Князёўна (Шаўчэнка/Клімковіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Князёўна
Паэма
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Арыгінальная назва: Княжна
Пераклад: Міхась Клімковіч
Крыніца: Кабзар - с. 144-148

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Зара мая вячэрняя,
Ўзыйдзі над гарою,
Пагаворым мы ціхутка
Ў няволі з табою.
Раскажы, як сонца гасне
За далёкім гаем,
Як Дняпро вясёлцы яснай
Ваду пазычае,
Як высокая таполя
Голле распусціла,
Як вярба над соннай рэчкай
Вецце нахіліла;
Нахіліла, разаслала
Над вадою вецце
І калыша ў сонным змроку
Русалчыны дзеці.
Як у полі на магіле
Ваўкалак начуе,
І як сыч у цёмным лесе
Нядолю вяшчуе.
Як сон-трава пры даліне
Ноччу расцвітае...
Пра людзей-жа... Хай ім ліха!
Я іх добрых знаю, —
Добра знаю. Мая зорка!
Дружа мой адзіны!
Бог не знае, што дзеецца
У нас на Ўкраіне!
А я знаю. Не засну я,
 
Хоць і ночка ляжа.
Раскажу табе, ты-ж богу
Ўранні перакажаш.
____________________
Сяло! і сэрца адпачыне.
Сяло на нашай Украіне—
Як намалёвана. Сяло
Зялёным гаем парасло.
Цвітуць сады, бялеюць хаты,
А на гары палац багаты,
Як тое дзіва. А кругом
Шырокалістыя таполі.
А там і лес, і лес, і поле,
Сінеюць горы за Дняпром.
Сам бог вітае над сялом.

Сяло! Вясёлыя хаціны!
Палац вясёлы ў зеляніне
Бадай ты крушняй шэрай стаў!
Каб след к табе навек запаў
І церням параслі руіны.
У тым сяле паны жылі.
Адкуль на нашу Украіну
Яны, прыблуды, прыбылі—
Не знаю. Князь з сваёй княгіняй-
Абодва молады былі,
Жылі без клопату і працы
Ў высокім панскім тым палацы.
А за палацам быў ставок,
А на гары кругом садок
І вербы, і таполі,
І ветракі у полі.
А .там за рэчкаю лягло
Гарбамі хат сваіх сяло.

Там колісь весела было.
Бывала летам і зімою
Музыка рэжа, і ракою
Віно цячэ для ўсіх падрад...
Сам князь нясмелым падлівае,
Частуе, просіць, прымушае
Яшчэ й пакрыквае: віват!
Гуляе князь, гуляюць госці,
Пакуль не злягуць на памосце.
А заўтра зноў на той-жа лад,
І зноў ён п’е і зноў гуляе;
І так за днямі дзень мінае.
А мужыкі ў сяле пішчаць,
Суды за пана моляць бога...
П’янчужкі-ж, знай, сваё крычаць:
— І патрыёт! і брат убогіх!
Наш слаўны князь! Віват! Віват—
А патрыёт, убогіх брат...
Дачку й цялушку адбірае
У мужыка... І бог не знае,
А можа й знае, ды маўчыць.

Княгіня-ж пад замком сядзіць.
Яе і ў сенцы не пускае
Убогіх брат. А што рабіць?
Бацькі за князя не пускалі,
Сама пайшла. Бацькі казалі:
«У гору, донька, не залазь!»
Дык не, за князя. Вось і князь!
Вось раскашуй, цяпер, княгіня!

Загінеш, золатца, загінеш,
Як цвет вясною уначы,
Памрэш, не зведаўшы нічога,
Не зведаўшы, як хваляць бога,
Як людзі любяць жывучы.
А жыць княгіня так хацела!
Кахаць так хацела,
Хоць гадзінку, хоць часінку
На свет глянуць смела.
Не прышлося... А было ўсё,
Усяго надбала
Табе маці. І самую
Як намалявала,
Хоць схіліся і маліся,
Як перад святою...
Краса мая маладая,
Горачка з табою!
Жыць-бы, жыць ды славіць бога
І дабро тварыці
Богам даннаю красою
Людцаў весяліці.
Дык-жа не. Хай маладыя
Ды карыя вочы
У самоце чэзнуць, гінуць...
Можа бог так хоча?
Божа! божа! Даеш розум,
І красу, і волю,
Сэрца чыстае, ды толькі
Не даеш ты долі,
Не даеш на свет вялікі,
На палі, на рэкі
Надзівіцца, намаліцца
І заснуць навекі.

Нявесела на свеце жыць,
Калі няма каго любіць.
Вось так і ёй, адной-адзінай
Красуні маладой, княгіні,
Красу і сэрца засушыць
І ў самоце марна згінуць—
Аж страшна!.. І яна маліла,
Жыцця у госпада прасіла,
Бо будзе ёй каго любіць.
Яна цяжарнаю хадзіла,
І ганарылася й любіла
Сваё дзіця. І даў дажыць
Гасподзь ёй радасці на свеце.
Пабачыць і пацалаваць
Сваё адзінае дзіця
І першы крык яго пачуць...
Ох дзеці! Дзеці! Дзеці!
Вы самі—божжа благадаць!
Слёзы высахлі, прапалі,
Сонейка заззяла,
І княгіня, як не тая,
З дзіцянёткам стала.
Забаўлялася з дачушкай,
Збоку глянуць міла,
І малой сваёй князёўне
Сарочачкі шыла
Ды рукаўчыкі малыя
Шоўкам вышывала,
І купала, й калыхала,
Сама й гадавала.
Бо княгіні-ж толькі ўмеюць
Прывесці малое,
А даглядаць ды гадаваць—
Слугі ёсць на тое,
А потым слёзы. Забывае
Мяне мой Поль, або Філат!
За што-ж дабра ёй пажадае?
Хіба на свет што прывяла?
А мая сваю дзяўчынку
Сама даглядала,
А п’янога бацьку-князя
Блізка не пускала.
Як яблачка у садочку,
Ў доглядзе дзяўчына
Вырастала. Навучыла
Гаварыць княгіня
Яе «мама», слова-ж «тата»
І не навучыла...
Кніг з малюнкамі у Ромнах
Яна накупіла,
Навучыла ўсе малітвы,
Вечна забаўляла,
Нават буквы на малюнках
Доньцы паказала.
І што божы дзень купала,
Рана спаткі клала,
І пылінцы на дзяўчынку
Ўпасці не давала.
Усе ночкі над пасцелькай
Сядзела, не спала,
Любавалася князёўнай,
Маленькай сваёю...
Жаніха ёй падбірала,
Смяялася з ёю
І плакала. Русы-косы
Яе расплятала
І на ліха свайго князя
П’янага згадала —
У мундзіры. Мімаволі
Заплакалі вочы.
А дзяўчынцы нібы сніцца,
Як вымавіць хоча:
Не плач, мама, і не кратай
Мае русы косы —
Пасякуцца... Што дзень божы
Шчасцейка прыносіць
Сваёй мацеры князёўна
І расце шчасліва,
Нібы стройная таполя
На ўцеху, на дзіва.
Ды не доўга цешыць будзе
Красуня малая
Сваю маці; бог княгіні
Кару пасылае.
А за што? Аж дзіўна людзям,
Бо яны не знаюць,
Чаму добрае ўмірае,
Злое ажывае?
Занядужыла княгіня,
І князь схамянуўся,
Бабак-знахарак паклікаў,
Дзе якой дачуўся.
Панаехалі са свету,
Лячылі, лячылі,
Покуль бедную жанчыну
Ў труну палажылі.
 
Не стала на сяле княгіні,
Ў палацы-ж лір ізноў штодня,
Князёўна-ж наша сіраціна,
Як ліст адорваны з галіны,
Зусім закінута, адна,
Зазнала голад, ходзіць босай,
Сарочачкі да зносу носіць,
Пячэцца днямі на жары,
Цыбулю есць, ставочкі гаціць
З дзяцьмі сялянскімі ў яры.
Памыйся, сэрцайка! Бо маці
Глядзіць вунь і не пазнае
Паміж дзяцей дачкі свае
І думае: цябе не стала...
Памыйся, сэрца, каб пазнала
Цябе, адзіную сваю,
І госпада благаслаўляла
За долю добрую тваю.
Памылася. Чужыя людзі
Завезлі ў Кіеў, завялі
У інстытут. А там што будзе,
Пабачым. Гуслі загулі...
Гуляе князь, гуляюць госці,
Аж дошкі стогнуць у памосце,
А голад стогне на зямлі.
І стогне ён, стогне па ўсёй Украіне.
То божая кара. Тысячамі гінуць
Галодныя людзі. А скірты гніюць,
Мякіну ў дварах на яду прадаюць,
Ды голаду рады паны, бога моляць,
Каб ён яшчэ год хоць няўроду паслаў,
Тады-б у Парыжы сябе, як ніколі,
Наш брат-хутаранін людзям паказаў.
А бог, відаць, спіць... Бо было-б гэта дзівам,
Каб бачыў і чуў і не стаў ён караць,
Ці можа занадта ён доўгацярплівы!
Веруйце і гіньце!—прарокі гласяць.
Ды як таму верыць? Заплюшчыўшы вочы?
Ах, рад-бы я верыць, ды сэрца не хоча.

Гады мінаюць; людзі гінуць.
Лютуе голад на Ўкраіне,
Лютуе ў княжаскім сяле,
Скірты згнілі ў яго гумне.
А князю што? ён п’е гуляе,
Ды гандляра з грашмі чакае.
Не йдзе гандляр... Жыты ўзышлі,
Як рады людцы, бога просяць...
Аж вось і з Кіева прывозяць
Князёўну. Сонца узышло
Над абакрадзеным сялом.
Чорнаброва, каравока,
Вылітая маці,
Толькі смутна, невясёла...
Чаго-б сумаваці?
Ці такою нелюдзімкай
Маці нарадзіла?
Ці то, можа, маладая,
Каго палюбіла?
Не, нікога. Між сябровак
Весела гуляла,
Як ласачка з сваёй норкі
На свет выглядала
З таго Кіева, аж покуль
У сяло папала,
Паглядзела, з таго часу
Невясёлай стала.

Як сізая галубачка
Сяло абляцела;
Ў кожнай хаце пабывала
Ў кожнай пасядзела.
Каго словам прывітала,
Каго накарміла.
Абыходзіла штодзённа
Бедных з ласкай мілай, —
Памагала, а сіроты
Да яе ў пакоі
Прыходзілі. Яе маткай
Сваёю святою
Называлі. Ўсе сяляне
За яе малілі
Бога шчыра. А тым часам
Гандляры ўвалілі
У сяло, і князь прадаў ім
З мякінаю жыта,
Малаціць з сяла ён выгнаў
Людцаў недабітых.
Змалацілі, не ўрачы-б іх,
За адну гадзіну,
Перавеялі за клуняй...
Князь без адпачыну
На магарыч запрашае,
Ладзіць баль у гаі,
Бо ў пакоях спачывае
Дачка маладая.

Гармідар, галас, гам у гаі,
Брыдкія спевы. Аж дрыжыць
Жаночы рогат. Князь гукае:
— Гуляйце, госці, будзем піць,
Пакуль дачушка дома спіць.—

Дачка-ж запёртая сядзіць,
Як колісь маці у пакоі,
І дзівіцца, як над Гарою
Чырвоны месяц аж гарыць,
З-за хмары ціха выступае,
І нібы горы ажываюць.
Дубы, як здані, ад дуброў
У поле ціха адплываюць,
Пугач крычыць, і плоймы соў
З-пад стрэх на поле вылятаюць,
 
А' жабы крэкчуць і гудуць.
Глядзіце, вочы маладыя,
Як зоркі божыя ўстаюць,
Як месяц ў небе чырванее,
Любіцеся, пакуль вас грэе,
А зоркі спаць вам не даюць.

Нахіліўшыся галоўкай
На руку, сядзела
І да поўначы на зоркі
Смутная глядзела
Так князёўна, ўсё глядзела...
Потым плакаць стала,
Можа ёй якое ліха
Сэрца прашаптала?
Ды нічога. Паплакала
Сабе трошкі, потым
Усміхнулася й заснула
Ціха, без клапотаў.

Ў гаю ўсё покатам ляжала —
Бутылкі й госці. Дзе што пала,
Там засталося. Сам не ўпаў,
І ўсё да кроплі дапіваў.
Устаў, не падаў,
Ідзе ў пакоі. Брудны гаду!
Куды ты прэшся? Схамяніся!
Не схамянуўся, ключ вымае,
Прышоў, і дзверы адмыкае,
Ідзе к дачцы ён. Прахапіся!
Князёўна, чыстая, прачніся!
Забі гадзюку — пакусае!
Забі, і бог не пакарае!
Як тая Чэнчыо калісьці
Забіла бацьку-кардынала,
Не баючыся анімала
І бога. Не, князёўна спіць,
А бог хоць бачыць, ды маўчыць,
Грахам вялікім патурае.
Не чуць нічога. Час мінае,
А потым крык, а потым гвалт,
І плач прыдушаны з палат
Пачулі спужаныя совы...
І зноў ўсё ціха. Ў скорым часе
Скірты і клуня занялася,
І зоры зніклі. Хоць-бы слова,
Хоць-бы дзе голас абазваўся.
Паны ўсе покатам ляжалі,
А людзі беглі, пазіралі,
Як дым да неба паднімаўся...

Прачнуліся рана госці.
Аж бачаць, што ліха;
Пакінулі свайго князя,
Паехалі ціха...
Так і мы яго пакінем,
Так і бог пакіне.
Цябе толькі -не пакіне
Ліхая гадзіна.—
Ты-ж, гаротная князёўна,
Знявечаны цвеце,
Адпакутуеш уволю
Жывучы на свеце
За грэх бацькі. Доля, доля!
Лукавая доля!
Ты пакінь яе на старасць
Хоць на чужым полі,
На бязлюддзі. Не пакінеш,
Павядзеш да краю,
Да самае дамавіны,
Сама й пахаваеш.

Дзе падзелася князёўна
Не зналі нічога.
Ў сяле думалі: у пажары
Згарэла нябога.
_____________
Стаіць сяло. Нявесела
На гары палацы
Пачарнелі. Князь хварэе,
Не здолее ўстаці.
Падняць яго няма каму,
Ніхто й не загляне
Да грэшнага, да хворага
Ў будынак паганы.
Людзі трохі ачунялі
Бога моляць людзі,
Каб вярнулася князёўна.
А яе не будзе
Ўжо ніколі, так, ніколі...
Дзе-ж яна прапала?
У Кіеве, у вялікім
Манашкаю стала.
 
Яна-ж радзілася любіць,
І ззяць гасподняю красою,
Вітаць над грэшнымі святою
І ўсякаму дабро тварыць.
Іначай вышла, у манашках
Змарнела, згінула дабро...

Блукаючы па Украіне,
Забрыў я неяк ў Чыгірын,
У манастыр забрыў дзявочы,
Што за пяскамі, на балоце,
Стаіць паводдаль ад усіх.
Манашка мне там расказала
Ў час адпачынку навіну,
Што пазалетась к ім зайшла,
Здалёк аднекуль з-за Дняпра,
Князёўна, тут адпачывала
Дый богу душу аддала...
Яна была йшчэ маладою,
Вельмі прыгожая сабою.
На сонцы доўга пабыла,
Дый занядужыла. Ляжала
Нядоўга, так сядміцы тры,
Мне перад смерцю расказала
Свае прыгоды, як сястры...
Відаць, нямала пахадзіла,
А вось дзе бог прывёў ляжаць,
У нас, гаротная, спачыла,
Вось тут яе, святой, магіла..
Яшчэ не ставілі крыжа…

Орская крэпасць 1847— Ніжні Ноўгарад 1858. Люты 24