Музыка-чарадзей

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Музыка-чарадзей
Казка
Аўтар: народ
Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-069

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жыў некалі на свеце адзін музыка. Пачаў ён іграць яшчэ змалку. Бывала, пасучы валоў, зробіць з лазы дудачку ды як зайграе, дык валы скубці траву перастануць — натапыраць вушы ды слухаюць. У лесе птушкі прыціхнуць, нават жабы ў балоце не крумкаюць.

Паедзе на начлег — там весела: хлопцы і дзяўчаты пяюць, жартуюць — ведама, маладосць. А ноч цёплая, аж парыць. Любата.

Але вось музыка возьме ды і зайграе на сваёй дудачцы. Усе — і хлопцы і дзяўчаты — адразу, як па камандзе, суцішацца. І кожнаму ў гэты час здаецца, што быццам нейкая слодыч улілася яму ў сэрца, нейкая невядомая сіла падхапіла яго і нясе ўсё ўгору ды ўгору, — у чыстае сіняе неба, да ясных зорак.

Сядзяць начлежнікі, не зварухнуцца, забыліся, што натруджаныя за дзень рукі і ногі баляць, што голад даймае.

Сядзяць і слухаюць.

І хочацца сядзець гэтак усё жыццё і слухаць ігру музыкі.

Змоўкне дудачка. Ды ніхто не адважыцца і з месца скрануцца, каб не спужаць таго чароўнага голасу, што рассыпаўся пошчакам па лесе, па дуброве ды ўзнімаецца ў самае неба.

Зноў зайграе дудачка, ужо жаласліва. І тут такая нудота ўсіх ахопіць… Ідуць позна дамоў з паншчыны мужчыны і бабы, пачуюць музыку, спыняцца, заслухаюцца. Вось так усё іхняе жыццё перад вачыма і стаіць — бядота ды гаркота, ліхі пан ды цівун з прыганятымі. І такі іх жаль агорне, што не толькі бабы, а і мужыкі, старыя, барадатыя, плачуць, як над нябожчыкам або нібы сынкоў у салдаты праводзяць.

Але вось музыка зайграе вясёлае. Пакідаюць мужчыны і бабы косы, граблі, вілы, возьмуцца ў бокі і давай скакаць.

Скачуць людзі, скачуць коні, скачуць дрэвы ў дуброве, скачуць зоркі, скачуць хмаркі — усё скача і вяселіцца.

Такі быў той музыка-чарадзей: што захоча, тое з сэрцам зробіць.

Падрос музыка, зрабіў сабе скрыпачку ды пайшоў у свет. Куды прыйдзе — пайграе, за гэта яго накормяць, напояць, як самага лепшага госця, і яшчэ на дарогу дадуць.

Доўга хадзіў так па свеце музыка, весяліў добрых людзей, а ліхім панам без нажа сэрца рэзаў: бо куды ён ні прыйдзе, там людзі перастаюць паноў слухаць. Стаў ён ім упоперак дарогі, як костка ў горле.

Надумаліся паны са свету яго звесці. Пачалі падгаворваць аднаго, другога, каб музыку забіў ці ўтапіў. Ды не знайшлося ахвотніка: простыя людзі любілі музыку, а прыганятыя баяліся, — думалі, што ён чараўнік.

Згаварыліся тады паны з чарцямі. А ведама: паны і чэрці — аднае шэрсці.

Ідзе аднаго разу музыка лесам, а чэрці наслалі на яго дванаццаць галодных ваўкоў. Заступілі яны музыку дарогу, стаяць, зубамі ляскаюць, вочы, як распаленыя вугалі, гараць. Няма ў музыкі нічога ў руках, толькі пад пахаю скрыпка ў мяшэчку. «Ну, — думае ён, — канец мой прыйшоў».

Дастаў музыка з мяшэчка скрыпку, каб яшчэ раз перад смерцю пайграць, прыхінуўся да дрэва ды і павёў смычком па струнах.

Як жывая загаварыла скрыпка, пайшоў пошчак па лесе. Замерлі кусты і дрэвы — лістком не варухнуць. А ваўкі як стаялі з разяўленымі пашчамі, так і скамянелі. Слухаюць і пра голад забыліся.

Перастаў музыка іграць, а ваўкі, як сонныя, у лес пацягнуліся.

Пайшоў музыка далей. Сонейка ўжо за лес закацілася, толькі яшчэ свеціць на самыя верхавінкі, быццам аблівае іх пазалотаю. Ціха, як у вуху. Вельмі харошы вечар.

Сеў музыка на беразе ракі, дастаў з мяшэчка скрыпку і зайграў. Ды так прыгожа, што заслухаліся і неба, і зямля. А калі ўрэзаў полечку, дык усё вакол давай скакаць. Зоркі мітусяцца, як зімою мяцеліца, хмаркі плаваюць па небе, а рыба так узгулялася, што рака кіпіць, як вада ў гаршку.

Не вытрымаў і вадзяны цар — пусціўся ў скокі. Ды так разышоўся, што вада заліла берагі; чэрці напужаліся і павыскаквалі з рачных нетраў. Усе злосныя, зубамі скрыгочуць, а нічога музыку зрабіць не могуць.

Тым часам бачыць музыка, што вадзяны цар нарабіў людзям бяды — заліў палеткі і агароды. Перастаў ён іграць, палажыў скрыпку ў мяшэчак і пайшоў далей.

Ідзе ён ды ідзе, аж вось падбягаюць да яго два панічы.

— У нас сёння ігрышча, — кажуць. — Пайграй нам, пане музыка. Мы табе заплацім што захочаш.

Падумаў музыка — ноч на дварэ, начаваць няма дзе, ды і грошай няма.

— Добра, — кажа, — пайграю.

Прывялі панічы музыку ў палац. Бачыць ён — панічоў і паненак там хоць гаць гаці. На стале нейкая вялікая ды глыбокая міска стаіць. Панічы і паненкі па чарзе падбягаюць да яе, памочаць палец у міску і мажуць сабе вочы.

Падышоў да міскі і музыка. Памачыў палец і памазаў вочы. І толькі зрабіў так, бачыць, што гэта не паненкі і панічы, а ведзьмы і чэрці, што ён не ў палацы, а ў пекле.

«Эге ж, — думае музыка, — дык вось на якое ігрышча зацягнулі мяне панічы! Ну, добра. Я ж вам зараз пайграю!»

Наладзіў ён скрыпку, ударыў смычком па жывых струнах — і тут адразу ўсё пекла ў шчэпкі разляцелася, а чэрці з ведзьмамі разбегліся хто куды.