…Зацвітуць бялявыя вербы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з ...Зацвітуць бялявыя вербы)
Jump to navigation Jump to search
…Зацвітуць бялявыя вербы
Аўтар: Алесь Пруднікаў
1929
Крыніца: http://pdf.kamunikat.org/download.php?item=25644-1.pdf


 * * *
Зацвітуць бялявыя вербы,
табуны мітусяцца хрушчоў…
Я ўбачыў клён — станам нязграбным
прыгарнуўся да ліпіных шчок.
Як квітнела ў тумане свяча —
залаціў месяц нечую голень;
можа, клёна ды ліпу вянчаў,
можа, дзеўчына спала на полі.
Толькі я, калі зорка пагасла,
заблудзіўся туды, падарожнік,
Дык пад лісцем вясенняга ясеня
паўстала радзімая пожня.
Ой, калі ўсеецца дымам
ды пялёсткі пасыпле на жвір,
а калоссі зярняты падымуць
чалавечай вышэй галавы, —
прысланюся пад шатамі ясеня…
Струны крануцца надзіва.
І радзіма тады не пагасне
у песнях маіх лебядзіных.

16 чэрвеня 1929 г.