у сваю крэпасць. Я быў напалоханы да апошняй ступені.
Праз кожныя два-тры крокі я азіраўся, палохаўся кожнага куста, кожнага дрэва, і кожны пень, які паказваўся здалёк, я прымаў за чалавека. Вы не можаце сабе ўявіць, якія страшэнныя і нечаканыя формы прымалі ўсе прадметы ў маім узбуджаным выабражэнні, якія дзікія думкі праносіліся ў маёй галаве.
Дабраўшыся да майго замка (як я з таго дня пачаў называць сваё жыллё), я адразу апынуўся за агарожай. Я нават не помніў, ці пералез я цераз загарадку па прыстаўной лесніцы, як заўсёды, ці увайшоў праз дзверы, гэта значыць, праз знадворны ход, выкапаны ў гары; я і на другі дзень не мог гэтага прыгадаць.
Ніводзін заяц, ніводная ліса, ратуючыся ў вар’яцкім жаху ад сабак, не спяшаліся так схавацца ў сваім логаве, як я.
Усю ноч я не сплюшчыў вачэй; гэты жах быў яшчэ большым таму, што я не бачыў прадмета, які выклікаў яго. Якім чынам мог трапіць сюды чалавек?
Мусіць, гэта дзікуны з матэрыка, якія трапілі на востраў выпадкова: вышлі ў мора на сваёй пірозе, і іх прыгнала сюды цячэннем або ветрам; яны пабывалі на беразе, а потым зноў пайшлі ў мора, бо ў іх было такое-ж малае жаданне заставацца ў гэтай пустыні, як у мяне — мець іх сваімі суседзямі.
Бясспрэчна, яны нё заўважылі маёй лодкі, інакш здагадаліся-б, што на востраве жы-