11 ліпеня (1930)/Белапольская окупацыя
| ← Прадмова | Белапольская окупацыя Гістарычная праца Аўтар: Ілары Барашка 1930 год |
Дзесятае — адзінаццатае ліпеня → |
Белапольская окупацыя
Хіба гэта калі забудзецца...
(А. Вольны. „Міколка“).
Пролетарская рэволюцыя, скінуўшая ўстоі капіталізму ў Расіі, прывёўшая да раўнапраўя працоўных былой Расійскай імпэрыі, у поступе сваім напаткалася на варожыя пролетарыяту сілы з усіх бакоў маладой пролетарскай рэспублікі. Замежныя імпэрыялістыя разам з расійскай белагвардзейшчынай агнявым кальцом пачалі праводзіць змаганьне з маладой Рэспублікай саветаў.
З Усходу наступленьне Калчака, Дэнікін і Урангель на Поўдні, на Украіне, Юдэніч і ангельскія окупанты на Поўначы, а ў нас, на Захадзе, белая Польшча, — не далі адразу маладой пролетарскай рэспубліцы спакойнага існаваньня.
Белая Польшча, абвясьціўшы вайну Савецкай Расіі па загаду Антанты, па загаду ангельскіх і францускіх імпэрыялістых, акупавала Савецкую Беларусь. Нашы расійскія браты не змаглі даць патрэбных сіл для нашага паратунку, бо вораг насядаў з усіх бакоў. Чырвоная армія вясною 1919 г. прымушана пакінуць Заходнюю Беларусь, 19 красавіка 1919 г. белапалякі захапляюць Вільну, а ўлетку 8 жніўня і Менск трапляе ў рукі белапалякаў.
Польскія імпэрыялістыя, аднак, не змаглі прасунуцца далей Бярэзіны. Чырвоная армія спыніла іхнае наступленьне.
Пачалася белапольская окупацыя на Беларусі. Пачаліся рабункі, забойствы, пачаліся гвалты і зьдзекі над насельніцтвам з боку белапалякаў. Польскае камандваньне выдае загад, які руйнуе ўсе заваёвы пролетарыяту, які руйнуе ўсе заваёвы пролетарскай рэволюцыі і аднаўляе прыватную ўласнасьць. Такім чынам, тыя памешчыкі і паны, якія былі вымецены рэволюцыяй з нашых абшараў, пачалі нанова спаганяць свае «правы» на свае маёнткі, страчаныя імі пры савецкай уладзе. Белапольская армія разам з дэфэнзывай паразганяла ўсе грамадзкія організацыі, пазачыняла газэты і школы.
— Нельга было бясьпечна ні прайсьці, ні праехаць па дарогах, сярод белага дня разьдзявалі дагала, ды яшчэ добра было, калі забяруць легіянэры толькі рэчы і грошы, а ня жыцьцё. Але і дома было трывожна: польскія разбойнікі ўрываліся ў мірныя дамы, забіралі апошні скарб і часта на вачох бацькоў гвалтавалі і глуміліся з жанчын, — гаворыць у сваіх успамінах цэлы шэраг таварышоў.
Пачаліся пагромы. Пачаліся панскія зьверствы і пусташэньні. Ужо ў першыя месяцы белапольскага панаваньня турмы былі запоўнены рабочымі і бядняцка-серадняцкім сялянствам. Толькі шляхціц-кулак цешыўся прыходам сваіх «збавіцеляў» — польскіх легіянэраў. У турмах запанавалі самыя бязьлітасныя катаваньні. Бязьлітасна катавалі белапольскія жандары ня толькі членаў нашай слаўнай баявой комуністычнай партыі, але і спачуваючых бальшавізму, і, наогул, каго папала. Зразумела, што ўлада перайшла да паноў, улада перайшла да польскага вайсковага камандваньня. Пад пагрозай сьмертнай кары селянін павінен быў ехаць у абоз, рабочы павінен быў блукаць па пустынных вуліцах, шукаючы чорнай работы ў дамаўласьнікаў.
Прыступіўшы адразу да полёнізацыі краю, белапольскія окупанты ўрадавой мовай зрабілі польскую мову, ня гледзячы на тое, што насельніцтва яе не разумее.
Але ў часы белапольскай окупацыі не ўдалося польскаму жандару спыніць бальшавізацыю рабочых і працоўнага сялянства Беларусі. Амаль ва ўсіх гарадох і мястэчках Беларусі — у Вільні, у Горадні, у Барысаве, у Бабруйску, у Менску ствараюцца бальшавіцкія падпольныя організацыі. І ня гледзячы на тое, што дзякуючы «стараньням» польскай жандармэрыі адны партыйныя камітэты правальваюцца, а члены іх кідаюцца ў турмы, на іхным месцы становяцца новыя таварышы і працягваюць сваю бальшавіцкую дзейнасьць, ахапляючы пад свой уплыў усё больш і больш шырокія масы працоўных, якія з кожным месяцам, з кожным днём выказвалі свае сымпатыі комуністычнай партыі.
Разгон профсаюзаў, заснаваньне так званых «каталіцкіх» профсаюзаў, «юдэйскіх» профсаюзаў, заснаваньне дробна-буржуазнай сыстэмы коопэрацыі нічога не змагло супроцьстаць узрастаючай бальшавізацыі працоўных мас. Кіруючы з падпольля рэволюцыйным рабочым рухам, рухам за вызваленьне Савецкай Беларусі — комуністычная партыя аднаўляе чыннасьць чырвоных профэсыянальных саюзаў, карыстаючыся ў іх вялізным уплывам, праводзячы бязьлітасную барацьбу з соцыял-згоднікамі з дробнабуржуазных партый, як Бунд і інш. Падпольны рабочы рух у гарадох дзякуючы гэтаму набыў, ясна выяўлены, комуністычны характар. Компартыя абудзіла да змаганьня і сялянства. Адзін за адным узьнікаюць партызанскія атрады. Організацыя партызанскіх атрадаў ідзе пад кіраўніцтвам комуністычнай партыі. Асноўнае ядро партызанскага руху — бядняцка-батрацкія масы вёскі. У партызанскім руху вялікі ўдзел прымалі таксама і рабочыя і сяляне-сераднякі. Цэлыя вёскі, цэлыя сем’і ідуць партызаніць, ідуць у лес змагацца з белапалякамі. Актывізацыі сялянства да барацьбы з белапалякамі спрыялі непамерныя падаткі, зьдзекі польскіх легіянэраў над бяззбройнай моладзьдзю, падпал вёсак за невыкананьне загадаў польскага ўраду.
Забарона-ж забастовак, бязьлітасная расправа з забастоўшчыкамі, актывізавалі шырокія рабочыя масы гарадоў Беларусі на змаганьне з белапалякамі.
Вялікую ролю ў партызанскім руху мела моладзь, і Ленінскі комсамол Беларусі. Шырока разгортваюць сваю дзейнасьць партызанскія атрады на Случчыне пры актыўным удзеле слуцкіх комсамольцаў. Гісторыя ведае цэлы шэраг імён слуцкіх комсамольцаў, расстрэляных белапалякамі за ўдзел у партызанскім руху. Шырока разгарнулася дзейнасьць партызанскіх атрадаў і ў раёне Менску. Партызанскія атрады налічваліся соткамі. Вакол Маладэчына дзейнічаў партызанскі атрад з 250 чалавек, ля Чэрвеню партызанскі атрад складаўся з 200 чалавек, ля Менску партызанскі атрад налічваў 400 чалавек, ля Барысаву звыш 200 і г. д. Партызанскія атрады расьлі з кожным днём. Ля Менску, у Камароўскім лесе, знаходзіўся цэнтральны штаб партызанскіх атрадаў, адкуль партызанскія атрады атрымлівалі паказаньні, куды паведамлялі аб сваіх перамогах і труднасьцях. На заклік партызанаў у партызанскія атрады ішла новая сялянская моладзь. Шырока разгарнулася опэрацыйная работа партызанаў. Узрыў мастоў, разбор чыгуначных палотнаў, напады на польскія абозы і пуск пад адкос цэлых польскіх эшалёнаў было звычайнай работай партызанаў.
З асаблівым уздымам выбухнула паўстаньне ўвесну 1920 году. Дымам пускалі партызаны панскія маёнткі, нішчылі вайсковыя часткі белапольскага войска, паміралі за справу вызваленьня Савецкай Беларусі. Геройства і адвага беларускіх партызан ня мела граніц. Нельга ня прывесьці тут аднаго дакумэнту, які красамоўна пацьвярджае гэтыя словы. Перад намі прысяга аднаго з атрадаў Бабруйскага павету. Вось яна:
«Я, ніжэйпадпісаны, клянуся гонарам вольнага грамадзяніна, што ведаю аб тэй важнасьці ўзятага на сябе абавязку, ад якога залежыць канец нашае барацьбы ў справе вызваленьня пролетарскіх мас, якія зьнемагаюць у цяжкой няволі, і абавязваюся прайсьці выбраны мною цяжкі шлях.
У разуменьні рэволюцыйнага абавязку я гатоў ахвяраваць сябе для дасягненьня мэты вызваленьня і аднаўленьня ў нас савецкай улады, падобна іншым таварышам, перад мною дастойна памёршым у няроўных бойках.
Усякую ўскладзеную на мяне задачу абавязваюся бясспрэчна выконваць ва ўсякі час дня і ночы. Ніякія страты, перажываньні і страхі ня прымусяць мяне адмовіцца ісьці ўперад і выконваць ускладзенае.
Усё, што ведаю і раблю, і ўсё, што выходзіць ад нас — буду хаваць ад людзей чужых нашай справе, як хаваю сваё вока, ад таварышоў па рабоце нічога не ўтаю, памятаючы, што толькі гэтым агародзім працу нашу і нас саміх ад згубы.
Абавязак, які ўзяў на сябе, лічу правільным, абавязваюся яго памятаць і выканаць.
Невыкананьне чаго-небудзь з данага мною абавязку лічу злачынным, а за здраду яму раблюся ворагам ня толькі таварышом, з якімі працую, але і цалкам усёй клясе пролетараў, і перад імі адказваю галавой. За здраду справе няхай будзе мне агульная зьнявага і сьмерць».
Вось, яна, прысяга, поўная рэволюцыйнага ўздыму і нявыказнага жаданьня вызваліцца ад клясавага ворага.
У падпольным руху прымалі ўдзел таксама і работніцы і сялянкі-батрачкі. Іхны ўдзел зьяўляецца ня меншым, чым удзел моладзі. Сялянкі насілі ежу сваім мужом і сыном у лясы, паведамлялі партызан аб праходзе польскай вайсковай часткі, каб партызаны сваячасова маглі сустрэць яе.
Белапольскі ўрад расстрэламі ня ў сілах быў задушыць паўстаньне. У адказ на расстрэл менскіх і бабруйскіх рабочых, у адказ на расстрэл членаў Бабруйскага партыйнага камітэту мы маем страшэнны выбух паўстаньня на Случчыне, мы маем паўстаньне Дукорскіх партызан, мы маем паўстаньне партызанскіх атрадаў Мазыршчыны, якія сьпярша выступалі зрэдка, але якія напасьледак так шырока разгарнулі партызанскі рух, што праезд па Мазыршчыне для легіянэраў стаўся зусім немагчымым. У адказ на паўстаньні партызан белапалякі спалілі мноства вёсак Мазыршчыны. У часе падпалу вёсак белапалякамі партызаны кідаліся ратаваць ад пажару вёскі, адстойваючы свае хаты ад руйнаваньня.
Партызанскі рух быў найбольшым у Менскім раёне. Пад кіраўніцтвам атамана тав. Лютовіча (Шаранговіча), якому партызанская работа была даручана компартыяй, партызанскія атрады наносілі страты польскай арміі, адцягваючы, такім чынам, яе сілы ад барацьбы на фронце з Чырвонай арміяй.
Кіраўніком партызан Бабруйшчыны зьяўляўся тав. Ляўкоў. Пад яго кіраўніцтвам партызаны змагаліся з белапалякамі на Бабруйшчыне, нішчылі панскія маёнткі, дэзорганізоўвалі тыл польскага фронту, уступаючы ў адкрытае змаганьне з польскімі вайсковымі часткамі, якія вельмі часта ў некалькі разоў былі большыя за партызанскія атрады.
Дамо слова таварышу Ляўкову:
«Да канца окупацыі, — піша тав. П. Ляўкоў у сваіх успамінах «Напярэдадні вызваленьня», — ня было ніводнае вёскі, ніводнага мястэчка, сяла альбо хутара, дзе ня было-б партызан. Адны з іх актыўна выступалі са зброяй у руках, другія хадзілі ў выведку і дастаўлялі патрэбныя весткі, а трэція матэрыяльна дапамагалі першым.
...Вораг бачыў гэта і азьвярэў, — зазначае далей тав. Ляўкоў. — У бясьсільлі ён пасылаў тысячныя карныя аддзелы і чыніў бязьлітасную расправу, паліў вёскі, сотнямі забіваў мірных грамадзян, браў закладнікаў і марыў іх у астрозе».
Героізм партызан быў у тыя часы вялізны.
«Я чуў, — піша т. Ляўкоў — як адзін стары, бацька партызана, казаў свайму сыну: «Ты ўцякаеш, а твае таварышы паміраюць. Не асьмельвайся рабіць гэтага, бачыш — ідуць палякі, хавайся за рогам гумна і бі іх»... (Словы гэтыя былі сказаны ў той момант, калі на палёх Рудабелкі, пры полымі палаючае вёскі К., партызанскі аддзел змагаўся не на жыцьцё, але на сьмерць і, пакінуўшы забітымі дзевяноста процантаў свайго складу, адступаў... Страціўшы дзевяць дзесятых сваіх байцоў, аддзел з невялікай рэшткай не разваліўся... праз 2-3 тыдні партызаны зноў напоўнілі свае шэрагі і з новай энэргіяй рабілі сваю справу).
«А вось тып партызана, які трапіў у палон: абадраны, зьняможаны, галодны. На нагах замест ботаў — анучы. У правай кішэні абойма патронаў, а ў левай кішэні — печаная бульба. Над ім зьдзекуюцца. Гіронізуючы, афіцэры паказваюць жаўнерам, што бальшавікі змагаюцца за бульбу. Партызан спакойны. Яго ставяць расстрэльваць, а ён кажа: «Іншай узнагароды я не чакаю!» Яго пытаюць: «Ці варта паміраць за печаную бульбу?» — і атрымоўваюць адказ: «Паміраю за свабоду, за рэволюцыю, за савецкую ўладу»! Эфэкт атрымаўся цікавы, — піша т. Ляўкоў. — Партызана расстралялі, але патроны, бульба, свабода, глыбока запалі ў душу страляўшых, і яны аб гэтым пасьля гутарылі, шукалі бальшавіцкае літаратуры, каб чытаць і пазнаваць свабоду».
Такім чынам, як бачыць чытач, партызанская сьвядомасьць рабіла моральны ўплыў і на салдат польскае арміі, якія пад загадам польскай буржуазіі змагаліся з партызанамі, з Чырвонай арміяй.
Тав. Ляўкоў у сваіх кароткіх успамінах гаворыць чытачу і аб тым, як бацькі займалі месца забітых палякамі сыноў і, злучыўшы помсту за сыноў з вызваленьнем ад белапольскай окупацыі, героічна змагаліся за ўладу Саветаў.
«...стары Сянкевіч, страціўшы сына, заняў яго месца і ганяўся за праходзіўшымі аддзеламі белапалякаў. На дарозе, дзе ён рабіў засады, доўга можна было чуць смурод гніючых панскіх трупаў. Мае партызаны казалі, што ён забіў шмат белапалякаў, — успамінае т. Ляўкоў. — Стрэльбы, адабраныя ў забітых, ён аддаваў партызанам. Я спатыкаўся з гэтым старым і гутарыў з ім. Ён ахвотна апавядаў пра тое, як паляваў з-за кустоў. «І рука, кажа, ня дрыжала, і баязьні я ня ведаў...». Гэткіх герояў было шмат».
«Я меў гонар, — піша тав. Ляўкоў, — на адным з вучасткаў окупаванай Беларусі кіраваць партызанскім рухам, і ўпэўніўся, што беларус, які стагодзьдзямі згінаў сваю сьпіну пад прымусам царскага ўціску, пасьля двух окупацый, ня хоча быць і ня будзе больш наймітам. Пацьвярджаю выказаную праўду партызанскай барацьбой, пакінутымі весткамі: у мой вучастак уваходзіла 20 валасьцей. Ва ўсіх іх былі аддзелы, якія вялі выключна ўзброеную барацьбу. Некаторыя з іх налічвалі да 200 чалавек, былі ў 75, 30 і 15. Навакол гэтых баявых ячэек на ўсіх абшарах былі раскіданы адзінкі, якія дзейнічалі самастойна. Праз іх ажыцьцяўлялася сувязь аддзелаў з насельніцтвам, улічваўся яго настрой, мераўся рэволюцыйны ўздым. Разам усё ўзятае складала ўражаньне, што працуе адзін аддзел, раскінуты на вучастку, і больш таго, па ўсёй Беларусі, які з кожным днём надточваў тыл ворага і рыхтаваў яму благі канец».
У часы самага найбольшага паўстаньня на дапамогу працоўным Савецкай Беларусі прыйшла Чырвоная армія, якая сваім ліпеньскім наступленьнем канчаткова вызваліла паўстаўшых рабочых і сялян Савецкай Беларусі ад белапольскага панаваньня.
Польскія паны і шляхта, па ўказцы Антанты, па ўказцы міжнароднай буржуазіі, усімі спосабамі імкнуліся запанаваць у Беларусі, зрабіўшы яе сваёй бяспраўнай колёніяй. Але, ня гледзячы на тыя мільённыя сродкі, якія давала міжнародная буржуазія белай Польшчы на змаганьне з Саветамі, ня гледзячы на амэрыканскае абмундзіраваньне белапольскіх легіянэраў і францускую высока-гатунковую зброю, — аднадушнае змаганьне, славутая барацьба рабочых і сялян Савецкай Беларусі, братняя дапамога рабоча-сялянскай Чырвонай арміі вызвалілі Беларусь ад улады паноў і шляхты, далі магчымасьць працоўным Савецкай Беларусі аднавіць сваю незалежнасьць, здабытую крывёю рабочых і сялян, далі магчымасьць вольна будаваць сваё жыцьцё.
На савецка-польскім фронце пачалося славутае ліпеньскае наступленьне...
Партызанскія напады ва ўсіх мясцох, — апісвае тыя часы т. Ляўкоў, — і няўдача на фронце не маглі не адбіцца на дысцыпліне белапольскага войска. Яно пахіснулася і паслабела. Жаўнеры ня слухаліся сваіх афіцэраў і дэзэртыравалі па хатах.
Окупацыя падыходзіла да канца. Далёка на фронце грымелі бязупынна гарматы. Чырвоная армія рыхтавалася да наступленьня. Партызаны атрымалі загад — пачынаць.
Ажыло ўсё. Паляцелі пасланцы, пачалі працаваць лазутчыкі (гэтак зваліся людзі, якія выконвалі асабліва цяжкія заданьні ў сэнсе разьведчыкаў).
Загарэліся масты на галоўных гасьцінцах... Парваны правады. Спынена сувязь фронту з тылам... Зьбітымі колёнамі пачалося адступленьне. Партызаны атакуюць абоз паўтараста падвод і адбіваюць яго. Адступаючыя не здаюцца. Іх усіх забіваюць...
Падыходзіць чырвонае войска. Партызаны з радасьцю спатыкаюць яго, далучаюцца да яго організаваных аддзелаў і ідуць у наступленьне... на Варшаву. Беларусь вызвалена».