Васількі (1914)/Шчасьлівая

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гаротная Шчасьлівая
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1914 год
Вясельле
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шчасьлівая.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Шчасьлівая.


Ня першына: калі шанцуе, то і Халімон танцуе, а іншаму: куды ня кінь, усюды клін. Вось гэткіе кліны скрозь спатыкаў на сваім жыцьці Юрка Сухавей. Вёска вялікая, земля удалася, ўсе жывуць дастатна, багата, адзін Юрка канец с канцом чуць-чуць звяжэ. І, каб-то сямьёй праз лад ужо апсыпаўся, ці там гультаём такім ужо ўдаўся, або, ня тут кажучы, да чортава зельля ласым быў, — ані думаць! А тымчасам, як ні завіхаўся, як ні кідаўся Сухавей, — усюды спудлуе. Нажыве парсюка карміць — ня есць; купіць карову — прычэпіцца нейкае ліха — капыты задзярэ; конь — на роўнай дарозі ў легцы — нагу зломе… але гэта што! Мо Юрка купляць ня ўмее, мо дагледаць, абхадзіцца з жывёлай не складзен, — хай і так. Чаму-ж, калі воўкарэзіна барана с поля сьцягне — то пэўна Юркі; каршун курыцу дзярэ — толькі Юркі; сабака ашалеў — ну, значыцца, Юркі; жэрабё у студні утапілася — і не пытай — Юркі! Усё Юрку не ўдавалася, а найгорш не ўдалася яму, паміж намі кажучы, жонка — Тадора. Апісываць яе вам ня буду: хто такую жонку мае — той сам ведае, а хто не мае — хай жыве (Тадо́р хапае на сьвеце) — вось і будзе ведаць… Мусіць-то не дарма казалі суседзі аб Сухавею, што дзьве пілы ў хаці: аднэй — сам дровы рэжа, а другая — яго самого пілуе… А найгорш пілавала свайго мужыка Тадора за беднасць у хаці. А як тут было разбагацець (Сухавею пры гэткім яго шчасьці? Добра і то, што галоднымі не сядзелі. Добра каму, але не для Тадоры. Хай-бы лепш прыгаладаць, абы грошы ў запасе былі, багатырамі звацца.

Тымчасам гады мінаюць, а багацьця як німа, так німа. Што тут рабіць? Вось і надумалася Тадора выправіць свайго да знахара па раду: мо з’вачэй ім гэтак вядзецца. Доўга скроб патыліцу Юрка, але такі паехаў. На трэйці дзень ледзь вярнуўся Сухавей, і то ў ночы. Тадора і ня чула (на што Богу грашыць: паспаць любіла смачна), як увайшоў ён у хату, як доўга капашыўся, пакуль ня ўзлез на палок і так сама смачна і моцна не захроп.

На заўтра, як толькі накінулася с пытаньнямі на мужыка Тадора, ён і прызнаўся, што ўся віна ў нешчасьці з дабыткам яго — Юркі (так знахар яму і сказаў).

А віна вось у чым. Нябошчык бацька пакінуў замазаны гаршчочак з грашыма, а ён крыўся з ім дагэтуль перад жонкай, дык Бог за тое, відаць, і кару насылаў на яго дабро. І, зьбедзіўшыся, нясмела аддаў Юрка той гаршчочак жонцы.

Тадора, першы раз трэснуўшы кулаком мужа з радасьці (тые кулакі, што бывалі — заўсёды ў злосьці), і, схапіўшы у дрыжачые свае рукі скарб, стала трэсьці ім каля вуха: там і звінела, і шуршэла; былі відаць, і пабрэзгачы, былі, мусіць-то і паперкі.

Як кот с салам, лётала Юрчыха з гаршчком, каб дзе лепш яго захаваць; урэшце упхнула яго сабе пад сяньнік.

З гэтаго часу, хоць, праўду кажучы, гаспадарка так сама не ладзілася, але жыць стала спакайней. Тадора моўчкі соўгалася па хаці, ня лезла больш у вочы мужыку, Юрка ажно павесялеў.

Не раз, бывала, дагаварываўся, ўсьмехаючыся, Юрка да таго гаршчочка, каб як пажывіцца падмогі на гаспадарку, але Тадора і слухаць не хацела; не хацела нават атпечатаць і палічыць сваё багацьце. Выйме гаршчок, патрасе яго, прыслухаючыся, каля свайго вуха, патрасе ім каля вуха Юркі, дый зноў, запхнуўшы пад сяньнік, радасная, шчасьлівая клалася на пасьцель, цешучыся, як гэты скарб муляў яе бакі.

Але, ці то гаршчок гэты такі цьвёрды быў, ці то думкі неспакойные а цэласьці скарбу дакучалі Тадоры, а мо адно і другое, толькі сон зусім прапаў у яе. Прапаў сперша сон, а пасьля прапала і ахвота да яды. Стала Тадора ў вачох бялець, сохнуць. Раілі суседкі Тадоры ўдацца да знахара, але яна і слухаць не хацела. Не жалела Юрчыха апошней двузлоткі на знахара, каб разбагацець, але цяпер хоць-бы і сабе — ні за што ня згодзілася-б надпачаць скарбу.

Дый на што ей лячыцца, калі ей нічога не баліць. Галава толькі круціцца, іншым разам млосна крыху робіцца, — дык ня дзіва: ня спіць, зусім ня спіць. Вось, каб хоць разок заснула, як даўней спала: моцна, смачна, і ўсё-б было добра…

І Тадора заснула, моцна заснула: на векі, а па яе высахшай, забялеўшай твары відаць было, што умірала радасная, шчасьлівая — умірала багатая.

А Юрка, дастаўшы ешчэ с-пад цёплаго цела жонкі гаршчок, выйшоў на двор і бразнуў ім а камень. Аттуль пасыпаліся брудные паперкі газэцін і бляшаные гузікі…