Я зноў — дзе поле каласамі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Я зноў — дзе поле каласамі
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1922


Я зноў — дзе поле каласамі
Свайму паэту б’е паклон,
Дзе меж зялёных паясамі
Спавіты вузкі мой загон.

Я зноў — дзе вольхам і бярозам
Купае сонца галаву
І жменяй згорнутыя слёзы
Расою сыпле на траву.

Я зноў — дзе птушак пералівы
Звіняць, як струнаў перабор,
Дзе чорнай хмараю дажджлівай
Стаіць на ўзгорку шумны бор.

Я зноў — дзе рэчкі і выгары
Блішчаць люстэркам між балот
І новай глебе шэпча чары
Вясёлым громам небасход.

Гляджу ў заплаканыя вочы
Старых жабрачак — родных хат,
Дзе па-над стрэхаю рагоча,
Мяне спаткаўшы, вецер-хват.

Я з ім па краі пранясуся,
І прывітаю вольну шыр,
І песняй ліры памалюся
На незасеяны пустыр.

На сенажаці паначую:
Там буду коней вартаваць…
Расклаўшы вогнішча, хачу я
Начлег мінулы ўспамінаць.

Дзіцячых год вярну я гульні,
Скакаць я буду праз агонь,
Пакуль не спудзіцца вадгуллем
На небе месяц — белы конь.

Няспелым жытам сінявокім.
Як родны сын, а не чужы,
На мора траў пайду далека
3 касою вострай па мяжы.

Там ліры гук і посвіст косаў
Злучу ў адзін нячутны хор.
І на балоце след мой босы
Прыгожы вытапча узор.

Ад зморы соладка спачыну,
На сене свежым задрамлю,
Як неба ў чорную аўчыну
Зашые сонную зямлю.

Калі ж у марах мне — паэту
Пашле натхненні ціхі змрок,
Як з васількоў блакітных летам,
Спляту я з вобразаў вянок.

1922