Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/А хто там ідзе?

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта крык, што жыве Беларусь А хто там ідзе?
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
З песень а бітвах
Іншыя публікацыі гэтага твора: А хто там ідзе?

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А ХТО ТАМ ІДЗЕ?

А хто там ідзе, а хто там ідзе
У вагромністай такой грамадзе?
— Беларусы.

А што яны нясуць на худых плячох,
На руках ў крыві, на нагах ў лапцёх?
— Сваю крыўду.

А куды-ж нясуць гэту крыўду ўсю,
А куды-ж нясуць на паказ сваю?
— На сьвет цэлы.

А хто гэта іх, не адзін мільён,
Крыўду несьць наўчыў, разбудзіў іх сон?
— Бяда, гора.

А чаго-ж, чаго захацелась ім,
Пагарджаным век, ім, сьляпым, глухім?
— Людзьмі звацца.