Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/Сірочая доля

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На могілках Сірочая доля
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Над калыскай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сірочая доля.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СІРОЧАЯ ДОЛЯ

Цяжка сірацінцы
Адзінокай жыць;
Доля-весялуха
Зьнікуль не бяжыць.

За хатай і ў хаце
Цярпіць сірата:
То мароз марозе,
То заліць слата.

Бачаць маці, бацька
Роднае дзіцё;
Ўбогую сіротку
Хто-ж убача, хто?

Ад брамы да брамы
Йдзе, зьбірае хлеб,
Ручачку працягне, —
Кожны глух і сьлеп.

Кожны насьмяецца
Над беднаю ей,
Са зрэбнай кашулі,
З лазовых лапцей.

Ой! цярпіш, сіротка,
Ўсё жыцьцё цярпіш;
Пойдзеш у магілку, —
Хто-ж паставе крыж?

Хто, як ляжаш спаці
На векі ў зямлю,
Пацеры згавора
За душу тваю?

Хіба гэты вецер,
Што ў платох пяе,
Хіба з дажджом хмарка
Сьлязу праліе.

Хіба ночкай зоркі,
Што ў небе гараць,
Па сіротцы ўбогай
Будуць бедаваць.