Вораг не дрэмле

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Водгулле
Верш
Аўтар: Якуб Колас
Крыніца: http://yakubkolas.ru/category/vershy

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Стань, глянь на захад, паслухай:
Чуеш ты шум патайны?
Чуеш, як воража, глуха
Сунецца ценем разруха —
Постаць пажараў, вайны?

Слухай — на Ўсходзе Далёкім:
Чуеш, як вые шакал?
Злодзей разбойніцкім крокам
Лезе і на відавоку
Правіць крывавы свой шал.

Чуеш, як ляскаюць косці?
Голад вандруе ў паход.
Ліха няпрошанай госцяй
Ходзіць, аслепшы ад злосці,
Ладзіць пусты карагод.

Чуешь ты — гар’ю дыхнула?
Бачыш ты — пыл і імжа?
Цень паўстае Калігулы,
Бой барабаннага гулу
Коціцца з-за рубяжа.

Прошласці смродныя трупы
Пошасць па свеце нясуць,
З жорсткай развагаю, тупа
Нішчаць сядзібы, халупы,
Супраць жывых паўстаюць.

Бродзяць зладзюгі сукрыта,
Шпегі і зграі начніц,
Змовы вядуць ядавіта, —
Слінай шалёнай разліта
Злоба замежных сталіц.

Ткуць на нас ворагі сеці,
Зброю куе на нас зброд.
Цесна ім з намі на свеце:
Сонца іх нашае слепіць,
Гне іх наш росквіт, узлёт.

Падаюць гнілі падпоры —
Часы паклалі свой знак.
Чуюць пагібель пражоры:
Гаснуць іх сонца і зоры,
Тоне ў імгле іх маяк.

(1937)