Prawilny šlach BChD
| Prawilny šlach BChD Артыкул Аўтар: Ян Пазняк 1926 год Крыніца: «Беларуская крыніца», 1926, № 35 |
Хто сачыў за адраджэнскім рухам нашае вёскі ў Усходняй Літве i Заходняй Беларусі хацяжбы ўзяць ад 1919 году, то таму ясна, каля якога цэнтру гуртаваўся гэты нацыянальны адраджэнскі рух, а гэным цэнтрам ёсьць Беларуская Хр.-Дэмакрацыя. Адраджэнскі рух места із зусім слабой нацыянальнай сьведамасьцяй гуртаваўся каля Беларускай Соцыялістычнай Грамады.
Польшча, каторая дзякуючы Вэрсальскаму i Рыскаму (без удзелу Беларускага Народу) трактатам сталася валадаркай больш 2 мільёнаў тэрыторыяльнага Беларускага Народу, адразу пачала сваю нацыяналістычную працу апалячываньня Беларусаў, змабілізаваўшы да гэнае працы польскі каталіцкі клер i чынавецтва. Адраджэнскі рух места ня вельмі востра выражаў нацыянальнае беларускае «я», а больш так, як i заўсёды бывае сярод соцыялістычных групаў: пераважна патрэбы соцыяльныя гарадзкіх работнікаў. Дык хочацца думаць, што дзеля гэтага польская ўлада скіравала больш свае ўвагі i ўціск на вёску, ніштожачы прадусім нацыянальны адраджэнскі рух у кірунку Хрысьціянска-Дэмократычнай ідэолёгіі. Сьцесьненая прасьледаваньнем, беларуская, цесна зьвязаная зь вёскай, інтэлігенцыя i паўінтэлігенцыя гэтага кірунку перайшла да працы ў падпольле, дзе i дасюль працуе над нацыянальным адраджэньнем, усьведамляючы сваё сялянства як нацыянальна, так i соцыяльна. Можа, хто з чытачоў спытаецца, гдзе гэная частка беларускіх працаўнікоў вёскі працуе i гдзе плады іхняе працы? Дык тут трэба сказаць адкрыта: хто ня ёсьць засьлеплены партыйнасьцяй, а можа проста глянуць праўдзе ў вочы i каму дарагая нашая Бацькаўшчына, так, як Яна ёсьць дарагой для гэнае часткі грамадзянства - працаўнікоў у падпольлі, то той можа ўбачыць вялізарныя плады працы гэных працаўнікоў на вёсцы i нават ix карыснасьць Б.С.-Р. Грамадзе. Тут можа задзівіць мала ведаючых беларускую вёску, што чаму тэта так, працаўнікі Хрысьціянскага i Сялянскага кірунку, ды карысныя «Соцыялістычнай Грамадзе», бо што яны могуць мець із ею супольнае? На погляд з гары такое зьявішча ненармальнае, але калі прыглядзецца да справы беларускай наагул i беларускай нацыянальнай сьведамасьці вёскі, дык гэнае зьявішча сусім нармальнае, i яно так i ёсьць. Беларускія працаўнікі на вёсцы многія далёка стаяць ад агульнай беларускай палітыкі i толькі адно добра разумеюць, што яны Беларусы, жывуць на сваей тэрыторыі i што ўціск ад розных чужынцаў Беларускі Народ церпіць адно дзеля таго, што беларускае сялянства, каторае састаўляе вялізарную большасьць Беларускага Народу, ня сусім сьведамае перадусім свайго Беларускага нацыянальнага «я» i нізкай культуры.
Соцыяльнае пытаньне разумеюць толькі згодна i прыродна з ідэолёгіяй сялянскай: зямля сялянам на ўласнасьць, з соцыялістычнымі парадкамі гаспадарак ніколі не згаджаюцца ды й ня згодзяцца, бо сам здаровы, практычны сялянскі розум на гэта пазволіць ня можа.
Б.С.-Р. Грамада аб сваім соцыялізме маўчыць, а дамагаецца таго, што i Бел. Хр.Дэм.: 1) барацьба з польскім нацыяналізмам, 2) з польскім асадніцтвам, 3) зямля сялянам, 4) за родную беларускую школу. Што датыча імкненьняў соцыяльных «Грамады», напісаных у яе праграме, то да гэнае часьці беларускія сьвядомыя працаўнікі на вёсцы адносяцца моўчкі, як да нечага няшкоднага у сучасны мамэнт для сялянства, бо гэта ж толькі Ў праграме, а ў жыцьці на вёсцы ніколі быць ня можа.
Разумее гэта «Грамада» i што раз прыймае выразьнейшы твар беларускі i праз гэта самі Грамадзісты змушаюцца ўзыходзіць на грунт нацыянальны беларускі, аддаляючыся ад імкненьняў соцыялістычнага інтэрнацыяналу, каторы нашыя соцыялістыя прывыклі разумець па-расейску. I так працаўнікі вёскі Хрысьціянскага i Сялянскага кірунку вучаць беларускіх соцыялістых праўдзівай беларускай палітыкі. Ды яно інакш i быць ня можа: бо калі б нашыя соцыялістыя із «Грамады» не пайшлі за нацыянальным духам сялянства, то «Грамада» ня выйшла бы із муроў места на вольны прастор иашае вёскі.
Далей, калі збліжыцца час да ажыцьцяўленьня соцыяльных патрэбаў Беларускага Народу, то Б.С.-Р. Грамада, калі захоча ўдзяржацца на вёсцы, то хіба зьменіць сваю пролетарскую ідэолёгію на дэмократычную i сялянскую.
У праціўным выпадку будзе змушаная вярнуцца на сваё старое места i толькі там будзе праводзіць сваю соцыяльную ідэолёгію. Із гэтага ясна, што рост Б.С.-Р. Грамады на вёсцы ня ёсьць ростам яе партыі, а ёсьць статыстычным падлічэньнем нацыянальнай сьведамасьці нашае вёскі, рожных у соцыяльным пытанні кірункаў.
З гэтага відаць, што БХД стаіць на правільнай дарозе i што па ей належыцца далей ісьці, гуртуючы над сваім сьцягам беларускія народныя сілы.