Stanisław Stankiewicz — Pierwiastki Białoruskie w Polskiej Poezji Romantycznej (Станкевіч)
Stanisław Stankiewicz — Pierwiastki Białoruskie w Polskiej Poezji Romantycznej Крытыка Аўтар: Адам Станкевіч 1936 год Крыніца: Калосьсе. — 1936. — Кніжка 3 (7). — С. 186—187 |
КНІГАПІС |
Stanisław Stankiewicz — Pierwiastki Białoruskie w Polskiej Poezji Romantycznej. Część I (Do roku 1830). Wyd. T-wa Pomocy Naukowej im E. E. Wróblewsckich. Wilno, 1936, 25×16 cm. str. 301.
Ёсьць гэта праца аўтара на доктарскі дыплём. Як відаць з загалоўку, мэта яе — выказаць у польскай романтычнай паэзіі беларускі элемэнт, як уплывы беларускай мовы і беларускага народнага творства — як песьні, байкі і інш. Абымае яна першы пэрыяд польскай романтычнай літаратуры, гэта знача: ад пачатку да 1830 г. Над наступным пэрыядам, ад 1830 да 1863 аўтар, як зазначае ў прадмове першай часьці, працуе далей.
Яшчэ ў 1911 г. на падобную тэму, шукаючы ў польскай романтычнай літаратуры элемэнтаў літоўскіх, напісаў працу Фр. Аугустайтіс, пад наз.: „Pierwiastki litewskie we wczesnym romantyzmie polskim“. Цяпер-жа, дасьледжваючы ў гэнай літаратуры элемэнт беларускі, выступае з больш шырокай і грунтоўнай працай Ст. Станкевіч.
Перагледзіўшы з большага гэну працу, можна зрабіць аб ёй наступныя, прадусім дадатныя ўвагі. Кніжка гэта грунтоўная, паважная. Шмат у яе аўтар улажыў працы і веды, выказваючы сусім саліднае навуковае прыгатаваньне як што да самай справы, так і навуковай мэтоды.
Беларускія элемэнты Ст. Ст. дасьледжваў у Зана, Чэчата, Петрашкевіча, Лазінскага, Міцкевіча, Адынца, Ходзькі і іншых. Вось-жа аўтар, напаткаўшы ў іх твораў дасьледжаны беларускі элемэнт, даказвае яго „аўтэнтычнасьць“ славамі і тэкстамі з беларускага фольклёру, зачэрпнутага з беларускіх этнографічных зборнікаў, або з беларускай песьні, беспасрэдна ўзятай ад народу. Дзеля гэтай мэты Ст. Ст. нятолькі прастудыяваў многа беларускіх этнографічных зборнікаў, але так-жа пабываў у Наваградчыне, ходзячы як-бы па сьлядох Міцкевіча, дзе шмат што патрэбнае для пацьверджаньня сваей тэзы здабыў беспасрэдна ад народу.
Далей праца Ст. Ст. ёсьць наглядным і вымоўным сьведкам, як многа духовага багацьця мае наш беларускі народ і як многа з яго скарыстаў ня ён сам, але ягоны сусед. Над гэтым усім як-жа паважна павінны прызадумацца нашы паэты, пісьменьнікі, культурныя дзеячы, палітыкі!
Нямала ўрэшце праца Ст. Ст. можа прычыніцца і дзеля вывучэньня беларускай мовы. Справа ў тым, што многія беларусы на гэты бок савецка-польскай граніцы, асабліва адарваныя ад вёскі інтэлігэнты, у свой беларускі слоўнік, а нават у адмену слоў і ў будову сказаў часта дапускаюць проста крычачыя полёнізмы. Вось-жа ўважнае прасьледжаньне працы Ст. Станкевіча, тых іменна мясцоў, дзе аўтар выказвае беларусыцызмы, асабліва дзе калі разглядае творчасьць Міцкевіча, сапраўды можа шмат у чым і шмат каго навучыць беларускай мовы, якой ня брыдзіліся й польскія пісьменьнікі.
Але хоць і павярхоўна разглядаючы працу Ст. Станкевіча, кідаюцца ў вочы яе так-жа і заганы. Прадусім недахват гістарычна-соцыялёгічнага тла, на якім адбывалася на землях быўшага Вял. Княства Літоўскага польскае літаратурнае романтычнае творства, што так багата скарыстала з беларускага фольклёру.
Праўда, аўтар на пачатку сваей працы памяшчае першы разьдзел „U źródeł regjonalizmu białoruskiego“, у якім малюе як-бы тло для сваіх досьледаў. Робіць аднак гэта ён бадай выключна толькі з пункту гледжаньня польскага літаратурнага романтызму. А гістарычна-соцыяльнае тло дало-б нам нямала сьвятла на тую праблему, чаму так багата польскія романтычныя пісьменьнікі ў сваё творства ўводзілі беларускі элемэнт. Гэткае тло выказала-б, што гэта было ў іхнай псыхіцы, у іхным пераважна беларускім паходжаньні, у іхных беларускіх традыцыях.
Калі-б на гэта Ст. Станкевіч зьвярнуў большую ўвагу ў сваей працы, дык праца яго ня мела-б таго польскага рэгіоналізму, пад кутом гледжаньня каторага яна ўся збудавана, а што, на наш пагляд, ёсьць заганай яго працы. Зразумела, што Ст. Станкевіч апрацоўваючы тэму з галіны польскай літаратуры, лёгічна рэчы разважаючы, з пункту польскага гледжаньня мог і ня сходзіць, але калі-б хоць крыху да сваей працы даліў ён сосу гісторыязофічнага, праца яго была-б яшчэ больш паважнай, больш аб’ектыўнай адносна да беларускай праблемы і больш гармонійнай да беларускага нацыянальнага пачуцьця самога аўтара.
Агулам, здаецца нам, што студэнты беларусы гэткіх „трэфных“ і „небясьпечных“ тэмаў не павінны браць, а калі дзеля тых ці іншых прычын бяруць іх, дык усё-ж павінны яны іх апрацоўваць так, каб праца іх ні ў чым ня была супярэчнай і з беларускай праўдай. Але калі гэта ўсё ад нашых студэнтаў незалежна, дык на гэта ўжо сапраўды няма рады.
Ня шкодзіла-б так-жа, каб аўтар „Pierwiastków Białoruskich w Polskiej Poezji Romantycznej“ у працы сваей даў сьпісак тых крыніц і тэй літаратуры, з якой так багата карыстаўся. Спадзяёмся, што зробіць ён гэта ў наступным томе, якога нецярпліва чакаем.
Ад. Ст.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.