Збор твораў (Купала, 1925—1932)/II/Наша вёска/Над ніваю ў непагоду

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песьня жнеяў Над ніваю ў непагоду
Верш
Аўтар: Янка Купала
1926 год
Прышла восень…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Над ніваю ў непагоду.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАД НІВАЮ Ў НЕПАГОДУ

1

Постаць нязжатая слотамі гноіцца.
Птушкай цярэбіцца, ветрам малоціцца,
Колас сагнуўся, зьмяшаўся з гразёй;
Зжатыя снопікі ў мэтлях валяюцца.
Віхрам зрываюцца, зерне зрастаецца…
Як-жа ты, шнур наш, глядзіш сіратой!

Столькі і працы, і лоту загнанымі
Ўложана ў ніву скупую сялянамі,
Столькі пашло уздыханьня, мальбы!
Гляньце — ўсё нішчыцца злой непагодаю,
Неба ня зжаліцца над зямлі ўродаю,
Неба ня чуе ні скарг, ні кляцьбы.

Сэрца забытых крывёй абліваецца,
Доля няшчаснага ў полі бадзяецца,
Рады зьнікуль ня відаць і ня чуць;
Думы ўзьнімаюцца, думы маркотныя:
Што бедакі, хлебаробы гаротныя
Холадам, голадам зімнім пачнуць?

Белай пялёнкаю сьнег разьлягаецца,
З гікам мяцеліца дзіка ўздымаецца,
Ў сьцены бязьлітасна валіць мароз…
Дзе тут схаваціся, дзе прытуліціся?
Дзе на кусок хлеба ў сьцюжу разжыціся?
Божа… а сьлёз тых, о колькі тых сьлёз…

2

І чаго-ж, непагода сьлязьлівая,
Непрасьветна вісіш над зямлёй?
Што ўрадзіла нам ніва убогая,
І таго не сабраць за табой!

У пракосе, ў капе, дый няскошана
І стаіць, і гніе сенажаць;
І ў снапох, і нязжатым бадзяецца
Дабро ў полі, аж сьлёз ня стрымаць.

І ня хочаш ты гору мужычаму
Спагадаць, непагода, ані;
Не глядзіш, як ён будзе праводзіці
З дзецьмі, з жонкай зімовыя дні…

Што пачне ён, бядак, як расьсьцелецца
Белы сьнег на дварэ, на страсе?
Чым сямейку карміць яму прыдзецца,
І трасянкі з чаго натрасе?

Дзіцё плакаці будзе галоднае,
Будзе ў хлеве кароўка рыкаць,
Будзе сам ён стагнаць, а мяцеліца,
Будзе выць, будзе ўсім падцінаць.