Ветразі (1929)/II/Адважная паненка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сямейны прымус Адважная паненка
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1929 год
Стыхія

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АДВАЖНАЯ ПАНЕНКА

Ноч!..
Адліга!
Цішыня!..
Пад маністай сьнежнаю
Дрэмле вольха і сасна
Ўздоўж шляхоў заежджаных.

Коні мчаць!..
Зямля дрыжыць!..
Абганяем месяц!..
Вышлі ў поле варажыць
Цені пералесіц.

Выслаў далечы туман
Быццам у пятроўку.
На санях сядзіць фурман,
Я і незнаёмка.

Штосьці сумна?!..
Лес, —
І лес…
Ноч чарней ад сажы…
— Слухай, дзядзька,
Дзядзька „Прэс“,
Мабыць, што раскажаш?!.

— Раскажу,
Ня трэ‘ прасіць…
Колісь год за трыццаць
Тут вадзіліся ласі,
Ваўкі і лісіцы.

Вось даўней,
Як толькі муць
Сядзе на дубровы, —
Ваўкі плачуць і пяюць,
І галасяць совы.

Едзеш, брат, —
Душа баліць…
Страшна, —
Страшна вельмі
Слухаць дзікія псальмы
У начной пустэльні.

— Ну, кажы,
Кажы далей!..
Ох, спаткаць-бы воўка!
Абазвалася з саней
Наша незнаёмка.

Дзядзька коні прыпыніў,
Зрабіў гест лагодны,
І так жудасна завыў,
Нібы воўк галодны.

Адказалі у палёх
Яму тым-жа воўкі…
І замерла у санёх
Наша незнаёмка.

Ці ад храбрасьці,
А мо‘?!.
Яна так завыла,
Што і зьвера у бары
Жудасьць ахапіла.

1927 г.