Лесавік

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Лесавік
Паданне
Аўтар: народ
Крыніца:http://skarby.in/lesavik.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жыў у нашай ваколіцы ляснік. Аднойчы ўлетку сенаваў ён непадалёку ад лесу. Цэлы дзень завіхаўся, але да заходу сонца так і не паспеў завяршыць апошні стог. Змарыўся, а дахаты далёка — не хочацца ісці. Надумаўся заначаваць у сене. Памаліўся Богу, павячэраў і заваліўся на бок. Толькі заплюшчыў вочы, чуе — у суседняй вёсцы шчанюк брэша. Як званок заліваецца, спаць не дае. Потым раптам па лесе — трэсь, трэсь, трэсь — быццам хтосьці бяжыць. Падняў галаву ляснік — аж дух заняло. Гоніць па лесе Лесавік зграю ваўкоў. Выгнаў на луг і пытаецца:

— Чуеце, як шчанюк заходзіцца?

— Чуем, — адказваюць ваўкі.

— Дык запомніце, — кажа Лесавік, — калі да года яго не задушыце, дык ён вас тады ўсіх перадушыць.

Сказаў так і пагнаў далей воўчую зграю.

Пераначаваў на лузе ляснік, а назаўтра раненька пабег у вёску. Прыбег і давай пытацца ў людзей, чый гэта шчанюк усю ноч навылёт гаўкаў. Пытаўся, пытаўся — і дапытаўся. Прыходзіць нарэшце да гаспадара сабакі.

— Прадай мне свайго шчанюка.

— Як жа я прадам яго, — не згаджаецца гаспадар, — калі ён такі ўдалы, як званок заліваецца…

Доўга ўпрошваў ляснік гаспадара і купіў-такі шчанюка — тры рублі за яго адцаў. Прывёў дахаты і адразу ў пограб схаваў. Карміў, а на вуліцу — не выпускаў.

Мінуў год і аднаго дня выправіўся ляснік з маладым сабакам на паляванне. Знюхаў сабака ваўка — уміг задушыў шэрага разбойніка. Убачыў мядзведзя — і мядзведзя задушыў. Натрапіў на ласіны след — і лася зарэзаў. Якую жыўнасць не ўбачыць — не адпусціць жывою. Задушыць і кіне. Надушыў дзічыны — возам не забраць.

Прысеў ляснік адпачыць, а за спіною ў яго — трзсь, трэсь!

Азірнуўся — стаіць побач Лесавік.

— Мусіць, ты летась падслухаў, — пытаецца, — што я наказваў ваўкам зрабіць з гэтым сабакам?

Бачыць ляснік — лепш адразу прызнацца:

— Вінаваты, падслухаў…

— Мне не шкада дзічыны, калі ты яе заб’еш і спажывеш, — кажа Лесавік. — А вы ж душыце і кідаеце. Дык паслухай мяне… Каля тваёй вёскі ляжыць вялізны камень. Пад каменем закапаны скарб. Вазьмі яго сабе. А сабаку забі, бо ён ўсю жыўнасць задушыць у лесе.

Сказаў так Лесавік і знік, быцам яго і не было.

Паклікаў ляснік сабаку. Злажыўся — бэх! бэх! — і забіў са стрэльбы. Тады думае: дай пагляджу, адкуль у сабакі такая сіла вялікая? Разрэзаў, паглядзеў. А ў сабакі ажно дванаццаць нырак.

Потым вярнуўся ў вёску, выкапаў ляснік пад каменем скарб. І зажыў з тагодня прыпяваючы.