Перайсці да зместу

Vita (1926)/Нашы дні/З цыклю «Заходняя Беларусь»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пад хатай З цыклю „Заходняя Беларусь“
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1926 год
Не калосьсе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Здаецца, што гавораць шчыра…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З ЦЫКЛЮ «ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ»

Здаецца, што гавораць шчыра,
а здрада ў сэрцы палыноў цьвіце.
Расчынеце дзьверы шырай, шырай…
О, як шмат найшло „гасьцей“!..

Зарос наш шлях тугой праклятай;
ў самотнасьці маўчыць быльнёг.
Прывыклі ў родных сваіх хатах
схіляць мы голавы да ног.

Пакорнасьць нейкая дый годзе.
Няўжо наш род такі, няўжо?
Цьвітуць дзесь кветкі пры пагодзе,
а ў нас на‘т ліст і той пажоўк.

Зьвініць дзесь песьня ў шумным гаі
і к сонцу мчыцца паміж хвой,
а ў нас сьляза на скроні палягае —
адбітак вечнасьці ліхой.

Няйначы ўжо ў такую квадру,
мы вышлі спатыкаць свой лёс.
Было над намі многа гвалту,
а колькі сьлёз, крывавых сьлёз?

Сабраць усе іх немагчыма, —
прашло па сьцежках шмат людзей.
Ўсю крыўду за сваю Айчыну
мы вылічым у судны дзень.