Гаўдэнцый Шапялевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гаўдэнцый Шапялевіч
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 1800
Месца нараджэння
Дата смерці май 1846
Альма-матар
Месца працы
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, паэт

Радзіслаў Іасафатавіч Шапялевіч, Гаўдэнцый (Гаўдэнты[1], Гаўдэнтый[2]) Шапялевіч або Лазарэвіч-Шапялевіч (1800, Магілёўская губ.[3] — май[4] 1846) — беларускі польска- і рускамоўны паэт[1][3][4].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Вучыўся ў Полацкай езуіцкай акадэміі[3]. Пасля закрыцця акадэміі (1820), быў павятовым суддзём[3]. Затым, да 1830 года служыў калежскім сакратаром у Дэпартаменце Духоўных спраў замежных веравызнанняў у Пецярбургу[1]. У 1830—1834 гадах быў настаўнікам лацінскай мовы ў Віцебскай гімназіі[1]. У 1834 годзе звольнены з гімназіі ў сувязі са справай Т. Лада-Заблоцкага[4], пазнаёміўся з апошнім падчас следства[5]. Паводле ўспамінаў М. Маркса, Р. Шапялевіча год трымалі пад арыштам па даносе, за гэты час яго жонка звар'яцела[6]. Пасля вызвалення, пакінуў Віцебск і пасяліўся ў бацькоўскім маёнтку Рудня Невельскага павету, куды ў 1830-1840-х гадах штолета прыязджаў з Пецярбурга Я. Баршчэўскі[7].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Радзіслаў Шапялевіч належыць да шматлікай групы беларускіх літаратараў 1840-х гадоў, якія аднолькава добра валодалі польскай і рускай мовамі і цікавіліся беларускім фальклорам і даўніной, аднак, гэта літаратурная плынь хутка згасла.[3]

Пачаў пісаць вершы яшчэ ў акадэміі, асобныя з іх друкаваліся ў «Miesięczniku Połockim», у т.л. вершы «Mierność»[5].

Вершы у рамантычна-баладным стылі на рускай мове («Мальвина» і інш.) публікаваліся ў «Альманах Муз» (1830-1840-я), празаічныя творы Р. Шапялевіча выходзілі ў «Вестник Европы».[3]

Вершы і проза польскай мовай публікаваліся ў штогодніку «Niezabudka» (СПб)[3], газеце Я. Баршчэўскага «Tygodnik Petersburski» (СПб)[4]. Асобна выйшла паэма «Psycha» (1843[4]), яе сюжэт наследаваў Апулею і Багдановічу, а форма — Арыёста, мова і форма паэмы бездакорны[3]. Наследаваннем антычным аўтарам быў і «Dyogenes drugi»[5]. Апошняя паэма Р. Шапялевіча «Obłąkana», апублікаваная толькі ўрыўкам, сведчыць пра сталасць таленту, пра паварот аўтара ад наследавання да рэальнага ў паэзіі[3].

Па невядомых прычынах, з усіх беларускіх літаратараў 1840-х гадоў, толькі Р. Шапялевіч не друкаваўся ў альманаху К. Буйніцкага «Rubon». Аднак, мусіць, аднайменны верш «Rubon» прызначаўся для гэтага.[5]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г Хаўстовіч М. В. Гісторыя… С. 51;
  2. Асветнікі зямлі… С. 472;
  3. а б в г д е ё ж з Энциклопедический словарь Брокгауза… Т. XXXIXa. С. 485;
  4. а б в г д Энцыклапедыя літаратуры і… Т. 5.
  5. а б в г Хаўстовіч М. В. Гісторыя… С. 52;
  6. Маркс М. Записки старика… № 3, 1997.
  7. Хаўстовіч М. В. Гісторыя… С. 53;

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Асветнікі зямлі беларускай. — Мн., 2006.
  • Літаратура першай паловы ХІХ стагоддзя / укладанне і каментарыі М. В. Хаўстовіча; навук. рэд. С. Л. Гаранін. — Мн.: Маст. літ., 2012. — 1086 с. — (Залатая калекцыя беларускай літаратуры; т. 3).
  • Маркс М. Записки старика: Витебск с 1821 по 1840 гг. // Віцебскі сшытак. № 1—3, 1995—1997.
  • Хаўстовіч М. В. Гісторыя беларускай літаратуры 30-40-х гг. XIX ст.: Дапаможнік для студэнтаў філал. спец. вышэйш. навуч. устаноў. — Мн.: БДУ, 2001. — 171 с. ISBN 985-445-548-3
  • Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) — СПб., 1890—1907.
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. Т. 5. Скамарохі — Яшчур / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — 703 с. — 9500 экз.