Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Гусьляр/Бяседа

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Крыжы Бяседа
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
З гора ды з бяды
Іншыя публікацыі гэтага твора: Бяседа (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БЯСЕДА

Годзі маркоціцца, хлопцы, дзяўчаты!
Дружна падходзьце к сталу, во сюды!
Будзем гуляці; шынкар наш багаты
Дасьць чым пацешыцца, дасьць, як вады.
Гэй, грамадой
Засядзьма ў рад!
Свой, ці ня свой —
Нам кожны брат —
Будзьма аднэю сям‘ёй!

За сваю радную мачыху-долю
Вып‘ем па чарцы, вып‘ем усе!
Жыйма сягоньнешнім шчыра у волю,
Плюйма на тое, што „заўтра“ нясе.
Гэй, чаркі ў ход!
За долю п‘ём.
Да дна-ж… І вот
Тут за сталом
Сонца спаткайма усход!

Нашы дарожкі, знаць, ліхай часінай
Выбіты, церні бо скрылі і сьлед,
Пійма, палійма гарэлкай сьцяжыны —
Ссохне мо‘ зельле, ўзойдзе мо‘ цьвет.
Гэй, ў добры час,
Пійма дружней!
Гульнём хоць раз! —
Хто можа, пей!
Хай госьце радасьць і ў нас.

Віхры праціўныя веюць нам вечна,
Сілы змагаюць, капаюць грабы,
Тут-жа гуляем, пакуль што бясьпечна,
Нуце-ж! да чарак, да дальшай гульбы!
Гэй, не драмі!
Пі, хто ня п‘ян,
Другім налі,
Ня будзь паган,
Знай — і мы так-жа людзьмі!

Сэрцы дрыжаць нашы, кроўю абліты,
Грудзі пылаюць змучэньня агнём,
Рукі змазолены, дух наш прыбіты;
Гэй-жа! Ўсё гэта атрутай зальлём…
Гэй, на прывет
Гэткіх прыкрас.
Наш тут абед,
Выступ-паказ!
Хай дрогне зьдзіўлены сьвет!