Апаведаньня (Галубок, 1913)/Вясковые астраномы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На кермашы Вясковые астраномы
Апавяданьне
Аўтар: Уладзіслаў Галубок
1913 год
На вясельле
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вясковыя астраномы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вясковые астраномы.

Доктар з астраномам наважыліся раз на дзень-два пакінуць горад і сьцерці час у вёсцы.

Ведама, чаго шукалі, тоя знайшлі — дзьве гадзіны дарогі, і вёска Халадцы, як вырасла перад імі.

Ідучы вуліцай меж старых хат, яны бачылі, як агледалі іх праз вокны цікавыя бабы, і як маленькіе мурзатые дзеткі, шэпчучыся адзін з адным, перабегалі праз вуліцу — і прыгледаліся ім у вочы.

Як там што не было, але паном усё падабалося, бо яны гэта блізка што ў першыну бачылі. Доктар, выгадаваўшыся у багатых бацькоў, праўда чуў пра гора мужыкоў, але, не пазнаёміўшыся з іх жыцьцём бліжэй, мала ведаў аб іх. Гэдак сама і астраном. Давучыўшыся да сівых валасоў, а посьле вылічаючы як і калі будзе зацьменьне, дзе якіе плянэты і т. п., ня меў часу зірнуць у вёску і, каб ня шчыры яго прыяцель доктар, пэўне, што адзін не паткнуўся-б туды.

Вось нашы вучоные, агледзіўшы з большыны лес, поле, вярнуліся ізноў у вёску і зайшліся да селяніна Гапцуля папалуднаваць.

Доўга не прышлося чэкаць: гаспадынька заварушылася, затрэшчалі на прыпечку трэсачкі, і смачная яешня ў момэнт апынулася на стале.

Тыц-мыц, з верху троху паны пазьбіралі дый пакінулі. Яшчэ астраном, туды сюды, а доктар, як відаць, і рад-бы зьесьці, але баяўся, каб не зашкодзіла.

Тым часам у хату увайшоў сам гаспадар. Скінуўшы с сябе армяк і адгладзіўшы бараду, ён сеў за стол; адваліў лусту хлеба, ушчаміў яе у таўстых пальцах, ды пачаў есьці, сёрбаючы пастаўленую жонкай на стол капусту. Доктар паказеліўшы вочы гдядзеў і дзівіўся, як Гапцуль спаражняў адну місу капусты, другую, ды і за трэцьцюю ўзяўся.

Тут доктар пачаў шэптацца з астраномам, шырока разводзючы рукамі. А Гапцуль тым часам, толькі пачуўшы самы смак, спаражняў яшчэ і чацьвёртую місу крупніку.

«Гатоў аб заклад ісьці», марматаў свайму прыяцелю доктар, што гэты чэлавек аб’еўся і не далей, як сягоньня у ноччы Богу душу аддасьць, ня вытрымае.

І вось, як будзе то будзе, а доктар задумаў астацца ў гаспадара і чэкаць бяды, каб у часе памагчы чэлавеку.

Гапцуль, на астатку глынуўшы мерку квасу, адгладзіў бараду і, як паважна садзіўся, так паважна устаў ды, не раўнуючы, як пан прысеў на ножку і адваліўся на падушкі.

Не агледзіліся, як надыйшоў вечэр. Гапцуль, унёсшы свежага сена, прымасьціў гасьцям пасьцель ў кажэ: «Спаць то добра будзе, але на раніцы мухі пытлююць трохі».

Але астраном на тое атказывае: — «Добра то добра, німа што казаць, але мы лепі ў садку высьпімся, — бачыш, які прыгожы вечар».

«Ну як сабе знаеце, па мойму дождж павінен быць». Астраном усьмехнуўся, падмігнуў доктару і з ім паважна пасунуўся ў садок пад яблыньку. У самай поўначы ні атсюль, ні аттуль узьняўся вецер, ды калі ўрэзаў дожцж, калі шматанула маланка, дык нашы начлежнікі, як мага, кінуліся ў хату і з радасьцю паляглі на прыгатаваным з вечэра мейсцу.

Астраном ані як ня мог дадумацца, як мог пазнаць просты мужык, што будзе дождж, калі ён, вучоны, і то не пазнаў гэтага:

Толькі дастаў дзень, доктар зірк, ці жыў селянін. А той сьпіць сабе, задзёршы галаву, як прадла, падхропываючы на усе лады, як у жалейку.

Вось толькі прачнуўся Гапцуль, доктар і пытаіцца: «Скажы, браце, як выдыхаў ты ўчарайшую ежу? Няўжо нічога?

«А, не, гэта звычай, паночку: ем датуль, пакуль брухам стол не адсуну, а як ужо стол кранецца, тады годзе».

«А скажы — перапыніў астраном, аткуль ты ведаў, што дожд будзе ў ноччы».

«Ёсць, у мяне рабенькі бычок, і калі толькі ён пачне хвост лупіць, то так і спадзевайся дажджу, На тым тыдні так сама у вечары быў дождж, то мой бычок яшчэ зраньня пачаў хвост лупіць».

«Слаўны бычок, слаўны» — цадзіў скрозь зубы астраном: «прадай ты мне яго! Добра было-б, калі часамі маё вока не спраўдзіць, то бык да толку давеў бы…»