Перайсці да зместу

400-лецьце Літоўскага Статуту

З пляцоўкі Вікікрыніцы
400-лецьце Літоўскага Статуту
Артыкул
Аўтар: Мікалай Шкялёнак
1929 год
Крыніца: Студэнская Думка. — Лістапад 1929. — №1 (12). — С. 13—17

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




400-лецьце Літоўскага Статуту.

Чатыры сотні гадоў мінае ад тае пары, калі быў выданы першы пісаны зборнік законаў для Беларуска-Літоўскай дзяржавы. 3 нагоды гэтакага сівога, культурнага юбілею, юбілею, якім могуць пахваліцца толькі вельмі нялічныя народы, трэба здаць сабе справу, прынамсі ў галоўных рысах, на якім грунце і як паўстаў Літоўскі Статут, а такжа якое ён можа мець значэньне для сучаснага дасьледчыка-беларуса, працуючага перадусім над пазнаньнем мінуўшчыны свайго народу. Зразумелы адказ на апошняе пытаньне можа быць дадзены толькі па разгледжаньні першых двух, г. зн. таго культурнага падкладу, на якім паўстаў гэты памятнік, а так-жа і яго гісторыі. Затрымаймася дзеля гэтага над кожным з гэтых трох пытаньняў.

Працэс аб‘яднаньня ўсіх беларускіх зямель пад уладаю Вялікага Князя Літоўскага закончыўся ў XV сталецьці. Беларусь, якая ўвайшла ў цэласьці ў склад Вял. Кн. Літоўскага, дапамагала яму сваімі матэрыяльнымі а перадусім культурнымі сродкамі. Гэты ўплыў беларускае культуры быў так моцны, што з першых-жа дзён свайго існаваньня Вял. Кн. Літоўскае было ўжо не літоўскай, але беларуска-літоўскай дзяржавай. Рэч у тым, што дзякуючы блізкім жыцьцёвым адносінам з Беларусью, Літва знаходзілася пад моцным уплывам беларускае культуры і грамадзкасьці. Гэты ўплыў адбіўся раней за ўсё на вярхох літоўскага грамадзянства. Літоўскія князі пачалі будаваць сваё князьства паводле беларускіх прыкладаў, уводзіць на Літве беларускія парадкі і ўстановы, беларускую мову як афіцыяльную і г. д. У беларускай грамадзкасьці яны мелі магчымасьць здабыць больш сіл і сродкаў дзеля ўзмацненьня сваей улады над грамадзянствам, чымся ў літоўскай. На Беларусі ўжо ўсталяваліся пэўныя і сталыя службовыя адносіны паміж князямі і іх дружынамі. Гарадзкое і вясковае насельніцтва было зьвязана з князям пэўнымі і сталымі падатковымі і рознымі іншымі павіннасьцямі. Тут-жа да паслуг князёў была і наладжаная адміністрацыя, пэўныя пасады і годнасьці, з дапамогай якіх узмацнялася князёўская ўлада над грамадзянствам. На Літве ўсё гэта мела характар чагось пачатковага і нясталага, а таму зразумела, што літоўскія князі першыя апынуліся пад беларускім уплывам, з іх брала прыклад літоўская арыстакрацыя, вайскоўцы, земляўласьнікі, якія атрымалі найменьне баяр. Знаходзіліся пад уплывам беларускае культуры і нават асыміляваліся з беларускім племям і народныя гушчы Літвы, асабліва там, дзе ў гэтыя гушчы пранікала беларускае насельніцтва. Як вынік гэтага тэрыторыя беларускага племя павялічывалася ў сваіх памерах на кошт асноўнае літоўскае тэрыторыі. Беларусызаваньне Літвы дапамагала ў значнай меры далейшаму пашырэньню яе дзяржаўнае тэрыторыі на кошт іншых беларускіх зямель. Справа ішла цяпер аб далучэньні да племя ня толькі ня чужога, але амаль свайго, прынамсі ў вышэйшых сваіх колах і ў кожным выпадку не варожага да беларускага ўкладу жыцьця. Характар аб‘яднаньня (амаль што дабравольны) адбіўся і на ўнутранай будове новае Беларуска-Літоўскае дзяржавы. Землі і князьствы, што далучаліся, у большасьці выпадкаў не трацілі асаблівасьцяў свайго быту. У некаторых князьствах заставаліся даўнейшыя князі, якія і далей разам з баярамі кіравалі мясцовым грамадзянствам, як васалы вялікага князя, абавязаныя яму вайсковай службай і падаткамі.

Гэтыя кароткія ўвагі даюць нам права цьвердзіць, што беларуская культура ў пачатку XVI стагодзьдзя займала домінуючае становішча і амаль што не спатыкала ніякіх конкурэнтаў, бо польскія ўплывы, якія пранікалі ў тым часе ў Бел.-Літоўскую дзяржаву, былі яшчэ вельмі слабыя. Паміма аднак-жа даволі высокага культурнага роўня, у Бел.-Літоўскай дзяржаве, на пачатку яе існаваньня, ня было пісаных законаў. Усялякага-ж роду праваадносіны былі рэгуляваны правам звычаёвым. Нормы права звычаёвага адносна сялян стасаваў г. зв. „копны“ суд. (Квэстыя копных судоў вельмі цікавая і мала яшчэ высьветляная ў праўнай літэратуры). Споркі паміж сялянамі і іх валадырамі судзілі апошнія. Баярства-ж (шляхту) судзілі князі і вялікія магнаты, якім князі давалі прывілеі і права чыніць суд. Зразумела, што адсутнасьць пісаных законаў даводзіла да надужыцьцяў з боку тых, якія мелі права судзіць іншых. Вялікія князі не праходзілі моўчкі каля гэтага факту і ад часу да часу выдавалі розные граматы, якімі стараліся завясьці лад у галіне судаўніцтва. У гэтых граматах вялікія князі ўрачыста абавязываліся перад усім насяленьнем краю дзяржаць сваё слова, гаспадараваць і судзіць згодна з тымі прывілеямі і правамі, якія паасобным станам былі дадзены раней. Аднак-жа і гэта не ўсувала надужыцьцяў, асабліва з боку вялікіх магнатаў у адносінах да шляхты. Шляхоцкая маса, якая паносіла для дзяржавы вялікія ахвяры, даючы грошы і войска, усё часьцей і часьцей пачынала дамагацца ўстанаўленьня пісанага права, дакладнага вызначэньня правоў і абавязкаў усіх грамадзян. І вось пад моцным уплывам гэтых дамаганьняў вялікі князь Жыгімонт на Віленскім Сойме ў 1522 г. обвяшчае ўстанавіць для ўсяго Вял. Кн. Літоўскага адно пісанае права для ўсіх яго станаў. У сваей грамаце Жыгімонт кажа, што: „Дагэтуль у нашым Вял. Кн. Літоўскім суды адбываліся не на падставе пісанага права, а справядлівасьць выконывалася згодна з звычаямі ды паводле разуменьня і сумленьня кожнага судзьдзі“, — а далей — „паслухаўшы частых зваротаў шляхты, загадалі мы ўстанавіць адзінае пісанае права і закон, напісаны ў згодзе з ведамымі пастановамі і граматамі, істнуючымі ўжо на пісьме“. Сем аднак-жа гадоў прайшло ад гэнае запавядзі вялікага князя, пакуль былі пераможаны ўсе труднасьці, зьвязаныя з кадыфікацыяй права і выданы Літоўскі Статут (17-30.XI.1529 г.). Выданьне першага пісанага зборніка законаў для Бел.-Літоўскага гаспадарства было гэтулькі важным гістарычным здарэньнем, што беларускія летапісцы прызналі патрэбным запісаць аб ім у сваіх летапісях. Першы Літоўскі Статут, створаны сіламі беларускіх законьнікаў быў напісаны ў беларускай мове і толькі праз год быў перакладзены на лацінскую а цераз тры — на польскую. Ня зьдзейсьнілася аднак-жа запаведзь князёўскае граматы — надрукаваць статут у вялікай лічбе экзэмпляраў, хаця ў Вільні была ўжо закладзена Скарынай беларуская друкарня. Стары Літоўскі Статут, спаўняючы дамаганьні беларускае шляхты, каб былі ўстаноўлены пісаныя законы, не здаволіў аднак-жа яе імкненьняў да роўнасьці з вышэйшымі станамі — духавенствам і магнатамі. І вось — пры Жыгімонце-Аўгусьце, пад націскам шляхты ён быў перагледжаны і прыняты ў новай рэдакцыі ў 1566 г. з пашырэньнем шляхоцкіх правоў — гэта другі Статут. Але праз 20 гадоў ён яшчэ раз быў перагледжаны; гэткім чынам склаўся трэці Статут, які быў прыняты на Варшаўскім элекцыйным Сойме ў 1588 г. У гэтым-жа годзе па загаду канцлера Льва Сапегі і пад яго асабістым наглядам трэці Статут быў надрукаваны ў беларускай мове ў Вільні, у друкарні Мамонічаў і толькі ў 1616 годзе пераложаны на польскую мову, калі беларуская мова на Беларусі пачала пакрыху траціць сваё агульна-дзяржаўнае значэньне і выціскацца польскай. 3 далейшых дзеяў Літоўскага Статуту трэба зацеміць той факт, што калі пасьля падзелаў Польшчы Беларусь адышла да Расеі, то быў зроблены поўны пераклад Літоўскага Статуту 1588 году з тагочаснае беларускае мовы на сучасную расейскую і надрукаваны ў 1811 годзе. Літоўскі Статут абавязываў на Беларусі аж да 1840 году.

Калі мы зробім параўнаньне памянёных трох рэдакцыяў Л. Статуту з боку мовы, то лёгка заўважым, што стары рукапісны Статут 1529 г. мае больш вытрыманую беларускую мову, а друкованая рэдакцыя Статуту 1588 г. больш багата полёнізмамі. Гэта сьведчыць аб тым, як польская мова паступова пачынала браць верх над беларускай ужо ад канца XVI в.

Кожная з трох рэдакцыяў Статуту дзеліцца на разьдзелы, а кожны разьдзел на артыкулы, колькасьць якіх не аднакава ўва ўсіх трох Статутах, бо кожная новая рэдакцыя замыкала ў сабе пэўныя зьмены, найчасьцей дадаткі а часамі і скарочаньні. Гэткім чынам ужо ў першым артыкуле 1-га разьдзелу, дзе гаворыцца аб тым, што выданы Статут ёсьць абавязкавым для ўсіх грамадзян, пачаўшы ад вышшага стану аж да ніжэйшага, у выданьні 1588 г. зроблены важны дадатак, які расьцягаваў Літоўскі Статут і на чужаземцаў. Прыкладам скарачэньня артыкулаў у пазьнейшых рэдакцыях можа быць характэрны выпадак, які меў месца ў адносінах да жыдоў і іх становішча на Беларусі. Гэтак, арт. 4, разьдз. XII. Статуту 1566 г. „о ношенью жидовском“ падрабязна разглядае пытаньне аб жыдоўскай вопратцы: забараняе насіць жыдом каштоўныя шаты, золата і серабро, а кажа, што „уберъ“ іх павінен быць „значный“, каб можна было адрозьніць хрысьціяніна ад жыда. У апошняй-жа рэдакцыі 1588 г. гэты артыкул скарочаны, але затое дабаўлены іншыя драбніцы, якія дазваляюць ужо жыдом насіць пярсьцёнкі. Наагул, трэба сказаць, што побач з тым, як мяняліся звычаі, сацыяльныя погляды, міжнародныя адносіны, — няўхільна і зусім натуральна павінны былі зьмяняцца адпаведныя артыкулы законаў. Гэтак, напрыклад, стары Статут 1529 г. ў адносінах да шляхты даваў вялікаму князю значныя правы, а шляхта, дабіваючыся ўсё большых і большых правоў, кожны раз вымагала новых прывілеяў і большай незалежнасьці ад князёўскай улады; з гэтае прычыны прыходзілася рабіць зьмены ў законах, даваць больш падрабязную рэглямэнтацыю, або выкідаць з законаў тыя ці іншыя пункты.

Па гэтых кароткіх нарысах культурнага падкладу і гісторыі Літоўскага Статуту, затрымаймося цяпер над пытаньнем, якое значэньне мае для нас Літоўскі Статут і над якімі мамэнтамі ў сваіх досьледах над ім павінен затрымацца перадусім беларус-гісторык, праўнік ці філёлёг. Вось-жа Літоўскі Статут як найвялікшы гістарычны памятнік Літоўска-Беларускае дзяржавы, зьяўляецца перадусім памятнікам нашае мінуўшчыны і можа служыць нявычарпанай крыніцай да ўсебаковага яе пазнаньня. Што гэта памятнік нашае прошласьці — гэта не падлягае сумліву. Мы бачылі ўжо вышэй, што ў г. зв. Вялікім Князьстве Літоўскім, асабліва-ж перад выданьнем першага Статуту, панавала беларуская культура. Зразумела, беларускасьці Вялікага Князьства Літоўскага ня трэба мадэрнізаваць, ня трэба нашымі сучаснымі паняцьцямі мерыць тагачаснага жыцьця як і нашых сяньняшніх поглядаў прыпісываць тагачасным людзям. Дзеля гэтага, ня можна напр. сказаць, што паняцьце народнасьці разумелася ў тыя сівыя часы так, як мы разумеем яго сяньня, ды і гэтага нам ня трэба. Паняцьце народнасьці, як вельмі зложанае, скрысталізавалася больш менш выразна толькі ў пачатку XIX стагодзьдзя. І дзеля гэтага, не пераносячы яго ў тыя далёкія часы, мы аднак-жа, можам задаволіцца тым, што наш народ у сваей гісторыі, падобна іншым, меў зусім выразна адзначанае пачуцьцё свае адасобленнасьці ад суседзяў, разьвітае ў яго можа больш, чымся напрыклад у ўсходніх маскоўцаў. Досыць прыпомніць, як лёгка далучаліся паасобныя беларускія князьствы да Літ.-Бел. дзяржавы, з аднаго боку і тыя крывавыя падбоі, шляхам якіх стваралася маскоўскае царства з другога, каб мець права сказаць, што якраз на ўсходзе, сярод маскоўскіх плямёнаў пачуцьцё кроўнасьці і адасобленнасьці іх як цэласьці ў вонках, адыгрывалі другарадную ролю ў параўнаньні з „крывёй і зялезам“. Меў наш народ пачуцьцё гэнае адасобленнасьці і ў адносінах да сваіх заходніх суседзяў-Палякоў. Досыць адсьвежыць сабе ў памяці ўсе вуніі, каб пераканацца, якіх скамплікаваных дыплёматычных высілкаў вымагалася ад Палякаў, каб утрымаць адзінасьць Польска-Літ.-Беларускае дзяржавы.

Адным словам, так у часе выданьня першага Статуту, як і раней, а нават амаль да XVIII сталецьця, мы можам сьмела казаць аб беларускай шляхце, месьце і сялянстве, з якіх асабліва першая мела добра вырабленую, сьвядомую беларускую ідэолёгію. Можам казаць аб беларускім народзе як цэласьці. Вось-жа Літ. Статут зьяўляючыся прадуктам яго духовае працы ёсьць памятнікам нашае прошласьці і багатай крыніцай да пазнаньня філёзофіі, традыцыі, права і наагул культурнага роўня народу тагачаснае эпохі. У ім як у люстры мы знойдзем адбіцьцё Старой Беларусі, знойдзем і яе гісторыю. А нават павярхоўнае абзнаямленьне з памятнікамі нашае прошласьці, з якіх пачэснае месца займае Літоўскі Статут, пераканае нас

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.