20 гадоў назад (Успамін пра Усебеларускі зьезд 1917 г.)
20 гадоў назад (Успамін пра Усебеларускі зьезд 1917 г.) Артыкул Аўтар: Макар Краўцоў 1938 Крыніца: pawet.net |
Шмат хто зь цяперашняе нашае моладзі чуў напэўна, што быў у Менску некалі Зьезд з усяе Беларусі, які хацеў лепшае долі свайму народу, што дасягнуць яе не ўдалося, бо сіла перамагла права: бальшавікі Зьезд разагналі, дэмагагічна трубячы, быццам складаўся ён… «из помешчыков и буржуазии». А тым часам нават і цяпер, праз 20 гадоў, лягчэй хіба было б сустрэць сярод беларусаў нэгра, як абшарніка або запраўднага капіталіста.
Што ж гэта быў за Зьезд? Як і скуль папаў на яго я? Што там рабіў, чуў і бачыў?
Шмат можна было б паставіць. падобных пытаньняў, шмат што напісаць. Хочацца ўспомніць пра кардынальнае зьявішча ў незайздроснай долі роднага народу, успомніць тое, што моцна трымаецца ў памяці.
Дый ці можна гэта з памяці выкінуць?..
Густы, малады хваёвы лес каля Рожышча (на Валыні). У зямлянках і бараках сярод гэтага лесу стаяў штаб 44-га расейскага корпуса, у якім мяне ўсе добра зналі як старшыню корпуснага камітэта. Зналі таксама, што я беларус, маю кантакт зь менскімі беларусамі, атрымліваю сваю родную літаратуру і г. д.
Украінцаў у корпусе была цэлая 72-я дывізія. А беларусаў трудна было выявіць. Аказаліся яны самі. У першых чыслах сьнежня (паводле старога стылю) клічуць неяк мяне на сход беларусаў, быўшых у корпусе. Сход сабраўся недалёка ад корпуснага штаба ў 46-м інжынэрным палку. Заходжу ў прасторны барак. Каля сотні паўтары чалавек (а можа й больш) пад прэзэсоўствам штабс-капітана (прозьвішча ня помню, раз у жыцьці тады яго я толькі і бачыў); радзяцца, каго паслаць у Менск, на Ўсебеларускі Зьезд, а таксама і ў Кіеў на зьезд беларусаў-ваякаў был. расейскага Паўдзённа-Заходняга фронту (абодва зьезды зьбіраліся ў адзін і той жа самы час). Павінен зазначыць, што корпусны камітэт, на чале якога я тады стаяў, выбраны быў месяцы за два да бальшавіцкага перавароту, на 20 зь нечым сяброў сваіх меў гэты камітэт толькі 2-х бальшавікоў, органам новае (бальшавіцкае) улады ня быў… Землякі мае, сабраныя (ня ведаю, з чые ініцыятывы) у 46-м інжынэрным палку, таксама не былі бальшавікамі. Сярод сабраных пераважна былі салдаты, пара афіцэраў, некалькі вайсковых ураднікаў і пісараў. Скідаю шапку, вітаю землякоў па-беларуску. Нейкі ўраднік заікнуўся пра тое, што Беларусь, дык справа зразумелая, але каб мову сваю ў яе інстытуцыях заводзіць, дык гэта можа і крыху нешта лішняе. За родную мову выступіў адзін маладзенькі пісар і прачытаў цэлую лекцыю пра слаўную мінуўшчыну нашае мовы ў старадаўнай Літве… Мне запрапанавалі на выбар: ехаць дэлегатам у Менск або ў Кіеў, а калі спраўлюся, дык пабываць на абодвух зьездах. Я выбраў Менск. У Кіеў паехалі іншыя дэлегаты.
У Менск прыехаў я, калі Зьезд яшчэ зьбіраўся. Адразу кінулася ў вочы зусім слабая арганізацыя гэткага вялікага народнага веча. Не было ніякай рэальнай збройнай сілы, якая давала б гарантыю таго, што Зьезд магчыме давясьці сваю работу да канца. Думку гэткую я выказаў старшыні Цэнтральнае Беларускае Вайсковае Рады Рак-Міхайлоўскаму. Ад яго пачуў, што няма нават вартых жалю фінансаў, каб паслаць чалавек- пару ў Кіеў на зьезд фронту. Цешыла толькі тое, што прафэсіянальныя саюзы паштавікоў і чыгуначнікаў, а таксама іншая працоўная інтэлігенцыя, не вылучаючы акружнога камітэта расейскіх эсэраў і гарадзкіх ды губэрніяльных самаўрадаў (яшчэ тады бальшавікамі не паразганяных) былі на баку беларускага кангрэсу.
Адкрыць зьезд у гарадзкім тэатры 5(18)-га сьнежня 1917 году выпала на долю Рак-Міхайлоўскага. Ад прыроды не аратар, гаварыў ён неяк вяла, пачаў па-беларуску, зьехаў на расейскую мову… Энтузіязм, любоў да свае роднае зямлі, да лепшага заўтра свайго народу выклікалі сярод блізка што двухтысячнага Зьезду прывітальныя прамовы армейскіх дэлегатаў і прадстаўнікоў розных менскіх арганізацыяў. Громам воплескаў пакрываў Зьезд прывітаньне ўкраінца Кавердынскага, калі, паміж іншым, вырвалася з вуснаў яго: «Нашае гора — вашае гора, нашае сьвята — вашае сьвята…». Грымеў Зьезд на словы нашага паэта Алеся Гаруна, прамаўляўшага ад імя Белар. Сацыялістычнай Грамады. Паважна, на другі дзень (ужо ў зале былога Шляхоцкага Дома) віталі Зьезд два прамоўцы ад мясцовага польскага грамадзянства.
Сьвяточны бок справы мінуў, і Зьезд пачаў энэргічна працаваць у розных сэкцыях. Дыспанаваў Зьезд вялікім будынкам Шляхоцкага Дома, у зале якога зьбіраўся яго пленум; сэкцыі і камісіі Зьезду працавалі ў былым Губэрнатарскім доме. Бальшавікі стараліся, як маглі, раскласьці Зьезд унутры яго, зманулі на свой бок Шантыра і Фальскага ды аднаго з магілёўдаў. Кідалася ў вочы русафільства магілёўцаў з «Областного Белорусского Комитета», існаваўшага ў час керэншчыны ў Петраградзе. Земскія (самаўрадавыя) дзеячы з гэтага Камітэта — Канчар, Вазіла і іншыя абвясьцілі нават збор беларускага зьезду ў Менску на 10 дзён пазьней (Вялікая і Вайсковая Беларускія Рады склікалі Ўсеб. Зьезд на 5, а гэтыя паны на 15 сьнежня (паводле ст. стылю). Шантыру ўдалося на адзін вечар адкалоць меншую палавіну Зьезду, якую ён сам ахрысьціў як «левое течение». Вазіле з кампанамі ўдалося разьбіць Зьезд на гэт. званыя «зямлячаствы» (паводле губэрняў — Менскае, Магілёўскае, Віленскае, Горадзенскае і г. д.).
Мушу ўспомніць, што ў часе прывітаньняў віталі Зьезд і два народныя камісары «Западной областн н фронта»: "Берсан (нацыянальных справаў) і Рэзаускі (унутраных справаў). Першы зь іх выступаў ад ППС-левіцы, а другі — ад імя партыі балыпавікоў. Прамова Берсана была выслухана Зьездам спакойна, Рэзаускаму да канца дагаварыць не ўдалося. Калі ў часе прамовы ён узяў за ражок вісеўшага над аратарскай трыбунай (на сцэне Гарадзкога Тэатра) нацыянальнага беларускага штандару, назваў гэты штандар «национальной тряпкой» і заклікаў замяніць яе «красным знаменем Интернационала», дык на сцэну выйшлі два здаравяцкія матросы (адзін зь іх вядомы ўсяму Зьезду сваім грымотным голасам левы эсэр Дулін), узялі фігуру наркома Рэзаускага пад рукі і вывелі вон. Адзін зь менскіх наркомаў, таксама левы расейскі эсэр і матрос, Муха (сацыяльнай апекі), як дэлегат і беларус, быў увесь час на Зьезьдзе.
Характарным было тое, што ніводзін з выступаўшых на Зьезьдзе магілёўцаў па-беларуску не гаварыў. Будучы, гэтак трагічна закончыўшы сваю кар’еру, «прэзыдэнт» Савецкай Беларусі Алесь Чарвякоў хітранька маўчаў і трымаўся зусім незаўважаным, нічым не адрозьніваючыся ад цэлага мора сялянскіх шэрых світак і кажушкоў ды ня менш шэрых салдацкіх шынялёў, у якія вайна апранула тых жа сялянскіх сыноў Беларусі. Чорнаю вопраткаю выдзяляліся работнікі-петраградцы, жменя народных настаўнікаў, ня ўзятых на вайну, ды яшчэ меншая колькасьць прадстаўнікоў іншых інтэлігенцкіх прафэсіяў, а таксама і групка матросаў. Дзьве-тры адзінкі жанчын, напэўна, чуліся сіратліва сярод вялізарнага Зьезду. Некаторыя зь менскіх беларусаў, з наіўнасьцю чехаўскіх герояў зь мяшчанскага вясельля, цешыліся з таго, што быў на Зьезьдзе нават запраўдны гэнэрал (ген.- лейтэнант Аляксееўскі — былы начальнік артылерыі ўсяе Фінляндыі), выбраны дэлегатам ад сваіх салдатаў і беларусаў-маракоў Балтыцкага флёту.
Быў мамэнт, калі нашэпты бальшавікоў зрабілі немалы ўплыў на загадкавы сфінкс маўклівае наагул сялянскае масы Зьезду, і, апаражніўшы ад правізіі свае торбачкі, дзядзькі голасна заяўлялі, што ім пара ўжо ехаць дамоў. Адкрытыя контрвыступленьні лепшых аратараў Зьезду сярод сялян пераканалі іх, што галоўная задача яшчэ ня вырашана.
Надыходзіў фатальны мамэнт — ноч з 30-га на 31-е сьнежня (нов. стыль). Справа будучыні Беларусі абгаворана была ў «зямлячаствах», і ў кожным зь іх апрацованы былі дэклярацыі. Зарысаваліся два кірункі: смаленцы, менчукі, віленцы і горадзенцы выказваліся за як найбольшую самастойнасьць Беларусі, а віцябляне і магілёўцы не маглі разьвітацца з сваім усерасейскім патрыятызмам, снуючы думкі аб Расеі дэмакратычнай, якая надоўга, як аказалася, была пахована бальшавікамі. Ясна помніцца, што на паседжаньні горадзенцаў Я. Варонка заявіў: «Я ўжо цэлы тыдзень нашу ў партфэлі праект унівэрсалу аб незалежнасьці…».
Пад канец Зьезду зьявіліся зь Петраграда эмісары Сталіна-Джугашвілі (ён быў тады ўсерасейскім наркомам па справах нацыянальнасьцяў). Рознымі абяцанкамі нейкі салдат і два ці тры работнікі-беларусы стараліся дабіцца ад Зьезду прызнаньня ўсерасейскаю ўладаю петраградзкае рады народных камісараў. З гэтых стараньняў нічога ня выйшла.
Дэклярацыі «зямлячастваў» зводзіліся юрыстамі ў адну абшырную рэзалюцыю, і гэткія кампрамісныя людзі, як адвакат Цьвікевіч, стараліся хоць на паперы прымірыць масквафілаў-магілёўцаў з самастойнікамі. У бакавым пакоі вялікае залы Шляхоцкага Дома ішлі гарачыя спрэчкі сяброў Рады Зьезду вакол усялякіх формулаў Цьвікевіча. Каля гадзіны першай уночы з 30 на 31 сьнежня як быццам быў знойдзены нейкі кампраміс. Янка Серада — старшыня Зьезду — адкрыў яго пленум. У нарадзе над формулай Цьвікевіча (пункт першы, як бы дэкляратыўна-ўступны, рэзалюцыі) умоўлена было, што за і проці гэтага пункта рэзалюцыі (з папраўкай аб поўнай беларускай самастойнасьці) выступіць толькі па адным аратары. Гаварыць за рэзалюцыю Цьвікевіча вызначаны быў магілёўскі жыдок (здаецца, Гольдман), проці формулы Цьвікевіча, значыцца проці фэдэрацыі зь неіснаваўшай Расейскай дэмакратычнай рэспублікай, выступіць вызначылі мяне. Старшыня даў слова Гольдману. Той пачаў гаварыць. Я зыйшоў уніз, пад эстраду прэзыдыума, скуль Гольдмана вельмі добра было чутно, і натаваў слабыя месцы яго аргумэнтацыі, адначасна накідаючы кароткі канспэкт свае прамовы. Да мяне спусьціўся магілёвец Канчар і з буйнымі сьлязьмі на вачох прасіў не падрываць кампрамісу, прыдуманага Цьвікевічам. Мамэнт высока-драматычны. Нейкі малітвенны настрой.
Маўчу і лаўлю кожнае слова з трыбуны. Хвалі нявымоўных адчуваньняў расьпіраюць грудзі. Ні я, ні Канчар ня ведаем, што над Зьездам павіс фатум.
Гольдман гаварыў мінут пяць ці дзесяць. Раптам сьціх… Каля прэзыдыума вырасьлі дзьве шэрыя фігуры: успамінаны ўжо тут нарком унутраных справаў Рэзаускі і п’яны, у шапцы зь вялізарным бліскучым брылём, нязвычайна хамаваты выглядам, начальнік менскага бальшавіцкага гарнізона Крывашэін.
Кто вы? Ваш мандат, товарищ? — энэргічна пытаецца старшыня Зьезду д-р Серада.
Я начальник гарнизона! — выкрыкнуў сярод агульнага гоману Крывашэін…- Прошу слова! — паўтарае ён…
Старшыня звоніць. На залі крыху цішэй.
Я под видом мягких лайковых перчаток, под видом мягкой пуховой постели… — пляце нейкую бязглузьдзіцу Крывашэін. Магутны гул пратэсту заглушае яго… Віцэ-старшыня Вазіла закрывае Зьезд… Серада звоніць, пазбаўляе Крывашэіна слова і ўзнаўляе паседжаньне, на якім усе трымаюцца стоячы, не вылучаючы самога старшыні. Сядзіць толькі сакратар Калядка і ўвесь час піша. З маестатычнай павагаю ўзносіцца сярод прэзыдыуму фігура прафэсара Карскага. Вазіла брыкнуў назад галавою… Прыкінуўся ці запраўды самлеў?.. Страшэнны гоман і мітусьня…
Улавіўшы мамэнцік некаторай цішыні, Рэзаускі абвяшчае Зьезд распушчаным, а Прэзыдыум яго арыштованым… Матрос Муха голасна пратэстуе і заяўляе, што ён больш не камісар апекі… Тымчасам урываюцца ў залу ўзброеныя салдаты Рамнёва і, разыходзячыся направа і налева, стараюцца ахапіць Зьезд. Дэлегаты спраціўляюцца, настаўляючы грудзі, іншыя па-сярэдзіне грымяць крэсламі, барыкадаю адгароджваючы Прэзыдыум. Калёнаю ў два рады салдаты ўціскаюцца ў сярэдзіну Зьезду. Дайшоўшы да барыкадаў, Рамнёў вымае з похвы рэвальвэр, паднімае ўгару і колькі разоў націскае цынгель… Але стрэлу не чутно… Пара трусьлівых сьвітак бяжыць за раяль, што стаіць па левай руцэ прэзыдыуму. Магутная фігура селяніна ў жоўтым расшпіленым кажусе становіцца на крэсьле пасярэдзіне залы, сьціскае свае мазалістыя кулакі і крычыць: «Раззброіць іх!» — паказваючы на чырвонаармейцаў…
Усё бачанае апісаць немагчыма… Зьезд разганяецца пагрозаю штыхоў… Нехта запяяў беларускую марсэльезу. Зь ёю выходзім паміж шпалерамі збройных салдатаў, па сходах на Падгорную вуліцу…
На скрыжаваньні Скобелеўскай і Падгорнай — ваякі на белых конях… Два панцырнікі грозна маўчаць…
Паход разагнанага Зьезду скіроўваецца ў бок рэзыдэнцыі бальшавіцкае ўлады — будынку Камэрцыйнае Школы… З тысячы грудзей разьлягаецца матыў хаўтурнага марша: «Вы жертвою пали в борьбе роковой…»
З заміраньнем гукаў чужое трагічнае песьні гінула воля народная, сярод мяккае зімовае ночы, ахінаўшай сэрца Беларусі ценямі рабства…
Шлях моладзі. 1938. 5, 26 лют.