Каза Дарота

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Каза Дарота
Беларускія народныя казкі
Аўтар: народ
Крыніца: Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жыў сабе дзед ды баба. І не было ў іх нікаго з скаціны. Пайшоў дзед у лес, як стукне ў бярэзіну — выскакыіць каза белая. Ён яе ўзяў за рогі і прывёў у двор.

— Ну, баба, даі!

Яна злезла з печы, падаіла, загнала казу ў хлеў.

На другі дзень ізноў дзед пайшоў у лес. Як стукне ў рабініну — выскачыла каза рабая. Ён яе ўзяў за рогі і прывёў у двор.

— Ну, баба, ідзі даі!

Баба злезла, падаіла і загнала яе ў хлеў.

На трэці дзень дзед апяць пайшоў у лес з тапаром. Як стукне ў асініну — выскачыла каза сівая. Ён узяў яе за рогі і прывёў у двор.

— Ну, баба, ідзі даі!

Баба злезла з печы, падаіла казу і ў хлеў загнала.

На чацвёрты дзень апяць узяў дзед тапор і пайшоў у лес. Як стукне ў ёлку — выскачыла каза чорная. Ён узяў яе за рогі і прывёў у двор.

— Ну, баба, даі!

Баба злезла з печы, падаіла, а казу загнала ў хлеў.

Тады, на другі дзень, пасылае дзед большую дачку пасвіць коз. Яна пагнала коз у лес. Пасвіла-пасвіла па мхах, па балотах, увечары гоніць у двор. А дзед стаў у варотах і пытаецца ў коз:

— Козы мае, козынькі, ці пілі, ці елі?

А козы кажуць:

— Не, мы не елі і не пілі: па кляновай лісцінцы з’елі, па напарстачку вады выпілі.

Дзед узяў забіў дачку, пад печ падкінуў, ступай закаціў, скаварадой завесіў, саломкай падпаліў.

На другі дзень выпраўляе дзед другую дачку пасвіць коз. Пагнала яна іх у лес, пасвіла-пасвіла па мхах, па балотах. Яны наеліся, як бочкі. Увечары напаіла і гоніць у двор. А дзед забег к ім наперад і пытаецца:

— Ці елі вы, козынькі, ці пілі вы?

— Не, дзед, не елі мы і не пілі, толькі з’елі па кляновай лісцінцы і па напарстачку вады выпілі!

Дзед узяў дачку забіў, пад печ падкінуў, ступай закаціў, скаварадой завесіў, саломкай падпаліў.

На трэці дзень пасылае трэцюю дачку пасвіць коз. Пагнала яна іх у лес, пасвіла-пасвіла па мхах, па балотах. Яны наеліся, як бочкі. Увечары напаіла і гоніць у двор. А дзед забег к ім наперад і пытаецца:

— Ці пілі вы, козынькі, ці елі вы?

— Не, дзед, не елі мы і не пілі, толькі з’елі па кляновай лісцінцы і па напарстачку вады выпілі.

Дзед узяў дачку забіў, пад печ падкінуў, ступай закаціў, скавародкай завесіў, саломкай падпаліў. На чацвёрты дзень пагнала коз баба.

Пагнала яна іх у лес, пасвіла-пасвіла па мхах, па балотах. Яны наеліся, як бочкі. Увечары напаіла і гоніць у двор. А дзед забег к ім наперад і пытаецца:

— Ці елі вы, козынькі, ці пілі вы?

— Не, дзед, не елі мы і не пілі, толькі з’елі па кляновай лісцінцы і па напарстачку вады выпілі.

Дзед узяў бабу забіў, пад печ падкінуў, ступай закаціў, скавародкай завесіў, саломкай падпаліў.

На пяты дзень ужо сам пагнаў дзед пасвіць коз. Пасвіў-пасвіў па мхах, па балотах. Наеліся, напіліся, увечары гоніць у двор. А сам забег к ім наперад і спрашвае:

— Козы мае, козынькі, ці наеліся, ці напіліся?

— Не, дзед, не напіліся, не наеліся, толькі з’елі па кляновай лісцінцы і па напарстачку вады выпілі!

Дзед усердзіўся. Узяў загнаў іх у хлеў, а сам пайшоў у хату за нажом. Прыйшоў з нажом у хлеў, улавіў адну казу і стаў лупіць. Лупіў-лупіў, нож ступіў. Пайшоў у хату вастрыць нож, а каза адарвалася і пабегла. Бегла-бегла, прыбегла ў лес. Чыкі-брыкі і папала ў лісічыю пячору. А лісіцы няма ў дварэ. Прыходзіць лісіца:

— Хто тут ёсць у маёй пячоры?

— Я, каза Дарота, паўбока парота, бок дран, бок не дран, бок луплен, бок не луплен. Як выскачу — з’ем, забадаю!

Лісіца сядзіць і плача. Бяжыць заяц:

— Чаго ты, кумка-галубка, плачаш?

— Чаму мне не плакаць, калі ў маёй пячоры нехта сядзіць!

— Ну, пастой: ці не выганю я?

Прыйшоў к пячоры, пытаецца:

— Хто тут ёсць у пячоры?

— Каза Дарота, паўбока парота, бок дран, бок не дран, бок луплен, бок не луплен. Як выскачу — з’ем, забадаю!

Заяц спужаўся і пабег у лес.

Ідзе воўк.

— Чаго ты, кумка-галубка, плачаш?

— Чаму мне не плакаць, калі ў маёй пячоры нехта сядзіць?

— Ну, пастой: ці не выганю я?

Прыйшоў к пячоры, пытаецца:

— Хто тут ёсць у пячоры?

— Каза Дарота, паўбока парота, бок дран, бок не дран, бок луплен, бок не луплен. Як выскачу — з’ем, забадаю!

Воўк спужаўся і пабег.

Пасля ваўка прыйшоў мядзведзь і той спужаўся казы. Ляціць шчымялёк.

— Чаго ты, кумка-галубка, плачаш?

— Чаму мне не плакаць, калі ў маёй пячоры нехта сядзіць. Заяц гнаў не выгнаў, воўк гнаў не выгнаў, мядзведзь гнаў не выгнаў.

— Ну, хадзі-тка, ці не выганю я?..

Яна прывяла яго к пячоры, ён пытаецца:

— Хто тут ёсць у пячоры?

— Каза Дарота, паўбока парота, бок дран, бок не дран, бок луплен, бок не луплен. Як выскачу — з ем, забадаю!

А шчымялёк залез у пячору, за луплены бок як куснуў… Каза і пабегла з пячоры.

Бяжыць-бяжыць, ажно стаіць хатка на курыных ножках, на бараніх рожках, стаіць, пакручваецца. Яна ў тую хатку і стала жыць. Аказянілася там. Тады сама пайшла есці шукаць, запёрла казлянят у хатцы і сказала ім нікому не адчыняць, а то воўк паесць… Пайшла, наелася і прыходзіць:

— Казляняткі, галубяняткі, адчыніце хатку! Нясу гаршчок тварага, цыцку малака!

Яны адпёрліся, каза пакарміла іх і зноў пайшла.

— Глядзіце ж, нікому не адчыняйце, а то воўк з’есць!

Пачуў воўк, што казляняты бляюць, падышоў к хатцы і кажа грубым голасам:

— Казляняткі, галубяняткі, адчыніце хатку! Нясу гаршчок тварага, цыцку малака!

А яны кажуць:

— Не, ты не матка, а ты воўк, матка тоненька пяець, а ты груба. Табе не адчынім.

Воўк пайшоў к кавалю і кажа:

— Ну, каваль! Пакуй мне язык!

— Ну давай!

Ён паклаў язык на калодку, а каваль узяў тапор — як дасць па языку абухом — язык і патанеў. Воўк тады пайшоў к хатцы і кажа тоненькім голасам:

— Дзеткі, галубяняткі, адчыніце хатку! Нясу гаршчок тварага, цыцку малака!

Яны адчынілі, ён і паеў іх, толькі адзін схаваўся ў шчэпы. Прыйшла матка і кажа:

— Дзеткі, галубяняткі, адчыніце хатку! Нясу гаршчок тварага, цыцку малака!

А казлянёнак баіцца адчыняць, ён думаў, што воўк. Каза пад сцяну падкапалася і ўлезла ў хатку.

— Казляняткі, галубяняткі, дзе вы?

Ён выскачыў і кажа:

— Воўк паеў тых!..

Яна ўзяла, пасабрала тыя костачкі, пасушыла, у ступе патаўкла, учыніла бліноў і паслала зайца па ваўка, зваць на памінкі. Ён пабег к ваўку.

— Стук-грук у воўчую хату!

— Зачым?

— Паслала каза зваць на памінкі!

— Ну, падажджы, толькі абуюся ды памалюся!

Заяц і пабег. А каза кажа:

— Ну, ці йдзець ён?

— Толькі, казаў, абуюся ды памалюся.

— Ну, бяжы па яго!

Ён пабег.

— Стук-грук!

— Хто там?

— Заяц!

— Зачым?

— Паслала каза на памінкі зваць!

— Падажджы, толькі надзенуся!

— Ну, барзджэй!

Воўк выйшаў і пайшлі. Прыйшлі ў хатку. Каза памазала блін ваўку, ён з’еў. Каза кажа:

— Ці смачна?

— Смачна, кумка-галубка!

— Ну, я смачнейшага дам. Пакладзі-тка рукі на калені, вочы заплюшч, рот разінь, я табе ўкіну блін.

Воўк сеў на парозе, вочы заплюшчыў, лапы паклаў на калені, рот разінуў, а каза распаліла скавараду ды яму ў рот яснаю скавараду і ўкінула. Ён на тым месцы і ўвесь…