярнуўся на мысічках назад. Аж улятае аграмадны чорны бусайла (таксама 106) і клапатліва практычна басуе на парозе: „А шчо, нема часом хусточкы?“ Паскудзтва.

XII

19 жніўня.

У чытыры гадзіны дня бухнулі першыя стрэлы нашае батарэі ў адказ на агонь ворага.

Наш трэці бой

— Трацілавай гранатай! беглы агонь… Агонь!!!

Бух, бух, бух!.. Зашумела, загудзела, паняслося. За колькі сэкунд: тах, та-ах, тах! — удачныя разрывы.

Запісваю каманду і ў перапынках (у другім арудзьдзі затрыманьне: гільза не вылязае) — пасьпяваю запісваць у сваю запісную кніжку. Нас не абстрэльваюць, i страляньне мне падабаецца: у ім ёсьць сваё хараство. І тож быццам радасьць чуецца ў батарэйцах, што аднатоннасьць астатніх дзён урэшце ажывілася, неазначанае чаканьне скончылася. Дожджык троху пакрапіў, сьціх.

— Прыцэл 150… Страляць праваму арудзьдзю… Трацілавай гранатай… — чую з тэлефоннай трубкі. — Гатова? — Гатова!

— Агонь!!

Няўжо бой разгарыцца? Наглядальны пункт недалёчка: у высачэнным насыпе недабудаванага зялезнадарожнага мосту. За тоўстай каменнай сьценкай мосту — акоп пад трыма радамі накатнікаў. Моцная штука! Там сядзець бясьпечна. І той акоп капаў ураньні й я, бо знаходзіўся тады на наглядальным пункце. Нашто адаслаў мяне старшы сюды на батарэю? Тут для тэлефоністаў не акоп, а яма.

— Падрыць хабаты!

Артылерысты шыбка падрываюць хабаты (заднія канцы гармат), каб джэралы яшчэ вышэй задраліся ўгару. За пільнай працаю знаходзяць час пажартаваць, спрачаюцца, сьмяюцца і віртуозна лаюцца. Я ўжо звыкся з іхнай мацяршчынай: Беленькі ўламаў ткі мяне „напляваць“. Дожджык зусім прапаў. Троху бліснула сонейка; хмарныя аблокі разьбягаюцца з неба. Трэці наш таварыш, флегматычны кастраміч Пашын, прынёс тым часам поўнае вядро згатаванай, з сьвежаю парасяцінаю бульбы. Кухавар з яго добры. Але есьці няма часу: ізноў каманда. Застынець бедная бульба. А бяз солі, якой ужо няма і ў батарэйцаў, зусім будзе нясмачная. — „Братцы, давай напераменку!“ — раіць Беленькі. — „Жары!“ — жартаўліва падштурхвае мяне локцем, аддаючы пяршынства. Жару, аж санкі трышчаць. — „Хавай сваю кніжку, ато прачытаю!“ — „Не, браце, дудкі! Схаваю ў халяву“. — „Калі небудзь дабяруся“. — „Хіба ў Смаленску“. Далей за бульбу бярэцца маўкліва-паважны Пашын. Беленькі будзе есьці, калі ўсе наядуцца — далікатны чалавек!

— Па адступаючай пяхоце! Уравень болей: ноль дзесяць… — Батарэя гатова?

— .......................

— Падрыць!

— Не, яшчэ не гатова, — адказваем па тэлефону.

— Я сказаў падрыць, а яны расьселіся! — раздаецца сьвірэпы голас старшага са словамі камандзіра (усё перадаецца так, як кажа камандзір).

— 6-ae, 7-ae і 8-ае гатовы — даем адказ.

— A 5-ae?

— Не…

— Страляць шостаму. Агонь!!

— Ізноў каманда: падрываць!.. Але ўжо няма як: правідла замінае (палка, якою паварачваюць гармату).

— Барджэй, барджэй, ато вораг уцячэць… не пасьпееце даць яму ў патыліцу гранатай, — галосяць з наглядальнага пункту, перадаючы словы камандзіра.

— Агонь!!

— Бух, бух, бух!..

А з боку дзесь далікатней троху пяе кулямёт:

— Т-т-т-т!..

Б‘ём аж на 6 вёрст. Гэта ці ня першы раз у нашай баявой практыцы.

Але потроху кананада сьціхае. Батарэйцы, ажыўленыя, пабаўленыя, адпачываюць. У вакопах мокра, гразка. На зямлю сьцелецца цямнота. Мінут цераз 20 пасьля пальбы прыбягае, высалупіўшы язык, уваўрэлы ардынарац 2-га дывізіёну: камандзір просіць нас не страляць, бо мы… паражаем сваю пяхоту. О, пракляты, як плашкаю бахнуў па цемені.

— Чаму ж ты пехатою?! Дзе твой конь?! — гатоў разарваць яго наш заўсёды спакойны капітан Сьмірноў.

— Пада мною забілі каня…

— Мы, вашродзь, не паражалі… у нас прыцэл i уравень… не таго… — мармочыць арудзійны фэрвэркэр Гладкоў, каб палягчэла хоць троху.

А з наглядальнага яшчэ пытаюцца: „Батарэя гатова?“ Адказваем: „Мы паражаем сваю пяхоту“.

Мёртвая ціша ў тэлефоне.

— Добрую работку зрабілі, калі сваю пяхоту… — крыва ўсьмяхаецца капітан Сьмірноў і сам бяжыць гаварыць па тэлефону. — „Камандзір пашлі на батарэю“, — перадае старшы.

А можа дывізіённы 2-га дывізіёну памыліўся? Ды быццам ня ўсё роўна, якіх людзей пабілі? Будзь проклята вайна!

Цёмна пісаць.

20 жніўня.

Усяго выпусьціла наша батарэя ўчора па маіх запісах каманды — 1012 патронаў. „Спачатку крылі уфімцаў, потым перанесьлі на уральцаў,“ — жартуюць салдаты. Сваіх пабілі…

Сёньня цэлы дзень хмарна. Праляцела граза. Быў дужа вялікі гром, маланка сьвістала бесьперастанку. Дождж заліў нашу яму. Рабілі новы акоп. Я з духу выбіўся. У Беленькага забалеў жывот: ці не надарваўся толькі, цягаючы з зялезнае дарогі шпалы? Але-ж і акоп збудавалі — „маё пачценіе“, як кажа здаволены Пашын.

Увечары — ціха, ціха, як макам сеяў. Месяц поўны. Сьвежа-сьцюдзёны. Журавы ляцелі: „Кур-кур… Кур!“ Беленькі пачуў іх курканьне і заплакаў, — зусім расклеіўся наш мілы жыдзе. Кідаем усё і пры сьвечцы гуляем у новым акопе ў карты. Акоп — як дом. Беленькі ўжо рагочаць, цалуе мяне… — Гэта ў мяне ад бульбы жывот балеў дужа, аж да сьлёз“. — „Сказывай бабушкіны сказкі“, — бурчыць паважны Пашын.

Яшчэ пара слоў. Сёньня я бачыў нашага камандзіра ў іншым асьвятленьні. Я чуў, як ён сказаў афіцэрам: „Забіты нямецкі салдат абгарэў, троху падсмажыўся. Падышла сьвіньня і выела яму нагу. Адным словам — свая сваіх не пазнаша“. К чэсьці афіцэраў, ніхто не засьмяяўся. Мабыць, і камандзір сказаў, ня шчыра, а для падняцьця патрыятызму. Гідка!

21 жніўня.

Цэлы дзень ціха. Адпачываем на тэй-жа пазыцыі. Прыяжджаў наш дывізіённы. — „Бійце немцаў і заўтра так, як білі заўчора — казаў ён нам: — дзякую, братцы, за маладзецкую работу! Страты у нас маленькія, а немцаў пабілі шмат. — „Каб ты спох з такою работаю, калі праўда, што й сваіх пабілі“, - сказаў Пашын.

Немцы адступілі, — „Абамунічвай!“ Перадкі ўжо прыехалі на батарэю.

XIII

22 жніўня.

Цэлую ноч ехалі, пад заліўным дажджом, напаўноч-усход і паўдзён-усход, але ўсход… Што гэта: адступаем ці на адпачынак едзем? Ніхто нічога ня кажа. Праяжджалі мястэчка… ці не Аленбург толькі? бо нешта знаёмае. А брудна, цёмна, сьцюдзёна, хмарныя аблакі разьдзіраюць неба.

23 жніўня.

Ехалі-ехалі, нарэшце, сталі на пазыцыю недалёка ад Аленбурга. Я не памыліўся, учора начою былі ў ім. Значыцца, троху адступілі? Гм! Але зрабілі акопы, выспаліся.

Яхімчык сёньня ў добрым гумары. Пагаліўся маім галяком і разгаварыўся аб сваім хатнім жыцьці.

— „Усягды я толькі сварыўся з сваім бацькам“, — кажа ён. А сыноў у яго бацькі, беднага хлебароба, было многа, — „сыноў, як сакалоў“, — а падмогі няма. Усе распаўзьліся па сьвеце. Было Яхімчыку 15 год, заманулася й яму йсьці ў шахты: „зарабіць на сябе капейку“. Бацька плача, клянець яго. Але пашпарт мусіў даць. Вярнуўся Яхімчык з шахтаў, бацька ізноў плача, але з радасьці. Толькі ў той жа дзень пасварыліся… Жаніцца задумаў — сварыліся, вясельле гуляў — сварыліся, пажываці сталі — сварыліся, на вайну йшоў — плакалі й сварыліся.

— „І як яно тое выходзіць, што заўсёды мы сварымся?“ — дзівуецца Яхімчык.

Я ня ўмею адказаць яму, але бачу, што Яхімчык даў сабе зарок не сварыцца з бацькам, калі вернецца з вайны. І я кажу:

— Ну вось, пабудзеце на вайне, вернецеся — перастанеце сварыцца, дык і ня будзеце сварыцца…

— Та воно-ж діло такэ…

А я сабе думаю: „Діло такэ, што хіба ўжо не давядзецца табе сварыцца з бацькам, мой мілы Яхімчык, бедны ты незаможнік, шахцёр і царскі салдат…“

24 жніўня, нядзеля.

Што-то дзеецца ў нас у дварэ? Даўно ня маю ад іх ніякай вестачкі. Івана, пэўна, забралі на вайну, як запаснага. Аба мне клапоцяць. Вот-то наплачацца наша бедная мама.

Сяджу ў акопе на прыступачках уваходу і куру цыгару, наеўшыся бульбы ў 8 арудзьдзі. Там завяліся ў мяне прыяцелі. Я ўсё болей пазнаю сваіх батарэйцаў, хаця многіх яшчэ ня знаю па прозьвішчы. Усе салдаты са мною добрыя і чым могуць аблягчаюць мне цяжар вайсковага жыцьця на вайне. Яны думаюць, што мне, як навічку і вольнапісанаму, асабліва цяжка. Між „паноў“ няма столькі вялікіх душ, колькі ёсьць у „простым“ народзе.

Ураньні піў дрэннае какао бяз цукру. Потым перакрылі з Пашыным акоп. Насыпалі болей зямлі на грубейшыя дошкі, пакладзеныя ў тры рэдзі крыж-на-крыж. Лёгкі знарад, можа, і не праб‘ець.

Крычэлі „уру“. Нашым войскам узята Львова. За тое, што марудна зьбіраліся й строіліся, камандзір крыкнуў: „Зажырэлі!“ Ён прачытаў тэлеграму Рэненкампа і сказаў: „Спадзяюся, што й мы не застанёмся ад сваіх баявых таварышоў“. Значыцца, мы засталіся… ці што? Наіўны і з маладым для афіцэра языком падпаручык Іваноў, як-бы ў адказ на мае думкі, сказаў мне мімаходам у размове: „У нас вось ня клеіцца“. Нядобрая трывога чуецца мне ў яго словах.

26 жніўня.

Учора рабіў плян пазыцыі, ня меў часу пісаць. Учора й сёньня лятаюць аэропляны. Пяхота наша абстраляла свой-жа самалёт. Лётчыкі мусілі спусьціцца.

Рысаваўшы ў канцылярыі батарэі павялічаную копію нашага адцінку пазыцыі з карты 2-вёрсткі, я адным вокам прагледзеў у камандзірскай газэце „Свет“ тэлеграму аб тым, што ген. Самсонаў загінуў, страты нашы вялікія… Ці няма тут сувязі з словамі падпар. Іванова: „У нас вось ня клеіцца“? Камандзіру, як прышоў, не спадабалася, што перад маімі вачмі ляжыць „Свет“! Але ён сёньня наогул ня ў гумары: дзяншчык згубіў у дарозе яго прастрэлены і падраны ў баі 7-га жніўня мундзір, дарагі байцу, як памятка. Плянам маім ён ня дужа здаволены, бо я рысую, як каморнік, але не вайсковы спэцыялісты. Мне гэта надта прыкра, бо я паважаю гэтага нэрвовага чалавека і хачу дагадзіць яму сваёю работаю.

Цэлы вечар і ноч чакаем бою. Я дзяжуру пры тэлефоне на батарэі. Сон размарыў мяне, сяджу й ківаюся. А легчы з трубкаю баюся: засну, як забіты.

XIV

27-а жніўня, раньне.

Першая батарэя пачала страляць у 7 гадзін раньня. Наша — пазьней.

Туман, сьцюдзёна, чырвонае сонейка з-за лесу выходзіць, гарачы дзень нам дакляруе…


Пішу ўвечары.

Доўга мы толькі слухалі, як з правага боку ў нас першая батарэя пушчае залп за залпам беглым агнём. Прыемна было слухаць.

Потым забухалі нашы батарэі з усіх бакоў, паляцелі цераз нас першыя нямецкія знарады і крышылі той лясок, за якім стаяў наш абоз першага разраду і куды я хадзіў у канцылярыю. Там-жа, дзесь недалёчка, былі і нашы перадкі. Потым перадкі пад‘ехалі бліжэй. Далёка сьпераду ў нас затрашчэлі кулямёты, зашпокалі вінтоўкі, усё часьцей, часьцей — і загудзела ўсё, як 7-га жніўня.

Ужо нам было брыдка і цяжка чакаць і не страляць. Нарэшце, прамчаўся верхам наш камандзір, зьнедкуль з поля, на макрусенькім кані, кінуў каня на батарэі, каб вялі яго да перадкоў, пашаптаўся з капітанам Сьмірновым і шыбка пабег на наглядальны пункт. Цераз мінутку мы палілі і ўжо палілі да вечару. Ня было ўжо ні цікавасьці, ні захапленьня, а толькі — упорчывая, напружаная і якаясь злая праца. Ці што доўга не стралялі перад тым, ці што адпачылі, ці што ня хочацца адступаць, але ўсе як-бы змовіліся акамянець у гэтай стараннай і злой, напружанай страляніне.

Знарады засыпалі батарэю, цяжкія, нязвычайнай, нябачанай сілы…

Асколкі шмат разоў перабівалі нам кабель. Хадзілі злучаць па чароду — усе пабылі на валасіначку ад сьмерці, бо зьвязваць прыходзілася на гладкім полі пад страшэнным абстрэлам. З Беленькім пасьля пятага беганьня злучаць парваны провад была істэрыка. Прыбегшы, ён кінуўся ў акоп на дно, ёрзаў на сьпіне і як бы хацеў урыцца ў зямлю, галасіў, крычэў, лаяўся. У гэты час аглушаючы ўдар цяжкога знараду за два мэтры ад уваходу ў наш адабраў нам прытомнасьць… Зямля здрыганулася як жывая. Тэлефон змоўк, трубка выкацілася з маіх рук. Пасыпаліся камкі зямлі, нас абняло курам і густым, чорным сьмярдзючым дымам. Батарэйцы 1-га арудзьдзя беглі цягнуць нашы трупы з ямы. Аж мы патроху выпаўзаем самі… Яны засьмяяліся й павярнуліся назад. На гэты раз быў мой чарод шукаць, дзе парваўся кабель. Я пабрыў, паглядаючы на дрот, як абрэчаны. Узноў бухнуў знарад — адзін сьпераду ў мяне, другі — адзаду, у 1-ае арудзьдзе. Людзей разьмяло каго куды. Я таксама заваліўся, але чаго — ня ведаю. І балазе так зрабіў: асколкі зазьвінелі вышэй, над галавою, а два канцы дроту я ўбачыў перад самым маім носам. Атупеўшы ад страху і быццам трошачку зрадзеўшы няслухмянымі пальцамі шыбка, з большага — скруціў, скруціў… бо вузел не вязаўся. Пашоў назад. Хачу шыбчэй — ногі як калоды. Пашын радасна махае рукою: тэлефон загаварыў! Няведамая сіла падхапіла маё цела, і ногі, як на спрунджынах, кідалі мяне бліжэй і бліжэй да ратунку-акопу. Батарэя пачула каманду — страляе. Толькі я ўкінуўся ў уваход акопчыка, як — гкрэх!!! — там, дзе я толькі што вязаў кабель, аграмадны стоўп чорнага дыму і камы дзірвану ляцяць высака ўгару… Флегматычны Пашын зьбялеў, як палатно. Бяз слоў перадае мне трубку і паважна сягае спаўняць сваю павіннасьць па чароду. — „Божа, ратуй яго! Божа, вярні яго“! — нязвычайна напружаемся мы ў адным жаданьні, не разважаючы, ёсьць такая сіла ці няма такой сілы, што магла-б уратаваць яго. — „Будзь проклят Вільгельм і кожны, хто хоча вайны!“ — шалёным голасам, над вухам, крычыць мне Беленькі і перадае з трубкі камандзірскую каманду:

— Два патроны, беглы агонь… Агонь!

— Агонь!! — праразьлівым, нялепым, дзікім матам крычу я каманду на батарэю.

— Агонь! — спакойна камандуе капітан Сьмірноў, вымаючы папіроску з зубоў.

Батарэя грукочыць. У вушшу зьвініць, галава баліць.

— Вольнапісаны! Ня крычыце так каманду, бо самі заглушаеце свае словы, — спакойна асаджвае мяне капітан. Нэрвы супакойваюцца. Пашын вярнуўся. Але ў яго на вачох сьлёзы: ездавому (ня ведаю прозьвішча), яго блізкаму земляку, паднасіўшаму на батарэю знарады, вялікі асколак распароў жывот, і выпалі кішкі. — „Дзе-ж ён, твой зямляк“? — падурному пытаюся. — „Ці-ж ня бачыш“? — Ай, ай, ля самага-ж акопу фэльчар з чырвоным крыжам на рукаве і сам той паранены піхаюць сінія брудныя кішкі назад пад гімнасьцёрку. Пашын з сілаю швіргае ў акоп жоўтую скураную торбачку з прыладамі для зьвязваньня кабеля — і хапаецца туды, дзе ў яго зямляка вывальваюцца кішкі. Але няшчасны ўжо скаручыў нямытыя рукі на грудзёх і відзіма-відзіма сінеець, чарнеець… Фэльчар хрысьціцца, Пашын таксама і абцірае сьлёзы рукавом наодмах, як адганяючы мух. Мне на гэты раз хочацца зрабіць, як і яны, ды рука не паднімаецца: я веру і ня веру, што над гэтымі парванымі кішкамі ёсьць нешта, што завецца богам.

Увечары старшы сказаў нам, камандзе тэлефоністаў, пастроіцца. Пастроіліся, чакаем.

Прышоў камандзір, паздароўкаўся, падзякаваў за „маладзецкую работу“ і, пад канец, асабліва ўрачыстым голасам абвясьціў:

— Віншую, братцы! Усе будзеце прадстаўлены к георгіеўскім крыжам.

Старшы посьле паясьніў, што мне, Ташыну і другім тэлефоністам будзе крыж 4 сьц., а яму, старшаму, і Беленькаму, прадстаўленым ужо к 4 сьц. за 7-е жніўня, будзе 3-яя сьцепень.

Потым камандзір пашоў рабіць тую самую цэрамонію з выбранымі з усяе батарэі (мы строіліся асобна на наглядальным пункце).

А я сядзеў і горка разважаў: „якія-ж мы гэроі… георгіеўскія кавалеры? Каб не баяліся кары, каб не вайсковая дысцыпліна, ніводзін бы з нас, ні я, ні Пашын, ні Беленькі, пэўна, з месца ня зрушыліся-б. Дый хадзілі па чароду, часам войстра сьпіраючыся, каму йсьці“…

А Беленькі ўжо пабрыкваў, як дзіця, і лез цалавацца. Пашын, як сьціплы мужычок, зьзяў нутраною радасьцю, што ён цяпер будзе георгіеўскі кавалер і такім прыедзе ў сваю вёску ў Кастрамской губэрні; толькі часам хмарнеў ён, адвярнуўшыся хрысьціўся і ўздыхаў: „А-ах… царства нябеснае!“ І клапаціўся, каб на могілцы сябра паставіць канешня бярозавы, з сырога дрэва, добры крыж. — „А вы напішаце на ім“, — прасіў мяне. — „Добра“.

XV

29 жніўня.

Не давялося нам — ні яму ставіць, ні мне надпісваць… 27-га жніўня, аб 11-12 гадзіне ўночы, толькі я сьцёпліўся на сон градушчы, — трывога: зьнімаемся з пазыцыі. Ехалі ноч, учорашні цэлы дзень, едзем сёньня… Па маім компасу выходзіць: поўнач-усход, паўдзён-усход, але ўсход і ўсход… Што? Чаму? Няўжо адступаем? Едзем, а ззаду ў нас, гдзесь далёка, ня сьціхаючы грыміць кананада.

31 жніўня.

Адступаем… Едзем дзень і ноч, з рэдкімі, невялічкімі прываламі. Ай, як-жа хочацца спаць. Сіл няма. Хай дагоняць, заб‘юць, толькі-б легчы й задрамаць на траўцы пад дрэвам… Сіл няма йсьці, а садзіцца нам, тэлефоністым, забаронена. Адзін ездавы зваліўся, задрамаўшы, і трапіў пад колы гарматы. Шчасьлівы! паклалі ў санітарны фургон, — там высьпіцца ў смак. Мой добры гэній — Яхімчык. Калі старшага блізка няма, дазваляе мне праехаць трошку на яго двуколцы, а сам зьлязае, быццам дзеля фізіалягічнае патрэбы. На прывалах пішу, каб не заснуць. Але рука й мазгі ня слухаюць мяне.

Начою сьвецяць пражэктары з усіх бакоў. Часьцей і часьцей палыхаюць заравы.

Глуха гудзіць кананада, але дзе — няможна ўлавіць.

Даганяем якіясь даўжэнныя абозы. Разы тры мы ўжо мусілі абхадзіць іх па полі, па ральлі, па канавах. Яны загарадзілі дарогу і цягнуцца, цягнуцца, як чарапахі.

Зьявілася пяхота. Сыпле ў беспарадку…

Гавораць аб разьбітых немцамі абозах, аб кінутых фурманках, зарадных скрынках — і ўратаваных дамскіх шаўковых нагавічках, блюзках, сярэбраных нажох і відэльцах, награбленых марадзёрамі, галоўным чынам, абозьнікамі.

Занялі былі пазыцыю. Цераз поўгадзіны кінулі і паехалі яшчэ шыбчэй… Мы ўцякаем, мы бяжым… А дзе-ж вораг? Яго няма…

Вось і Вержбалова! Граніца. Эх!

Зьявіліся масы пехацінцаў-„шатуноў“, што згубілі або кінулі свае часьці. — „Ратуйся, хто можа!“ — цынічна кажуць яны і бягуць, бягуць на ўсход. Ня армія, а зброд. Камандзір наш то маўчыць, сьцяўшы зубы, то кідаецца на шатуноў з бізуном. Іх ловяць, зьбіраюць дзесяткамі, ставяць ім начальніка і гоняць пад даглядам. Яны ўсё роўна разьбягаюцца, каб дзе, „зарваць“ што зьесьці.

У Расіі пасьля Нямеччыны я чую сябе… быццам выйшаў з нечага душнага і такога, дзе ўсё-ўсё вядома і няма поэзіі, і выйшаў на сьвежае, вольнае і ўбогае паветра…

Хочацца і ў Расіі, тут, бачыць гэтыя зручныя, з прысадамі шосы, прыгожыя цагляныя хаткі (і іншае і іншае, — абраз нямецкага поля стаіць у вачох: дрэнаж, раскіданыя, ля сьвежае канавы дрэны, культура), але каб і наш прастор захаваць, поэтычную шырыню і волю лясоў, лужкоў. Ці гэта прызвычаенасьць да свайго? Ці гэта дзьве душы ўва мне — усходняя і заходняя? І сумна, чагосьці лепшага хочацца, і здаволены, што вырваўся з духаты.

2 верасьня.

Пішу ўвечары на біваку. Прыехалі разьведчыкі. У ваднаго ранен конь. Бачылі непрыяцельскую кавалерыю і ланцугі непрыяцельскае пяхоты за м. Шумскам… значыцца, вёрст пяць ці меней за намі. Гарматы заўзята грымяць. Дзе?

Жыхары — жмогусы выяжджаюць. Надвор‘е хмарнае. Часта курыцца дожджык. А яны не заўважаюць прыкрай бязгодзіцы. З хурманак валіцца ў гразь дрэнна ўпакованы ўбогі скарб — паднімаюць як аўтаматы, бо прыдушаны ліхам. Гоняць скот. На вазох варушацца й скігочуць невялікія парсюкі. З мяшка вывалілася булка хлеба. — „Эй, дзядзька! хлеб згубіў!“ Паднімаець і не абцёршы кідае на воз. Хацеў я купіць у гэтага і ў многіх, — адзін адказ: „Нейра (няма)“. Жанчыны плачуць.

Туман, дымна, макрава. Паляцца вогнішчы. У балоце ўтапіўся салдат-абозьнік з возам. Сам выкараскаўся, а конь, кінуты, захлябнуўся.

Лаянка з жыхарамі за бульбу, за яблыкі. Хлеба ня маем 4-ты дзень. Есьці хочацца, у жываце нудна.

Бравы, чырвоны казацкі афіцэр праляцеў на жывым, як агонь, коніку. Крычыць:

— Ребята! Немец прёт назад, отступает! Не падай духом!

Ніхто яму не паверыў.

— Бач, які сыты, нажраўся… Ня падай духам, — бурчыць наш запасьнік, туляк Ізотаў.

А нейкі пехацінец, ні на кога ня гледзячы, закідвае многазначныя словы:

— У Расіі людзей многа, трэба іх перагубіць, каб…

Што — каб, ён не паясьняе, але й так ува ўсіх расьце небясьпечная для такіх парадкаў злосьць.

Адно праўда: у нас ёсьць, „господа офицеры“, ды няма палкаводцаў. Таму такое адступленьне.

Уцёкшыя з палону кажуць, што Ваўкавышкі набіты мірнымі бяжэнцамі, а нямецкія салдаты ўсё ламаюць, усюдых шукаюць, у скляпох, у падвалах. „Мы з імі культурылісь, а яны з намі сьвінячуцца“, — хто гэта сказаў? Ці можа я сам выдумаў? Ня ведаю. А ўсе — скаты двуногія. Хай жыве вайна — зьнішчэньне скатоў скатамі! Мы ня людзі, мы — быдла…

Здурнеў пяхотны капітан з нашага батарэйнага прыкрыцьця. Стаў лаяцца самымі бруднымі словамі, гэтак-жа лаіць бога, нанасіць сабе раны. Яго зьвязалі.

Бяз конца пруцца абозы. У дактароў і чыноўнікаў у руках левальвэры: пракладаюць, махаючы імі, дарогу сваім многацэнным фурманкам.

Абоз, ну-ну наперад! Едзь, абоз! Застрэлю, хто загародзіць дарогу! Артылерысты, пасунься ў бок.

Наш камандзір неўспадзеўкі вынырнуў:

— Тут няма германцаў. Нашто ў вашых руках я бачу левальвэр?

Спалоханы чыноўнік без адказу хапаецца „пад казырок“. Дзедка на бабку, бабка на ўнучку, унучка на сучку…

3 верасьня.

Уцякаем далей на ўсход. Каторыя гэта суткі? Чацьвертыя ці пятыя? Ня ведаю таксама, які сяньня дзень.

Праяжджалі вялікі сумны лес; многа грабу, елкі. Ледзьва чутны тут перасьледуючыя нас глухія гарматныя стрэлы.

Вялікі прывал! Наўкол — шырокае жмудзкае поле, цёмна зялёныя хутаркі („колёніі“). Змораны валюся на зямлю. Хочацца есьці. Кансервы старшага не дзеля мяне… Ен жарэць, схаваўшыся, а ў мяне няма. Запасьнік-пехацінец нясець хлеб. „Дзядзька, стойце! Вазьміце колькі хочаце, дайце маленькі кавалачак!“ — „Вы, батарэйцы, з голаду ня здохнеце. Мяне цэлы ўзвод чакае“. Ай, што мне рабіць, мне страшэнна хочацца есьці. Сяньня і ўчора батарэя без абеду. Беленькі раіць смактаць цукер; у яго знашлося два кавалачкі.

Сонейка заходзіць. Шумяць адступаючы масы людзей, вазоў, коні, гармат.

— Вярнуся я ўва Ўладзівасток, — раздумана разважае прыгнаны нядаўна з запасу батарэец, быўшы прыказчык гандлёвай фірмы; — вярнуся я к Шорыну… Абед на тры стравы… Дзьве астатнія — налюбкі, выбірай якую хочаш. — „Чорт далікатны, чаго заманулася“. — „Калі немец не забіў, лепей застраліцца, чымся так мучыцца“… — „Дурная твая гаворка“. — „Ідзеш ідзеш, а есьці нечага“… — „Змоўкні!!! тты… халера!“

А я смакчу кавалачак цукру, што даў Беленькі, але есьці яшчэ болей хочацца, і я таксама кажу ў думках на гэтага прыказчыка: „Змоўкні ты, халера, з сваімі стравамі налюбкі!“

XVI

4 верасьня.

Нарынулі ўспаміны аб сваёй роднай сьнежнай зіме са скрыпуча-лёгкімі санкамі на замеценай дарозе, з зялёным сенам у ясьлях у пуні, дзе грэюцца, спусьціўшы галовы, нашы гнядыя коні. Прыемна яно. На вайне я люблю яго, далёкае, роднае. А тут так цяжка… Чаму? Што хлеба няма? Ці што людзі — ня людзі, а быдла? І таму, і таму, і таму…

Недалёка, кажуць, Коўня. Вёрст 15—20. Едзем на пазыцыю. Ізноў круцяцца над намі нямецкія аэрапляны. А дзе-ж вораг?

XVII

9 верасьня.

Чатыры дні ня пісаў…

Перапраўляемся ізноў з Віленшчыны ў Сувальшчыну. Назад за Нёман. А ў Віленшчыну пераправа была ўвечары ці тое самое, што ўночы, з 6 на 7 верасьня. Апішу, як гэта было.

Выехалі з Петкялішак у паўноч 5-6 верасьня. Доўга, бяз концу доўга, цялёпаліся ў гразі, пакуль разьвіднелася. Быў вялікі вецер. — „Куды ў гэтакую процьму?“ — „За Нёман!“

Цераз Мазурышкі, Дарсунішкі — паехалі… — „К бесу ў кішкі!“ — лаюцца і жартуюць азызлыя ад холаду батарэйцы.

Абедалі на прывале.

Увечары пад распраклятым дажджом прыцягнуліся к Нёману. Стаялі… Пасунуліся трошку… Ізноў стаялі… Нейкія хаты пры дарозе; за аднэю хатаю здыхае конь.

Позна пачалася пераправа цераз Нёман. Круты спуск, гразь, холад, вецер з дажджом — і цёмна, ні ліха ня відаць. Загразла гармата, — на табе! З сілы выбіліся батарэйцы. Цягнуў і я — па калені ў нейкім жыдкім і ліпкім месіве. Ахрыплы паручык-мацяршчыньнік: „Цягні, цягні!!“ — і ўсё лаецца. — „Цягні сам, каб табе скульле ў глотку! Сам на коні гоцаеш ды бізуном трасеш. Во схопім і кінем торчма галавою з кручы ў Нёман, каб ты змоўк навекі. Наўкол чорна, як у тваёй душы: ніякі чорт ня ўбачыць“.

Мусіць, адчуў нашыя думкі, ад‘ехаў, кінуў адных. Балазе-ткі выцягнулі без яго лаянкі. Пяхота шлёпала, шлёпала, учапілася як шаранча, — памагла.

Узлаваны Нёман. Хвалі плешчуць і абдаюць зімовай сьцюжаю. На пантонах — апалчэнцы, барадыя дзядзькі з крыжамі на шапках. На тым беразе — вогнішчы. Нёман тут ушыркі сажняў 60-70. Мерыў, ідучы, на сігі.

Абаграваньне. Шуканьне, дзе-б як абначаваць, каб хоць трошку ў сухім. Горкае пачуцьцё пад дзьвярмі вялікага дому, занятага, „гаспадамі афіцэрамі“. Можна-б было дзе-небудзь там прытуліцца, — запёрта, ня пускаюць… Сон на мокрай зямлі пад дзіравым брэзентам, па якім б‘юць дажджавыя каплі, як у бубен.

Ураньні мясіў гразь па мясьцечку, каб знайсьці хоць якое-небудзь сабаччае едзіва. — „Нет!“ — „Нема“! — „Нейра!“ Салдатаў поўна, не прайсьці. Розныя вайсковыя часьці, драгуны, конная гвардыя, „арыстакраты“. І пяхота, як гразь, заляпіла ўсё… А дождж, балота. Убогія, нешчасьлівыя, старыя жыды стаяць, як хворыя, ля сваіх зачыненых або й забітых дошкамі крамак… Ой, булкі, булкі!!! Расхапалі… Глядзі ды аблізвайся. Жанчыны ліцьвінкі ідуць і плачуць. І плача-мяўкае на званьніцы іх каталіцкі звон. Касьцёл. Грудок гэтых жанчын на каленях. Ксёндз — як старэнькі, галодны актор.

8-га верасьня, учора, пісаў лісты. Насіў у канцылярыю і чуў там ад малодшага пісара, што падпалкоўнік Гноеў казаў, быццам вайна працягнецца найболей — два месяцы. А там — мір, і на зімовыя кватэры… Якое шчасьце!

Усе салдаты казалі, што два тыдні будзем тут стаяць, бо Аўстрыя ўжо просіць міру. Я ня верыў, але так хацелася верыць. Ах, каб праўда! Ах, каб так!

А тымчасам я шлындаў галодны. Нашоў на нашых батарэйцаў, што гулялі ў карты, схаваўшыся, каб хто ня ўбачыў. Запрашалі мяне. Адмовіўся. — „Які ён, чорта, вольнашляючы: у карты ня гуляе і грошы ні хваробы ня мае“.

Увечары, неўспадзеўкі, выехалі на пазыцыю, недалёчка адгэтуль, і да паўночы капалі акопы. Перад тым як спаць, тэлефоністы яшчэ паспрачаліся аб грыбох (побач — магутны лес) і аб цыганох (пехацінцы злавілі нейкага няпэўнага на выгляд выгляд цыгана).

Сёньня, 9-га верасьня 1914-га году, у ваўторак, ураньні, бульбу варылі, накапаўшы ў пустым маёнтку нейкага пана-паляка. І мутную бурду з прасаванае гарбаты пілі. Бяз цукру, бо яго маюць толькі афіцэры і іхныя дзяншчыкі.

Не пасьпелі мы аблізацца, — „абамунічвай!!“.

Ізноў паехалі на той бок Нёмну.

Тады перапраўляліся начою, цяпер удзень. Памылі ў Нёмне рукі й боты. На беразе, дзе я мыўся, дужа сьмярдзела ад здохлай цёлкі. Рунь сялянская зьмешана з грязёю, нічога тут на лета ня вырасьце. Перад намі была нязвычайна прыгожая відаль. Унізе — яшчэ макрава ад марозу, а верхавіны дрэў — ужо абліты баграю восеннага сонца.

І сяньня трапіў я на бунтаўніцкую гутарку нейкага прыгнатага надоечы кудлатага запасьніка. Д„урні мы ўсе, вось чаму нам трудна, і мы тут цягаемся“… Салдаты сапраўднае (парасійску — „действительной“) службы з патрыятычным задорам зараз асадзілі яго. Але як-бы й сорамна ім было, як-бы й чулі троху сябе дурнямі…

XVIII

10 верасьня.

Пішу пасьля галоднага абеду галодны i грэюся ля вогнішча.

Начою зараўлі: „Абамунічвай!!“ Гадзіны ў дзьве. А потым прамучылі ў няведамым чаканьні і выехалі толькі гадзін у пяць.

Ізноў назад за Нёман. Нейкае пракляцьце турае нас з берагу на бераг. Гэтае пракляцьце, урэшце, падае свой голас: вёрст за дзесяць перад намі загрукаталі даўна нячутыя нямецкія гарматы.

Раніца была нязвычайна харошая на Нёмне-рацэ… Панарама чыстая, ясная, толькі Нёман унізе дыхае густою, белаю і сьцюдзёнаю, параю. Мыцца яго вадзіцаю было дужа прыемна.

13 верасьня.

Учора, 12-га верасьня, пасьля паўдня, на падворку хутара, ля хаты, гледзячы на ўсход сонца, прыняў я прысягу „на вернасьць цару і ацечаству“. Даволі мізэрненькі вайсковы попік, не маладых лецяў, пасьля кароткай процэдуры, шчыра ці ня шчыра расчуліўся, абняў і пацалаваў мяне, вітаючы „высокім званьнем воіна яго імпэратарскага вялічаства гасудара імпэратара Нікалая Аляксандравіча, нашага добрага, кроткага цара-бацюшкі“… Калі ён гэта ўкладаў, я чамусьці ўздумаў на наш народны погляд на прысягненьне, як баіцца наш селянін усякае, самае страшнае, кары за зламаньне прысягі. Аднак, бывае, прысягаюць і фальшыва…

Да гэтага часу я служыў бяз прысягі, як „малады салдат“.

Учора-ж мяне наградзілі і першаю нашыўкаю (быў кананір, зрабіўся бамбардзір).

— Будзь стоек у баі і міласьціў к ворагу! — казаў мне добры попік.

„Буду… мне цяпер усё-роўна“.

Хадзіў потым за камандзірам батарэі з бусольлю. Ён выбіраў лепшую пазыцыю. Калі вярнуліся назад, камандзір убачыў, што батарэйная прыслуга аднаго арудзьдзя, замест паляпшаць бліндажы, сьпіць у будцы з вецьця пад дрэвам (батарэя стаяла пад лесам). Ён пацягнуў бліжэйшага за ногі, і калі той усхапіўся заспаны, з усяе сілы бэцнуў яму по ўху. Другія паўскакалі самі. Ён даў яшчэ двум-тром і з пенай на вуснах, ад шалёнай нэрвовай злосьці, крыкнуў перарваным, дрыжачым голасам:

— Вораг на носе, а яны дрыхнуць!

Яму было дужа прыкра, што так зрабіў. Я бачыў па яго вачох. Калі ён схаваўся ў сваёй хаце, салдаты дражнілі пабітых і насьмяхаліся, асабліва тыя, спалі, ды ўцяклі. Але пабітыя, з чырвонымі ад аплявух мордамі, нядоўга былі зьбянтэжаны і зараз пачалі сьмяяцца разам з усімі. Дзіўная справа: на батарэі зрабілася як-бы троху весялей — пасьля гэтае прыгоды.

14 верасьня.

Вайна парушае ўвесь парадак жыцьця. І ў сьвяточныя дні бадзяемся мы тут брудныя, вашывыя, нямыцькі. Я й ня ведаў-бы, што сьвята, і дзівуюся, як аб гэтым помняць тут другія. — „У царкву схадзіць няма куды“, — бядуе Пашын і лае Польшчу на чым сьвет стаіць. — „Дурны! Тут ня Польшча, а Літва,“ — навучаець яго Беленькі. — „Не адно ліха, — не згаджаецца ўпорчывы кастраміч: — там касьцёлы, тут касьцёлы — скрозь адна Польшча і паны голеныя“.

У мяне радасьць: прышлі ад родных і знаёмых доўгачаканыя лісты, а з Вільні — некалькі нумароў „Нашае нівы“. Камандзір быў якраз у канцылярыі. Ён пакруціў „Нашу ніву“ ў руках, з асаблівай цікаўнасьцю прыгледзеўся да мяне — і нічога не сказаў.

Радасьць маю зьняважыў старшы пісар, Лебедзеў, калі камандзір выйшаў. — „Ахвота-ж пісаць газэты на такой сьвінячай мове. Ведь по-русски так легко научиться“. Задрыжэла ўва мне ўсё ад гневу, але што я магу сказаць гэтаму чарнасоценцу, калі ён говорыць так не ад цемнаты, а сьведама і наўмысьля. Пашын так ня скажа.

Добра ў хаце, у канцылярыі. А на дворы сьцюдзёна. Вецер, як узімку. Ішоў на батарэю і па дарозе думаў: ці прыдзе той час, што ня будзе імпэрыялізму, нацыянальнага ўціску, багатых і бедных, сытых і галодных, цёплых і сьцюдзёных, ня будзе салдат, вайсковай службы, вайны? Калі наступіць гэты залаты век? Эх, вецер, вецер! Сьцюдзёна, браце, жыць на сьвеце! Нашто й зашто гадуем мы тут „зьвяроў“? Праклятыя казюлькі, на якую хваробу стварыла вас „разумная“ прырода? Наіўнае пытаньне! і Лебедзеў — казюлька, і я — казюлька, і ўсе мы — казюлькі. І тыя нашы заўзятыя „сьведамыя“ беларусы, якія заўсёды вытыкалі мне падобныя развагі як слабасьць духа, нягожую дзеля праўдзівага адраджэнца-рэволюцыянэра, і яны самі — казюлькі…

А ўсё-ж я рад, што родныя мае мае ўсе здаровы, што ў дварэ ўсё добра! І не дарма-ж мы тут ваюемся, — да нечага-ж даваюемся. І калі тут не заб‘юць, прыдзе пара — паваюем і за што другое…

XIX

16-га верасьня.

Удосьвецьця выехалі за Нёман. — „Цяпер ідзём наступаць“, — чамусь думаюць усе. Цёмна, з поля гудзіць сьцюдзёны восенны вецер. У лесе зацішней. Там пахне дымам. Між соснаў мітусяцца постаці пехацінцаў. Дождж. З левага флангу далятаець далёкая кананада.

Дождж яшчэ буйнейшы. Стаім. Схаваўся пад сасну. Пад ёю было некалькі пехацінцаў і між імі адзін пехацінец — вольнапісаны. Ён сказаў дзіўную навіну: „З левага боку кавалак нашага фронту займаець японскі корпус“. Зусім нядаўныя ворагі — японцы? Дзіўна!

17 верасьня.

Цэлы дзень залівае нас дождж, а мы едзем, едзем і едзем. На ганках пустой, кінутай хаткі стаяў вайсковы поп і бласлаўляў нас крыжам, і так бласлаўляў усю калёну, як цягнулася міма яго. Іншыя, старанныя, падходзілі, і ён даваў цалаваць крыж і руку.

Значыцца — ідзём наступаць…

18 верасьня.

Страшная ноч! Растаропіца непралажая, вецер ёдкі, праразьлівы. То адно, то другое арудзьдзе топіцца. Цягнуць, крычаць, лаюцца. Трэба ўсім доўга стаяць і чакаць, покуль яго выцягнуць. Я азыз і трасуся. — „Злайся, братка, памацярнаму, — пацяплеець“, — дае мне раду старшы.

19 верасьня.

У нас ёсьць ужо новы прапаршчык, маладзенькі, толькі са школы, на прозьвішча Кульгацкі. Ён загаманіў са мною пасяброўску. На маё пытаньне сказаў, што ніякіх японцаў на нашым фронце няма, — наіўна было-б думаць… Ад яго ж даведаўся, што йшлі мы спачатку на м. Сімна, потым падаліся на Марыямпаль і стаім ад яго за колькі вёрст. Немцаў абходзяць, і яны сяньня ў 1 гадзіну дня пакінулі Марыямпаль бяз бою.

Цэлы дзень ехалі па глыбокай гразі пад дажджом. Сухой ніткі ня было на мне.

Праяжджалі вялікі панскі двор, дзе памешчык паляк, арандатар — яўрэй, батракі — жмудзіны. Зусім, як бывае і ў нас на Беларусі. Ня дзіва, што ні польскія паны, ні яўрэйскія эксплёататары не спагадаюць ні літоўскаму, ні нашаму адраджэньню. Прабудзіцца народ — і зьверне ім карак… Толькі ці дажывуся я да гэтае пары, цягаючыся так, як учора? Кашаль мяне душыць, левы локаць балюча ные. І што-б мне захварэць як мае быць. Скончыліся-б гэтыя мукі. Будзь проклята мая доля, кінуўшая мяне на вайну… думаю: „Саромся, браце, хоць сам сябе“… — „Ребята, не падай духом“.

У-у! На каго сьціскаюцца мае кулакі.

20 верасьня.

Стары салдат-пехацінец разважае: „У Японскую вайну было лепей. Сібірскае начальства рупілася, каб салдат быў сыты. Прывал 10 мінут: тут табе заехаўшы наперад кашавары гарачую гарбату даюць, консэрвы… А тут цэлы тыдзень ня еўшы ідзі-ідзі, а заблудзіў у сад гнілы яблык падняць, — афіцэр цябе хлабасьцінаю па галаве… гоніць, як сьвіньню. Не даражаць здароўем салдата: як толькі дождж, дык канешня й паход. Ды ўстураць гадзін на пяць раней, чымся прыдзецца выступіць у дарогу — стой, калей, мучайся няведама нашто… Ці паверыце: мне „зьвяры“ шаволяцца, вытрываць няможна“…

Веру, бо і ў мяне таксама. Ды і ўва ўсіх-чыста.

Сяньня праяжджалі мясцовасьці, дзе ўжо ляжыць сьлед гаспадараньня немцаў. Мірныя жыхары страшэнна жаляцца на іхныя зьдзекі і грабежніцтва. — „Усё забралі, пакралі. Гусіну тваю зарэжа, і яшчэ пух ім абдзірай. Бульбы, як нашы, не капаюць: падавай ім чагось далікатнейшага, масла, яек, малака… Рылы — во! Відаць, на добрым хлебе гадаваліся, ня то што мы. Усю лепшую вопратку забралі, коні забралі, кароў або парэзалі, або з сабою пагналі. Дзяўчат крыўдзілі“…

— Ну, а што вы рабілі, як быў бой?

— Што? Дужа баяліся. У ямах сядзелі.

— Як пачаўся бой, — кажа стары жмогус, — пабег я цераз сад у бліндаж, што немцы нам параілі зрабіць. Бягу, а дрэвы ад трасяніны паветра так і хістаюцца. Сабачку майго забіла… Такі слаўны быў сабачка, цікавы…

З ружжаў мала стралялі, а ўсё: бу-бу-бу! Ад раніцы да вечара бухалі, а мы сядзелі ці поўзалі, як здохлыя, ня еўшы…

Калі бог вам дасьць зайсьці ў іхную зямлю, вы там так рабіце, — гаворыць з горкай злосьцю нейкая маладзіца-жмудзінка, змучаная, з мутнымі вачыма. Гаворыць добра парасійску: відаць, служыла ў горадзе.

Другая маладзіца слухаець нашу польска-расійскую размову, нічога не разумеець і заліваецца гаручымі сьлязьмі. Потым нешта з адчаем гаворыць пажмудзінску.

— Што йна кажа? — пытаемся.

— Кажа: ізноў прыдуць немцы. Дурная баба! — тлумачыць старэнькі жмогус з голенымі вусамі.

XX

22 верасьня.

Учора выехалі ў першай гадзіне ночы. Ехалі па вялікай гразі, пад дажджом, на перанізваючым ветры.

Потым дзень зрабіўся ясны, сонечны, але не пацяплела, — сьцюдзёна. Ля касьцёлу стаялі… грымнулі стрэлы з гармат і вінтовак! Нашы ці нямецкія, — ня ведаю, але нешта дужа блізка. Слабасьць духа, страх сьмерці апанавалі мяне.

З паўдня адкрылі бой за сялом. Страляніна на ўсім фронце. Відаць, дашлі да нямецкіх пазыцый. Наглядальнік 1-ае батарэі казаў, што ў трубу Цэйса відаць, як на далёкім-далёкім узгорку пагульваюць немцы, але нашы гарматы там не дастаюць. Трашчэлі й кулямёты, але найболей біла артылерыя.

23 верасьня.

Бой як пачаўся ўчора, так ішоў усю ноч і сяньня йдзець. Гэта першы раз, каб уначы так палілі з кулямётаў і вінтовак.

— Пажар! Пажар! — закрычэлі нашы тэлефоністы блізка поўначы. Я загледзеўся на прыгожы абраз: ад знараду загарэўся дом ці стог хлеба, дым палавы, а потым чорны, густы, з языкамі полымя, прэцца ўгару к цёмнаму небу. А гэтым часам па ўсім фронце гудзіць, шуміць, бэхае, сьвішча, трашчыць. Кулямёты, бяз ліку іх з усіх бакоў: тр, тр, тр!.. Цяжкімі: гкрэх! гкрэх! — са страшнай сілаю „крые“ немец нашы пяхотныя акопы і „шчупае“, дзе батарэі. Надвор‘е пацішэла, устоілася; ветру няма, толькі халодна-ядрана; нагам сьцюдзёна, няможна сагрэць.

Ноч я перабыў у ямцы, што падкапаў у беразе сухой канавы і заслаў лёнам з поля, пакрыўдзіў якогась няшчаснага жмогуса. Пасьля прынёс снапок саломкі, як бегаў у канцылярыю на хутар па красін. Красін патрэбен быў у лямпачку для батарэйнай „адметкі“ (па ёй начою наводзяць арудзьдзі).

Як ішоў на хутар, троху няма ведама чаго баяўся, бо цёмна й пуста. Каб супакоіцца, даў волю фантазіі. Уявіў сабе, між іншым, што гэтае жмудзкае поле яшчэ так нядаўна агалашалася мірнай песьняй дзяўчыны-пастушкі, хлопчыкі-канюшкі клалі цяпло, грэліся, смажылі сала на важашкох, казалі казкі… А цяпер?

У канцылярыі красіну не знашоў, і адабраў астатні запас у бедных хутаранаў. Гаспадыня аж плакала, але як я мог вярнуцца без красіну? Я прасіў, упрашваў, умаўляў, сварыўся, пагражаў. Самому, было сумна й сьмешна ад свае ролі гэткага рашучага салдата.

Пераяжджаем на новую пазыцыю, трошку наперад.

24 верасьня.

Уначы было надта халодна. На фронце заціш, мы стаялі як-бы на прывале, толькі гарматы былі пастаўлены гатовыя к бою, а я тымчасам ня мог выспацца. Спаў на зямлі пад брэзентам, і хоць сябры мае добрыя пусьцілі мяне легчы пасярод, я прост дубеў ад холаду. Калі яны спалі, я колькі разоў усхопліваўся і бегаў па полі, як конь-стаеньнік, пад маркотным начавым бліскам месяца. Вартаўнік зьдзіўлена і трошку пужліва ўглядаўся на мяне: ці ня здурнеў часам вольнапісаны? Вучоныя, яны… часта дурнеюць. — „Чаго вы?“ — ня ўцерпіў, спытаўся, і сказаў ня ты, а вы, што было знакам трывогі ў яго простай салдацкай душы. А я: гоц, гоц, гоц! і крычу: „Га? Блохі кусаюць“… — „Гі-гі-гі!“ — супакойна засьмяяўся вартаўнік, пачуўшы мой жартаўлівы голас. І пажартаваў са мною: „Гі-гі-гі… Даўно яны са страху паздыхалі. Хіба белыя? Гі-гі-гі“… А я запыханы юркнуў пад брэзент і прытуліўся да Беленькага.

Раніцаю хацеў пагаманіць з прапаршчыкам Кульгацкім. — „Ваша благародзіе!…“ А ён з перапуду кашляўся (мусіць, што я да яго так зьвярнуўся) — і: „Андрэй! Андрэй! — гукнуў свайго дзяншчыка (майго цёзку), — пачастуй вольнапісанага чашкаю чаю“. І сам пашоў зараз у хату, нейкую, мусіць, карчму пры заезным двары, бо толькі адна яна тут і ёсьць пры дарозе. А белага хлеба ў Марыямпалі мне так і ня купіў. — „Гаспада афіцэры ўсё разабралі“, — сонна сказаў мне Андрэй на маё пытаньне.

Удзень ляталі два нямецкіх аэропляны. У гэты час батарэя, па камандзе капітана Сьмірнова, заступаўшага камандзіра батарэі, „лупіла“ па нямецкіх акопах мэлінітавай гранатай. Разумеецца, хоць і ўдзень, агні з жэрлаў гармат добра бліскалі, і курыўся пыл і дым. Калі вярнуўся камандзір, дык быў нездаволены, што капітан сваёю неасьцярожнасьцю паказаў аэроплянам месца батарэі. Дзеля гэтага, як сьцямнее ізноў, здаецца, пераедзем, ужо на трэцяе тут месца. А вясёлы арудзійны фэрверкер, сьветлавусы яраславец Салаўёў, жартуець: „Колькі выпусьцілі знарадаў? 317 гранат і 39 шрапнэляў? Нічога… маё арудзьдзе чалавек дваццаць забіла, хопіць на гэтай пазыцыі“. Аднак-жа, мы пасьпелі выкапаць акопы, і пакідаць іх нікому ня хочацца.

Ногі мае дужа зяблі ўчора цэлы дзень і зябнуць — няма куды дзецца, хоць ты плач.

Хлеба няма ўжо трэці дзень. І няма дзе купіць навет за грошы, чыстая бяда прышла. Аб чым думаець наш тыл? А сухары свае мы пагрызьлі раней без дазволу. — „Вось цяпер і сядзіце на бабох“ — сказаў капітан Фядотаў. — Дзе-ж той боб? Дайце нам, мы яго зьядзём!

Абеды нашы дужа дрэнныя, адна вада і тая чорная ад гнілых капусьцінак ці-то ад сушанай гародніны, што рэдка-рэдка дзе баўтаецца. Ядзім два разы ў дзень, ураньні і ўвечары. Адзін раз даецца порцыйка мяса, але такая малая, што й есьці няма чаго. Порцыйка — закачаная ў пясок бруднымі пальцамі кашавара й арцельшчыка. Ох, гэтыя пальцы: імі разьдзіраюць мяса на порцыі, імі тут-жа і смаркаюцца ў кулак“. Звараныя порцыі раскладваюць на падсьцелены мяшок, а часам навет на шынялю. Як быццам так трудна прыстарацца якой чыстай дошкі.

XX

25 верасьня.

Рукі трэскаюцца ад сіверкі, пісаць халодна. А ноч блізу што й ня спаў — так пазяб. Ляжаў каля тэлефоннага апарату з трубкаю ў руцэ ля вуха. Ляжаў — як можна, закрыўшыся сенам, каб было цяплей. Усё-роўна праварочаўся да раньня з боку на бок у халоднай трасцы.

Сяньня ня мыўся (другі дзень). Хлеба прывязьлі фунты па два (ці меней) на чалавека. Хадзіў „у тыл“, шукаць хлеба, яблыкаў. Нідзе нічога… У касьцёл зашоў, бачыў там груд розных лахманоў, зьнесеных сялянамі на сховы. Салдаты хацелі расьцягнуць, але ім не далі сваім гвалтам бабы.

Пры касьцёле сярод кучкі старых жмогусаў і салдатаў чуў жудасную гісторыю, як немцы гвалцілі — дзяўчат-жмудзінак… Аж ня ймецца веры. Нейкі вайсковы пісар, відаць, сьвежанькі на фронце і чалавек кніжны, з вялікім абурэньнем і ўзварушлівасьцю лаіў, лаіў немцаў: „Гэтак яны прышчэпліваюць сваю культуру… ах, сволачы!“ Потым яго размова перашла на дужа патрыятычную маскоўскую ноту і нагнала на жмогусаў таскнату, а на мяне прыкрасьць. „Ну што: дрэнна вам пад Расіяй? Пад немцамі лепей? Скаштавалі? Вы каталікі, а ў нас вы маеце ўсякае права, а вось вам нямецкая культура… скаштавалі!“

Настрой ува ўсіх дрэнны. Немцы не адступаюць. Па дарозе пляцецца шмат нашых раненых пехацінцаў; трасуцца ад холаду. Яны невясёла пераказваюць, што немцы падманяюць нашых то нібы кінутымі перадкамі разьбітае батарэі, то белым флагам, а потым косяць кулямётам „як капусту“. Акопы яны сабе нарабілі з таўсьценнага сасновага бярвеньня і рэек з зялезнае дарогі. Ім там цёпла: паставілі печачкі, нацягнулі пярын ад мірных жыхароў, кажухоў, нават сталоў і крэслаў.

Жывуць як паны, як у сваёй хаце. — „Ім хоць-бы што… Выбій іх адтуль нашымі сьвісьцёлкамі!“[3]

Чуецца з усіх бакоў нараканьне, што ў нас няма цяжкой артылерыі… і наогул парадку.

Раніцаю троху спаў (на восенным сонейку). Прачнуўся: на зямлі ў лагчынах шараватая пароша — вястуньня недалёчкае зімы. Толькі чаму яна не весяліць, як у сваёй роднай вёсачцы, дзе з яе прыходам вяжуцца ў успамінах бліны, скваркі, драная бульба з салам, малацьба ўдосьвіцьця, капаньне буракоў, дабіраньне канапелек, сечка капусты?..

Ух, капуста нагадала кулямётную „капусту“.

Я пачынаю бунтаваць супроць начальства, што на зямлі і што на небе.

Навіны за дзень:

Елі нясмачную нішчымную бульбу, накрадзеную з поля хутаран.

Пілі цагляны („кірпічны“) чай з хлебам.

Прышла мне тэлеграма; яна мяне спалохала была страшна і зьдзівіла. — „Вам тэлеграма!“. — „Дзе? Якая? Што такое?“ „Сьцяпана забралі. Паведамі здароўе“… Аж яна ішла даўжэй за ліст! А я быў падумаў: няўжо каго забілі?

На гэтай пазыцыі маем ужо 4 забітых, 8 раненых і адну папсаваную гармату. І гэта ў батарэі, а што-ж у пяхоце?

Кажуць, быццам 10-я армія (ген. Мішчанкі) абайшла немцаў і пагнала. Яны павінны й тут уцячы, і гэтага ўсім нам дужа хочацца, бо чацьверты дзень стаім у нейкім напруджаным чаканьні — і калеем у дрэньненькіх акопах.

Камандзір N-ае батарэі ехаў ля нас п‘яны, чырвоны, з заліхвацкімі бураватымі вусікамі і крычэў: „Хлопцы! Камандзір корпусу загадаў узяць пазыцыю ўва што-б тое ні стала“.

Першая батарэя некуды паехала; уначы, мабыць, і мы пераедзем.

Прыехаў у нашу батарэю новы афіцэр, толькі што прайзьведзены падпаручык Сізоў. Маладзенькі, далікатны й сарамлівы, як дзяўчына. Але стройны, высокі, прыгожы. Усё ў яго новенькае. Жоўтае сядло скрыпіць і пахне фабрыкаю. Новенькая шэрая шынэль — ля пят, з дзявочым станам і выстаўляецца на грудзёх кругла й выпукла. Пазнаёміўся са мною як з роўным. Сядзеў у нашым, тэлефонным, акопе і шмат чаго казаў нам і частаваў нас цукеркамі і чакалядай. Ён хоча быць для ўсіх добры й даступны. Гаварылі з ім пра дрэнныя салдацкія абеды (ён вінавата зганіў і афіцэрскія), пра нуднае жыцьцё на пазыцыі, пра лёгкую магчымасьць сьмерці, пра вайну („пасьля вайны, а яна скора скончыцца, нас, вайсковых, на руках будуць насіць“), пра 2014 год („рай будзе на зямлі“), пра чалавека, што „як кропля ў моры“, і г. д. Калі мы засталіся толькі ўдваіх у вакопе (Беленькі пашоў па абед), гутарка ізноў узьбілася на лёгка магчымую сьмерць, і падпаручык Сізоў удаўся ў містыцызм. З неспадзяванай блізкасьцю прызнаўся ён мне, што ў яго ёсьць „маленькі сьвяты абразок ад слаўнай дзяўчыны“, з якою ён пазнаёміўся „нядаўна і даволі орыгінальным спосабам“. Нядаўна пазнаёміўшыся, яна дакляравала прыйсьці на вакзал праваджаць яго на фронт, „прышла і прынясла абразок“. — „Абразок майго ангела“, — з пачуцьцём і маладою сарамлівасьцю адзначыў Сізоў. Ён з любасьцю намаляваў мне „сымпатычны тып рускай дзяўчыны“. — „Яна казала, — раздумана спамінаў ён, — калі мне будзе пагражаць небясьпека, сьмерць ці што, каб памаліўся сьвятому, што на абразку, і ўспомніў на яе“… Цяпер падпаручык пішыць ёй лісты і з нецярплівасьцю чакаець водпуску. — „Але спачатку трэба зрабіць што-небудзь і на фронце, — канчаў ён размову: — вось вы ўжо прадстаўлены к крыжу, як я вам зайздрую!“

Стралялі сёньня „па няпрыяцельскіх акопах“ (такая была каманда“). Выпусьцілі, паводле маіх запісаў, 9 гранат і 381 шрапнель. Увечары паедзем на другую пазыцыю.

XXI

26 верасьня.

Стаім на тэй самай пазыцыі, не пераехалі. На падмогу нам прыслалі, кажуць, чатыры цяжкіх арудзьдзі і мартыры. Пад‘ехалі нібыта к нам начою.

Грымела ўсю ноч. Немцы стаяць. Абстралялі наш наглядальны пункт цяжкімі знарадамі. Разарвалася болей за трыста знарадаў на адной маленечкай горцы, гдзе быў гэты пункт. Дрэва пашчапана на трэскі. Зямлю разьвярнула — не апісаць. Камандзір і тэлефоністы, балазе-ткі, у пярэрве абстрэлу ўцяклі. Абстрэл гэты няма што і раўнаваць да ранейшых баёў: гэта была жудасьць неапісальная… Зямля стагнала, і ўсе мы, седзячы з боку, стагналі або нямелі, закрыўшыся далонямі. Батарэя тэрорызавана. Няма ў мяне жаданьня апісваць, бо думкі й словы спаралязаваны гэтым дзікім страшным гулам, што зьвініць яшчэ ў вушох.

На адну рэч хапае слоў: „зьвяры“, „зьвяры“, „зьвяры“ ці, каб ня траціць фігуральных выразаў на паскудзтва, проста-буйныя, белыя вошы. На нагах, на сьпіне, усюды. Поўзаюць, варушацца. Можна здурнець.

27 верасьня.

Стаім на тэй-жа пазыцыі. На фронце заціш, вайна з вашмі.

Сьніў, што чытаю газэты. Ах, каб спраўдзілася.

28 верасьня.

Цалютку ноч, пазьменна, капалі акопы недалёчка ад старой пазыцыі, з якой яшчэ не зьняліся. Зрабілі добрыя бліндажы, хоць і дужа пакрыўдзілі будынкі хутарца-жмогуса.

29 верасьня.

Забіты чалавек, забіты чалавек… Што тут асаблівага? Здаецца, нічога. А як уяўлю сабе тыя страшныя, мутныя, мёртвыя вочы, вывернутыя мазгі, кроў, сьцягнутыя сударгай і пастаўленыя ўгору адубеўшыя рукі са сьціснутымі кулакамі, — тады толькі чую значэньне слоў „забіты чалавек“. Духовага-ж безабразьзя ўва ўсёй глыбіні адчуць не магу. Атупеў.

Я лічу па сваіх запісах каманды, колькі патронаў за дзень выпусьціла батарэя, роўнадушна дакладваю аб тым капітану Сьмірноваму, перадаю ад тэлефона дужым голасам каманду: „Адзін патрон — беглы агонь!“ — і мяне гэта не чапаець. А я-ж пасабляю, не — не пасабляю, а сам разам з другімі старанна забіваю людзей. Забіваю такіх-жа нявольнікаў, як сам. Што гэта я раблю? Пакуль што я не адчуў усяе глыбіні гэтага жаху! Не адчуў, а толькі думаў, што тут — вялікі страх, і жудасную сутнасьць гэтага страху я зразумею толькі некалі пасьля…


— „Значок, каторым адзначаюць праўдзівых гэрояў“, — сказана было, як раздавалі георгіеўскія крыжы. А тым часам…

Седзячы цэлы дзень у акопах, пад страшэнным абстрэлам, 4-га жніўня, „праўдзівыя гэроі“: падпрапаршчык X. і старшы фэрверкер Z., пасылалі па розных справах пад кулі ніжніх чыноў, а самі „рабілі“ ў акопе і закапвалі лапатачкамі.

7-га жніўня, у другім баі, падпрапаршчык Ф. С., што яму даюць крыжы 4-й, 3-й і ўжо 2-й сьцепені і што быў у той дзень арудзейным фэрвэркерам, рабіў тое самае, тое не закапваў, а выкідаў з акопу на лапатачцы. Што-ж, з разумнага погляду так і трэба, калі можна ўратаваць жыцьцё, ня робячы непатрэбнай рызыкі. Але чаму-ж не далі крыжоў тым ніжнім чынам, што павінны былі дзеля службы вылязаць з акопа і бегаць пад кулямі? — „На ўсіх ня хопіць“. Значыцца, усе — падобныя „гэроі“, а злашча ў пяхоце, дзе непараўнана болей рызыкі. А ці там гэтак шчодра даюць крыжы?

Мы, тэлефоністы, дасталі іх за той бой, калі зазвычай далёка не пагэройску сьпіраліся: — „Ты ідзі злучаць провад!“ — „А сам?“ — „А ты?“ — „А чарод чый?“ — „А я за цябе старшы: мусіш слухаць“.

Дык у чым-жа праўдзівае гэройства, і ці шмат пад гэтымі крыжамі гэрояў? Ці я, можа, нядобра разумею слова „гэройства“? На сучаснай вайне — усе гэроі ці, лепей кажучы, няма гэрояў, а ёсьць болей ці меней дысцыплінаванае быдла.


Можна да крыві грудзі раздрапаць ад паразітаў. Сядзеў у гімнасьцёрцы на голае цела і мыў сарочку ў сьцюдзёнай вадзе бяз мыла.

— „Пустое, брат, дзела! — сказаў Пашын. — Бяз вару рады не дасі“. Напісаў тату пісьмо, каб нічога не прысылалі, а толькі — парашку „Арагац“ труціць гэтых белых бандытаў, і як найскарэй.

30 верасьня.

Жывеш тут нямыцькай, ваюючы з вашмі і хцівым сабакам кідаючыся на вядро з казённаю бурдою.

Грымяць гарматы, ня гледзячы ні на дождж, ні на холад, ні на гразь, ні на цямноту начы. Грымяць…

Нашто і зашто?

Тыя соцыялісты, што адразу заявіліся „паражэнцамі“ за сваю цьвёрдасьць духа маюць будучыню. Не баюся ў гэты момант саглядатаяў, — хай прачытаюць маю кніжачку і расстраляюць палявым судом. Толькі… ці надоўга ў мяне гэткай сьмеласьці?

За сяньняшні дзень батарэя выпусьціла 426 шрапнэляў і 114 гранат. Ну й быў дзянёк! Але годзе апісваньня баявых прыгажосьцяй…

Дзевяты дзень бою на гэтай пазыцыі…

Сяньня пабіў сваіх вошы. Мыт у мяне і ў Беленькага. Ці не ад бульбы? Ядзім з кухні толькі ўвечары, бо ў дзень пад‘яжджаць кухні забаронена. Паглядзець згары, дык здасца, што тут — мёртвае поле, нікога няма, ніхто ня едзіць ні йдзець, нічога нідзе не варушыцца, пустыня… А колькі сядзіць тут людзей, як мышэй у норах.

Прывезьлі трохі хлеба. Выдалі па 21 крошцы (кавалку) цукру.

У ногі сьцюдзёна. Боты працякаюць.

Выпарыцца-б у лазьні, надзець чыстую кашулю, павячэраць смашна і легчы спаць у цёпленькім. Нічога болей не хачу на сьвеце!

Ах ты, доля мая, доля! Доля горкая мая!

І не адна мая: цэлых міліёнаў.

XXII

1 кастрычніка.

Сяньня прышоў ліст ад родных, ліст ад родных, пасланы 9-га жніўня. Вось дык пошта…

Еў брукшу і мак на голым і нудным гародзе жмогуса, каб хоць троху перастала ссаць пад лыжачкай. Спаў гэтую ноч у хаце на саломе.

Бачыў, як дывізіённы ад‘ютант раздаваў крыжы. Гэроі лаяліся, спрачаліся. — „Яму ня варта, таму няма за што!..“ — „Ён быў-ткі пад агнём!..“ — „А я што: пад сьнегам?“

Чуў, як у сенцах касавокі „халуй“ (так салдаты завуць дзяншчыкоў), родам туляк, казаў, што ён, вярнуўшыся з вайны, укінець салдацкую вопратку ў агонь у печы, каб пагарэла „ўся гэтая брыдота“. Потым ён ганіў „хахлоў“ (а так салдаты завуць сваіх таварышоў, якія родам з Украіны і таксама з Беларусі), што яны свой паёк цукру і гарбаты не спажываюць самі, а прадаюць крамнікам, каб злажыць грошы і вярнуцца з службы дамоў у лакірованых ботах, алягантамі. — „Гарбаты піць ня ўмеюць хахлы: фу, фу-у! — дзьмуць, ды як як сабакі: хляўк!хляўк!“ Яго таварыш, дзяншчык з беларусаў, спакойна бараніўся: „А што мне твая гарбата? Калі я добра пад'ем, дык і вады нап‘юся смагла. У нас, як касіць ідуць, сала ці сыраквашы з хлебам наядуцца. А ў вас, праўда, як сабакі: жыдзенькае гарбаты сёрб-сёрб! і пабег хартом-чартом на сенажаць. Якая ў яго можа быць работа? Яму-б толькі на гармошцы тады рыпаць“.

Цярпліва даслухаўшы спрэчку да канца, я папрасіў у іх вады памыцца, але яны абодва мне адмовілі, сказалі, што няма ў іх вады, і бурчэлі мне ў сьлед: „Не вялікі пан, паходзіць і так“. — „Вольнашляюшчы… трэба было даць“. — „Чаму ня даў? Гэта-ж твой хахол“.

Тады я пашоў у хату, дзе месьцілася канцылярыя дывізіёну (я быў сяньня прысланы сюды для сувязі з батарэяй).

Тут расьпівалі гарбатку з малаком пісары. Старшы над імі быў вусаты паляк ці абпалячаны беларус з Віленшчыны, чамусь з расейскім прозьвішчам — Маслоў. На грудзёх у яго была прышыта георгіеўская стужачка. Пан пісар Маслоў засыпаў мяне пшэпрашамі, пане-пане, прошэн пана. Ён чуў, відаць, ад некага, што я паляк. Далікатна ўзьвёўшы гутарку на польскую мову, Маслоў моцна бедаваў, што, на жаль, ня ўмее пісаць гэтаю „найдалікатнейшаю ў сьвеце“ моваю.

— Парускаму так далікатна не напішаш, як папольскаму. А я друк чытаю, а пісаць ня ўмею… О-о, каб я ды ўмеў пісаць папольскаму!

Што-б ён тады зрабіў, ён не даказваў.

Маслоў, відаць, ня быў селянін, бо надта няпрыгожа абходзіўся з старым гаспадаром хаты, ціхамірным і пакорным жмогусам з сівымі стрыжанымі вусамі і маленькімі вочкамі, і высьмейваў яму, што каталік, а папольску ўмее толькі пяць-дзесяць слоў.

— Гаспадары тут жывуць як сьвіньні, але ўсяго маюць. А вось з вышэйшых хто польскіх (мабыць сябе Маслоў залічаў да гэтых вышэйшых) — тыя бядуюць. У Расіі ходу яны ня маюць… Другі й вялікую адукацыю дастаў, а сядзіць бяз працы, і ніхто яму ня плоціць пэнсіі, або ён займаець зусім нізкую супроць сябе ваканцыю.

Кажучы так, пан Маслоў асьцярожна заглядаў ад столу ў мае вочы, шукаючы спагады. Але ў размову ўбіўся ардынарац.

— Вось, прыкладам, як наш пан Маслоў: усяго толькі пісарам!

Маслоў крыху зьбянтэжыўся, пачуўшы насьмешку, ды не падаў віду і прыняў ардынарцавы словы, як комплімэнт сабе.

— Можа, дурню, гарбаты хочаш? — спытаўся ён у ардынарца масьляным галаском, пад якім хавалася ёлкасьць. — Толькі бяз млека, бо ня хопіць пану вольнапісанаму.

— Я сваёй напіўся! — вясёла адказаў ардынарац.

Адвярнула і мяне ад пачастункаў пісара.

— Як будзе ў Польшчы свой круль, вот тады пан Маслоў сваё здабудзе, — ізноў пажартаваў ардынарац.

Маслоў моцна пачырванеў, ды толькі замест адказваць ардынарцу, накінуўся на беднага жмогуса, павярнуўшы свае вусы на яго ў парог хаты.

Каб гэтыя дурні не забываліся так, што яны ёсьць палякі і павінны дабівацца Польшчы, то… то…

Ня скончыў і шчупянуўся, ці не сказаў лішняга. Расправіў і падкруціў рыжыя свае вусішчы і абвёў вышэйшымі, але ня зусім бясьпечнымі вачыма кумпанію.

Другія пісары моўчкі сёрбалі гарбату і не паднімалі вочаў.

Увашоў ад‘ютант дывызіёну, шчуплы штабс-капітан, таксама паляк з Беларусі, магамэтанін. Маслоў перад начальствам дужа „цягнуўся“, асабліва ўваччу другіх салдатаў перад гэтым ад‘ютантам. Цяпер ён, як спрунджына, сарваўся з месца й гаркнуў на ўсю хату каманду: „Уста-аць!! Зьмірна-а!“… Потым ён закамянеў перад сваёю шклянкаю з гарбатаю, і мы ўсе ўсталі і закамянелі. Гутарка наша скончылася. І гаспадар-жмогус тож устаў і выцягнуў свае рукі ўздоўж ног, як салдат.

Калі афіцэр скамандаваў: „Вольна!“ — я, ардынарац і гаспадар вышлі з хаты ў сенцы. Там ардынарац яшчэ далей талкаваў жмогусу (хоць той нічога не разумеў):

— Гаспадару ўсё-роўна: будзе ў Польшчы круль ці не. Падаткі яшчэ большыя за зямлю прыдзецца плаціць, бо Польшча замалая, каб мець свайго круля… праўда, ацец?

Жмогус толькі качаў галавою і зрэдку марматаў нешта ў сваёй, незразумелай нам мове.

Я пашоў к тэлефону і далей ня чуў.

XXIII

2 кастрычніка.

11-ты дзень тут…

Сяньня 2 кастрычніка, але цёпла, сонечна, пагодліва. Ураньні думаў, гледзячы на балота з вадою пры нашай пазыцыі, якое бывае гэтае балота раньняю вясною. Жабы, ці, як у нашай вёсцы кажуць, — люгашкі: „ква-а, ква-а“… — а лаза гаркава пахнець.

Страляніна мала чутна, а мы саўсім не страляем.

Хадзіў па гародзе і шукаў маку. Знашоў усяго некалькі і то падгніўшых мачынак. Зьеў іх і адну брукшынку, пару мачынак прынёс Беленькаму. Спамінаў: малым быўшы ў Цёмным Лесе, трос з дзяцьмі мак і еў „лыжачкамі“, што мы лоўка рабілі з мачынак.

Дарагі татачка, прышліце „Арагацу“[4] і запісную кніжку.

Тэлефон наш сяньня ўночы троху падмок, бо ў акопе на дне макравата ад блізкага балота. Было троху сваркі.

Кажуць, што немцы начою пашлі ў атаку, але былі „начыста“ скошаны нашымі кулямётам. Нямецкі пражэктар разьбіт.

3 кастрычніка.

Пухам табе чужая зямелька!.. Прышоў ліст з дому, дзе сумная навіна: Ляксей Піліпёнак забіт. Першая ахвяра з нашае вёскі Малоху вайны.

„И сколько, сколько их в борьбе за край родной, удалых, молодых“… — зубрыў некалі ў расейскай школе і з расейскай хрыстаматыі.

За які родны край, і наогул — за што? Ці-ж Беларусь будзе мець нейкую палёгку ад гэтае вайны? А ня здарыцца так, што, дастаўшы перамогу на фронце, расейская рэакцыя ўзмацуецца і загнець нас у яшчэ горшы рог?

Ляксейка, Ляксейка! спакой вечны табе! Бедная матка твая.

Прышла й „Наша Ніва“, за 25 верасьня. Колькі радасьці прыносіць мне наша друкаванае „мужыцкае“ слова! Нэрвы мае распускаюцца… Але чаго мне сароміцца, што я тут, на гэтай проклятай вайне, з нежаданымі спазмамі ў горле і прыкрымі хваравітымі сьлязьмі на вачох, цалую лісты з дому і „Нашу Ніву“ з Вільні. Чаго сароміцца мне? Эх, вы, сьлёзы, сьлёзы, дурныя вы сьлёзы: не засьцілайце мне вачэй. І ты, дурное сэрца, ня сьціскайся болем і жалем.

У нумары — „ЛетапісцыЗ. Бядулі. Яны мне тут душу перавярнулі. Шкода мне цябе, мая бедная, убогая, нявучоная і такая багатая творчым духам мужыцкая бацькаўшчына. Плач, выпісвай, як летапісец, свае няведамыя шырокаму сьвету і такія, можа, малаважныя на яго шырокі погляд мукі свае. „ Волат“ — не зразумела; відаць, што аўтар не сядзеў у акопах. Перадавіцы К-лы пераліваньне з пустога ў парожняе.

Прабаваў сяньня ўсьведамляць аднаго салдата-беларуса з нашага пяхотнага прыкрыцьця. Прачытаў яму кавалачак з „Летапісцаў“.

— „Вот саўсім папростаму, дзеравенскі язык. Як яго? Маларасійскі завуць, ці што?

— А ў вас як гавораць?

— „І ў нас так: ні папольску, ні паруску“.

— Вы каталік-беларус?

— „Але… мы польскай веры, польскія“.

Чытаю яму: Даражэнькі сынок!.. — i далей з апавяданьня.

— Так у вас гавораць? Ці, можа, што ня так?

— „Вот, вот… Зусім так… Ха-ха-ха!“

Трагічны сьмех!

Але нарэшце ён зразумеў мяне і сказаў:

— „Калі так, як кажаце, дык Беларусь павінна быць. Што-ж, ці мы чым горшыя за другіх? Гэта добра, гэта справядліва:, што трэба свабоды, зямлі чалавеку“… Гэта лоўка! Толькі… — ён стаў муліцца ў сваіх развагах, спыніўся.

— Што-ж: толькі?…

Толькі аднаго баюся: як застанемся самі па сабе, без расійскіх і польскіх, жыды нас зусім звядуць.

— Чаму заядуць? Як будзе ўсім воля, усе будуць роўныя, дык нашто ім нас заядаць? А вы ведаеце, што вось гэта, што я вам чытаў, напісаў наш беларускі жыд?

— „Ці праўда?! ня можа быць!“

— І праўда, і можа быць…

А ўсё-ж на пункце аб жыдох мы не пачулі поўнай еднасьці. У яго вачох так і засталася нейкая нявера, нешта няпэўнае, хоць ён і казаў, як-бы патураючы мне:

— „Што-ж… на мой век жыдоў выстарчыць (хопіць). І нічога, апроч добрага, сам я ад іх ня бачыў“.

А я ўжо мусіў ісьці на батарэю.

Пра падпаручыка Сізовага салдаты кажуць: „Чуць ня плача ў акопе“. Яму хочацца „нешта зрабіць на фронце, каб ня сорамна было прыехаўшы ў водпуск“. Яму хочацца руху, дзейнасьці, прыгожае вайны, а тут сядзі й сядзі ў гнілым акопе. Як ён быў рад, што камандзір батарэі даручыў яму зрабіць бліндаж на нашым наглядальным пункце ў пяхотных акопах, на самай пярэдняй лініі. Як ён цяпер цешыцца, што зрабіў гэты бліндаж, — пэўна-ж не сваімі, а салдацкімі рукамі. Вось ён вярнуўся. Сіняе, хоць і блізка вечар, восеннае неба, лятуць галкі і вароны. Ціха. Падпаручык з захапленьнем апавядае, што немцы абстралялі іх з вінтовак, але нічога: бліндаж зроблены, і сам ён, падпаручык Сізоў, „адзінаццаць куль у іх выпусьціў“. Гаворыць, і язык у яго тоўсты, мясісты і чырвоны; моладасьць і здароўе… Сам прынёс салдатам лісты з канцылярыі і радасна-ласкава раздаець іх.

4 кастрычніка.

13-ты дзень тут… Ночаю згарэў ад нямецкага знарада хутарок, дзе мы абаграваліся. „Цяпер няма дзе абагравацца. Пазыцыя гэтая страшэнна зьнялюбела. У часе пажару ўзлаваліся мы і жарнулі па нямецкім акопе „два патроны, беглы агонь“. Страляніна па гэтай камандзе, калі ўся батарэя дружна грукочыць, мне найболей падабаецца.

Беленькі дастаў пасылку, і мы ўсе паласаваліся, смакавалі: ляндрынкі, чакаляду, курылі папіроскі. Адным разам усё зьелі, і сам Беленькі, усё гамонячы й гамонячы ад радасьці, дужа вясёлы, зьеў найменей. У яго аж румянец па шчаках разьліўся і вочы заблішчэлі, як выпіўшы. Наеўшыся, кінуўся мяне цалаваць, крычаў: „Жывём, браце Лявон!“ Увечары ён троху апаў духам, але разгаманіўшыся ізноў павесялеў, прызнаўся мне, што ўтоіў ад кумпаніі адну плітку чакаляды, і мы зьелі яе ўдваіх з ім. Елі па малым кавалачку цэлую ноч, бо дзяжурылі.

5 кастрычніка.

Пісьмо з дому. Бедная ты, мая мамачка! І ўсе маткі больш маюць за дзяцей гора, чымся ўцехі Разважаў на тэму: ці можна было-б зрабіць так, каб зьнішчыць любоў родных? Чалавецтва было-б шчасьлівейшае. Сумна!

6 кастрычніка.

15-ты дзень тут… Цяжка.

Перабег да нас нямецкі салдат. Гаворыць, што ім чатыры дні есьці нічога не давалі. Паляк-пазнанец. Я ў расейскім войску — як той паляк у нямецкім. Значыцца?..

Хлеба другі дзень няма. Купіў у жмогуса гнілых дулек на 15 к. Папсаваў бруха. Ня хочацца пісаць.

7 кастрычніка.

За дзень батарэяй выпушчана 37 гранат і 93 шрапнэлі. Усё на сьвеце дрэнна.

8 кастрычніка.

Сяньняшняй начою на дрэве ля пажарышча (дзе быў раней хутарок, і мы хадзілі абагравацца) задавіўся на рамні ад карабіна яўрэй, дабраволец з пяхотнага прыкрыцьця нашае батарэі. Ува ўсіх цяжка і брыдка на душы. У прыкрыцьці чалавек пяцьдзесят, і я гэтага дабравольца раней, на жаль, не заўважыў. Ды яны-ж там і мяняюцца часта. Салдаты наогул страшэнна ня любяць дабравольцаў. Заўсёды дражняць: „Дабраволец… за дзень да прызыву запісаўся“. Можа й тут зьдзекі таварышаў былі аднэй з прычын самагубства? Ніхто нічога ня ведае. Адзін наш батарэец — кастраміч злаяў беднага самагубцу так: „Лахудра… вошы заелі“. Беленькі маўчыць, і я маўчу. Яшчэ зусім малады хлопец, з інтэлігентным, як відаць, тварам, а цяпер страшна й брыдка на яго глядзець. Згінуў. Шкода, цяжка, няпрыемна… Ня хочацца болей пісаць.

XXIV

9 кастрычніка.

18-ты дзень тут… Учора ўсё гаманілі, што замірэньне скора будзе, не пазьней 25-га гэтага месяца. Ну й даў немец замірэньне, што й языкі ў гаманіўшых сьцяла… Змрокам, калі наш камандзір разьюшыўся і стаў пускаць „два патроны, беглы агонь“, немец падгледзеў, мабыць, бліск ад стрэлу і схапіў кірунак на батарэю; або раней, удзень, са зьмяйковага аэрастату прымеціў, што людзі тут ходзяць, бо хадзілі пехацінцы з батарэйнага прыкрыцьця, і нашы батарэйцы насілі салому ў зямлянку „гарохам“. Раптоўна, ані з тога, ані з сёга, толькі канчаўся дзень, толькі ўжо цямнела — бухнула па нас першая граната… Блізюхтанька ад батарэі, у самае балота. Зараз яшчэ, яшчэ, пералёт, недалёт, узяў „у вілку“, засмаліў…

— Намяры ў равочкі!! — крычыць першы раз такім аглашоным голасам капітан Фядотаў. Намярамі завуцца салдаты пры арудзьдзі, бо праца іхная разьмяркована па нумарох. І я заўважыў адным вокам, збоку і зьнізу, бо ўжо ўкінуўся ў акоп, як і капітанавы ногі беглі хавацца. Мусіць, усе тым часам пахаваліся, бо капітан Фядотаў заўсёды хаваецца апошні. На батарэі стала мёртвая ціша, свая, наша, а ў ёй гкрэхала чужое…

Мы сядзелі ў акопе, — я і Беленькі, а Пашын не пасьпеў і ўкаціўся недзе ў акоп першага ці другога арудзьдзя, бліжэйшага да нас, — сядзелі і са страхам прыслухваліся, як дрыжыць пад намі зямля ад удараў. Ізноў чуем, як некалькі знарадаў лягло перад батарэяй, некалькі адзаду ў яе. „Папраўляе вілку“, варушыцца прыгнечаная думка. Потым страшэнныя разрывы абы-дзе, а ўсё на батарэі. Грукат жудасны і бязупынны. — „Беленькі, што ты цяпер думаеш?“ — неўспадзеўкі для сябе самога пытаюся, каб хоць трохі разьвеяць страх. — „Думаю: сюды, сюды, у нас кахнець“, — адказвае Беленькі, і вусны яго варочаюцца ня так, як заўсёды. — „І я таксама думаю“. „Ггэта… уссе ттак“. Няма слоў і вобразных параўнаньняў, каб выказаць усё гнятучае чуцьцё чаканьня сьмерці ад кожнага гудзячага знараду.

Перастала-ткі… Ох, уздыхаем, як пасьля хваробы.

— Ці ёсьць раненыя і забітыя на батарэі? — пытаецца камандзір па тэлефону.

Забегалі, засуяціліся. — „Ёсьць ці не?“ — Выпаўзаюць з акопаў, азіраюцца. — „Здаецца, усе жывы-здаровы“, — разводзіць ува ўсе бакі рукамі асабліва ласкавы цяпер капітан Фядотаў.

— „Вот смаліў, дык смаліў!“

— „У душу-б яго так смаліла!“ — хрысьцяцца, і лаюцца, і сьмяюцца салдаты.

А кругом нас паразварачваны ў зямлі страшэнныя ямы, на дне якіх зямля як-бы абпалена, як-бы пабялела. Аглядаюць гэтыя ямы, супакойваюцца, жартуюць. Гэтак шчасьліва абышлося: праўдзівае пекла было, а ніхто ні ранен, ні забіт, і ўсе акопы, і ўсе арудзьдзі цэлы.

Раптам бяжыць ад сваіх убогіх акопчыкаў пехацінец з нашага батарэйнага прыкрыцьця[5]. Хрыпіць, спуджана і дзіка:

— Хвэльчара! Насілкі! Двох параніла… Кісяля забіла… Можа, і яшчэ ёсьць: разьвярнула ўвесь акоп.

Падпаручык Іваноў пашоў з санітарамі туды. Аднаго раніла ў шчаку, адарвала палову языка, другога — у патыліцу, а трэці той самы нешчаслівы Кісель, якому я чытаў „Летапісцаў“ З. Бядулі і які баяўся жыдоў, яшчэ каўкнуў ротам разы два, як мы прышлі з санітарамі, і быў гатоў.

Усе гэтыя людзі — з запасу, немаладыя.

XXV

10 кастрычніка.

Раней некалі салдаты прарочылі замірэньне на сяньняшні дзень. Цяпер адкладзена да 25-га гэтага месяца. Хто ведае, што будзе гэтага 25-га? Ці дажывём мы да яго? А калі дажывём і міру ня будзе, салдаты яшчэ далей адкладуць, — „пакуль зьбярэцца музыканцкая каманда ў пехацінцаў, а то няма каму іграць адбой“. Так у нас тут жартуюць.

Сяньня — сьцюдзёны вецер, дробненькая мрось, хмары са ўсіх бакоў. Усё нешта прымоўкла, не страляюць. Салдаты найболей сядзяць у акопах. Што ім рабіць? Узводны выйграў у карты некалькі рублёў і паслаў нумара на хутары па гусіну (купіць, а калі ўдасца — украсьці), і будзе частаваць сваіх. А што будзем есьці, калі тут доўга пастаім — і ўсё купім, і ўсё тут пакрадзем? Сяньня мы елі нішчымную бульбу, „і то балазе“.

Учора ўвечары адзін знарад нямецкі трапіў у штаб палка, узарваў ракеты і спаліў хату. Надта хораша выглядала, як сноп ракетаў рассыпаўся па цёмным небе!

Ах, каб нам гэткая цяжкая артылерыя, якую маюць немцы. Добра хаця, што немцы горш за нас страляюць, ато была б нам лазьня.

Пехацінцы з прыкрыцьця астатнімі падзеямі тэрыразаваны. Ува ўчорашнім няшчасьці бачуць кару боскую за сьмерць жыда-дабравольца. Сваімі вечнымі прычэпкамі: „Дабраволец… казённая шкура… запісаўся за дзень да прызыву“ і да таго падобнымі — давялі да самагубства. Я думаю, што каб і наш Беленькі чуў сто разоў на дзень: „Жыд, жыд-балавід, табе зад, а мне від“, дык і ня чуючы зьнявагі, а толькі ад аднаго ідыоцкага паўторваньня кінуўся-б у пятлю.

Па абедзе мы выкапалі сабе талакою (за табаку Беленькага) новенькі тэлефонны акоп, дужа добры, з вакенцам, ну — як-бы зямлянку. Стаіць на сухім грудку, і вада пад нагамі, як у старым, ня чвякаець.

Змрокам паклікаў мяне ў сваю хату камандзір. Я пашоў з яго пасланцом-ордынарцам. Толькі падыйшлі да хутара, як страшэнна „цяжкі“ (вялікі дужа, мяркуючы па сіле ўзрыву, „чамадан“) бабухнуў у дрэва ля пуні… Гкрэхнула так, што затраслося ўсё. Мы ўскочылі ў сенцы і адтуль, калі чаропкі разьляцеліся, убачылі вялізны куль дыму, зямлі — месца ўзрыву. А ў сенцах Дзікан (беларус з Меншчыны, які некалі спрачаўся з другім дзяншчыком у справе піцьця „хахламі“ гарбаты), Дзікан, памыўшы талеркі ад афіцэрскага абеду, іграў на скрыпцы сваю вечную кадрэлю. Ён так „зьлякаўся“, што аж скрыпку ўпусьціў з рук. Засароміўся нас, падняў скрыпку і аглядаў яе з усіх бакоў, і да вуха прыкладаў: ці не пабілася, бо „ўраніў неяк няўмысьля“… Выбег спуджаны камандзір: „Дзе? Дзе?“ Але болей немец не страляў. І чаму быў пушчаны гэты адзін такі вялізны і такі дарагі „чамадан“? Я не разумею. Калі сьціхла, і камандзір гукнуў мяне ў хату, я першы раз убачыў на яго грудзёх нашытую георгіеўскую стужачку. Ужо ня раз я чуў, як салдаты казалі, што ўбачыўшы камандзіра з тою стужачкаю,трэба яго віншаваць, і казалі, як трэба віншаваць. І я сказаў цяпер:

— Маю гонар радавацца, ваша высокаблагародзіе, бачучы на грудзёх…

— Дзякуй! — перабунтаваў ён мяне.

— …доблеснага начальніка заслужоную награду!

— Вось, значыцца… — пачаў ён даваць мне працу, быццам хацеў, каб я перастаў казаць сваю рацэю.

— Дай божа другі! — разайшоўся я і раптам спужаўся: мая рука нялёгкая, што як на маё жаданьне будзе яму другі крыж… драўляны? Ах, навошта я сказаў астатнія словы!

Камандзір заказаў мне работу: з 2-вярстовае карты зрабіць 1-вёрстку і, апроч таго, нарысаваць пазыцыю батарэі ў маштабе 1/8400.

Я пашоў працаваць у канцылярыю, за вярсту адгэтуль, і па дарозе, восеннай, цёмнай, бязьлюднай, думаў: каб цяпер ляцеў знарад і адарваў-бы мне палец на левай руцэ, — я чырціў-бы праваю, і паказаў-бы рану толькі скончыўшы заказаную мне камандзірам працу. Хай-бы ведалі, які я… Зразумела, што я зараз і лаяў сам сябе за падобныя разважаньні, і дзівіўся, чаму падобнае глупства лезе ў галаву: ці-то пад уплывам чытанай мною раней расійскай літаратуры, ці то яшчэ з якіх прычын…

XXVI

11 кастрычніка.

Учора, ішоўшы з канцылярыі назад на батарэю, я заблудзіўся, узапрэў ад хады і ад боязьні, што не знайду батарэю. Посьле маіх высокіх разважаньняў — самая комічная прыгода. А карту я так і не пасьпеў начырціць, балазе ўзяўся за гэта падпаручык Сізоў. Спаў я ў хаце, вошы шукаў, разьдзеўся, добра спаў. Хто можа адчуць гэтую радасьць і прыемнасьць: спаць разьдзеўшыся? — Толькі той, хто блізу месяц спаў у ботах і ў шынялю… А начаваў гэта я на тым хутары, дзе афіцэры начуюць, толькі ў другой палавіне.

Цяпер сяджу ў акопе і ў рукавічках пішу.

12 кастрычніка.

Ня пішацца. Ня ведаю, які сяньня дзень, i лянуюся вылічаць. На левым фланзе вялікі бой, а ў нас — толькі з паразітамі бой. Ціха, нудна й цяжка.

13 кастрычніка.

Жонка плача, што раса падзець; сястра плача, што ручай цячэць; матка плача, што рака плывець…

Сяньня раніца марозьлівая. Лог белы ад парошы. У паветры ня туман, а густая, цёплая пара. Ногі шыбка йдуць па скрыпучай траўцы.

За кустом выкінуў з дзесятак белых, чарнаватых пасярод, буйных вошын. Палягчэла на душы.

Па абедзе разьбіраў і чысьціў карабін. Трэба памазаць, а няма чым. Пашын пажартаваў: даў раду чым памазаць, але й гэтага у нас мала, бо кормяць толькі ўвечары аднэю бурдою.

Пад вечар прост замучыла пякотка. Мусіць, ад хлеба.

Апроч таго, меў другую прыкрасьць. Праходзячы міма камандзіра, не аддаў чэсьці, бо думаў, што ня дваццаць-жа разоў на дзень аддаваць. Аказваецца, яшчэ няважны я салдат: хоць сто разоў праходзіш міма, трэба казыраць і казыраць. Дастаў добрую праборку ад камандзіра, потым ад старшага. Старшаму за мяне была ад камандзіра вымова. А ну вас усіх к чорту!

XXVI

15 кастрычніка, 5-ая гадзіна раніцы.

Сяньня а паўночы зьехалі з пазыцыі, на якой стаялі аж 23 даўгіх-даўгіх і нудных нудных дні. Яе пасьля нас заняла N-ская брыгада.

Куды едзем — ня ведаю. Кіруемся на левы фланг.

У дарозе пакалелі. Ноч — як год.

Цяпер затое ем бліны ў цёплай хатцы добрага жмогуса (стаім на біваку). Гаспадар з жалем пазірае на маю прагавітасьць і шкадуе салдата: „Салдотус — як сабак“… — „Так, ацец! Салдацкая доля — сабацкая“.

Цягнемся далей.

Балота пад нагамі. Скрозь — туман; часам нешта сыплецца мокранькае і драбнюсенькае, туман ня туман, дождж ня дождж; дзесь варона: кра-кра-кра! Мокрае лісьце пад дрэвамі, дым з коміна ў хутарцоў, сабачка: гаў-гаў-гаў!

Куды мы едзем,

16 кастрычніка.

На бівак прыехалі ўчора позным вечарам. Некалькі знарадных скрынак асталося ў дарозе, утапіўшыся ў гразі, і прыехалі ўночы. Коні нашы выбіліся з духу, пара ад іх ідзець, як белы дым. Людзі замардаваліся, цягнучы з балота гарматы, фурманкі і коняў.

Начуем паміж гор.

Сяньня дарога сушэй, і туману няма.

Навакол — горы, лагчыны, балотцы. Нямецкі аэрастат, як таўстая кішка ў небе, вісіць і вісіць. Здаваўся далёка справа, цяпер мы едзем проста на яго.

Прывал. Пяхота зьбірае трэсачкі грэць ваду ў сваіх кацялках, і „апраўляецца“ дзесяць раз ступіць адтуль, дзе п‘юць гарбату і ядуць хлеб. Наш камандзір даў аднаму бізуна па сьпіне і шалёна крыкнуў: „Сьвіньні!!“

Я надумаўся бегчы на бліжэйшы хутар, спадзяваўся купіць там хоць трошку хлеба. Хлеба я дастаў, бо там ужо поўны двор салдатаў, але затое ўбачыў нязвычайна прыгожых дзяўчат-жмудзінак. Іх было тры сястры. Прыгожая старэйшая, а яшчэ болей — меншанькая. Стройная, лоб высокі і белы, вусначкі крыху ўзьнятыя, вочы доўгія і галубыя, дзьве пушыстыя касы ззаду — сьветлыя і трошку кудравяцца, а форма рукі — ну прост клясычная, асабліва ў сялянскай дзяўчынкі. Кожны рух, погляд, шаволяцца вусны — з нейкай простай, але харошай дзявочай грацыяй. Салодка было глядзець яе мілае жмудзінскае і агульна-людзкае хараство. А сярэдняя — няцікаўная… І чаму пакрыўдзіла прырода побач з гэткімі сёстрамі? — думаў я. Меншанькая дужа падобна да старэйшай, але ў старэйшай усё ў пышным, сталым красаваньні. Стаіць яна з мычкаю лёну, не апрануўшыся, толькі накінуўшы на плечы цёпленькую хустку (косы выпушчаны поверх), стаіць і з пытліва-сумным чаканьнем углядаецца, як салдаты ламаюць палкі ў плоце, крышаць дзіравую карзінку — на цяпло гатаваць у кацялках гарбату. Мне так захацелася пачуць яе голас, што аж сэрца застукала. Я папрасіў:

— Прашам донас (хлеб), сурыс (сыр), пена (малако), кяўшыне (яйкі), яблыкас (гэтае слова стварыў „пажмудзінску“ сам)… Пінегу, пінегу (грошы)! — закрычэў я, каб не падумала, што дарма хачу. Болей ня меў запасу слоў.

Нека нейра… нека нейра (нічога няма)! — адказала яна ветліва, крышку засмучона ціхім, але прыемным гучным голасам. І пашла ў сад на матчына гуканьне. І я туды падышоў. Там „гаспадаріс“ (так тут кажуць) з хлапцом, падобным да сярэдняе сястры, бегалі паміж яблынак, хапаліся то за куфры, вынесеныя сюды з хаты, то за кубел, то за груд убогага рызьзя, і клапатліва, трывожна гаманілі й крычэлі ў сваёй мове.

Я маркотны пацягнуўся з горкі, ад хутара, уніз к ручаю, дзе стаяла батарэя.

— Ззіў-ж-ж — цю-юў! — злавешча прапяяла раптам неспадзяваная шрапнэля і шпокнула на горцы над хутарам. Абстрэл быў гэткі нечаканы, што я ўталопіўся там, дзе стаяў…

Гляджу: пяхота сыплець уніз, як бульба, бразгае кацялкамі, куляецца з вінтоўкамі ў адстаўленай руцэ, скок! скок! — хто куды, цераз плот, цераз канаву і навакол усяго хутара. З другой хаты хапаюцца ўцячы пяхотныя афіцэры, між іх зьнеткуль заблукаўся з сваёю скрыпкаю ў руках наш Дзікан. Бяжыць прытка, перагнаў усіх.

— Трывога!

— Жжу, жшу, гру-укх! — вагам, з растучымі націскамі ў гуках, як-бы вал за валам, яшчэ болей злавешча прагудзела і, раптоўна змоўкнуўшы, а потым глушачы ўсё ў адзін жудасны момант, грокнулася троху водаль ад хутара першая граната.

Сярод пяхоты ўзьнялася нявыражоная паніка, закапашыліся, як зьдзічэлы раскопаны мурашнік, бразгаталі кацялкамі, лапаткамі, цягнулі вінтоўкі за штых і беглі безвач ува ўсе бакі. Спакойны выгляд батарэі і крыкі афіцэраў абразумілі іх. Паваліліся пад узьмежкі, прытуліліся пад бераг рэчкі, але бегчы перасталі, зьніклі…

— Па конях!! — горда скамандаваў наш камандзір, батарэя ірванулася, камандзір паехаў шыбка, а за ім стужкаю-вужакаю, не астаючыся, шыбка папаўзла батарэя наперад па дарозе.

XXVIII

17 кастрычніка.

Усяго я ўчора не дапісаў.

Як мы ад‘ехалі ад таго хутара, абстрэл перастаў. Але перад самай ужо пазыцыяй трэба было пераехаць высокае голае месца. Мы пра гэта ня ведалі, афіцэры нам не сказалі. А можа й ведаў толькі камандзір. Вышла нам гэта новаю неспадзяванкаю. Вораг з свайго проклятага аэрастату ўгледзіў. Толькі галава калёны ўзабралася на горку — гранаты, шрапнэлі, гкрах, бух… Батарэя рынулася наўперад шалёным галопам. Потым я бачыў толькі тое, што было перад самымі вачмі. Я йшоў, а калі ўсё паняслося на злом карку, я ўчарэпіўся адзаду за тэлефонную двуколку, адарваўся, адкаціўся. Усхапіўся, пабег… Знарадная скрынка перакулілася, і коні цягнулі яе нейкі час дагары каткамі, кінуліся на-дыбкі, убок, зблуталіся, заваліліся. Дзьве пары вынасаў (коні), ня ведаю, ад каторых арудзьдзяў, вырваліся з запрэжкі, праляцелі міма мяне па полі, пад сьвістам асколкаў і грукатам узрываў, цягнучы абарваныя пастромкі, кінуліся на лог, у балота і адразу ўскочылі па шыю. Потым я прысеў на адзін момант пад прыдарожнаю канаўкаю, бачыў, што на дарозе ляжыць шапка, нехта згубіў, мяшок аўса і нашы батарэйныя лапаты, адвязаліся і паскідаліся. Батарэйцы й нейкія пехацінцы скакалі па полі, як вераб‘і, быццам гуляючы з асколкамі ў хаванкі. Было гэта адзін момант. Пехацінец бег, хаваўся пад быльнік, ізноў выбег, страціўшы ад страху розум, махнуў рукамі і перакуліўся, — ранены… i я сарваўся і паляцеў наўперад, бо тут хавацца — сьмерць… Самая задняя гармата грыміць міма на адным коле, а другое задралася ўгару. У коняў грывы задраліся, а людзі абшчапілі іх за шыі і так шыбка-шыбка едуць. Я ўбачыў, што арудзейныя нумары ўзьляпіліся на дула, на ўсю гармату, што зазвычай забараняецца. І я, ня ведаю якімі сіламі, кінуўся да іх і ўскочыў верхам на самы задраны кончык дула. Ніхто мяне ня сьпіхнуў, нехта-ж (дагэтуль ня ведаю, хто), схапіў сьпераду за гімнасьцёрку і цягнуў, каб я не адваліўся набак, так я і ўседзіў. Зараз батарэя паехала з гары, і тут было зацішней, але увесь строй збунтаваўся, каб не наехаць на другіх, кідаліся міма, у бакі. І тут ізноў невялічкі пад‘ём, на вышэйшым месцы хутар і на хутар таксама б‘юць знарады. Што было, пераказаць і навет уздумаць і разабрацца — трудна. Пярэднія зрабіліся заднімі. Нумары разьбегліся, як спуджанае стада курапатак; няпрыгожа прысядаюць да зямлі, калі ірвецца знарад. Кожнае арудзьдзе, кожная запрэжка, кожны чалавек ірваўся і пёр наперад сам па сабе — галопам, скокам, наўскачка, рассыпаўшыся хто куды. Чорным дымам засьцілалі іх гранаты. Сьвістала і сыпала сьмяротным гарохам з сівога клубочка-хмаркі шрапнель. Сьмерць таму, у каго яна клубіцца над самаю галавою. Бягу, бягу — у горле суха, горача, хрыпата. Вось наша тэлефонка — перакульнулася, конь заваліўся, ляжыць: ці жывы, ці забіты? Міма, міма!

— Ужо ня тое… троху сьцішылася… змоўкла! Мы ўцяклі, мы перад высокаю гарою. Тут пазыцыя. Мы ўцяклі… А там, збоку і ззаду, на гэтым проклятым перавале, які мы пераяжджалі, стаіць пад сьмерцю яшчэ адна батарэя, — якая, ня ведаю. Чаго-ж яна стаіць? Занясло яе пылам-курам, і чорным дымам завалакло. Чаго яна стаіць? Жудасна глядзець, яна там гіне. Відаць: яшчэ бегаюць, капошацца там людзюхны, а па іх усё: гкрэ-эх! дж-ж-фю-юў! i там гэтая пабітая, памёршая батарэя загрукатала!.. Забліскалі стрэлы, цераз нашы галовы зашумела, паняслося тое, што яна выстраліла. Батарэя бароніцца! Як радасны веснавы гром гручыць яна нам увушшу. Яна бароніць сваю пяхоту, дае магчымасьць заняць ёй выгодныя пазыцыі. Бароніць, аддаючы сябе ў ахвяру. Я нічога не разумею: адкуль яна там узялася, калі яна там стала? Я думаў, што і яна ехала, як і мы, у ваднэй з намі калёне. Мусіць, не.

Ах — мы ў гарах! Горы, горы! Тут, збоку, лагчына. Хутаркі. Балота, торп капалі, вада. А навокал сьпераду — высокія горы!

— Скарэй! Скарэй!! Скарэй!!! — чую крычыць камандзір, крычыць капітан Сьмірноў, крычаць батарэйцы.

— Скарэй! Ратаваць таварышоў ад сьмерці!!

Дурныя сьлёзы засьцілаюць усё перад табою. Батарэя гатова к бою? Не? Ах, чаму не? Мала людзей. Усе, хто можа, на пазыцыю! Першае наша арудзьдзе ўжо страляе. Пехацінцы гуськом нясуць ад перадкоў, з лагчыны, латкі з знарадамі. Батарэйцы — з імі. Сізоў ласкава шлёпаець шашкаю па сьпінах, падганяе! Страляе другое! Гранатаю, гранатаю! Дзе-ж людзі? Зьбягаюцца спозьненыя нумары… Жарнулі-б усёю батарэяю, — людзей мала! Скарэй! Скарэй! Скарэй!!!

Радасьць, радасьць! З гары крычаць: „Абстрэлены аэрастат спускаецца на зямлю, спусьціўся, спусьціўся!“ Спусьціўся…

А калі я бег сюды міма хутаркоў, з бліжэйшага двара вышлі тры старыя жмудзінкі, ідуць — шалёныя — на другі хутарок.

— „Куды вы? Азад!! — памятаю, крыкнуў на ix, як у нас крычыць пастух на кароў. — Заб‘юць вас тут, у пограб лезьце, хавайцеся“! Не разумеюць маёй мовы жмудзячкі… Сьвірэпа махаю на іх абедзьвюма рукамі, каб вярнуліся. Пастаялі, паўзіраліся, назад панура папляліся.

Потым мы акопы капаць, тэлефоны правадзіць завінуліся. Уся батарэя страляць пачала.

Да цёмнага стралялі.

Тэлефон наш зараз перабіла (адразу два драты). Чатырох батарэйцаў раніла: фэрвэркера Абаротавага, Пічугіна, Баяшку (цяжка) і запаснага Чысьцяковага. А якія былі страты ад пераезду — пакуль што ня ведаю. Кажуць, аднак, што зусім маленькія: чалавек пяць, ездавых і нумароў, лёгка параніла, — і ўсё. І мяне дзівіць: ці гэта шчасьлівы выпадак, што мала стратаў пасьля такога пякельнага абстрэлу, ці што?

Тут пясок, капаць было лёгка, але акоп наш тэлефонны — „ад сонца толькі“, як казаў Чарноў, прышоўшы да нас на кароткі час з наглядальнага пункту. Чарноў казаў, што нейкаму беднаму пехацінцу галаву адарвала, ляжыць там у нізінцы, дзе торп капалі. Уцякаў ад абстрэлу, як пераяжджалі, і лёг. Ад Чарновага-ж мы даведаліся, што тая батарэя, якая страляла з перавалу — трэцяя батарэя нашага-ж дывізіёну, і йшла ў адной з намі калёне. У яе дужа цяжкія страты, „але ўсім дадуць крыжы, і на месяц — у тыл“, — казаў Чарноў. Пад‘ехалі мы да нямецкіх пазыцыяў нязвычайна блізка: простым вокам відаць была карзіна, падвешаная пад аэростатам, у якой сядзяць наглядальнікі.

Сяньня „каўбаса“ (аэрастат) ізноў вісіць, толькі значна далей ад нас.

Кажуць, уночы пойдзем далей. Кажуць, што ўчора наша пяхота забрала многа немцаў у палон і многа пабіла і параніла.


Батарэя страляе. Страляніна на ўсім фронце… Некалі пісаць. Пісаць у вязёнках трудна.


Трошку сьціхла. Калі гэта пішу, выпушчана ўжо 807 шрапнэляў і 408 гранат. Нямецкія знарады пералятаюць цераз нас, бо мы за гарою, у „мёртвым прасторы“. Усе чамусь зрабіліся надта пэўны, а ў маёй душы ёсьць трывога нейкая… Саромеюся нават прызнацца, сказаць у голас.

XXIX

18 кастрычніка.

Учора да цёмнага стралялі. Прышоў вечар… Maроз бярэцца. Ногі на замёрзлай руні пада мною не правальваюцца. Месяц сярод сівых, панура-сьцюдзёных, хмар сунецца і шпарка бяжыць…

Капаем акоп: я, Пашын і Беленькі. Сварымся, няма ладу. Пашын лае нас абаіх „арыстакратамі“ і кідае зямлю цэлымі кучамі, як волат. Беленькі — за архітэктара, i лае Пашына й мяне за няўмельства будаваць акопы, а сам капнець-капнець трошку і памінутна садзіцца абціраць пот. Я цягаю з хутара жэрдзі на пакрышку і ня бачу толку ў Беленькавай архітактуры, бурчу. Сварымся затое, што ўсім нам цяжка.

Пашоў я на адзін хутар. Спакойны гаспадар не даець нічога браць. Таргуецца нават за аглоблі ад саней. Гаворыць парасійску, а здаецца — немец, а ня літовец. Можа, шпег? Да граніцы тут 4 вярсты, з гары ў дзень відаць Вержбалова (казаў падпар. Сізоў). А я й баюся: ноч, цёмна, я адзін на хутары з гэтым падазроным гаспадаром.

Пайшоў на другі хутар, выламаць якія-небудзь дзьверцы; чую, у хаце выюць… Уваходжу: дзеці гудуць, бабы плачуць, рукі ломяць, хапаюць посьцілкі, падушкі, кідаюцца. — „Арклю, арклю (конь?)… Важой (ехаць)… Ах, ах, аей… Дэва, дэва (бог)!“.. Гаспадарас кідаецца да мяне: ці можна цяпер ехаць, ці заб‘юць іх нямецкія знарады, ці пойдзем мы далей адгэтуль, наперад? Хлопчык умее троху парасійску; мабыць, хоча пахваліцца гэтым, кажа: „Нета яйка… Афіцэрас убілі ўсю курыца“… Дурненькі! Я прышоў ні па яйкі, ні па курыцу, мне дошкі патрэбны на акоп. Гладжу па галоўцы, — сьмяецца. B гаспадарас паспакайнеў. Сказаў я ім ласкавае слова і пашоў бяз дзьверцаў.

— „Арыстакрат! Капайце-ж самі, чорт Вас бяры!“ — лаецца Пашын, швіргаець лапату, садзіцца на ўскапаны пясок і бярэцца за курыва.

— „Вольнашляюшчы… Дзьверцаў ня можаце дастаць“! — кіпяціцца Беленькі, таксама кідаючы работу, і доўга ня можа абцерці ўсяго свайго вялікага поту.

А потым пашлі ўсе ўтраіх, зьнялі і прыпёрлі цэлыя вароты з хутару таго падазронага гаспадара.

Акоп так і ня выкапалі. Накідалі ў ямку лёну, накрылі яе варотамі — і так начавалі.

Сяньня чуў, як адзін пехацінец казаў другому, што знарадам забіла двух „вольных“ на хутары — у той час, як гэты пехацінец з другім сваім таварышам куплялі на хутары бульбу.

— „Даражыліся, цягнулі душу з цела, а знарад як бэхне! Нас не зачапіла, бо ўжо былі іх кінуўшы і адышоўшы, а яны, глядзім, гатовы… Вярнуліся мы, забралі бульбу так“.


Дзіця Сізоў. Усё запісвае, але чытаў запісанае батарэйцам. Напісаў аб тым, як гэтыя батарэйцы частавалі бульбаю галоднага пехацінца, ня меўшага нават хлеба. Апавядае салдатам пра сваё хатняе жыцьцё (ён — адзіны сын старэнькага адстаўнога пяхотнага капітана), кажа, адкуль родам, як вучыўся, як любіць Расію і народ, і што гатоў за іх памерці… Салдаты любяць яго, але некаторыя цішком пасьмейваюцца. „Пэнсію буду пасылаць дамоў, — прызнаецца ён, — ато ногды заб‘юць, дык санітары з мёртвага возьмуць“. У яго выпаўзла беленькая (значыцца вошына) з-пад пярчаткі, — пачырванеў як мак.


Страляем ад 2-й гадзіны дня да познага вечара. Дашло да тысячы ўжо патронаў. Бой ня сьціхае на ўсім фронце. Чую з трубкі, цэнтральная перадае некаму тэлефонаграму, што наша пяхота заняла фольварак Капсодзе і засела там пад згубным арудзійным абстрэлам… Незразумелая трывога гняцець мяне: рука ня хоча болей пісаць.

Сяньня хлеба прывязуць уночы — адна ўцеха.

19 кастрычніка.

Нас моцна абстрэльваюць, — вось табе й „мёртвы прастор“.

20 кастрычніка.

XXX

Божа, божа! Асколкам гранаты забіт падпаручык П. К. Сізоў. За пяць мінут перад тым бяседаваў у нашым тэлефонным акопе і трактаваў нас сітным хлебам… Вышаў абедаць, і не дайшоў да хаты.

21 кастрычніка.

Абраз ляжачага наўзнак П. К. Сізова, у новенькай даўгой шынелі, у чысьценькіх валенках, з белай хустачкай на разьбітай асколкам галаве, — мучаець мяне. Вытрышчаныя мёртвыя вочы, скрыўлены рот, пасінелыя шчокі, на якіх у мёртвага ужо вырасла брудзь, прабіты чэрап — усё гэта пад хустачкаю. А далей — стройны, як дзяўчына, як жывы, толькі ногі тырчаць адубеўшы…

Сяньня прывязалі яго на ложа гарматы (бяз труны) і з пачэснаю вартаю павезьлі ў штаб, хаваць. Каня яго вялі за ім пад сядлом, у повадзе. Вечны спакой!

22 кастрычніка.

Учора пераехалі на новую пазыцыю. Пасьля сьмерці падпаручыка камандзіру і ўсім нам цяжка было там заставацца!

23 кастрычніка.

Агнём нашага левага арудзьдзя запалена пуня ў панскім двары Капсодзе (там ізноў немцы).

На батарэі — чатыры лёгка раненых.

Дагэтуль намі выпушчана 260 шрапнэляў і 301 граната. Стралялі па выяжджаючай батарэі, па адступаючай пяхоце, па гаўбічнай батарэі, па пяхотных акопах. Прыцэлы нашы ад 54,5 да 150.

Сяньня ірваліся наўкол нас „чамаданы“.

Учора ўвечары і сяньня ўраньні быў густы сьцюдзёны туман. У дзень паказалася халоднае кастрычнікавае сонца. Ногі зяблі. Купіў у падпрапаршчыка Хвёдара Сьмірновага, шчарбатага чалавека, няма аднаго пярэдняга зуба, сьмярдзючы казённы кажушок з цёплай бараньняй шэрсьцю. Заплаціў дорага: пяць рублёў. Цяпер маю толькі два рублі — і ўсе мае рэсурсы.

— „Падпрапаршчык, герой, а казённым таргуець“, — казаў Пашын і лаіў мяне, што я пераплаціў „гэтаму подламу гароху“.

А мне ўсё думаецца пра сьмерць Сізовага. Каб ужо скарэй замірэньне! Хай раняць, толькі каб жывым застацца…

Сяньня з 12 гадзіны пачалося, як кажуць, наступленьне 25-ае дывізіі. Мы тож б‘ёмся, пасабляем ёй. Гарматы грымяць, кулямёты трышчаць.

Мы страляем блізу без пярэрвы. Ды ў аднэй перадышцы я пасьпеў усё-ткі задрамаць.

Сяньня і ня мыўся.

Учора, калі Беленькі пашоў стрыгчы капітана Сьмірновага, мы (я і Пашын) пры сьвечцы, якая гарыць у нас у акопе шукалі ў вопратцы. Беленькі „шукаўся“ перад вячэраю. Дужа бедаваў, што еў сваю порцыю мяса, не памыўшы рук. А ў нас вады ня было. — „Чаму зупаю не памыў?“ — Жартам даў раду Пашын пасьля вячэры. Беленькі яшчэ болей бедаваў. Елі ўтраіх з аднаго вядра, як як заўсёды.

Толькі хлеб цяпер хаваем паасобку. Захацеў так рабіць Беленькі, — не для сябе, а для мяне, бо Пашын надта многа паядаў хлеба. Я, нізкі чалавек, прыстаў на прапазыцыю Беленькага.

Ад нашае пазыцыі да граніцы цяпер і трох вёрст не будзець.

Штабс-капітан Дамброўскі ізноў захварэў. „Халуі“ казалі, што першую ж ноч афіцэрам спаць даваў. Усхопіцца скрозь сон, як закрычаць на ўсю хату: „Пара! Пара! Уставайце! Знарады валяцца на дом! Уставайце!“ Усіх тармошыць — чырвоны, з вялікаю галавою, татарскім тварам. Аж страх. Ізноў адправілі быць покуль што пры ўпраўленьні брыгады. Цікава, ці робіць ён такі гармідар начою — там?

За дзень выпушчана 499 патронаў.

Нягледзячы на абстаноўку, мне прысьніўся распусны сон. На сэрцы — камень. Трэба дзяжурыць — і ня спаць. Ай, як хочацца спаць!

24 кастрычніка.

Прышоў ліст ад майго меншага, майго мілага браткі. А ліст разламаны „ваеннаю цанзураю“, — гэта што за навіна? Мне прышлюць пасылку… о, радасьць!

Прыехалі, палепшаўшы, два раненыя 7-га жніўня. Камандзір з імі цалаваўся. Адзін з іх, Драб, Горадзенскае губэрні, заплакаў…

Учора на батарэі — 4 лёгка раненых і ездавога Кучынскага пераехала тэлефонка; скалечан надта цяжка, фэльчар баіцца, што ня выжыве.

Сьвеціць чырвонае зімовае сонца. Начою — месяц поўны, месяц ясны.

Было ціха, толькі з левага боку нейкая батарэя нашае брыгады пусьціла залпам некалькі чародаў. Рэдка дзе гкрэхалі „чамаданы“. Часам іграў кулямёт. Сьвяціліся ракеты. Ды мала. Трывогі ня было.

Бамбардзір-наводчык Валодін (кастраміч) разважае аб вайне: „Калі ўжо яна кончыцца, зьвязаліся з драньню, трэба нам было лезьці за сэрбаў, яны там што году ваююць. Колькі нашага брата вышла на вайну, а што нам: прыбавіцца хоць па дзесяціне ай што? Чаго не хапаець багатым чарцям, што лезуць у вайну? Здаецца, і сыты і п‘яны. З жыру шалеюць, сволачы, а ты за іх жыцьцём накладай“. Казаў разважна і самавіта і хлябаў гарачую сьпітую гарбату. І мяне частаваў гарбатаю.

XXXI

Пішу па абедзе (24-га кастрычніка). Выехалі… бо аказалася, што нямецкія акопы — пустыя. Начою немцы цішком уцяклі.

Едзем…

Восеннае сонца спакойна гуляе. Ветракі-млыны заснулі. Пустынна. Аднак, там-тут пачынаецца сонны рух. Жыхары, як пчолы вясною з вульля, асьцярожна выпаўзаюць.

Во, збоку шосы калдыбае вольны чалавек. Падняў з зямлі каску раздушаную колам, падзяржаў двума пальцамі і кінуў у канаву. Двое хлопцаў зьбіраюць гільзы. Паднялі паломаную стрэльбу, але ўбачылі салдатаў, кінулі яе й пабеглі ўцякаць.

На гаці ў яме ляжыць здохлы конь. Раздуўся, як гара, і ўжо сьмярдзіць. А ў багне пакінута пустая нарадная скрынка. На ўзгорку — доўгая альлея старых ліпін, дзеля чагось бяз жаласьці сьсечаных.

Цягнуцца акопы немцаў. У іх — пярыны, лаўкі, сталы, бляшаныя печкі, гаршкі з літоўскіх хат. Валяюцца пляшкі, гарахвяныя консервы, папера ад шакаладу. Пачкі патронаў. Цэлыя кучкі гільзаў. Цягнуцца рады драцяных загародак.

I… знаёмыя мясцовасьці! Вось тая горка з дрэвамі, па якой мы палілі 4-га жніўня.

Засмучэньне і трывога на сэрцы. Не пацяшае перамога. Сумныя малюнкі!

Крыжы на полі, на краёх лесу, ля дарогі за канаваю. Змывае дождж слабыя карандашныя напісы: „Тут пакояцца рускія воіны, забітыя пры здабываньні места С. 4-га жніўня 1914 году“. Відаць, у ваднэй магіле пахаваны й немцы, бо на аднэй з іх стаіць другі крыж з напісам: „Тутака пакояцца германскія воіны, забітыя пры абароне места С. 4-га жніўня 1914 году“. Яшчэ колькі сігоў і дошка: „Магіла воінаў-яўрэяў“.

Іншыя крыжы са зьвязаных кіёчкаў. І ўжо пахіліліся, і ўжо борзда заваляцца. І згубіцца месца апошняга супакаеньня воіна.

25 кастрычніка.

Учора заначавалі рана, яшчэ відным вечарам. Сяньня выехалі ў 8 гадзін раніцы (пішу на прывале).

Прапаршчык Валк (латыш) даў мне ўчора вялікі, хунты два ці болей, кавалак беленькага хлеба. Я даў патроху кожнаму тэлефоністу, сам толькі пакушаў — і кавалачак схаваў у ранец. Цераз малы час шчупянуўся — няма. Хацеў зрабіць скандал, але раздумаўся, пакінуў так. Думаў на Яхімчыка, думаў на старшага… А хто яго ведае, хто так паджартаваў.

Адсюль на нямецкай зямлі вее на мяне нейкім мёртвым пахам. Чую мярцьвечыну, хоць ты што…

Надта спакойна расьселіся мы на чужой зямлі на воку ў ворага. Быць-жа ня можа, каб за намі не сачылі. А мы сабе, — душым кур, варым парасяціну, — ой, нядобра!

— Начальства ведае лепей за вас! — скалоў за гэткія развагі старшы мяне і Беленькага, але й сам хаваў у голасе нездаваленьне справамі й трывогу.

Сяньня гадзіне а 10-й пачалося.

Едзем спакойна, — раптам ні з таго ні з гэтага: пу-ухсь! лёгкая шрапнелька над самай батарэяй.

— Немцы з правага боку!

Тут жа на дарозе зьняліся з перадкоў і пастроіліся к бою. Камандзір узьлез на перадок і стаяў з біноклем у руках, загарадзіўшыся так-сяк арудзейным шчытом.

Стаім. Нічога ня відаць, ня чуваць. Пяхота некуды бяжыць з дарогі.

— Ах, гэтыя разьведчыкі!

Ізноў колькі шрапнелек расплылося белымі кудравымі клубочкамі.

Мне зрабілася ворашна.

— Нас абкружаюць, — сее нейкі пехацінец паніку; — камандзір нашае дывізіі, нямецкая морда, нябось ведае, што робіць.

Ці-ж можа быць? Генэрал-лейтанант N? Гэткі горды, стройны на кані, з задранаю галавою… Сівая бародка…

Няўжо — палон?

Нязвычайна яскрава спамінаю ўчорашні сон… Я ў сваёй вёсцы… Чырвоныя-чырвоныя, аж чорныя, сьліўкі ля Паўлюковага саду, на зямлі, на вуліцы, ля плоту… Ідзець Максім, салдата Захаронка сын, з ім яго жонка, і ў яе на ўлоньні іх „свавольны“ дзіцёнак… І нейкі кот драпаець яму яго дзяціны твар… Я з імі здароўкаюся, як заўсёды ў нас вядзецца. Але, абмінаючы іх, заўважаю, што адна нага ў мяне як быццам карацейшая?.. А трымаюся героем! Пашоў… Сустрэўся з сваёю даўнаю сымпатыяй — Зенаю, сястрою гэтага самага Максіма. Прапусьціла мяне пільна вачмі, а я быццам нічога і не заўважыў…

Усё ізноў сьціхла. Ніхто нічога ня ведае, адкуль і хто страляў, што такое? Камандзір наш нездаволена гамоніць пра нешта з камандзірам дывізіёну.

Той разводзіць рукамі…

Строімся, супакайваемся, едзем далей. Тэлефонкі з камандзірам — наперадзе. Перад намі ідзець батальён пяхоты, за намі — таксама.

Ізноў усё спакойна…

Толькі ліха нагнала зайцоў. Адкуль іх столькі? Адзін кінуўся якраз цераз дарогу. Камандзір пераксьціўся і дзеля чагось збочыў (адзін, без ардынарца і разьведчыкаў) і паехаў далёка ад дарогі ўправа. Мы едзем дарогаю далей. А ён захацеў, мусіць, абмінуць, што заяц перабег дарогу…

Стаім. Ізноў нейкая трывога далёка сьпераду, на дарозе… Чаго чакаем? Камандзір некуды паехаў з старшым.

Што гэта дзеецца? Нешта ды ня так… Трывога, трывога спавівае сэрца тамучым нечым…

XXXII

Троху супакоіўшыся, мы паехалі далей. Наўкола нас усё было ціха. Маўчала пустое восеннае поле, маўчалі бязьлюдныя разбураныя нямецкія сялібы, абгарэлыя рэшткі каменных сьцен. Заснулі цішою горкі, зрытыя акопамі.

Нехта нам казаў, што абстралялі нас немцы з лёгкай гарматкі, падвезенай на аўтомабільнай пляцформе па шосы. Такое тлумачэньне ўсіх нас раздражніла: дзе-ж была наша разьведка? Аб чым клапоціцца начальства?

Ехалі далей…

Неўспадзеўкі ляціць па полі к батарэі, як віхар ці бомба, розьюшаны казак… Бяз шапкі, расхрыстаны, мокры ад поту, з абадраным да крыві бокам у каня.

— Дзе начальства? — грозна крыкнуў ён нам, укапаўшы з разьбегу каня нагамі ў зямлю.

Камандзір наш сам пасьпяшыў к яму:

У чым, казак, справа?

— За вярсту адгэтуль наступае нямецкая пяхота!! — Як громам выпаліў у нас і паляцеў далей.

Я не магу ўздумаць, як што потым рабілася. Бачыў толькі спалоханыя твары пехацінцаў нашага батальёну, што заляглі пад горкаю, а некаторыя дзяўбалі замёрзлую зямлю лапатачкамі, каб зрабіць сабе ямачкі: чуў нейкія крыкі — каманду ці што; гдзесь з левага боку і сьпераду разьлягліся ў паветры першыя, рэдкія стрэлы з вінтовак.

Батарэя скацілася з дарогі ўніз, к вузкай, але глыбокай і быстрай рэчачцы, за сажняў сто ад дарогі. Перадкі батарэйныя кінуліся ўздоўж рэчкі, каб перабрацца на той бок; ездавыя кінджаламі секлі альшэўнік, каб хоць троху накідаць у рэчку пераправу. Мы не пасьпелі ні выкапаць акопаў, ні правесьці тэлефону ў дывізіён. Батарэя зараз пачала страляць, і я мусіў дрыжачымі ад раздражнёнасьці і трывогі рукамі запісваць каманду. Камандзір узьлез на перадок ува ўвесь свой вялікі рост — і з біноклем у руках камандаваў. Хацелася пакланіцца перад яго геройскай постацьцю — гатовай мішэньню для ворага. Над намі закруціўся аэраплян і пачаў кідаць на нас нейкія бліскучыя ў паветры йстужкі, паказваючы сваім, дзе мы. Калі я троху абдумаўся, гул ад бою — гарматнага, кулямётнага, вінтовачнага — заглушыў усё. Батарэя апынулася пад абстрэлам. Альшэўнік гутаўся і крышыўся ад знарадаў, гальлё сыпалася ў рэчку, з усіх бакоў гудзелі над галавою кулі. Потым зашпэкалі і зларадасна захвюкалі шрапнэлі. Пачуў я — стогнуць раненыя, убачыў мімаглядам, гледзячы ў запісы камандаў, што цягнуцца некуды людзі ў крыві, убачыў санітараў з чырвонымі крыжамі на рукавох і палатняныя насілкі.

Да мяне падпоўз бела-сінявы, з мукаю ў вачох, наш старшы тэлефоніст і папрасіў, каб я завёў яго на перавязачны пункт. Я кінуў пісаць („нашто цяпер пісаць?“ — падумаў я) і з вялікім трудам павёў яго ўздоўж рэчкі, не знаходзячы пераправы. Тут, у норках пад берагам, сядзелі пехацінцы з батарэйнага прыкрыцьця; некаторыя, быццам тыя штравусы, былі схаваўшы галаву ў ямку. Адзін пехацінец пасобіў мне весьці старшага, бо старшы ледзьва пераступаў нагамі, ён быў ранены куляю ў сьпіну, між самых лапатак, і балюча стагнаў. Калі гэтак ішлі, пехацінец заўважыў у сябе на боце кроў, потым закульгаў ад болю, але ня кінуў весьці старшага са мною далей. Мы ўжо аддаліліся ад батарэі на добрыя гоні, падарожа здалася страшэнна доўгаю і цяжкою, — і ўсё-ж мы не знашлі яшчэ перавязачнага пункту. У другім баку мы ўбачылі, што едзе шпітальны фургон, і скіраваліся туды напрасьцень, па полі. На нашу радасьць, фургон спыніўся. На ім шалохалася на кійку палатнішча з чырвоным крыжам, я, чуўшы пра міжнародныя законы вайны, з уцехаю падумаў, што тут ужо нас не абстраляюць. Аж як толькі мы падышлі на сажняў паўсотню ад фургону, побач з ім бухнуўся і страшэнна разарваўся „чамадан“, узьняўшы гару зямлі ўвелькі з добрую хату, і абняў усё чорным, сьмярдзючым дымам. Зазьвінелі, загулі асколкі. Адзін конь заваліўся і задрыгаў нагамі, другі стаў ірвацца надыбкі. Нам трэ‘ было-б зараз легчы, а мы пнуліся на ўсю сілу да фургону, як бы ратунак быў для нас у фургоне. Потым я агледзеўся, што пехацінца з намі няма: ён ляжаў адзаду. Зараз выскачылі фургону санітары, схапілі бяз усякага жалю самлелага старшага і ўкінулі яго ў фургон. „І той варушыцца!“ — крыкнуў адзін санітар таварышу і пабег па пехацінца, схапіў яго пад рукі адзаду і, задам бягучы да фургону, прывалок і яго, яго ўкінулі ў фургон. Фурман адрэзаў раменьне на забітым кані, сеў верхам на другога, засморгаў рукамі й нагамі — і вялізны фургон на адным кані шалёна паскакаў ад мяне па полі. А я кінуў туды вокам і пабег назад — колькі меў сілы…

Я бег і перакідаў з рукі ў руку шашку і левальвэр старшага, каб здаць іх, прытаміўся. Аж недалёчка ад батарэі, у глыбокім раўку, убачыў батарэйнага трубача, з трубою з кутасамі на плячы, якую ён заўсягды насіў пры сабе, але ні разу, ад самага лагеру, ня йграў. — „Зайграе адбой, як скончыцца вайна“, — жартавалі часам салдаты. — „Трубач павінен знаходзіцца там, дзе камандзір: чаму ж ён тут хаваецца?“ — прышло мне цяпер у думку. Аднак, я з радасьцю, што не адзін ужо, прысеў ля яго і са смакам зацягнуўся цыгаркаю з яго махоркі. Троху пагадзя, я сказаў яму, што мы-ж павінны зараз ісьці на батарэю… Сам першы я ня йшоў, і яго таксама быццам што прыкавала да зямлі, хоць ён і чуў нейкі сорам і не глядзеў мне ў вочы. Потым ён больш асьмеліўся і супакоіў маё і сваё сумленьне тым, што „усё-роўна мы цяпер там нічога не пасобім, што батарэя прапала, дык нашто дарма лезьці ў пагібель“… Скурыўшы яшчэ па аднэй папіросцы, мы, аднак, неўзабаве пачулі страшэнную нуду, нязносную адзіноту, і радыя прычыне, што адзін знарад трапіў і ў наш равок, сарваліся і пабеглі туды, дзе павінны былі быць з усімі разам. Усё-ж прыкрасьць за тую маладушнасьць так і засталася ў мяне на сэрцы.

Падходзячы да батарэі, я заўважыў, што агонь зрабіўся як-бы лягчэйшы ці, лепей кажучы, выясьніўся і стаў нормальным, прызвычайным. Затое боль сьціснуў мне сэрца, калі я надыйшоў на абрыве рэчкі на два трупы нашых ездавых, са сьцятымі ў руках бізунамі, убачыў разьбітую, перакуленую тэлефонную двуколку, далей — цэлую запражку забітых коні, кіненую знарадную скрынку і раскіданыя гарматныя патроны. Пехацінцы з прыкрыцьця падбіралі патроны і нясьлі на батарэю, а з імі хадзіў наш прапаршчык, латыш Валк, маладзенькі белабрысы хлопец, і прасіў: „Насіце, братцы, насіце!“ Я прылажыў руку да казырка і падурному спытаўся: „Ваша благародзьдзе! А што мне рабіць?“ „Што хочаце“, — бязуважна, заняты сваімі думкамі, адказаў ён. Я ўбачыў, як цяжка слабенькаму пехацінцу несьці патронны латок — бляшанку з чатырмя знарадамі, схапіўся за другую ручку, і панясьлі ўдваіх. Я раней ніколі не насіў і ня ведаў, што яны гэткія цяжкія. Мы насілу перабраліся па кладцы на другі бок рэчкі, ледзьва не зваліліся ў ваду… Але я быў ізноў на батарэі. Агонь, значна было, пацішэў. Батарэйцы пасьпелі, працуючы напераменку, выкапаць равочкі ў пояс чалавека. Успомніўшы на свой абавязак рысаваць плян пазыцыі, я ўзяўся за гэта і разгледзіўся, што нашы перадкі стаяць на адным беразе з батарэяй, ня дужа воддаль ад яе, у зацішнай нізінцы. Камандзір стаяў, як і раней, на адным кінутым тут перадку, з біноклем пры вочах. Раптам ён саскочыў на зямлю і слабым, негім, першы раз чутым мною ад яго голасам, шыбка сказаў капітану: „Антон Антонавіч!.. Бяда з правага боку… Чатыры гарматы стаўце пад простым кутам“… Я быў блізка і пачуў. Словы тыя абпяклі мяне. А камандзір, падхапіўшы полы шынэлі, сам кінуўся да бліжэйшае гарматы і схапіўся за кола разам з усімі. У момант адна палова батарэі страляла, як і дагэтуль, проста к фронту, а другая — у правы бок, пад кутом у 90°. Я ўгледзіўся туды, у правы бок, адкуль мы раніцаю ехалі, а цяпер туды стралялі, і ўбачыў бліжэй як за вярсту калёну коньнікаў. Сьпярша можна было падумаць, што гэта едуць нашы казакі, ажно зараз чатыры нашы гарматы засыпалі іх шрапнэлямі, і яны зьніклі за будынкамі. Гэта была нямецкая кавалерыя, што я ca страхам зразумеў.

Калі яна перастала ляцець на нас, агонь нямецкіх батарэй падужэў (ці так толькі здалося), а што далей, то станавіўся ўсё дужэй і дужэй. Нас засыпала знарадамі, якія ляцелі цяпер ня толькі проста з фронту, але і з правага боку — і аж быццам трошку справа-ззаду. Кулямётныя і вінтовачныя кулі ляцелі міма нас сьляпцом, затое артылерыйскі абстрэл выдаваўся яшчэ страшнейшым. Памятаю: ня столькі дзеля праўдзівае патрэбы, колькі дзеля таго, каб некуды пасунуцца, я пашоў па латкі яшчэ раз. Пад круцейшым беражком шмат ляжала перавязаных раненых — і батарэйцаў і пехацінцаў, санітары ўсё нясьлі і нясьлі новых, на санітараў пакрыкваў наш лысы фэльчар, Лябёдкін, з шапкай набакір і з аблітаю няўмысьля ёдам рукою. Я нёс латок удваіх з нейкім старым-старым, барадатым, пехацінцам. Нёс ня столькі ён, колькі я, ён толькі цягнуўся, учапіўшыся за ручку, але ішлі даволі шчасна. Заставалася нам да гармат — як хлопчык можа дамахнуць шубінаю, аж тут наляцела чародная бура агню. Латок вываліўся з нашых рук. Дзе падзеўся барадаты, я не заўважыў, бо сам кумільгам рынуўся ў арудзійны акопчык. Там поўна прылягло нумароў, і маё прыбыцьце іх ня ўсьцешыла, бо й так ня было там куды дзецца, але — колькі маглі — паціснуліся. Я прымасьціўся з крайчыку, утуліўшы між іх галаву і плечы. Нумары са смуткам шапталіся, што ў некалькіх нашых гарматах зьбіты прыцэлы, у вадней заскапіўся патрон, у другой яшчэ нешта нядобрае, і няма як страляць. І праўда, калі я прыслухаўся, батарэя жудасна маўчала. З правага флангу над самаю нашаю галавою са сьвістам пранасіліся шрапнелі, аднак пераляталі дальш. З фронту-ж гудзелі і па абодвух берагох рэчкі гкрэхалі гранаты. Чаропкі ад гранат і вынішчалі батарэю. — „Калі да начы не забяруць — можа, выберамся жывыя“, — пачуў я размову. У гэты самы час з гукатам і грукатам ударыўся знарад, блізюхтанька, на тым месцы, дзе мы кінулі латок, далей. Балючы момант чаканьня… і пасыпалася камкамі зямля, зазьвінелі меншыя і загудзелі большыя асколкі. Мяне штось дужа стукнула ў правае сьцягно, аж троху падкінула мяне. Я падумаў, што ўдарыла адляцеўшым каменем ці мёрзлым камком зямлі. Шчупнуў рукою, — мокра, зірнуў — кроў?.. І млявасьць пашла па целе, а крануў нагою наўмысьля, каб ведаць, дык адзервянела, як бывае, што заседзіш, і замлее. Я агледзеўся: дзе ж той камень, што так дужа рэзнуў мяне? — „Вольнапісанага раніла!“ — крыкнуў над вухам адзін нумар, якога я ведаў толькі ў твар, а на ймя ня ведаў. Нехта зараз адпароў ад маіх штаноў прышыты асабовы бінток, адшпіліў мне адзежу і туга абкруціў мне ім нагу па голым целе (бруднаватым, што мне чамусь было сорамна!). Я нагінаўся на бок, каб убачыць рану, ды дастаць вокам — і ўзноў мне было сорамна і нібы нейкая крыўда, што ў такое месца трапіла. — „Паўзіце, паўзіце!“ — загадаў узводны, і я папоўз назад, на рэчку, пад бераг. Зрабілася заціш да чароднага залпу, і я ўзьняўся паўзьці, а тады пашоў, цягнучы нагу і папіраючыся з аднаго боку шашкаю, а з другога карабінам. Быў рад, што не забіла і што ранены, паеду з фронту, але мучыўся і корчыўся, нямаведама чаго, болей як трэба, — баяўся, каб яшчэ не забіла, не папсавала шчасьця, дык наўмысьля павялічваў сваю больку нямаведама перад кім, што во глядзі, не чапай ужо мяне. Прапаршчык Валк ішоў міма і спытаўся спагадліва: „Вы ранены?“ — „Няўжо-ж не!!“ — пабеларуску і грубіянскім голасам адказаў я, і гэтак было сказана неспадзявана для мяне самога. Валк і не пачуў ці, можа, не зразумеў, што я сказаў, і пашоў.

Я, мабыць, з гадзіну ляжаў потым пад берагам рэчкі, адзін, зябнучы, і сотню раз, атупеўшы, шаптаў: „Калі гэта скончыцца? Калі гэта скончыцца?“ Кананада ня сьціхала. Гальлё з шумам ляцела ў рэчку, часам шлёпаліся ў ваду кулі. Міма мяне адзін раз прабеглі, прыгнуўшыся і гуськом, пехацінцы; адзін зачапіўся за маю раненую нагу, і я дзіка прахрыпеў нешта ад болю.

Батарэя маўчала… Потым радасна і дзёрзка бухнула першая гармата: заскеплены патрон здолелі выцягнуць. За ёю зараз стрэліла другая… Ой, колькі радасьці! Батарэя жывець, батарэя б‘ецца! Я ня ўлежыў: пасьмялеў і пацягнуўся туды, дзе фэльчар перавязваў раненых. Паўзу… раптоўна батарэя змоўкла ўзноў… Маўчыць злавешча… Кінуўся некуды з усіх ног фэльчар, за ім санітары… Што такое? Страшна… Нейкае нядобрае маўчаньне прашло скрозь па батарэі, — але во батарэя ізноў бухае, толькі патроху, нудна пушчае патрон за патронам. Пляцецца назад фэльчар, зусім бяз шапкі, дужа лысы чалавек. Гляджу: у яго на вачох сьлёзы? — „Вольнапісаны! — панурана кажа ён мне: — камандзір наш… царства нябеснае!“ — і глытнуў, хліпнуўшы, і хрысьціцца дробнымі крыжыкамі, абцірае кулаком у ёдзе рыжыя абвіслыя вусы. Я камянею, зразумеўшы страшную праўду.

Камандзір быў забіт напавал, шрапнельнаю куляю ў лоб, так што прабіла якраз пасяродку зьвёздку на шапцы. Гэта адзначыў мне фэльчар, і я сам падумаў: гэрою — гэройская сьмерць.

Што дзеялася далей на батарэі, я ня ведаю. Мяне павялі на перавязачны пункт двое нашых ездавых. Потым яны перадалі мяне нашаму тэлефоністу Пашыну і аднаму лёгка раненаму пехацінцу. Перавязачнага пункту мы не знашлі і зблудзілі з дарогі. Надхадзіла ноч. Пашын страшэнна мацярыўся, лаяў усе перавязачныя пункты на сьвеце, і я цяпер ня меў нялюбасьці да яго кастраміцкай натуры. Ён не хацеў, каб аб ім падумалі, што ён наўмысьля ўчапіўся ў раненага, каб ня быць пад агнём на батарэі, але кінуць мяне ня меў духу. Пехацінец — гатоў быў весьці мяне хоць да Вільні, каб толькі далей адгэтуль, і ён доўга разважаў аб богу і аб „вялікім граху нашым — мацернай лайбе“. — „Наша матка — зямля, а мы яе так зьневажаем, вось бог і карае нас“.

Была ноч, калі мы ўзьбіліся на вялікую дарогу. Неба над намі — цямнява-сіняе, з зоркамі, паветра ядранае, і хацелася слухаць, успамінаючы ноч і цішу ў родным полі, у спакойным часе. Але, калі я слухаў, мне здавалася, што фронт выцягнуўся дугою, і нямецкія знарады бомкаюць гдзесь за Вержбаловым, а ляцяць якраз над намі, толькі высока-высока ў небе. Доўга і звонка, ясна, аж прыгожа, як лацяць… Але, ць! Сорам за такое хараство і любаваньне. А галоўнае-ткі — страх…

Пашын далей ня мог… Пасадзіў мяне на краі канавы, пацалаваўся са мною і вярнуўся шукаць батарэю.

Мы сядзелі з пехацінцам удваіх, бо я ня мог ісьці і абпіраючыся на яго, і чамусьці ўвесь час чакалі палону. Ён сам баяўся і мяне страшыў, хоць і маўчаў, гэты незнаёмы, няведамы мне чалавек. Баяліся кожнага руху навакол, баяліся цемні — і рады былі, што цёмна. Мне стала сьцюдзёна, часам я ўжо троху калаціўся, і ой як брыдка было, што сядзім… ні туды, ні сюды. Каб толькі ён мяне ня кінуў! Аж вось пачулі, што нехта едзець, і пехацінец пацягнуў мяне ўбок, ад дарогі на ральлю. Затоіўшы дыханьне, слухалі… Гоман расійскі. Пехацінец крыкнуў! „Братцы! стойце!!.“ — і пашоў на дарогу. Гэта ехалі два казакі. Параіўшыся міжсобку, яны зрабілі так: адзін застаўся пры нас, а другі паскакаў на той, недалёчкі адгэтуль хутар, адкуль яны ехалі. Ён вярнуўся з нейкаю дашчатаю, для пакаваньня, скрынкаю, паставіўшы яе на раскатнік на двух колах і прычапіўшы неяк той раскатнік да свайго казацкага каня. Мяне пасадзілі ў скрынку і, падтрымліваючы скрынку з двух бакоў, павязьлі на хутар, што быў далей, наперад на дарозе.

На хутары казакі засеклі шашкаю і зварылі не абсмаліўшы добрае завадзкое парася, такое белацелае, тлустае. У склепе натрапілі на пляшку наліўкі. Толькі я ўжо ня мог ні піць ні есьці… Аж нялюба мне было. Потым, калі я ўжо драмаў, слухаючы хваравітае, мляўкае дрыжэньне ў сваім целе, адзін казак, а каторы — я іх ня мог разрозьніць, стукаў усё ды стукаў па ўсіх кутох, ламаў замкі, знашоў рознае судзіньне і між іншым старэнькі мікроскоп. Я чуў, як яны казакі і пехацінец, гаманілі, што гэта, мусіць, нейкая шпягоўская прылада. Не пашкадавалі, узбудзілі мяне, каб паказаць мне, бо я ўчоны. Калі я сказаў, што яно такое, казак, які знашоў, спытаўся, ці дарагая штука, і шчыра ўсьцешыўся, што дарагая. І клапатліва шкадаваў, чаму я ня вып‘ю налівачкі для здароўя. А я толькі чуў, што мне дужа няладна…

Выехалі адтуль да сьвету. Цяпер пасадзілі мяне верхам, у казацкае сядло, таго казака, што ўзяў мікроскоп. Ён ішоў і вёў каня. Быў добры са мною нязвычайна, але мне дужа балела, і трасца калаціла…

Навакол там і там гарэлі хутары, асьвятляючы нашы, людзкія з конскімі, постаці. А дарога была зусім пустая, толькі гдзесь па другой дарозе грукатала, адступаючы, расійская батарэя ці, можа, абоз; часам бліскаў нямецкі пражэктар і каротка стракатаў наш ці ня наш кулямёт. А мы ўсё паціху сунуліся.

Казакі прывязьлі мяне ў палявы шпіталь суседняе з нашаю дывізіі, далёка ўлева, што мяне дужа зьдзівіла, як мы маглі сюды трапіць, калі ўсё, здаецца, ехалі проста назад. Было вёрст дзесяць ці болей улева ад тэй дарогі, па якой наступала наша батарэя.

XXXIII

Ураньні к хаце, у якой месьціўся палявы шпіталь, падагналі шмат убогіх сялянскіх фурманак. Палажылі ў іх цяжка раненых, па два чалавекі на фурманку, пакрылі тонкімі і старэнькімі шэрымі салдацкімі коўдрамі, — толькі белыя твары глядзелі на неба ды бялеліся бінты ў раненых у галаву. Лёгка раненых — шэрую салдацкую грамаду з белымі перавязкамі, найчасьцей на руках, пусьцілі пеша, разам з санітарамі. І так паехалі. І так пашлі й паехалі на станцыю Вількавышкі, за трыццаць вёрст.

Надвор‘е было добрае: хоць і халоднае, як заўсёды ў кастрычніку, але сухое.

„Каб толькі не пашоў у дарозе дождж“, думаў я, „ну, але-ж да вечару, пэўна, пастаіць пагода, а мы пасьпеем даехаць“.

Я быў здаволены; я быў рады ехаць на сьвежым паветры і глядзець, лежучы, на шэрае неба.

Аднак, зрабілася неўзабаве троху прыкра, што едуць нязвычайна марудна, ня болей вярсты ў гадзіну. Часта спыняліся, здымалі некага, перакладалі ці што. І гэта было яшчэ болей прыкра, хоць тады не трасло.

Фурманкі былі дужа дрогкія, падсьцеленае сена зараз зьлежалася, а дарога рабілася чым далей, тым усё горш, камяністая і няроўная…

Сьпярша я крапіўся, абпіраўся рукамі, сьціскаў зубы, жывот і ўсё цела. Потым мімаволі стаў траціць цярплівасьць і лагодны настрой. Скрозь сьціснутыя ад болю зубы стаў крычэць, калі дужа падкідала на каменьнях:

— Цішэй, цішэй!.. Стойце-ж, стойце! Замучыце!

Назе было дужа больна, і так трасло і падкідала на кожным камені і на кожнай сухой калюзе.

Абоз расьцягнуўся на поўвярсты ці болей. То тая, то тая хурманка спынялася. аставалася, даганяла пярэднюю, калі тая спынялася. І я чуў і сьпераду і ззаду на фурманках стагнаньні, злоснае бурчэньне, жальбу. Толькі санітары і лёгка раненыя вясёла йшлі побач ці ззаду, абганялі, аставаліся, курылі і гаманілі, навет нешта вясёлае казалі і сьмяяліся.

Мой сусед, што ляжаў побач, з левага боку, нейкі пехацінец, спачатку дужа стагнаў, потым зрабіўся цішэй і, нарэшце, зусім сьціх. Я з страхам падумаў, ці не памрэць ён ужо, лежучы з ім тут на аднэй фурманцы.

Калі ня дужа трасло, я думаў, што такое боль, чаму яго няможна ўявіць, калі перастае балець, і чаму ён ёсьць ува ўсіх жывых істот. Што такое боль? Раздражненьне нэрваў — і ён ёсьць як бы толькі ў думках таго, каму баліць. Можа і ў дрэва ён ёсьць, калі дрэва сякуць сякераю, толькі мы гэтага ня ведаем.

Я кляў вайну, кляў благую мэдыцынскую помач, горка думаў, што мэдыцынская навука яшчэ дужа слабая навука, хоць і пішуць у газэтах і журналах аб розных нязвычайных опэрацыях, быццам і ў сэрцы могуць нешта вычысьціць, разрэзаць, зашыць — і вылечыць. Я кляў усе дрогкія фурманкі ў сьвеце, горка думаючы, як проста зрабіць селяніну нешта лепшае, не такое дрогкае, і дзе ж гэта зробяць някруткія, бесталковыя жмогусы-хурманшчыкі.

Мне балела цяпер, калі і не трасло. Да нагі няможна было дакрануцца, няможна было ані колькі яе павярнуць. А здаровая нага зябла, і ўсяму мне рабілася брыдка-сьцюдзёна.

Я думаў, колькі ўжо гадзін мы едзем. Можа, дзьве? Можа, чатыры?

Сусед паварушыўся і папрасіў курыць. Жмогус ня чуў, і я няласкава крыкнуў яму ў сьпіну: „Стой! Стой-жа ты!“.

Дзед-жмогус пачуў, нічога не сказаў і спыніў каня. Тады паглядзеў цераз плячо, а тады фурманкі.

Ён курыць просіць…

Дзед-жмогус, з сівенькаю няголенаю шчацінаю на твары, дастаў капшук, скруціў дзьве цыгаркі, закурыў сьпярша адну, потым другую і даў закураную ўжо. Той узяў яе слабою рукою і панёс ў вусны.

— Калі ласка, і мне скруціце, — папрасіў я да сарому капрысным, хворым голасам.

Дзед, нічога ня кажучы, скруціў і мне, я ўзяў і прыкурыў ад яго папяроскі сам. Паехалі, курачы, але той ня многа курыў і кінуў недакураную. Праехалі яшчэ трошку, і я ўбачыў, што ён пераксьціўся белаю рукою, нямытаю з таго часу, як ранілі, з гразёю між пальцаў. Я глядзеў на яго з нявераю: ці ён даедзе і не памрэць у дарозе, ці ён і дужа слабы? Дзед часьцей аглядаўся на яго.

— Пастойце… Пастойце… — ізноў папрасіў.

Дзед спыніў фурманку, а я кінуў папяроску ў поле.

— Паміраю, братцы… — сказаў, і горкая грымаса зьявілася на сінім, худым, валасатым твары.

Я нахмурыўся на яго і з жалем і з прыкрасьцю, што ён так кажа.

А дзед-жмогус глядзеў спагадна, але ня дужа трывожна, як пабочны добры чалавек.

— Даруй мне, браце! — сказаў той, скасіўшы вочы да мяне.

— Бог даруе… — прашаптаў я без ахвоты тое, што зазвычаена казаць, калі так просяць перад споведзьдзю або перад сьмерцю. Мяне цікавіла глядзець на сіні твар, і ён лічыў патрэбным усё-ж адвесьці вочы.

— Даруй мне, дзед! — зьвярнуўся вачмі і да жмогуса.

— Бок даруйт… — прашамкаў жмогус, і паплыла сьляза па яго маршчыне на няголеную шчэць, аж я зьдзівіўся.

— Санітары! хадзіце сюды, санітары! — крыкнуў я раптам і голасна і ўзьняў галаву.

А іх трэба чакаць яшчэ.

Падышоў адзін, падышоў другі з насілкамі, зусім не хапаліся, паглядзелі, ці варта здымаць, а тады зьнялі, палажылі на насілкі і панясьлі назад, дзе йшла лазарэтная лінейка, палатняная буда з чырвонымі крыжамі па бакох.

Дзед-жмогус узяў у рукі лейцы і ўзноў сеў сьпераду, а на вольнае месца паказалі санітары лёгка раненаму, і той сеў, з прыемнасьцю пасьля хацьбы — барадаты, рыжы здаровы салдат, толькі рука падвязана і на канцы забінтована, што як падушка.

Я адвярнуўся ад яго і маўчаў. Боль прытупеў, было ўсё роўна, як баліць. Заплюшчыў вочы, бо рэзала вочы сьвятло з высокага шэрага неба. Здавалася, што гэта брат вязець мяне ў школу, нага мерзьне, і брат сеў на яе, каб сагрэць. Патроху разьлівалася цяпло па ўсім целе.

І было добра, толькі ўсё змагаўся з нейкімі перашкодамі, ніяк ня мог мець поўнае ўдачы, каб было зусім добра, некуды ехаў і ня мог даехаць, бачыў, што матцы не падабаецца, але яна толькі маўчыць, а я і не хацеў таго, ды калі-ж так вышла… То лягчэла, я бачыў перад сабою неба, вечар, ўзноў горшала, і я не хацеў глядзець. Пакорна чакаў, хоць і марудна цягнулася падарожа, няпрыемна было так доўга чакаць. На ўхабах кідала, баяўся вываліцца — і спамінаў, што я ранены, што мне сьніцца, нага ные болем, і лепей спаць, каб не чакаць, калі ўжо-ткі прыедуць на станцыю.

Прахапіўся я ў чорнай цямноце. Ha твар сыпаліся дробныя капачкі дажджу. Ня толькі млела цела, а страшэнны холад забраўся пад коўдру, скрозь па ўсёй сьпіне было сьцюдзёна.

Транспарт стаяў у нейкай вялікай вёсцы ці ў мясьцечку. З левага боку ад фурманкі было сьвятло ў вялікіх вокнах, сьпераду таксама сьвяціліся далёкія вакенцы, а то ўсё было чорна.

Нікога блізка ня было, далей недзе гаманілі, і конь порскнуў там. Нехта пашоў на ганак, у гэтую хату з асьветленымі вокнамі, але не адгукнуўся мне.

Я гукаў, прасіў, стагнаў, каб мяне ўзялі ў хату пагрэцца, бо мяне трасло, як асіну ветрам-холадам.

Ніхто ня чуў, транспарт стаяў, ішоў дождж, было цёмна… Гдзесь далёка і глуха, як ліхая і мінулая здань, пачуліся гарматныя стрэлы, а можа толькі здалося?

Я ня помніў і ня ведаў, якім дзівам зьлез з фурманкі, узабраўся на высокі ганак, прапоўз у цёмныя сенцы і адчыніў дзьверы ў цёплую і сьветлую кухню. Там гарэлі дровы ў пліце, ляжалі на падлозе салдаты, і я лёг з імі. І хацеў бы ляжаць так вечна, каб толькі транспрат не пашоў без мяне…

А калі неяк дужа скора прыехалі на станцыю, і на яве засьвяціліся агні, сінія і жоўтыя, і крыкнула машына, я дзівіўся і ня цяміў, быў сапраўды ў кухні ці не, і хто мяне адтуль пасадзіў ізноў на фурманку. Тут дожджык ішоў парадачны, i так хацелася скарэй быць у вагоне-цяплушцы, дзе суха, цёпла, гладка на нарах і дзе так даўно-даўно я ня быў. І калі машына ізноў крыкнула, і прашумеў міма паравоз, — радасьць ахапіла. Нарэшце, адсунуліся дзьверы, з сьвятла ў цямноту паказалася ў белым халатоне міласэрная сястра, падышлі санітары з ліхтаром і з насілкамі. Зьнялі, палажылі, падалі ў вагон. Троху таўханулі, і болем рэзнула ў пазе, але што-ж: некалі ім, колькі яшчэ там чакае на фурманках. І сорамна трошку, што так шмат са мною клопату, але-ж заслужыў. Толькі пашто, пашто ўсё гэта? Колькі дарма траціцца часу, сіл, грошы! Ня трэба вайны…

Якая радасьць ляжаць у цёплым вагоне! Мяне паклалі на верхнія нары, ля сьценкі, як на палаці ў хаце, і было чуваць, як па крышы вагона барабаніць дождж.

Тут ужо ляжала чалавек дзесяць. Сястра была не маладая і ня дужа прыгожая, але ласкавая. Два санітары — апалчэнцы.

Разьдзелі, накрылі, далі гарбаты ў белым кубку і цьвёрды кухан. Так хацелася і ня елася…

Прыемна пацягнуцца і заснуць. А цягнік пойдзе — і закалыша… Канец мучэньню,

XXXIV

Нага сагнута дугою, няможна ёю крануць, каб страшэнна не забалела. Пісаць забараняюць. Дый рукі ня слухаюць. Нудна ляжаць у шпіталі, хоць і добра пасьля пазыцыі.

Вечная памяць нашаму слаўнаму камандзіру-гэрою. А хто-ж то цяпер камандуе батарэяй? Мусіць, капітан Сьмірноў.

Так было першыя дні ў шпіталі.

А потым — божа, як не хацелася паміраць! Чаму ад мяне хавалі, што могуць адрэзаць нагу? Што такое — глыбокая флеімона? Дагэтуль жа ўсё было добра. Чаму цяпер так скача тэмпэратура?

І сорам — гэты вечар перад апэрацыяй… Дзікі боль і дзікі плач, і крыкі дзяціныя, няшчырыя, хваравітыя:

— Дайце мне цыаністага калі. Я не магу так мучыцца! Я не магу! Я не хачу! Ратуйце!

І сьлёзы пад нацягненаю на голаў коўдраю. Далі не цыаністага калі, а брому. Потым старшая сястра ласкава сароміла: „Эх вы інтэлігенты!“ Праўда, сорам: мог-бы болей быць цярплівым.

І апэрацыя… Страшна. Будуць рабіць пад хлораформам. А што, як сэрца ня вытрымае? Слухаюць — адзін доктар, другі доктар… Чаго яны маўкліва перакідаюцца вачмі? Сястрыца бразгае апэрацыйным начыньнем, раскладае нейкія бліскучыя ножычкі і ўсякія штукі. І яна-ж нэрвуецца… дура!

Голы ляжаў на стале, у ваднэй кашулі, без нагавіц. Тут сораму няма. Але ўсё ж брыдка… Сястра маладзенькая, харошая…

Паклалі на твар сетачку, запахла хлораформам, і ўзяла цікавасьць, як гэта наступае той сон.

Мне здалося, што я апускаюся некуды, апускаюся, паляцеў…

— Лічыце да поўсотні, — кажа стары доктар.

— Адзін, два, тры, чатыры, пяць…

І лічыў, і лічыў: пятнаццаць… дваццаць… трыццаць… трыццаць адзін, трыццаць два… І думаў: „Вось, можа, і не засну… Яшчэ будзе клопат“… Толькі цела некуды ўсё глыбей і лягчэй ляціць, ляціць, ляціць… Прыемны і хваравіты лёгкі туман засьцілае думкі… Уніз, уніз, уніз… Сорак два, сорак тры… Шэптам: сорак ча-ты-ры… Ледзьва чуваць: сорак… пяць… Канец.

Няма прытомнасьці. Налічыў да 45 — і памёр. Так, мусіць, і паміраюць людзі, з такой-жа паступовай утратаю прытомнасьці.

Калі цела рэзалі вострымі нажамі, калі перабіралі шчыпчыкамі жылы, калі скрозь дзірачкі ў жывым мясе працягвалі дрэнажныя трубачкі, калі забівалі ў раны тугія тампоны, — мычэў і сьціхаў. І слухалі часта сэрца: ці б‘ецца?

Потым белага, бяскрывянога, але жывога, завезьлі ў палату і палажылі на старое месца. Было мляўка, нудзіла, — і лёгка-прыемна. Апэрацыю зрабілі.

— А дзе-ж тая куля? Дасталі?

— Маўчыце, не размаўляйце! Пасьля!

І дзень за днём.

Я ляпшаю. Я дужэю. Салодкая пакута на сэрцы і ўва ўсім целе.

Прыходзяць нейкія дамы-дабрадзейкі. Прыносяць гасьцінцаў: яблычка, цукерачку, эвангельле. Не, дайце газэту! Сумна ў газэтах. Дзе ты цяпер, дарагая батарэя? Дзе вы, мілыя таварышы? Ня тут, ня тут, ня з гэтымі дамамі-дабрадзейкамі і сястрыцамі мая душа, а там, там, у акопах. І мімаволі выступаюць сьлёзы. Трэба схавацца з гэтымі сьлязьмі. Тут, спаміж гэтых ваяўніча-настроеных жыхароў тылу, ніхто ня можа ўявіць сабе, што перажывае батарэя. Яны пытаюцца й пытаюцца, як там нашым бедненькім салдацікам у вакопах, але брыдка гаварыць з імі пра гэта. Адчапіцеся, адчапіцеся!

З дому пішуць: трывожацца, тата хоча прыехаць у шпіталь, Іван даўно не падае вестак аб сабе, як яго забралі і многіх забралі, многіх, многіх, рады, што апэрацыя мінулася, чакаюць дамоў, на каляды… Ых!

Тэмпэратура дагэтуль скача. Доктар клапатліва і нездаволена аглядае кожны дзень. Нешта ня так зрабілі? Асколку ў назе не знашлі, а дзе-ж ён мог падзецца? Ня вылез-жа сам?

Я капрысны, дрэнны хворы, але-што-ж я вінаваты, калі гэткі час ляжу плажам і на 19-ты дзень па апэрацыі ледзьва-ледзьва магу крануць нагою?

А гэтыя страшныя мукі на перавязках, калі мне ў жывым мясе працягваюць дрэнажныя трубачкі… Ых!

XXXVI

Палата невялікая, і ўсе ў ёй цяжка раненыя. Якраз супроць мяне — Саксан, цяжка ранены салдат-немец з Саратаўскае губэрні.

Саксан усіх ненавідзіць, і пасьцелю сабе слаць дазваляе толькі няні ці той сястрыцы, што пісала лісты да яго родных пад яго дыктоўку. І што яму перасьцілаць і што яму падкладаць павятраныя пузыры, калі ў яго пролежань на пролежні, і гніець у яго мяса, дух цяжкі, аж дыханьне сьцінае, і толькі падскуранымі ўпырсківаньнямі, морфіем трымаецца чалавек… Ён памрэць. І ўжо перасталі шкадаваць яму морфію, і даюць, абы ён маўчаў.

А ён часта не маўчыць, і як прыдуць да яго, ён крычыць:

— Уцякайце ад мяне, ато як схаплю стул, дык усіх вас біць пачну…

Паміраў ён начою, у канцы лістападу. Гукнуў няню. І яна прышла.

— Што вам? — пытаецца, а сама баіцца, бачыць, што мітусяцца ў яго вочы.

— Прашчай! Хрыпла і няласкава шэпча Саксан: — Я папрашчацца гукнуў… — і падаець няні руку з адных касьцей.

— Ня трэба рукі, — хрыпла шэпча й няня, а сама баіцца ўзяць. — Што вы выдумалі, вы яшчэ будзеце жыць.

— Не, не мані… — і дастаець з-пад падушкі два срэбраныя рублі.

— Ня трэба мне… Нашто вы мне даіцё?!

— Ня дуры, няня… бяры. Дай піць…

— Ну, схаваю, але аддам, як устанеце на ногі.

— І падае вады. Налівае з графіна, і графін барабаніць аб шклянку, трасуцца яе рукі.

Я гляджу і думаю: „І нашто яно гэта? І што-ж гэта такое? Жыў чалавек — і памірае. Проста ўсё. І няма нічога вышэйшага… І вечная загадка… А я вось папраўляюся, буду яшчэ жыць“. І сорамна мне. І чую: хляхоча вада ў Саксанавым горле, — памірае. Ы!

XXXVII

І так дзень за днём…

Прыходзіць няня, пачынае гаманіць. А на ложку, дзе быў Саксан, цяпер ляжыць хворы на грудзі, надоечы прывезьлі з аўстрыйскага фронту.

Няня спамінае Саксана, спамінае два рублі, што даў ёй перад сьмерцю.

— Як даў, скора і памёр. А перад тым сабака на вуліцы выў. Саксан ведаў, што памрэць. Бывала, прынясуць яму падушачкі дыхаць, дык ён як кінець: „Што вы мне даіцё іх? Усё роўна я памру“… Усе яго дужа жалавалі. І ўсе сёстры дужа плакалі.

— У старога доктара рука цяжкая, — паніжаным голасам прызнаецца няня. — Пасьля яго апэрацыі то найболей паміраюць. А ў чорнага рука лягчэйшая.

— Мяне рэзаў чорны, а чаму-ж няма папраўкі?

Няня сьмяецца.

— Цераз месяц скакаць на йгрышчы будзеце. Уся ваша хвароба ад думак. Меней думайце.

Потым уздыхае.

— Усяк бывае… Я тут ужо многа чаго нагледзілася. Адзін надоячы на вуліцы памёр, як разгружалі з вагонаў. Другога прынясьлі да нас, пажыў мінуты тры, папрасіўся на басон і на басоне сканаў. Я басон дзяржала, — аж страх… Адзін во тут, побач з вашым ложкам, ляжаў. Рука ў яго. Як прысталі, як прысталі: у вас будзе антонаў агонь, ніяк няможна, мы вам адрэжам. І ўмовілі. Памёр пад нажом.

Прыходзіць сястра і далікатна высылаець гаманлівую няню з нашай палаты ў „лёгкую“.


І так ідзець дзень за днём, ноч за ночай. Нага сагнута дугою, і я ўсё яшчэ не магу ёю крануць без страшэннага болю.

Пісаць забараняюць дый рукі ня слухаюць.

Прыяжджаў з батарэі і быў у мяне падпрапаршчык С. Камандуе цяпер капітан Сьмірноў. Вечная памяць нашаму слаўнаму камандзіру-гэрою.

Па загаду капітана Сьмірнова ўсе мае запісы мне з батарэі высланы. Дзякуй яму. Прывёз падпрапаршчык С.

С. мне з радасьцю і шчыра пахваліўся, што заходзіў да жонкі аднаго свайго прыяцеля, таксама падпрапаршчыка, які цяпер на вайне. Яна дужа добра прыняла яго, частавала, гарбатаю паіла, прасіла, каб болей казаў пра мужа, пра вайну — і з вялікае ласкі запрасіла яго начаваць у яе і спала з ім, усё гамонячы. — Слаўная жанчына! На рэдкасьць! — казаў С. І мне гэта ня было прыкра, і навет падабалася.

Кожную ноч сьняцца сны, што я ў батарэі, што нас абстрэльваюць, канец, канец… — Тра-та тах! — над галавою. Кідаюся ў акопчык. Чую: па сьпіне, па назе сыплюцца палючыя, дробненькія ўдары куль. — „Раніла! — Ці ня ў жывот? Можа, я ўжо паміраю?“… І прачынаюся ў страсе.


Сьмяротная нуда… Сястра спыталася ў мяне: ці хачу я вярнуцца на пазыцыю? Ад гэтых разумных сёстраў жыцьця няма. Здаецца, у газэтах, праклятая, піша. Ваяўніча настроена… Ну, йдзі сама, ваюй.

А ў другой палаце гаманлівая няня распусьціла язык аб некім: „Памрэць… Няма што гаварыць. У гарачую ваду доктар пасадзіў“.


Суседу майму сяньня рабілі апэрацыю: адрэзалі руку. Усю ноч не даваў спаць, а перад тым ляжаў цэлы дзень, як мёртвы. А цяпер: — „Братцы!.. За родзіну!.. Асьцярожна!.. Кінем ранцы!.. Камандзір палка… братцы!..“

І як ён крычыць, і мне сьніцца: страшны грукат ад разрыву знарадаў. Кулі сыплюцца ў нагу, як іголкамі хто колець…

Потым сьніў хворую маму. Прачнуўшыся, ня мог удзержыцца ад сьлёз.


Дзесяткі раз сьняцца белыя гнілыя яйцы, зялёныя дулькі, чырвона-чорныя сьліўкі. Рана яшчэ гнаіцца.


Езьдзіў з сястрыцаю ў рэнтгенаўскі габінэт. Сьвежае марознае паветра ахмяліла мяне.

Людзі бягуць і едуць па вуліцы, там гдзесь пяюць, іграюць, спраўляюць каляды. Трудна тут прадставіць батарэйнае жыцьцё.

Мой аўчынны кажушок такі брудны і, галоўнае, страшна сьмярдзючы.

Мяне адпускаюць дамоў! Далоў нуду! Хай красуе жыцьцё!

Не… нудна. Рана ня гоіцца, асколак сядзіць у назе, а я мушу сядзець у шпіталі… Праклятая вайна.

XXXVIII

Пяты месяц вайны. Людзкі статак не пасьпеў яшчэ ацьверазець ад патрыятычнага чаду, і шыкарныя N-скія фабрыканціхі і самавітыя купчыхі навыперадкі бавяцца ў добрадзейнасьць. Частуюць „бедных салдацікаў“ гасьцінцамі з сваіх уласных фабрык і пытаюцца ў іх аб вайне. З асабліваю прыемнасьцю слухаюць пераказы аб штыхавых баёх. Малапісьменным і бязрукім пішуць лісты. З далікатнаю на выгляд пакораю адукаванага чалавека сьпісуюць яны салдацкімі паклонамі ажно чатыры старонкі…

Ціха і супакойна ў палатах перад самым вечарам, — такім часам, калі з мутнага зімовага надвор'я паўзець ужо скрозь падвойныя рамы нявідны сумны зрок.

Раненыя сьпяць або ляжаць бязмоўна ў думах. Прыгожая пустэча ахінае чалавека.

Але паляць электрычнасьць, і зьнікае панурая цямнота, і ў сьветласьці ажываюць гукі. У салі — галасы, і навет сьмех, і размова аб калядных падарунках.

Зялёная пахучая хвойка ад самага раньня стаіць у салі, ды яе не прыбіраюць, бо яна ня ёсьць дазволена, хоць і ня ёсьць забаронена нейкім цыркулярам духоўнага ведамства, як звычай, пераняты ад немцаў.

Сёстры бегаюць з кісетамі, падобнымі да тых, што ў іх носяць мужыкі табаку і прылады курыць: крэсіва, смолку і трут. Кісеты сьцягнуты шнуркамі, у іх уторкнуты невялічкія хваёвыя лапкі, і бакі вабліва расьпіраюцца.

Як толькі я выкалдыбаў на сваіх трох скрыпучых кастылех з палаты ў салю, дык і мне сястрычка Пудра паднесла кісецік. І я браў яго, аглядаючы фальшыва-бязуважна, а з праўдзіваю цікавасьцю да таго, што ў ім ёсьць, і дзякаваў для прылікі.

Пакруціўшыся ў салі, я незабавам закульгаў у сваю блізу пустую пасьля апошняй эвакуацыі палату.

І сеў сабе на сваё ложка, хоць і балела троху нага, калі сядзеў. І адчыніў кісет. На версе ляжала кніжачка запісваць, а ніжэй — яблык, салодкія асушачкі, цукеркі і гарэхі.

Як заядлы смакунец, зараз узяўся есьці. Еў-еў, і ўсё карціла есьці. І думаў: „У мяне такая благая натура, што як бачу ля сябе салодкае, дык ніяк ня ўцерплю, пакуль ня зьем усяго-чыста“.

І так праходзіў той дурны сьвяточны вечар: у пустых размовах і ў паяданьні салодкага і запіваньні вадою.

А потым балеў жывот. І я аддаўся сумным разважаньням, што ня кожны можа дастаць сяньня кісет такі, як гэты, што на пазыцыях сьцюдзёна, што край наш бедны, край наш цёмны — хвойнік, мох ды верасок, што ў гэту проклятую нешчасьлівую гадзіну заліт ён скрозь сьлязьмі, спавіт галечай, абязьвечан, абяздолен.

Я думаў аб сваіх братох-сялянах.

— Што вы гэтак засмуціліся? — спыталася сястрыца Пудра, і той жа час пачырванела і ў дол утупіла свае вочкі, вочкі, абпушаныя стральчастымі расьніцамі.

Яна сантымэнтальная і часта чырванее, і часта абпраўляе сваю белую намітачку, і, мусіць, хоча замуж.

— Ня кожны можа дастаць сяньня кісет, а на пазыцыях сьцюдзёна, — адказаў я і зморшчыўся і скорчыўся ад болю ў жываце.

— Так… вайна, вайна… жах, — уздыхала і сястрыца Пудра, а я няўважна слухаў, бо ўсё чакаў і думаў, калі ўжо яна выйдзе з гэтае палаты палаты ў якую другую, а я таксама выйду за патрэбай, каб перастаў балець жывот.

A сястрыца Пудра прыхінулася на ўскрайчык майго ложка, паглядзела на мяне сьмяшлівенька-прычэпліва, гуляючы са мною вочкамі, і паважна заўважыла:

— Вы павінны цяпер запісаць у гэтай кніжачцы фаміліі ўсіх нашых сёсьцер.

— Ведаеце, кніжачка такая аляганцкая, што неяк шкода яе пэцкаць… — бухнуў, не падумаўшы, ці можна так казаць.

Сястра пакрыўдзілася дужа. І пашла. А ў мяне і ў думцы ня было яе крыўдзіць. Было прыкра за мімавольнае прастацкае слова. „А… сказаў, дык і сказаў!“ Укрыўся коўдраю, падцягнуў пад саменькі жывот здаровую нагу, адвярнуўся ад сьвятла і сьцішыўся.

Выхадзіць — не хацелася ўжо турбацца, пастанавіў, што боль і так пяройдзе, за ноч бруха памякчэе.

На тым і задрамаў, падумаўшы толькі: „А ўсё-ж я дужа яшчэ хворы“.

XXXIX

— Казак! На вайне быў? Кураціну еў?

У вялікую палату, дзе месьцяцца здаравейшыя, хадзячыя, любяць усе схадзіцца з розных палат. Там часта бывае бяседа. Кожны стараецца пераказаць якую-небудзь забаўную гісторыю ці пасьмяшыць усю кампанію якім-небудзь жартам. Там-жа ляжыць адзін дужа тыповы служака, унтэр-афіцэр з трыма георгіеўскімі крыжамі, якія заўсёды прышпілівае на халат, і ходзіць і ляжыць у халаце ад самае раніцы да познага вечара, аж пакуль разьдзявацца нанач. У яго бравы салдацкі выгляд, валасы на галаве каротка абстрыжаныя і сьпераду стаяць ежыкам, а бялявыя вусы — старанна падкручаныя, быццам шыльцы. Як і ўсе такія салдаты. гэрой, між іншым, выстаўляецца перад другімі пехацінцамі сяброўствам з артылерыстамі і сваёй вольнасьцю з казакамі.

Калі ў наш шпіталь прывезьлі маладога панурага казака, віхрастага блёндына з адсечанымі пальцамі на правай руцэ, і калі ён пачаў пасьля апэрацыі хадзіць у вялікую палату гуляць у шашкі, гэрой заўсёды, як толькі пакажацца ў дзьвярох даўгая віхрастая постаць і перад ёю абкручаная белым рука на падвязцы, голасна і тэатральна крычыць яму:

— Казак! На вайне быў? Кураціну еў?

Казак — маўклівы, пануры дзяцюк, і гэтая акалічнасьць трохі асаджвае гэроя назад на ложка. Аднак, усеўшыся як мае быць для даўжэйшае размовы і паправіўшы аднэй рукой халат свой і крыжы (другая па локаць адрэзана), ён пачынае столькі гаварыць, што пасьпявае і за сябе й за казака. Розных гісторый для бяседы назьбіраў ён за час вайсковага жыцьця вялікі запас. Праўда, некаторыя, што найболей яму да спадобы, пераказаў ў гэтым шпіталі па колькі ўжо разоў, але ўмее, калі хоча, пацешыць грамаду, сплясьці заўсёды што-што і новае.

— Казак! На вайне быў? Кураціну еў?

З тых слоў пачынае гэрой сваю размову і тады, калі ў гісторыі фігуруюць казакі.

Слухачы цясьней падходзяць да павядача, асабліва апалчэнцы і наагул усякія „маладыя“, „шэрыя“ і „шляпы“, з пачцівасьцю глядзяць на гэроя, а ён, накруціўшы цэлаю рукою свае бялявенькія шыльцы і пазабіяцку крутнуўшы ўгору галавою, кажа сваёю маскоўскаю скарагаворкаю:

— Я бумажки в оба кармана… Казак тоже… — Много-ли? — грит… Сочли: у меня 870, у него тоже… рублей 900.

Быўшы родам з-пад Масквы, чалавек гэты страшэнна брыдка лаіцца, або, як кажуць салдаты, „мацярыцца“.

— Лоўка! Вось гэта лоўка! — пачціва і радасна хваляць яго з грамады, а ўся салдацкая грамада ў такі момант вельмі рагоча.

— Але чаго-ж вы к пану прычапіліся? — чуецца тымчасам у канцы ціхі голас.

Панам маскаль кліча паляка і беларуса, а тут, у пераказе, ім быў нейкі крамнік у глухім польскім мясьцечку.

— Прычапіліся чаго? — паўтарае пытаньне з іроніяй у голасе апавяданьнік.

— Ах, ты, шляпа! — ласкава, для красамоўства лаіць, павярнуўшыся, таго, хто ў яго аб гэтым запытаўся.

— Вядома, шляпа! — ізноў вялікім рогатам стараецца пасьведчыць грамада хворых i раненых салдатаў, што ўсе яны, апроч таго аднаго, ня „шляпы“. І троху сьцішыўшыся, троху сьцішыўшыся, не падбіраючы рассыпаных шашак, ізноў з пільнасьцю глядзяць усе на рот і на бліскучыя, два белых, адзін жоўценькі, крыжы.

Мы і ня думалі чапіцца: пан прычапіўся сам да нас! — павялічыўшы іронію, з большай прыемнасьцю пераказвае ранейшае гэрой. — Нас, знацца, сабралося траёх: два казакі і я. Зашлі ў краму к пану, набралі ўсяго-чыста, чаго толькі хацелі: папірос, асушкаў, чакаляды. — „Ты не плаці, бо ён за ўсіх заплоціць“, — гаворыць мне адзін казак на другога таварыша. А той спачатку ля дзьвярэй стаяў, на вуліцу глядзеў. — „Добра!“ — думаю сабе ды ўсё піхаю ў клумак, абы ўлезла. Падышоў, кінуў той казак на прылавак колькі там капеек… вось тады наш пан завыў!

— Казак! На вайне быў? Кураціну еў? — з вудальлю пытаецца ён ізноў у панурага казака, калі падбіраецца да фіналу гісторыі.

А той маўчыць, толькі для ветласьці ківае прыхільна галавою.

— Пан наш вые, халяруе! А вось адзін казак як схопіць з похвы шаблю, як замахнецца, — прыпёр пана да сьценкі. — „Молчать!“ — грит… — Заняло ў пана духі. Тады яны ўсё ў мех, у мех, у мех. Адзін сабе на плечы, — айда ў сотню. А гэты, што застаўся, як схопіць лом у рукі, як бухне, братка мой, па грашавой касе, аж пыл, аж дым, куды там! Разьбілася каса. — „Не зявай… … …!“ — крычыць мне мой казак. Палічылі: у мяне 870, у яго таксама рублёў 900. Чуем, нехта йдзець. Кінулі, бяжым на вуліцу. Га! — бягуць нам на падмогу… Чорт вас дзяры, лупіце, а з нас даволі! Ціхім трахтам - далей, далей… Дагнаў я сваю часьць. А цераз колькі дзён, слава ці госпадзі, мяне і раніла ў нагу, першы раз. Лячыўся ў Багародзку, выпісаў у шпіталь жану. Пераначавала, грошы аддаў: едзь сабе, галубка, з богам!..

— Лоўка, вось гэта лоўка!

Як каму ручыць…

Усе рагочуць.

XL

Дробны сьнег марудна сыплецца, а я стаю ля пуні і гляджу на сьнег і на ўсё ў задуме.

Яшчэ й месяца няма, як вярнуўся дамоў, і вось ізноў такое звычайнае, нуднае жыцьцё, як быццам ня было ані тых акопаў, ані тэй апэрацыі. Ізноў нудна і няцікава…

Прахапіўся ад задумы, агледзіўся пад белым сьнегавым смуткам і паціху пашоў на вуліцу.

Благі вецер з убогім скогатам цісьнецца скрозь шчэлкі ў надворных будынках. Ціхім мычэньнем жаляцца каровы, цягаючы сувалку з тых шчэлак. І болей — ніякіх гукаў. Бесьперастанку круцяцца дробныя сьняжынкі ў памутнеўшым ад вечару паветры. З-за рогу хаты прэцца гусьцейшая замятуха.

Няма чаго рабіць і няма куды ісьці… „Ну што? Ну куды?“ Узыходжу назад на падворак. Ля павеці ўзяў сякеру, пакруціў у руках і паклаў назад. Буян раптам падхапіўся з належанага месца на санёх, заківаў хвастом і з буйнаю ласкаю скакнуў на грудзі.

— А, ццябе ваўкі!

З усяго маху даў яму высьпяткам пад бруха. Бедны сабака заякатаў каротка і сьціх. Гледзячы на яго, зрабілася сорамна, але не хацеў паддавацца.

— А, ццябе ваўкі… Усьцешыўся!

З сенцаў паказалася маці, прыстоіла ў дзьвярох гукнула:

Ча‘ ты ўсё на сьцюжы калееш? А йшоў-бы ў хату пагрэўся.

— А што табе? Прыду…

І здалося, што і яна паглядзела такімі-ж скрыўджанымі вачмі, як Буян. І яна зараз маўкліва схавалася за дзьвярмі.

Пайду да Самусёвых, дзе зазвычай гуляюць у карты і так зьбіраюцца пасядзець.

Па дарозе разганяю сваю прыкрую злосьць, але ніякай цьвёрдасьці ня маю. Думаю, што злосьць такая таму, што маці стаіць ўваччу няпрыгожая і неахайная, а люблю яе, і шкода, што яна ў такіх растоптаных, калматых лапцёх. І так трэба жыць усё жыцьцё, і мучыцца — няведама на што…

У Самусёвых плавае шызы дым ад махоркі. У застольлі, у жупанох і хто ў шапцы, сядзіць колькі чалавек гульцоў, заняўшыся картамі, а на палу й на лаўках — за грэбнямі бабы. Па нячыстай, зашумечанай зямлі, у холадзе, поўзае галаногі, саплівы, замурзаны хлопчык і бавіцца сваімі цацкамі-паленьнямі.

— Рэдка, рэдка залучаеш да нас, галубок! — вітае з запечку вечна добрая і супакойная Самусіха.

— Хоць-бы зманіў нам што пра вайну, — ласкава пажартаваў і Самусь, запрашаючы бліжэй да столу.

— А то й ня ведаем, як там нашы хлопчыкі ваююцца з проклятым гарманцам.

— Што-ж я вам скажу: вайна, ну і вайна… — стараюся быць ласкавым і звычайным. Прыхінуўся к лаўцы — і ня маю ніякай ахвоты гаманіць пра тое, што так далёка засталося ад мяне, як-бы й ня было ў памяці зусім.

— Ці праўда гэта, кажуць, што яны вочы нашым выкалваюць? — нібы бязуважна, але з пахаванаю трывогаю па мужу, пытаецца Самусёвая нявестка, хоць яе мужык і не на фронце яшчэ, а стаіць дзесь у Сібіры.

— Сам ня бачыў, а бывае ўсяго…

— Так.

— Ат, мала што плятуць бабы! — адгукаецца за картамі Панаська Арцямёнкаў, што заўсёды цэлае лета служыць дзе-небудзь падпаскам ці батраком, прыходзячы да бацькі толькі перад калядамі. І дзіўна мне, калі ён пасьпеў так вырасьці, што й гаворыць ужо, як вялікі.

— Пажджы, пажджы, Панаська! — ківае старою галавою Самусіха. — Пажджы… казалі, што й на цябе рыхтуе пісар абротку.

— Дык што? Нячым я тут буду лаіцца штодня з братаваю ды бульбу есьці нісчымную… Гы! Там два разы на дні ялавічыны салдатам даюць.

Сказаў дзёрзка і адважна, ды неяк пачулася ў голасе, быццам зьбянтэжыўся хлапец, што гэтак гаворыць.

— Пад‘ясі, дзеткі… Ць! бяз ялавічыны, ды на сваёй печы, то лепей, мой ты Панаська.

Але яе словы толькі болей раздражнілі яго.

— Дык што?!

І з злосьцю хлэпнуў, гэткі яшчэ блазьнючок, карцінай. А чые карты, Трахім Цішчанок, бурчыць на яго: „Ну, ты ня дужа… не сваімі“.

— Дык што?! Гаршы ня будзе… Праваліся яна тут наскрозьдоньня свая печ!


Няцікава ў Самусёвых. Выходжу на вуліцу… Зімовая ціша, замятуха, завеяныя, маўклівыя, з замёрзлымі малымі вакенцамі хаткі… Няпрытульнасьць і нуда… А-ах!

І тады ўздумаў на тых, што там, на пазыцыі засталіся яшчэ, калі я паехаў, і вось цяпер, у самы момант, сядзяць у сьцюдзёных ямах, чакаючы з нецярплівасьцю то раніцы, то вечара, то калі прыедзе кухня, то калі прывязуць хлеба. Шкода іх, шкода… Бедныя, любыя!

Але з самага споду душы вылязае тое, што мучыць тут, удаму. Так, думкі іхныя лятуць у гэты момант сюды, пад родныя стрэхі, на сваю цёплую печ, да гэтых шчасьлівых ціхамірных дзён, дзе ёсьць сьвятло й цяпло ў хаце. Лятуць з поля сьмерці, з тых сьцюдзёных ям, з бясконцага няшчасьця дзён. Лятуць… Яны там цяпер толькі й думаюць аб гэтым, болей ні аб чым…

Ну, дык-жа й няхай сядзяць, няхай калеюць… Няхай, няхай…

Зайшоў на двор, узяў пад павецьцю рэзгіны і пайшоў на гумно.

Адтуль, з-пад варот, кінуліся ўгору галубцы. Але, падбегшы, убачыў, што на таку іх некалькі засталося. Вулькаюць, тапыраць ад холаду пер‘іка, перавальваюцца на чырвоненькіх, шызенькіх лапках, дзяўбуць зярняткі, убітыя цапамі ў ток.

Ціханька прасунуўся на ток, узяў ля стараны адну мятлу й другую — і заткнуў дзіркі пад варотамі. Тады падняў лапату, схаваўся за саху і сьвіснуў на іх раптам з усяе сілы, аж задрыжэў.

Пур! пур! пур! — як людзі перад страхам, замяталіся, пакінулі найлепшую яду і ў сьмяротнай тузе кінуліся пад вароты, біліся крылкамі, каб выляцець…

Шубнуў лапатаю ў самы груд — і ўбачыў аднаго з паломаным, абвіслым крылкам. Схапіў яго і сударжна сьціснуў у руцэ. Адчуў, як б‘ецца сэрца і ў галуба і ў самога.

Размахнуўся і з дзікім імпэтам трахнуў яго аб саху галоўкаю, як толькі ножкі яму тут не адарваліся. І брыдліва кінуў, як напханую апілкамі і пакромсаную дзяціную ляльку.

А тады зірнуў на апаскуджаную такім учынкам руку і пашоў накладаць ношку.

Узяўся за вілкі — рабіць струшанку. Рухава й высока падкідаў салому й сена, чуў нейкую лёгкасьць на сэрцы, і запяяў паціху, а што далей, то дужэй:

А ты скрыпка, іграй шыбка,
А ты, дудка, іграй жудка…
Эх, перавозы ціхае маладосьці мае!

Гэтую песьню пяюць у нас карагодам, пяюць прыгожа, і я заўсёды любіў яе. Цяпер пяяў ня ўсю, а толькі гэтую зваротку, і ня столькі зваротку, колькі прыпеў, што можна цягнуць яго, як хочаш доўга і як хочаш у сэрцы.

Эх, перавозы ціхае маладосьці мае!

Зрабіў струшанку, узваліў рэзгіны на плечы, замкнуў гумно і здаволены паплёўся з ношкаю дамоў. Ноч, зімовая, цёмная, даўгая ноч спаўзае на зямлю. Цішэе надвор‘е. Замятуха перастала, і паваліў вялікім і густым хлопам сьнег. Усё пабялела й пачысьцела.

І ў пуні, калі клаў сена пад драбінкі, а конь замінаў сваёю вялікаю конскаю галавою, з прагавітасьцю і смакам хапаючы сена з рук, — не ўзлаваўся на яго. Абшчапіў тую галаву за гладкія санкі і прытуліўся да шыі:

— Канёк мой! Гнядзенькі мой! Усё добра будзе!

А конь хрумстаў сена і трос вушмі.


Калі прыйшоў у хату, сьвятла яшчэ не запалілі. Сам узяўся за лямпу і стаў шукаць серчыкі.

— Ніколі ў вас нічога ня знойдзеш на сваім месцы.

— Яны, здаецца, над чалесьнікам ляжалі, — бароніцца сваім сварліва пакутным голасам нявестка.

— А ты, калі ведаеш дзе, дык узяла-б ды сама запаліла… Шкло во хоць бы трошку пачысьціла.

— Ці яго начысьцішся…

— Каб ты хоць раз яго чысьціла.

Лямпа асьвятліла скнарым сьвятлом хату.

Стол наш высокі і дрэнны, абы-як пакрыты нячыстым абрусом. Зэдлік ківаецца на няроўных ножках. На вакне, дзе пабіта шыба, змокла скомканая старая кохта. На лаўках валяюцца крошкі ад хлеба, дробнае рызьзё і ўсякае шумецьце. На падлозе насьмечана і наліта, валяюцца кійкі, стружкі, дзяціныя цацкі і брудныя ашмёткі, — як дзеці гулялі, так і засталося. На палу — склычаныя і незасланыя пасьцелі. А ўздоўж сьцяны там — усякая адзежа грудам, — навалена, як трапілася. Над дзьвярмі, на калкох, пара хамутоў, каб раменныя гужы на дварэ не замярзалі і не псаваліся; і вісячыя канцы заўсёды б‘юць па шапцы на парозе, як быццам хто наўмысьля іх адкідае. Ад дзяцінае люлькі і з печы, дзе сушацца абмочаныя сяньнікі, цягне цяжкім смуродным духам. Цэбар з памыйкамі, кадушка з лугам, абвязаная маміным хвартуком і абсыпаная залою і попелам, ночвы з мукою і сьвіны жолаб з мякінаю, зялёны, ніколі нячышчаны самавар з пагнутым бокам і бяз ручкі, глёк з дзёгцем, пляшкі з красінам, рэшата ў муцэ, атопак з канцом аборыны… а наліта, ня сьцёрта… Прусы абгрызьлі на сьцяне газэціну, прылепленую мякішкам, вылезьлі і шаволяць вусамі, бегаюць!..

І як кожны вечар, і цяпер мама дастае гаршкі з печы, а тата ўнёс сабе вады у карцы з сянец і, набраўшы ў рот, льлець з роту на рукі, мые перад вячэраю. Нявестка корміць на запечку малога, схіліўшыся абвіслымі голымі грудзьмі, а большыя дзеці скрыпаюць на печы, усадзіўшы лучынінку ў шчэлку ў бэльцы. Забава!

— Выганьце-ж Буяна вон… — кажа мама, калі тата садзіцца за стол.

— Пашэў вэн! — вякнула з запечку нявестка.

Хлебам яго паманіце, — параіў я на злосьць.

— Во, яшчэ хлеба яму даваць, — лагодна пярэчыць мама, хапае чапялу, падсунула яе пад стол і забарабаніла Буяну пад мордаю. А той там сядзіць і вухам не вядзе.

— Пусьці-тка ты, во я яму! — борзьдзенька выхапіў тата чапялу з яе рук. І грозна закрычэў: — Пашэў вэн! Каб ты здох! Во я табе!

Буян яўкнуў ад чапялы, як даў яму тата па баку, з сабачым упудам праскочыў, па-над лаўкаю да зачыненых дзьвярэй і аж запішчэў, паглядаючы на клямку і назад.

Тады тата трошачку прыадчыняе дзьверы i грукае па яго задку чапялою, што бедны Буян раве і комельгам коціцца на двор.

— Ты заб‘еш яго так, — кажа мама на татаву злосьць.

— А глядзець на яго? Спатворылі сабаку, а цяпер шкадуеце, — дрыжача адказвае тата і стараецца супакоіцца, бо аж трасуцца ў яго рукі.

Селі вячэраць.

Усе ядзім з аднае міскі драўлянымі лыжкамі. Тата, укусіўшы хлеба, зьбірае кусанікам і крошачкі на стале (прыціскае кусанік да стальніцы) і падстаўляе пад лыжку, каб ня капала на стол. Дзяцём далёка даставаць, дык яны дужа разьліваюць, льлюць сабе на грудзі, абліваюцца… Брыдка глядзець, як у дзяўчынкі паўзуць саплі, а яна скрозь увесь час чмыхае носам і наводмах сморгае пад ім рукавом кашулёнкі. Яна пялёскаецца ў місцы, выбірае з капусты лепшы грыб. Выцягнула адзін, пакаштавала яго на зубох, пашчупала пальцамі і плёхнула назад у міску.

Трах! — стукнула ёй матка лыжкаю ў лоб…

— Ты-ж еж, калі выцягнула, паскуда!

Дзяўчынка захлібнулася, завыла і паціснулася пад стол.

— Ніяк бяз гвалту не абойдзецца, — кажу скрозь зубы, і зараз пашкадаваў, што сказаў, бо яна пасьля гэтага загаласіла яшчэ дужэй.

Тады нявестка ўзлавалася, што дачка ня сьціхае, вышла з застольля, кінула дзіцёнка ў люльку так, што й той заплакаў, схапіла атопак з аборынаю, выцягнула яе з-пад лаўкі за ручку і больна секанула канцом аборыны. І ўзьняўся звычайны для кожнага абеданьня й вячэраньня плач і крык.

— Сьціхнеш ты ці не?! — крычыць нявестка.

— У-у-у! — румзае малая і ніяк ня сьціхае. Тады матка бярэцца ізноў біць яе.

— Ну дос ужо, дос! — ратуе, нарэшце, унучку баба, калі бачыць, што кары ўжо досыць. — Хадзі-ж ка ты ка мне, мая-ж ты любенькая! Хадзі-ж ты ка мне, мая худзенькая румзачка! Ня плач-жа, ня плач, ато матка ізноў будзе біць… Цыц!

— Не бярыце яе на боскую міласьць! Гэтак чыста паспатворым дзяцей… — з блізкімі сьлязьмі крычыць нявестка.

— А ўжо-ж… я вінавата: я паспатворыла… — і ў голасе мамы досыць прыкрасьці.

Так пачынаецца сварка.

— Калі йшоў на вайну, хай-бы з сабою браў, як мне тутацька… ні разачку… спакою няма…

І нявестка заплакала. Спачатку ўсё ў хаце прыціхла, толькі яна плакала. Але яна потым скляла дзяцей:

— Каб ужо хоць пагібель на іх ад мае галавы…

— Цыц! — узвышае тады голас тата. — Што ты дзяцей клянеш? Яны чым вінаваты?

— А праваліся ён і паёк разам з імі, як за яго мяне грызуць а грызуць.

На дзяцей выдаюць ад казны паёк, па рублю, два і тры рублі ў месяц, але грошы нявестка не аддае ў гаспадарку, і ў гэтым хаваецца прычына сварак.

— Хто цябе грызець і за што? Ці мы сабакі якія, га?

Нічога не адказвае нявестка на татавы словы, каб сваімі моўчкамі яшчэ болей усім дапячы; узяла дзіцёнка, захліпала сьлязьней і палезла на запечак, ня еўшы крупені.

„Так і заўсёды, так і заўсёды“, разважаю я, сёрбаючы пракіслую ўжо крупеню з бобам. „Дзе-ж тут скажаш, каб прыбіралі ў хаце“…

— Я ня буду жыць удаму… Я паеду служыць у горад… неспадзявана для сябе навет самога кажу я, не паднімаючы вачэй, ціха і цьвёрда.

— А ча‘ табе ехаць? Ай заскучаў па гарадзкой жысьці? — адгукаецца тата, вінаватым, але наўмысьля спакойным голасам, як-бы нічога асаблівага было. — Ну, ча‘ табе ехаць? Месяцу яшчэ з намі не пабыў, не адпачыў пасьля раны… — Што-ж, перагародку рабі ў хаце, як казаў… Хто без цябе зробіць? Мы так, як тыя сьвіньні, увесь век у балоце жыць будзем. А ты-ж сьвету пабачыў, табе чысьцей хочацца…

— Згары яна! — само сабою выскачыла з вялікаю злосьцю. — І праўда, жывём пасьвінячаму. Да нас запрасіць нікога няможна, бо сорамна за нашы парадкі.

— Хваліць бога, дагэтуль людзі не абходзілі, а жывём па дастатках, — пакрыўдзіўся i тата. Памаўчаўшы і, голасна сёрбаючы крупеню з самага ўжо дна, ён дадае: — Мы, сынок, не паны і ня жыды, каб кожнаму пад нос талерачку падстаўляць… Мы i з аднае міскі дастанем, абы даваў бог што даставаць…

— А на хваробу мы гадуем дзьвюх кароў, калі абедзьве ялаўкі, як падлы, — крычу я мімаволі. — Дзяцём малака няма!

— А для пагною, сынок! — з наўмыснаю пакораю і цьвёрдасьцю адказвае тата: — А што ялаўкі — бык летась трапіўся маладзенькі зусім…


Потым моляцца на-нач богу і кладуцца спаць.

Тата з размахам ксьціцца і кланяецца, і шэпча то дужэй, то цішэй. Мама горача дробненька мармоча, але ўсё бегаючы, бо й памаліцца ня мае часу. Яна прыпыняецца толькі, каб пераксьціцца, а то — сьцірае з лаўкі, прыстаўляе к ёй зэдлік, як мурашка валачэ сяньнік рабіць мне пасьцелю. Нявестка, супакоеная тэй парою, ксьціць на палу дзяцей, згарнуўшы дробную ручку ў сваю руку.

— Забарані, божухна, тату на вайне…

— Забалані, бозухна, татку на вайне, — паўторвае хлопчык і пытаецца: а ці далёка, мамацка вайна?

— Маліся, а ня пытайся… Усё табе ведаць, малому… Прасі во бога, каб нашы кароўкі малочныя былі.

А мая, мая пытаецца ўмяне здалёк і далікатна:

— Мусіць, ты і ўчора не маліўшыся лёг? Надта-ж неспакойна спаў, марматаў, зюкаў, стагнаў…

Мне-ж ня хочацца нават гаварыць. Яны мяне з такою радасьцю чакалі, а ня прынёс я ім весялосьці ў хату. Так, мала сьмеху ў нашай хаце. І я ў тым нямала вінават… Няхай сабе!

Моўчкі спамінаю свой учорашні сон. Мне так ясна, так выразна сьнілася ўчора, што я на пазыцыі, што немцы наступаюць… Шрапнэлі ірвуцца над нашаю хатаю, тут у нашай вёсцы, і я прытуліўся да надворнае сьценкі, ля якое сплю, і чую, шрапнэль над комінам: „Тра-ах“! Кулі па страсе, па вуліцы: „Пук! пук! пук!“ І ля саменькае сьпіны, і во ў сьпіну, аж горача, горача… Хачу ўцякаць, — нага мёртвая, не скрануць, ніяк не магу ісьці… І думаю: як мне жыць такому, з такою нагою?


Нехта барабаніць у вакно:

— Адчыніце!

— А во… — узьнімае галаву тата. — Хто там? — Падыходзіць ён да вакна.

— Я… ці-ж не пазналі?

— Ці не Сьцяпанька? — спрасонку крычыць мама.

— Ну, што ты ‘йта?! — родненька-родненька і ласкава адгукаецца нявестка.

І ўва ўсіх няпэўна-радасная, сумна-трывожная надзея, нават у мяне: „Ці не Сьцяпанька (старэйшы брат) нейкім дзівам трапіў з вайны ўдвору?“ Аж халадзее пад сэрцам.

Ды не: голас сватаў, нявесткінага дзядзькі.

Тата адчыняе і варочаецца з ім разам. Мама паліць сьвятло.

— У воласьці быў. Мімаездам завярнуў. Нейкая паперына табе, сваток… — падае мне з-за пазухі пакет.

Я ўжо мімаволі баюся ўсякіх паперын. Неспакойна ірву пакет, лаўлю вачмі літары…

— Ну? Што там? Што-ж нічога ня кажаш?

— Гэта… ад воінскага начальніка, — адказваю няроўным голасам. — Дзеля нечага гукаюць на тую сераду. Можа, па білет…

Усяе праўды не кажу ім адразу. Там напісана, што вышаў новы закон, і ўсе белабілетнікі павінны зьявіцца на доктарскі перагляд.

„Возьмуць ізноў“, пячэ мне пад сэрцам.


І сват пашоў, і лямпу патушылі, і ўсе заснулі, а я не магу заснуць. Колькі разоў брахалі сабакі за садам ля гумна і па дварох, пяялі пеўні, цурбоніла пад пол з-пад малога Васілька, пляменьніка майго. Думаў я, што будуць яго, беднага, заўтра біць за тую бяду. І думаў аб сваім жыцьці. Уздумаў, як сам быў малы, і часта здавалася тады, што дужа мне цяжка на гэтым сьвеце, а ня ведаў, а ня ведаў, што тое гора дзяцінае будзе шчасьцем здавацца цяпер.

„Заб‘юць цяпер… І к ліху новае жыцьцё… Ну й чорт яго бяры, такое жыцьцё, — ня шкода“…

Але нейкі ком падкаціўся, і заныла ўсё.

І так пераходамі думалася, то лепшае, то горшае.

А ўсё наагул — нядобра, прыкра, цяжка…

Сьнежань 1915 г.



  1. Звычайныя салдаты служылі на цэлы год болей, і я пашоў вольнапісаным, каб скараціць гэты тэрмін.
  2. Шпорамі.
  3. Лёгкай палявой артылерыяй.
  4. Парашок ад вошы.
  5. Чалавек пяцьдзесят, сто ці й цэлая рота, што пасылаецца быць пры батарэі на выпадак неспадзяваных нападаў ворага, асабліва ў паходзе.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.