Асаднік
Асаднік Апавяданне Аўтар: Леапольд Родзевіч 1928 Крыніца: http://knihi.com/Leapold_Rodzievic/Asadnik.html |
Асенняя ноч. Гвалтоўны вецер распарушвае, шатруе апаўшае лісце, скомліць, скавыча паміж будынін польскага асадніка. Да пуні асадніка падыходзяць, цікуючыся з розных бакоў, дзве цені. Ступаюць асцярожна, наслухваючы. Мо заблудзіліся, баяцца спатыкнуцца, уваліцца ў роў ці яму, або зладзеі. Каля самай пуні нечакана сустрэліся. Сталі як укопаныя. Момант маўчанкі. Урэшце адзін нясмела запытаў.
— Хто тут?
— А каго трэба? Вось іду дахаты… Пайшоў нацяцькі, цераз поле.
— Ага. А я думаў… Я мусіць заблудзіўся… Гэта як бы сядзіба асадніка.
— Ды ўжо ж сядзіба асадніка. Па голасе дык быццам гавару з Піліпам — бежанцам?
— Ён жа. Не згадаю толькі перад кім стаю?
— Па дарозе, значыць, нам — я Тодар з Барадавіч.
Ішлі, абменьваліся бязмэтнымі думкамі аб цемры, аб дарозе. Калі праходзілі каля лазовага куста, перад імі мільгануў цень.
— Хто б гэта мог быць? — спыталіся адзін другога… — Мо хто за намі сочыць ад іх, ад акупантаў. Трэба дазнацца — стой, хто тут ідзе?
— Свой, не палохайся! — пачуўся з цемнаты голас.
— Якую трасцу тут гэты «свой» робіць?
— З работы іду. Каля асадніка бліжэй дахаты.
Сышліся. Пазналіся. Трэці быў Аўгустын, сусед Піліпа, малады дзяцюк. Ішлі і гутарылі аб нявычарпанай тэме — аб усялякай злыбедзе, якая раскапусцілася па Заходняй Беларусі.
— Ён жа, падлюга, асаднік гэты, загроб маю зямельку. Тут жа мае слёзы і пот густа пасеяны, кроўю паліты. Ці я вінават, што праклятая вайна, што царская нагайка і штык адарвалі мяне ад родных загонаў і кінулі, аж вунь куды, у Туркестан. Рваўся я дадому днём і ноччу, чула маё сэрца, што тут бяда ўзрастае, гора куецца…
— Дай жа рады, браце, скулу нам пасадзілі. Ён не толькі на зямлю нашу асаджаны, але і на карак наш пасаджаны. Стараста зрабіў яго войтам, а ён шпіёніць, грабіць вёскі, буяніць. Прыстаў гэта да маёй дачкі, хацеў згвалціць так, як Паўлюкову Насту. Судзіліся, ну і ведама — ён выйграў, яго хлусні паверылі. Цяпер рознымі прытычкамі дапякае. Падаткамі большымі абкладае, штрафуе, рознымі гміннымі павіннасцямі мучыць. А надоечы пагражаў, што ў турме згноіць, у бальшавізме абвінавачвае, — ужо паліцыя раз пабывала. Проста дыхнуць не дае, загубіць, паганец…
— Во, чуеце пад нагамі, гэта ж аблог, жывы дзірван. Во да чаго давёў маю зямельку, затое цела маё ў раны паараў. Не смей, кажа, заікацца аб сваёй бядзе, не бунтуй сялян. Дык хіба ж тут стрываеш?..
— Ён не толькі грабежнік і скула, але і атрута наша, — запальчыва пачаў Аўгустын, — ён пазакрываў беларускія школы, праследуе нашы газеты і кнігі, з роднай мовы здзекуецца, а нас інакш і не абзывае, як хамы і быдла. Ён насаджвае нам панскую культуру, каб парабіць з нас пакорных, звыраднелых нявольнікаў. Як грыбы, растуць касцёлы ды рэстараны. Эх, не забуду я яму ніколі! Было гэта ў мястэчку. Сустрэла мяне на вуліцы іхняя п’яная кампанія акупантаў. Асаднік гэты самы і прыстаў да мяне з рэвальверам у руках: «Стой, — кажа, — камсамолец, вобыск хачу зрабіць». Рабі, думаю сабе, хай табе па баках робіць. Знайшоў перапісаны «Ад веку мы спалі». Загадаў мне прачытаць пад рогат п’яных мордаў. Вырваў пасля і падцёрся. Во, кажа, на што здаліся беларускія гімны… Але што гэта газай засмярдзела?
— Гэта я спаткнуўся, дык мусіць трохі разлілася. Нясу ад Мэндаля…
Маўчанка, прайшлі некалькі шагоў.
— Стойце! — спыніў Аўгустын. — Нечага нам прыкідацца і адзін другога ашукваць. Адна дакука, адно жаданне нас сюды пазганяла. Кожны з нас ведае, чаго да пуні падкрадаліся і нашто Піліп з газай носіцца. Дык, коратка кажучы, даручыце мне гэтую справу: чыста зраблю. Падпалю пуню, і агонь з ветрам усю сядзібу, як языком, зліжа.
— Ну што ж, праўда вылезла наверх. Але спячы гада маю вялікую ахвоту.
— Як сабе хочаце, толькі ж я таксама не ўступлю.
Перакінуліся яшчэ некалькімі словамі і ўсе ўтрох рупна рушылі ў бок асады. Абярнуліся і толькі наважыліся ісці — ажно яркае зарыва пажару выбухнула перад імі і злосна рвала асеннюю цемру. Сядзіба асадніка стаяла ў агні. Вецер валтузіў мора агню і хмары іскраў. Ад чырвонага трапыхаючага бляску ноч стала яшчэ чарней. Са страшным гудам праносіўся міма вецер. Такой ноччу помста ходзіць па Заходняй Беларусі.
1928