Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/З песень аб сваёй старонцы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З песень нядолі З песень аб сваёй старонцы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Над сваёй Айчызнай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зь песень аб сваёй старонцы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ПЕСЕНЬ АБ СВАЁЙ СТАРОНЦЫ

Невясёлая старонка
Наша Беларусь:
Людзі — Янка ды Сымонка,
Птушкі — дрозд ды гусь.

Поле — горы ды каменьне,
Потам зьліта ўсё,
Сенажаць — адно карэньне,
Сівец ды куп‘ё.

Родзе шнур несамавіта,
Колькі-б працы ўнёс, —
Ячмень з сажай, з званцом жыта,
З сьвірэпкай авёс.

Небагатыя і вёскі,
Садоў ў іх ня знаць,
Толькі часам дзе бярозкі,
Як тычкі, стаяць.

А па вёсках люд убогі,
Век бяда ў крук гне,
Вечна ў лапцях гное ногі,
Зрэб‘е сьпіну тне.

Цёмны, цёмны народ гэты,
Трудна і сказаць,
Абарваны, неадзеты,
Ня ўмее чытаць.

З яго кожны насьмяецца,
Назаве дурным…
Бедны люд… так-бы, здаецца,
Плакаў разам з ім.

Так няміла, як магілай,
Неяк выдае
Беларусь, мая старонка,
Дый люблю-ж яе.

Я, калі-б з ёй разлучыўся,
Плакаў з усіх сіл…
Эй, бо дзе воўк урадзіўся,
Яму куст той міл!

Дома голаду дазнаю, —
Зьем хлеба, вады…
Горай жыці ў чужым краю,
Болей сьлёз, нуды.

Там ня знойдзеш братніх сэрцаў,
Там кожны чужым,
Будзеш жыць з нудой у спрэчцы
Ды адзін-адным.

Песьню родную зацягнеш,
Хто пачуе, хто?
Там любіць свой край прысягнеш
Лепей, як жыцьцё.