Перайсці да зместу

11 ліпеня (1930)/Вызваленая Беларусь

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзесятае — адзінаццатае ліпеня Вызваленая Беларусь
Гістарычная праца
Аўтар: Ілары Барашка
1930 год
Выкарыстаная літаратура

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вызваленая Беларусь

Гэй, за намі бедната!
(М. Чарот. „Босыя на вогнішчы“).

Перад вызваленьнем Менску — сталіцы Беларусі, перад вызваленьнем усяе Савецкае Беларусі ад белапольскай окупацыі, Цэнтральны Камітэт Комуністычнай партыі Літвы і Беларусі разам з ваенным камандваньнем Заходняга фронту вылучыў Ваенна-Рэволюцыйны камітэт.

У склад ваенна-рэволюцыйнага камітэту ўвайшлі таварышы: В. Кнорын, А. Чарвякоў, Я. Адамовіч.

Пачаўся новы этап гісторыі Савецкай Беларусі.

1-га жніўня абвяшчаецца дэклярацыя, якая гаворыць:

— Многапакутная, змучаная Беларусь, краіна беларускіх, расійскіх, польскіх і яўрэйскіх рабочых і сялян, пры дапамозе гераічнай Расійскай Рабоча-Сялянскай Чырвонай арміі, завяршае справу свайго вызваленьня. Чырвоныя войскі, разьбіваючы апошнія рэшткі шляхецкіх армій, падыходзяць да Заходніх этнографічных граніц Беларусі. Рабоча-сялянскі народ Беларусі цяпер можа свабодна праявіць сваю волю і сам вызначыць свой лёс, формы свайго далейшага існаваньня, і свае ўзаемныя адносіны з суседзямі.

Організаваная рабочая кляса і працоўнае сялянства Беларусі, грунтуючыся на волі працоўных гушчаў, праяўленай на Першым зьезьдзе саветаў Беларусі ў лютым 1919 году, і шэрагу рэзолюцый і пастаноў павятовых савецкіх зьездаў рабочых і сялянскіх партый у поўнай згодзе з Чырвонай арміяй і Рэволюцыйным Ваенным Саветам Заходняга фронту.

Імем паўстаўшых рабочых і сялян абвяшчае незалежную Соцыялістычную Савецкую Рэспубліку Беларусі.

...Усе законы і пастановы польскай окупацыйнай улады аб узнаўленьні прыватнай уласнасьці ў Беларусі касуюцца.

— Яшчэ раз пацьвярджаецца, што права прыватнай уласнасьці на зямлю касуецца назаўсёды.

— Усе народныя багацьці пераходзяць у рукі дзяржаўных органаў рабоча-сялянскага народу.

— Беларуская «найвышэйшая рада» і ўсе белагвардзейскія і буржуазна-памешчыцкія ўрады Беларусі абвяшчаюцца ў дэклярацыі скінутымі і падлеглымі суду... усе ўрадавыя і клясавыя буржуазна-памешчыцкія ўстановы польскае окупацыйнае ўлады падлягаюць безадкладнаму затрыманьню і пераданьню суду ваенна-рэволюцыйнага трыбуналу.

— Соцыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі будуецца на прынцыпах бязьлітаснай дыктатуры пролетарыяту і выкарыстаньня ўсяе практыкі з Савецкай Расіі.

— Соцыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі будзе будаваць сваё жыцьцё на асновах прыцягненьня да савецкага будаўніцтва самых шырокіх працоўных мас, незалежна ад таго да якой нацыянальнасьці і вызнаньня яны належаць;

Гэтыя поўныя закліку і веры ў перамогу бадзёрыя словы дэклярацыі працоўных Савецкай Беларусі зьявіліся пацьвярджэньнем у другі раз незалежнасьці Савецкай Беларусі, пацьвердзілі дыктатуру пролетарыяту ў нашай краіне, у цесным саюзе з бядняцка-серадняцкімі масамі сялянства.

З гэтага часу на Беларусі пачалося савецкае будаўніцтва. З гэтага часу Менск стаўся Чырвонай сталіцай. Але змаганьне за Савецкую Беларусь яшчэ было далёка ня скончана. Фронт польска-савецкай вайны рэзаў цела Беларусі, ішла барацьба.

У кастрычніку 1920 году азьвярэлая белапольская армія зноў захапляе Чырвоны Менск у свае рукі. Але лёс Чырвонай сталіцы Беларусі быў вырашаны бойкамі пад Койданавым. Гэтыя бойкі, праведзены Чырвонай арміяй у няспрыяючых умовах, каштавалі 27-ай дывізыі 3500 чырвонаармейцаў, ня менш загінула і легіянэраў, аднак, гэтыя бойкі пад Койданавым далі выйгрыш Чырвонай арміі і выратавалі для Савецкай Беларусі яе сталіцу. У гэтыя часы пачаліся мірныя перамовы і белапалякі былі вымушаны пакінуць Менск паводле ўмоў перамір’я. Менск застаўся савецкім.

Адразу пасьля вызваленьня Беларусі савецкая ўлада пачала залечваць раны на целе краіны. А ран было багата. На месцы спаленых станцый прышлося будаваць новыя вакзалы, ўзьнімаць жалезныя перакладзіны, аднаўляць жалезны мост у Менску на Савецкай вуліцы, што быў узарваны белапалякамі. На месцы спаленых пакгаузаў прышлося будаваць новыя пакгаузы, на месцы спаленага паравога млыну вырас новы паравы млын. На руінах запалкавай фабрыкі ўзьнікла дзяржаўная фабрыка абутку. На руінах абойнай фабрыкі Эпштэйна вырасла дзяржаўная абойная фабрыка. На месцы зьнявечанага, закінутага заводу Сальмана вырас «Комунар». Нарадзілася фабрыка Меншвэй. На месцы выпаленага белапалякамі кварталу на Траецкай гары вырасьлі смалістыя двухпавярховыя дамы рабочых пасёлкаў. Абудзіліся дрожджавыя заводы, загулі трансмісіі, закруціліся барабаны ў чопах менскіх гарбарань, загуў мэталюргічны завод «Энэргія», дала энэргію, ваду і сьвет гораду пераабсталяваная менская электрычная станцыя. Санітарна-гігіенічныя ўмовы ў Менску амаль-што да апошняга часу былі надзвычай дрэнныя. І толькі цяпер Менск у праве гардзіцца правядзеньнем каналізацыі гораду. Мэханізаваны хлебазавод, які прышоў на зьмену соткам хлебапякарняў з антыгігіенічнымі ўмовамі, завод «Дрэваапрацоўшчык», які прышоў на зьмену соткам менскіх саматужнікаў, новы гарбарны завод «Бальшавік», фабрыка галянтарэі «Беларуска», дзесяткі працоўных колектываў і арцеляй мэталістых, шаўцоў, краўцоў, панчошніц, ткачоў, дрэваапрацоўшчыкаў, шчотачнікаў, рымароў, — усё гэта падводзіць пад Менск новую грунтоўную экономічную базу, якой няма параўнаньня ў мінулым Менску.

Калі ўзяць 500 рабочых Менску апошніх гадоў XIX стагодзьдзя і параўнаць іх з дваццацітысячным пролетарыятам сталіцы сёньня розьніца будзе надзвычай вялікая... Беларусь сёньня мае шэраг вышэйшых навучальных і культурных устаноў, якіх да вызваленьня ў нас ня было.

Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт заснаваны ў Менску толькі ў 1921 г., цяпер зьяўляецца адным з буйных культурна-політычных цэнтраў, які выпускае спэцыялістых па розных галінах нашай гаспадаркі і культуры. Настаўніцтва, інжынэры, дактары, юрысты, экономістыя выходзяць з яго сьцен.

Заснованая ў 1929 г. Беларуская акадэмія навук (раней інстытут беларускай культуры), зьяўляецца цэнтрам навуковай думкі Беларусі.

Беларускі навукова-дасьледчы інстытут сельскай і лясной гаспадаркі імя Леніна, які праводзіць навукова-дасьледчую працу, зьяўляецца таксама адным з буйных навуковых цэнтраў.

Менск зьяўляецца цэнтрам партыйнай асьветы ў Беларусі, у Менску працуе комуністычны унівэрсытэт імя Леніна, у заданьні якога ўваходзіць падрыхтоўка партыйных работнікаў.

Менск зьяўляецца таксама і цэнтрам літаратурнага жыцьця Савецкай Беларусі. У Менску знаходзяцца тры пісьменьніцкія організацыі (БелАПП, «Узвышша», «Полымя»), якія яднаюцца і праводзяць сваю лябораторную працу ў Доме пісьменьніка.

У Менску знаходзіцца і таварыства ваяўнічых марксыстых — цэнтр марксысцкай думкі на Беларусі.

Беларускае Дзяржаўнае Выдавецтва, дзесяткі рэдакцый газэт, тэатры. Організацыі рэволюцыйных мастакоў — усё гэта дапаўняе культурнае жыцьцё сталіцы Беларусі.

Неабходна зазначыць на існаваньне ў Менску Беларускага дзяржаўнага музэю з шматлікімі аддзеламі, Музэю рэволюцыі, Беларускай дзяржаўнай бібліотэкі, якая налічвае каля паўмільёна тамоў кніг, гістарычнага архіву і архіву Кастрычнікавай рэволюцыі.

Сёньня ў Менску ў кожным поступе, у кожным руху чуецца магутнае, новае соцыялістычнае будаўніцтва. Пабудова новага трамваю, пабудова унівэрсытэцкага гарадку, пабудова будынку беларускай дзяржаўнай бібліотэкі, будаўніцтва Дому ўраду, кватэрнае будаўніцтва, будаўніцтва I усебеларускай выстаўкі сельскай гаспадаркі і прамысловасьці — усё гэта дапаўняе вобраз сталіцы Беларусі — Менску ў часы соцыялістычнай рэконструкцыі.

Сёньня ў Менску страшэнна многа пылу. Рыпеньне пілаванага жалеза, стук малаткоў і кельняў, лязг цэглы і шыпеньне толькі што пагашанай вапны, рыштаваньні на кожнай амаль вуліцы малюе нам будаўніцтва новага гораду, новай сталіцы, непадобнай на старажытны Менск з вузкімі Завальнымі і Замкавымі вуліцамі, непадобна на Менск губэрскі горад. Вырастаюць чатырох, шасьціпавярховыя камяніцы, вырастаюць фабрыкі і заводы, пабудаваныя на прынцыпе навейшай тэхнікі.

Шырокімі прасторнымі вуліцамі з новымі садамі, з прыгожымі будынкамі, з добра абсталяванымі фабрыкамі, заводамі і ўстановамі мы ўяўляем будучы Менск.

А Менск — гэта вобраз усёй Савецкай Беларусі.

Рабочая кляса, у саюзе з бядняцка-серадняцкім сялянствам будуе будучыню сваёй краіны.

Сьвята 11 ліпеня — дзень вызваленьня сталіцы Савецкай Беларусі ад белапалякаў, дзень вызваленьня сталіцы Беларусі — Менску — зьяўляецца сьвятам усіх працоўных нашай рэспублікі. Значэньне гэтага сьвята ў тым, што з 11 ліпеня 1920 году працоўныя Савецкай Беларусі пад кіраўніцтвам комуністычнай партыі самі, пазбавіўшыся ў вялікіх клясавых бойках ад буржуазіі і окупантаў, пры дапамозе магутнага Савецкага Саюзу рэспублік будуюць сваё жыцьцё.

У дзесятыя ўгодкі сьвяткаваньня 11 ліпеня мы павінны ўлічваць і тое, што цяпер, як ніколі, сусьветная буржуазія з зайздрасьцю глядзіць на Савецкі Саюз, павінны памятаць аб тым, што фашыцкая Польшча ўвесь час і асабліва цяпер зноў працягвае рукі на нашу рэспубліку.

Гэта абавязвае нас дзень сьвяткаваньня 11 ліпеня ператварыць у дзень нашай баявой падрыхтаванасьці, падрыхтаванасьці да абароны межаў Савецкай Беларусі так, як працоўныя Савецкай Беларусі пад кіраўніцтвам комуністычнай партыі баранілі свой край у 1920 годзе.