Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/19
← § 18. Правапіс злучнікаў і дапаможнікаў | § 19. Правапіс складаных слоў Падручнік Аўтар: Язэп Лёсік 1927 год |
§ 20. Правапіс чужаземных слоў → |
§ 19. Правапіс складаных слоў.
Правіла 50. 1) У складаных словах злучальныя гукі о—е, чуваць выразна толькі пад націскам, напр.: куро́дым, сыро́вадка, сухе́дні; не пад націскам будзе а—я, напр.: сенакос, пустацьвет, ліхалецьце, зямлятрус[1] і г. д.
У правапісе складаных слоў трэба кіравацца наступнымі правіламі:
2) Калі націск прыходзіцца на другую часьць складанага слова, то кожная часьць яго пішацца так, як яна пісалася-б асобна (падобна складаным лічэбнікам, бач. § 13), г. зн., што як у першай, так і ў другой часьці складанага слова застаюцца тыя самыя галосныя, што стаяць у васнове, калі слова ўжываецца асобна; напр.: бажаволіць (ад „бажаць-хацець“), белабокі, белабрысы, белагаловы, белапаясы, Беларусь, благавесьнік, богабойнасьць, вестаноша, ветрагон, вялікадворац, вялікалюд, вялікаселец, вярбалоз; галавасек, голабокі, галаледзіца, голапяты, гарбаносы, горладзёр, грэхаводнік, гэтарочны, (гэтага году); дзеньгубіць, дзеньдзівірыць (гультайстваваць), добрадзей, домаверка (аканомка), доўгавязы, доўгагрывы, доўганосы, доўгатрывалы, дробнарэзка; жоўтабрушка; касавокі, кашаланоша, Малібожка (фамілія), марнатраўнасьць, мовазнаўства; новабранец, новасёлкі, нямаведзь; пакацігарошак, паласказуб (паласкаць зубы), прадзеньгубіць, прыродазнаўства, роўналетак, роўнапраўны; саломарэзка, самасейка, сарвігалава, сенажаць, сіваваронка, словавытварэньне, старарэчча, старцавод, сыраежка (грыб), сэрдабольны; табаканюх, торбатрос; чарваточына, чорнабыль, чорнагалоўка (трава), чорнабрывы, чорназём, чорнакніжнік; штодзенны, штодня; церасьсядзельнік.
Словы, зложаныя з „поў“, „паў“ ці „палу“, ня маюць злучальных гукаў і беспасярэдна далучаюцца адно да другога: паўгода, паўчварта рублі, паўпята, паўшасты вярсты, паўвасьма, паўсяма, паўчвартаста, паўпудовік; „зажурыўся малойча ў паўдарожкі едучы“; „за маладога паўзалатога“; але гэтыя словы пішуцца з „а“, як — палукашак, палудзень, палуднаваць, дзе першая часьць мае форму „палу“, бо і „поў“ асобна рэдка ўжываецца.
3) Калі націск прыходзіцца на першую часьць складанага слова або на злучальны гук, то другая часьць падлягае аканьню (е застаецца, як заўсёды, пасьля націску ў аснове), напр.: поўнач, поўгада, поўдзень, дабранач, дабрыдзень, ягомасьць, імасьць, палукашак, пакацігара, сыровадка, як „непагадзь“ (непагода).
4) Калі ў тэй ці другой часьці складанага слова адбыліся фонэтычныя (гукавыя) зьмены, то такое складанае слова падлягае аканьню, напр.: галялёд (з „голалёд“), галяледзіца, санажаць, (з „сенажаць“), бадай („бог дай“), сваволя, сваволіць, (але своявольнік), канавал, канавод, (з „каня вадзіць“), кажамяка (вельмі старое слова, калі „ж“ было яшчэ мяккае), селядоршы (другі пасьля старэйшага брата); начлег, мядзьведзь або вядзьмедзь; сюды трэба аднесьці словы: сяголета, сягодня, сягоньня, сёньня ці сёньні, бо слова „сей“ цяпер асобна ніколі ня ўжываецца, а таксама: каламазь, чартапалох, Багдановіч, кашаплёт і падоб., бо тут складаныя часткі слова ня выклікаюць прадстаўленьня цэлых слоў.
5) Калі складанае слова зложана з цэлых слоў, што азначаюць назву аднаго якога-небудзь прадмета, то гэтыя словы пішуцца з злучком; напр.: айцец-маці, айцец-матка (=бацькі), браточкі-сакалочкі, вясельле-разгул, груша-сіраціна, Дунай-рака; каліна-маліна, клён-дзярэўца; малодкі-лябёдкі, малыш-каратыш; папараць-кветка, пацеха-забава, песьня-дума, песьня-весялушка, паміж пустак-балот, пушча-лес; размай-зельле, рута-мята, рыба-плотка; салавей-птушка, струны-самагуды, сын-сірата, срэбра-злота; траўка-мураўка, трын-трава; узьвей-вецер; хвоя-веліч, хлеб-соль, хлопцы-малойцы; шатавіла-матавіла, шура-бура, шчука-рыба, шчыр-бор і шмат іншых.
6) Таксама з злучком пішуцца:
а) падвойныя фаміліі: Дунін-Марцінкевіч, Лабко-Лабаноўскі, Дуж-Душэўскі, Сьвятаполк-Мірскі;
б) складаныя прыметнікі: сьнежна-белы, цёмна-сіні;
в) два дзеясловы, калі выражаюць адно дзеяньне: пацяклі-паплылі, узбудую-ўзьвяду, падхапілі-ўзялі;
г) складаныя прыназоўнікі: з-за стала, з-пад лому, па-над морам (бач. прав. 20, Б, 4);
і д) складаныя выклічнікі: ха-ха-ха! ого-го! дзын-дзын! іга-га-га! бом-бом!
- ↑ „Земляроб“ — слова не беларускае; гэта няўдалы украінскі пераклад расійскага слова „земледелец“; па-беларуску трэба казаць: рольнік, ад слова „ральля“, а таксама рольніціава, а не „земляробства“ (расійск. „земледелие“).