«Дробязі» жыцьця (1927)/Яўленая
| Яўленая Апавяданьне Аўтар: Платон Галавач 1927 год |
Загубленае жыцьцё → |
ЯЎЛЕНАЯ.
Летнім вечарам, пасьля дзённага грукату і пылу, цягне за горад, у поле, дзе, нібы застыўшае, стаіць паветра, чуць-чуць хвалюецца і абдае твар то гарачым, як з печы, то сьвежым, халаднаватым. Хочацца тады падставіць пад гэта дыханьне прыроды твар, грудзі, хочацца праз усе поры цела набіраць у сябе як мага больш гэтага чыстага паветра.
На дарозе пластом пуху ўлёгся пыл, ня ўздымаецца, а з бакоў вузкай выежджанай дарожкі моўчкі, схіліўшы сьпелае калосьсе, стаіць жыта і ўсьлед за праходзячым яшчэ ніжэй да дарогі пачынае хіліць калосьсе, нізка кланяецца, адзінокаму вечарам у гэтую пору лёта ў полі чалавеку.
Чуць, як дзе-ні-дзе ў жыце стракочуць конікі, часам дзіка пракрычыць начная птушка, ды раз-по-разу мільгане перад вачмі кажан.
Ззаду, на небасхіле чырвоным, гэта водблеск дня прыгожы малюнак гораду. Невялікія, чорныя цяпер, домікі, густа налепленыя на кавалак зямлі, агоньчыкамі лямп міргаюць у поле, а над імі высока ўзьняліся белыя камяніцы цэркваў (манастырскіх і гарадзкіх), і чорная, удзень чырвоная, стромкая каланча, адзінокая побач з царквамі.
Уперадзе, уздымаючы нагамі пыл, ціха йдзе стары, гадоў за шэсьцьдзесят селянін і таксама, відаць, любуецца і хараством прыроды, і горадам, бо ўвесь час аглядаецца ўзад.
Паскараю шагі і скора наганяю яго. Параўняўся.
— Добры вечар, дзядок!
Глянуў у вадказ, змаўчаў. Звычай у яго такі: з ім вітацца павінны маладыя, а ён не адкажа на вітаньне, а толькі пачне ўглядацца ў цябе і альбо змоўчыць, альбо загаворыць аб чым.
Загаварыў.
— Куды йдзеш гэта супроць ночы? Мясцовы? Нешта не пазнаю. Шмат незнаёмых пайшло цяпер.
— Часова заехаў сюды, далёкі. А ў поле — так сабе, прайсьціся, душна ў горадзе.
— Душна, маладому ўсюды душна, нават узімку душна, а пражывеш, як я, дык і ў летку холадна стане, так сынок… Комсамолец?
— А пачым ведаеш?
— Ну, а гэта-ж бляшка ў цябе. У мяне дома такі самы ёсьць.
— Ну, дык што?
— А нічога, так сабе я.
Ідзем моўчкі. Ён кратае кійком каласы жыта, асьцярожна, каб не сарваць каласа, а я ўглядаюся ў яго здаровую фігуру, хочацца, каб ён аб чым пачаў гаварыць.
Параўняліся з месцам, дзе ўлева ад дарогі сенажаць балотная, а ўправа высокі ўзгорак. Нядаўна яшчэ на ўзгорку відзён быў лес, а цяпер ужо толькі сьвежыя пні і шэрая, узараная зямля.
— Усё мала людзям, усё мала, большага хочуць. Гад наш брат, мужык, гад дый вунь які. Калісь пушча была тут ля гораду, без канца пушча. Густа ўрасла лесам зямля, а мужык лес выгрыз, шукаючы хлеба, пакінуў лес толькі на ўзгорках, а цяпер і з узгоркаў зьняў і на узгорак такі з плугам узьлез… Усё за хлебам. Дый ці адзін мужык так за хлебам гоніцца, усе так людзі. Кожны хоча жыць, адзін у другога рвуць кавалак, і ў такую бяду часам уцягне гэта пагоня за кавалкам, што прападзе чалавек… Хадзі сядзем на пень, ты-ж гуляеш, дый я не на працу сьпяшаюся, а ногі баляць. Вось сюды.
Узышлі трохі на ўзгорак, селі адзін супроць другога на пнёх. Я гляджу на яго лысую галаву, з якой ён зьняў шапку, на абрамлены сівой барадой твар, з якога міргаючы пазіраюць бліскучыя вочы. А ён выняў з запазухі кісет, адарваў ад беражліва складзенай газэты кавалачак, скруціў папяросу і пачаў моўчкі курыць.
З-за лесу выпаўз вялізны чырвоны круг месяца і расьсеяў трохі цемру. Выразьней сталі відаць белыя камяніцы цэркваў і каланча, а ўперадзе можна было разгледзець захаванае ў нізіне сяло, на краю якога высіліся чубам некалькі дзярэў і царква сярод іх.
Бом… бом… бом…
Гэта каланча гарадзкая выбівае гадзіны. Ужо дзесяць.
— Позна, дзед, мусіць час двору пайсьці?
Але па ўсяму відаць, што ён хоча нешта расказаць, і я чакаю.
Ён нібы ня чуў пытаньня, сплюнуў, затаптаў кінутую на пясок папяросу, памаўчаў яшчэ, а потым загаварыў.
— Звоняць… вунь, бачыш, царква відаць. Хвастава гэта. Там жыву, а ў царкве я панамаром быў, пакінуў…
— А чаму пакінуў панамарства?
Не адказаў. Не перабівай, бач, прыдзе час — сам скажу. Я разумею гэта і ня пытаю: больш, слухаю.
— У 18-м альбо ў 19-м годзе праходзіла ля нас войска і спынілася на тры дні на кватэрах. Салдаты, ведама, пачалі з старымі спрачацца, больш пра бога ўсё гаварылі. Знашоўся ў іх адзін такі… як яго?
— Камісар, мусіць?
— Ага, камісар. Вось ён, гэты камісар, наперад за ўсіх салдат — на вуліцы гэта было ў нядзелю — вышаў і давай. Няма, кажа, бога і толькі; ня бог людзей і сьвет стварыў, ня было патопу, мана ўсё гэта…
Нашы слова, а ён дзесяць. Крыўдна стала, як-жа ён супроць бога так сьмела, ды ня могуць самі саўладаць з ім, а нехта й параіў: папа пазваць, — поп вучоны і ён вучоны, хай пагавораць. Поп эвангельле напамяць ведаў, багата ведаў. Пайшлі да папа — той упіраецца, а мужыкі на яго: ня дай пасьмяяцца над богам слузе антыхрыставаму. Збаяўся і пайшоў, а дарогай з мужыкамі згаварыўся: вы спрачайцеся з ім, а я з боку паслухаю трохі, разьнюхаю, дый умяшаюся ў спрэчкі, каб злавіць яго на чым.
Камісар гэта як убачыў папа, дык пачаў яшчэ больш люта на мужыкоў насядаць, поп не сьцярпеў.
Сталі яны адзін супроць другога. Камісар рукі ў бакі, кніжачку з кішэні, пасьміхаецца на мужыкоў паглядаючы, а поп чырванее ад злосьці, крычыць: бог зямлю стварыў, сонца, зьвёзды, бог людзей караў патопам, войнамі. А камісар яму: як-жа гэта, бог стварыў сьвет, аддзяліў сьвет ад цемры, а потым сонца стварыў, а як-жа сьвет бяз сонца быў. Бог усемагушчы, ён адно слова сказаў і сьвет зрабіў, дык чаму-ж ён не стварыў чалавека такім, каб ён не грашыў; трэба было толькі сказаць чалавеку: будзь вось такім, і ён быў-бы. Дык хіба ля пацехі сваёй зрабіў чалавека гэткім грэшнікам, каб потым караць… Нашто-ж чарцей стварыў, ці ня ведаў, што яны супроць яго пойдуць, будуць уводзіць людзей у грэх. Дзе-ж богава сіла, веды?
Поп чырвоны стаіць, а ён у папа пытае: якой даўжыні да шырыні быў каўчэг Ноеў? Поп адказвае. Усё як у законе. Потым давай гэта ўсё зьвяр‘ё лічыць, чыстае і нячыстае, гадзін, казюлек розных, ды харчы, колькі ўсім трэба…
Як пачалі яны з папом — мужыкі маўчалі. А потым, як пачаў камісар гэта папа з богам да сьцяны ціснуць, поп змоўк, слухае, чырвоны ад злосьці, а нехта з кучы й засьмяяўся. Ускіпеў поп. Для насьмешкі, кажа, мяне пазвалі, з бога сьмеяцеся. Завярнуўся і пайшоў назад, а ўсьлед зноў сьмешкі.
Разышліся пасьля гэтага і больш не спрачаліся. Салдаты назаўтра паехалі. Усё як-бы й ціха стала, толькі мужыкі пры стрэчах з папом скоса на яго пазіраць сталі, а ён ад людзей нібы наўмысьля хавацца пачаў, злосны ходзіць. Людзі менш у царкву хадзіць пачалі, дома памоляцца, устаўшы, дый годзе, часу для бога хапаць ня стала.
А з папом нешта дзіўнае пачалося. Нейкі час хадзіў ён злосны, хаваючыся, потым адразу зьмяніўся, — не пазнаць стала. З усімі пачаў ветліва вітацца, абавязкова загаворыць пры стрэчы пра жыцьцё, пра бога, нават з малымі. Ходзіць і, нібы сьвяты, пазірае. Яно нічога асаблівага тут, аж адзін раз… Есьць у нас за сялом невялічкая рэчка, у Віхру цячэ, а ля рэчкі кусты густыя — лаза. З краю ў кустох грузка, балота, а пасярэдзіне купіна вялізная. Дык вось пайшоў гэта Сымон, — стары ў нас ёсьць такі, — у лазу, глядзь, а на купіне поп ува ўсім аблачэньні, як за абедняй. Глядзіць Сымон з куста, а поп кулакі сьціснуў, угару кулакі ўздымае, крычыць богу, а на ваччу сьлёзы. Потым упаў на зямлю тварам да яе і стогне, стогне: яві, кажа, цуда, госпадзі, яві цуда, каб народ паверыў, не пакінуў дому твайго.
Спужаўся Сымон. Звар‘яцеў поп, думае, і без лазы — дамоў. Дома нікому нічога не сказаў, а да мяне прышоў і гаворыць: наглядай за бацюшкам, Пракоп, нядобрае з ім дзеецца…
Ужо вышэй узьняўся месяц, відней стала. Добра відаць царква, у якой я ўяўляў сабе дзіўнага Хвастаўскага папа, хацелася разгадаць канец апавяданьня дзеда, хацелася, каб ён скарэй расказваў. А дзед, відаць было, зусім ня хоча рабіць гэтага. Ён паважна круціў папяросу, з боку пазіраў на мяне, выглядаючы, ці ўдалося заінтрыгаваць і сумысьля доўга маўчаў, бачачы мой напруджаны да слуханьня твар. Быў здаволены сабой.
— Пахне зямліца, пахне, добра выпрала, добрае буйнае жыта ўзрасьце.
Нагнуўся, пачаў капацца ў ральлі рукой, ці выпрала, ці мякка.
— Дык што-ж сталася з папом?
Выпрастаўся, глянуў на мяне і, не адказаўшы, пачаў гаварыць далей.
— …Не сказаў гэтага Сымон больш нікому, звыкліся мы з папом і дзіваком пачалі яго зваць, — надта часта ў лес стаў хадзіць. Людзі спачатку аб гэтым гаварылі, потым сьціхлі, — каму якое дзела да яго, хто йдзе ў царкву — ідзі, поп служыць абедню і добра, што ад яго больш. У царкве, трэба сказаць, людзей усё памяншалася, цесна станавілася папу ў жыцьці, бо з людзей-жа толькі й жыў. Ну, яно нічога-б, толькі адзін раз, праз год гэта ўжо пасьля салдат, прыбягае да мяне ноччу, як з ложку, поп, стукае ў вакно і крычыць: скарэй, Пракоп, бог заве мяне, дык скарэй звані йдзі, хай зьбярэцца народ.
Зусім звар‘яцеў, падумаў я, пачаў адварваць. Гэта прысьнілася, кажу, табе такое, ня варта людзей ноччу будзіць з-за гэтага. А ён чуць ня плача, просіць званіць, страшчае богам. Пайшоў я.
Людзі думалі — пажар. Хто як устаў — з хат выбеглі, глядзяць зарава, а яго няма, а ў царкве звоняць, ну, дык давай у царкву бегчы. Ля царквы поп звар‘яцеўшы, як думаў я, ды я за вяроўку цягаю, а звон уначы галосіць, нездаволён, што ўзбудзілі.
Зьбегліся людзі. Што такое? Бабы хрысьцяцца. Поп спыніў мяне і пачаў гаварыць людзям. Гаварыў, як зусім разумны чалавек, як за абедняй.
Пазвалі, кажа, мы вас сюды, праваслаўныя, не адтаго, што ўздумалася мне, не адтаго. Я чалавек цёмны, спрачаўся летась з камісарам тым пра бога, ня змог грэшны абараніць яго сьвятое імя перад зблудзіўшым слугой антыхрыставым, — вы пасьмяяліся з мяне, ад царквы пачалі адварочвацца. Я на вас трохі злаваў спачатку, а потым давай прасіць бога аб звамені сваім людзям, каб дзеяй якой уявіў сябе нам.
Тут наперад вышаў Сымон: праўду бацюшка кажа, праўду, сваімі вачмі бачыў, як ён маліўся аб гэтым у лазе ля рэчкі.
Слухаюць людзі, а поп гне сваё. Доўга, бач, маліў яго аб міласьці такой за грахі свае і за вашы, а ў апошнія дні адчуваю, што нейкая таемная сіла да мяне прыходзіць і кажа ісьці мне сюды да царквы, што тут павінна адбыцца цуда. Я сам думаў, што мо‘ так сабе гэта, мо‘ захварэў душой, але сёньня, нібы хто да цела майго рукой дакрануўся халоднай і кажа: ідзі да царквы. Я пайшоў і вас пазваў, каб папярэдзіць. Цяпер мне нібы лягчэй. Цуда, як чую я, павінна быць. Калі зазваню яшчэ — прыходзьце сюды, гэта бог папярэдзіць нас.
Пастаялі людзі і разышліся. Людзі бачылі ля царквы, што поп разумна зусім казаў, ну і значыць, чакаюць цуда, распусьцілі аб гэтым чуткі па сялу, па ваколіцы чуткі распаўзьліся, да царквы бабы здалёк прыходзяць.
Пасьля гэтага яшчэ два разы склікаў ён людзей ноччу звонам, а цуда няма. Нават злаваць людзі пачалі, шаптацца. А ў чацьверты раз, акурат на пятніцу ўначы, прыбег ён да мяне зноў, ведаў я ўжо чаго і пайшоў, не сьпяшаюся. Да царквы ад мяне ганей трое. Я іду паціху, бо цемра, хоць вока выкалі, а поп бягом на цянькі па разорах. Да хвоі, што недалёка ад дарогі, вунь самая большая відаць, пры гэтым дзед паказаў на хвоі ля сяла, — падбег поп і стаў, ні з месца. Тут, кажа, цуда павінна зьявіцца сёньня.
Я пазваніў. Зьбегліся людзі, злосныя, што ўзбудзілі ў поўнач, некаторыя лаюцца памацеры, а поп гаворыць, стоячы ля хвоі.
Сёньня выразна ўбачыў я перад вачмі хвою, нібы расчыніла яна нутро сваё і ў ім лік боскай мацеры з крывёй на твары. Узбудзіў я Пракопа і да царквы, а нейкая сіла сваёй рукой накіравала да гэтае хвоі, кажа мне, што тут цуда зьявіцца. Потым зьвярнуўся да мяне: ідзі, Пракоп, прынясі аблачэньне ўсё, як да ўсеначнай і сякеру з пілой вазьмі, а сам ля хвоі стаіць.
Людзі зацікавіліся, чакаюць, што-ж будзе.
Пазванілі яшчэ ў звон, каб больш людзей зышлося. Поп апрануўся, сьвечкі запалілі, і пачаў служыць. Поп да бога праз сьлёзы аб цуда просіць, каб ня мучыў яго і людзей больш, а за ім бабы ў сьлёзы, на каленкі перад хвояй, лбамі ў карэньні б‘юць. Мужчыны шапкі скінулі, стаяць, ня вераць у цуда, шэпчуцца.
Адслужыў гэта ён перад хвояй усеначную, потым кажа: аслабеў я зусім, рукі ня могуць узяць сякеры, дык ты, Пракоп, вось тут пілі, асьцярожна, тут павінен быць лік богамацеры, бачу я яго.
Узяў я пілу, пілю, а людзі сьціхлі, ціснуцца, пазіраюць у цемры, бабы просяць, каб асьцярожней, каб не зачапіў богамацеры пілой. Я пілю, а рукі дрыжаць, нешта ня верыў я ў цуда, хоць набожны быў. Расьпіліў трохі, поп вышэй паказвае піліць, а потым сам узяў сякеру і скалоў асьцярожна кавалак, як было напілена. Скалоў, пазіраем, аж такі ёсьць цуда, невялічкая іконка пазірае з хвоі з нутра ў рамках, шкло блішчыць ад сьвечак. Поп самлеў, на зямлі высьцягае, гаворыць нешта, за ім бабы ў плач: зьмілуйся, багародзіца. Потым адслужыў яшчэ абедню, сказаў казань поп і разышліся, а на хвою над іконкай рушнік павесілі.
Як адкалваў поп выпіленае, дык тры кавалкі чамусь упалі ад хвоі. У цемры ня бачылі іх, а як пачалі разыходзіцца, ён у рызу кавалкі ўзяў і ў аўтар занёс пакласьці.
Пасьля гэтага перад багародзіцай увесь дзень служылі, увесь дзень ува ўсе званы білі, як на вялікдзень. Людзі, вядома, па дарозе ля нас ідуць, едуць, што гэта такое — падыходзяць і разносяць пра цуда чуткі. А поп да хвоі скарбонку прыбіў, пачалі людзі грошы кідаць багародзіцы, а хто палатно панёс, сала, збожжа. Крывыя, сьляпыя, хворыя пачалі прыходзіць — мо‘ вылечацца. На нядзелю фэст яўленай назначылі першы.
Да багародзіцы ўжо дабра з усёй ваколіцы навезьлі вазамі, ужо скарбонку ачысьцілі раз, поўна накідалі, а людзі ўсё йдуць, поп-жа ходзіць нібы сьвяты з сьветлым тварам.
Я, што-ж, я век пражыў амаль што свой у веры, ну, вядома, сам залатоўку кінуў у скарбонку, сьвечку паставіў, жонцы і дзецям сказаў. Богу багата ня трэба. А народ усё валіць, валіць…
Настаўніца наша, маладая яна яшчэ зусім, але вучоная, з гораду прыехала тады толькі што, давай гэта на вуліцы мужчынам гаварыць, што мо’ ніякага цуда няма, трэба-б было выняць ды паглядзець іконку, паглядзець, як пілілі, якія кавалкі, а то мо’ падрабіў хто, мо’ ўставіў іконку, дык яе за гэта аблаялі, чуць каменьнем не закідалі, а бабы пляваць у яе бок пры стрэчы пачалі і дзяцей таму-ж навучаюць. Веруючы я быў чалавек, а яе словы чамусь у галаву запалі.
Пачалі зьяжджацца людзі на фэст, зноў да іконкі дабра кладуць, на каленках вакол могілак поўзаюць, зарок бабы даюць, наперад багародзіцы плоцяць. Мне-б гэта радавацца, што ў нашай царкве цуда такое здарылася, а ў мяне неспакойна нешта на сэрцы, ня бачыў я раней цуда да гэтага. Чую нешта муціць мяне і не сьцярпеў. Вечарам, калі разышліся па сялу людзі ды на вазох адпачываць ляглі, убіраў я дабро гэта і парашыў глянуць на іконку. Стаю і ўглядаюся ў багародзіцу, у рамкі, шкло, і здалася іконка мне надта да нейкай другой падобна, а да якой ня ведаў. Але што-ж у тым, што падобна, яна-ж багародзіца і другія багародзіцы. Але ня мог адыйсьці, ня пушчала нешта. Пакратаў рукой іконку, — вымаецца. Выняў, а з таго боку дошка неафарбованая, простая, даўняя, гвозьдзічак у дошцы і пасачак на гвозьдзіку прывязаны, за якую вешаюць ікону. Чаго-ж, думаю, у яўленай пасачак? Аж тут і ўспомніў, што за клірасам у нас у куце вісела іконка да гэтай падобная, з крывёй на твары ў багародзіцы — іверская. Пайшоў у царкву на клірас, грэшны я, глядзь, аж іконкі няма там, толькі ў сьцяне дзірачка ад гвозьдзіка трохі раскалупана, выняў, відаць, нехта гвозьдзік. З клірасу ізноў я да іконкі, зноў выняў, абглядзеў яе з усіх бакоў і зусім упэўніўся, што іконка з клірасу. Але чаму-ж богу ня ўзяць і з клірасу іконку для цуда? Перахрысьціўся я, страшна стала, што падумаў пры гэтым нядобрае, але ўспомніў, як тры кавалачкі з хвоі ўпалі, калі поп калоў, і словы настаўніцы пачалі калоць. Хай, думаю, на душу грэх вазьму, а пайшоў з нядобрымі думкамі ў аўтар, пачаў шукаць кавалкаў. Шукаючы, „да васкрэсьне бог“ гаварыў увесь час і ў бакі паглядаў, як злодзей, думаў — заб‘е громам бог за гэткае мяне.
Знайшоў я кавалкі, гляджу: адзін большы, а два меншыя, а піліў я два разы, знача нехта яшчэ два разы напільваў хвою раней. Схапіў я гэта кавалкі, да іконкі паціху прымераў, акурат укладаюцца ў выпіленае, ды бягом з імі дамоў, за іконы схаваў.
Раніцой фэст павінен быў пачацца. У маёй старой хворасьць нейкая ў касьцях, дык яна й кажа: ахвярую трубку палатна на багародзіцу, зарок я ёй дала, мо’ вылечуся ад хворасьці.
А мне як устрымацца. Не ахвяруем, кажу, нё патрэбна богамацеры палатно; так маліся, ідзі ў царкву. А яна сваё: я зарок дала на гэта і нагару лезе ў кубел за палатном. Крыўдна мне, ведаючы ўсё гэта, стаў ля драбіны, ня пушчаю на гару лезьці.
Ля двара ўжо поўна людзей было, фэсту чакалі.
Чаму не дасі, крычыць старая, як не дасі на зарок яўленай іконе, пакарае бог цябе за словы такія. А я: ня дам і толькі, казаць усё баюся, думаю — пойдзе ў хату, дык там і скажу.
Сварыліся гэта мы паціху, людзі заўважылі, бліжэй падыходзіць пачалі, а яна пры людзях у плач, ды на мяне з капцюрамі, вочы выдраць кідаецца. Парашыў я тады людзям праўду сказаць.
Пазваў настаўніцу, выняў з-за ікон кавалкі тыя хваёвыя і кажу: абманулі вас цудам, хрысьціяне. Не яўленая гэта ікона, а ўставілі яе сюды ў хвою, з-за клірасу ў нас у царкве зьнята. Я два разы піліў хвою, кажу, а тут тры кавалкі, адзін раней выпілены быў, як іконку ўстаўлялі.
Зьбіўся ў кучу народ, раззлаваў, ня верыць. Я іконку тады выняў, усім паказаў, кавалкі прымераў. Кінуўся народ у царкву, дзірку ад гвозьдзіка глядзіць; хто пеўчыя, прыпамінаюць іконку, разглядаюць яе, кавалкі прымяраюць. Яшчэ больш раззлаваў народ, усіх лаяць па мацеры ля царквы пачалі мужчыны. Пачалі ў званы біць, зьбіраць усіх.
Прыбег поп, глядзь, а я з настаўніцай перад народам з іконкай і кавалкамі, б‘ю сябе ў грудзі, бо крыўдна стала за бога, ня ведаю, што й гаварыў, а гаварыў багата.
Праціскаўся поп праз людзей да нас, што, пытае, такое?
А я іконкай яму. З-за клірасу, кажу, хто іконку вось гэту зьняў і ў хвою ўставіў, хто раней напільваў яшчэ ў двох мясцох хвою, бо людзі-ж бачылі, як напільваў я толькі ў двох?
Людзі змоўклі, слухаюць, а поп зьбялеў, кінуўся ад царквы ў двор.
Значыць, ён уставіў іконку ў хвою — парашылі людзі; запляваліся і з лаянкай пачалі разьяжджацца дамоў. Ня было фэсту.
У ноч тую ня мог я заснуць, вельмі-ж нядобрае пра веру і бога думаў, хоць і не хацеў думаць, але нібы нячысьцік прымушаў. Малюся, бога прашу, хачу ўявіць сабе яго, як раней, але душой чую, што няма яго, што бог гэты нібы рэч якая, з рук у мяне ўцякае з душы і нічога ў ёй не застаецца, пляма толькі чорная нейкая… Страшна мне было, стары-ж, век аджыў і перад канцом такое. Малюся, косы на сабе рву, каб болем думкі нядобрыя адагнаць, аж чую: два разы звон бразнуў паціху, нібы ветрам моцным яго ўскалыхнула. Напуджаны я быў, выбег на двор, ды паціхеньку да царквы. Гляджу, аж на вяроўцы, што з званіцы, поп вісіць, сьсінеў. Закрычаў я, пабег па вуліцы крычучы, узбудзіў людзей.
Не чапалі папа, вісеў так, пакуль з выканкому прыехалі, і пры ім такую паперку знайшлі, перад сьмерцю напісаў: прасьціце мяне, браты, піша, ніякага цуда ня было, я іконку з-за клірасу зьняў і ў хвою ўставіў, бо не хадзілі-ж людзі ў царкву, даходу мала стала, а есьці-ж трэба, думаў зраблю, не пазнаеце вы, а больш ніхто не пазнае, бога няма, ня верыў і я ў бога… Скамянелі гэта мы, паслухаўшы напісанае, па руках паперку пусьцілі, самім каб прачытаць…
Змоўк, думае.
— А як з іконкай?
— Іконку ў выканком з пратаколам і кавалкі тыя адправілі. З другіх папоў гарадзкіх і комуністых, і нас узялі, камісію склалі, усё як ёсьць выпыталі, прымералі, ікамісія прызнала, што ня было цуда ніякага… Ну, вядома-ж, ня было.
А царкву забілі пасьля таго, зусім ніхто не пайшоў у яе, папа прысылалі, дык панюхаў два разы ў пустую царкву дый уцёк. Цэлы год так царква маўчала, пакуль комсамольцы ў нас сталі. Папрасілі яны ў старых сабе царкву, а старым нашто, — бярэце, калі трэба. Цяпер кніжкі там даюць, газэты, спэктаклі робяць, і зноў людзі йдуць у царкву, поўна зноў…
— Толькі не маліцца?
— Не, не маліцца ўжо йдуць, а каб пацешыць сябе…
Памаўчаў трохі.
— А ці-ж лёгка было гэтаму зрабіцца? Я жыў каля шасьці дзесяткаў год веруючы, з богам, як думаў, жыў, а пасьля цуда і паперкі паповай перад згубай захварэў, маліцца кінуў, косы на сабе ірваў, шкада было пакрыўджанага бога, веры, а бес так і муціць, так і шэпча: яўленую поп выдумаў і бога таксама выдумалі, няма, няма яго, ня вер. Думаў, звар‘яцею…
Пры гэтым дзед узьнімаў угару сьціснуты кулак, махаў ім.
Па небу беглі кавалкамі хмары, і месяц то хаваўся за іх, і тады на лысую галаву дзеда і твар белы з сівой барадой набягаў чорны цень, цямнела тады фігура яго вялізная, здавалася, што гэта волат сядзіць на ўзгорку, хмурыць сярдзіта твар і гразіцца кулаком небу, усім за тое, што абманвалі яго шэсьцьдзесят год гэтым небам; а калі месяц зноў выплываў з-за хмар, зноў сьвятлеў тады твар гэтага волата-старога, здавалася, што сьмяецца ён ужо над небам і ўсім, сьмяецца ад думкі: ну што-ж, вы абманвалі мяне шэсьцьдзесят год, але-ж я перамог, мой верх, нядаўся апошні раз абмануць і другім вочы расчыніў, хоць пад старасьць, але мой верх…
— … Хадзіў так тыдні з два я, потым парашыў: нічога-ж ня выйдзе, трэба ратавацца. Здружыў з настаўніцай, хадзіў да яе і прасіў, каб чытала кніжкі мне, каб тлумачыла. Слухала яна, чытала мне аб зямлі, аб сонцы, чаму людзі бога сабе выдумалі, эвангельле разьбірала са мной і сьмяяліся разам з напісанага ў ім. Лягчэй тады стала, нібы й нябыло ў мяне ўнутры бога шэсьцьдзесят год. Пачаў у комсамол хадзіць…
Бом… бом…
На каланчы білі дванаццаць гадзін ночы.
Дзед устаў з пня.
— Час ісьці, заўтра на сенажаць зранку, а яшчэ вярсты з тры.
Стаў рабіць папяросу, глянуў на белыя камяніцы гарадзкіх цэркваў, кіўнуў у іх бок галавой.
— І там, у манастыры, яўленая таксама, у золаце яна, толькі разумней зроблена, мусіць, дый даўно ўжо, ня ў нашы часы.
Усьміхнуўся пасьля гэтых слоў.
— Колькі іх яўленых ёсьць і не пералічыш, а колькі дабра мужыцкага зьелі, прапілі яны і колькі яшчэ ядзяць… Ну, бывай, ты-ж комсамолец, у газэтку-б аб гэтым. Тады пісалі трохі, але даўно ўжо, трэба-б цяпер яшчэ, каб людзі думалі, каб на слова ня верылі, а паглядзелі, мо‘ ў яўленай пасак ззаду. Ха-ха-ха… Ідзі дый я пайду.
Разьвіталіся, крануліся з месца йсьц, як дзед зноў праказаў.
— Хадзі сюды, браце, ня ўсё яшчэ.
Падышоў.
— Я панамаром доўгі час у гэтай царкве быў, год з дваццаць пяць. Быў я цесьляром добрым у маладосьці, але набожным, адтаго й застаўся тут панамаром, як прыелася па сьвету з сякерай цягацца, Мо‘ яно горш, а мо‘ і лепш, бо-ж і сам цяпер ня веру і другія, уся ваколіца ў сумненьне прышла… Шмат пражыў, шмат бачыў, але дваццаць пяць год панамаром — хадзіў, як сьляпы. Вінаваты я перад людзьмі, бо з папом і я іх абманваў. Век сьляпым хадзіў, толькі пад старасьць убачылі вочы… Вінаваты, таму і расказваю людзям цяпер, каб больш аб гэтым ведалі… Ну йдзі, я цябе трымаю…
Стары пайшоў далёй, уздымаючы па дарозе пыл, і пра сябе пачаў сьпяваць нейкую старажытную цягучую песьню, мо‘ з тых, што сьпяваў яго дзед, ходзячы за сахой. Відаць, весялей яму рабілася, калі ўдавалася расказаць аб яўленай яшчэ аднаму новаму ў гэтых мясцох чалавеку, бо ведаў, што той раскажа другім… „Вінават перад людзьмі, ад таго і расказваю“…
Скора фігура дзеда схавалася за ўзгоркам, які абняла дарожка, і я накіраваўся ў горад.
З бакоў дарожкі спакойна, ніжэй толькі схіліўшы галовы-каласы, змочаныя буйнымі кроплямі расы, спала жыта. Па небу ўсё гусьцей беглі з захаду кавалкі хмар, і цень іх цёмнымі хвалямі пералівалася па жытнім моры.
Горад цёмнай масай дамоў і домікаў стаіць, Над горадам адзінока тонкія, белыя царквы чорнымі плямамі вокан званіц пазіраюць…
— І там яўленыя, толькі разумней зроблены і ня ў нашы часы…
Але ведаюць, ведаюць аб гэтым ужо шмат хто з гэтых дамоў і домікаў і ад гэтага здаецца, што цэрквы белыя перад шэрымі дамамі і домікамі, нібы голыя людзі перад грамадой, засароміўшыся за сваю нагату паказаную, стаяць і ня маюць ужо чым схаваць гэтую нагату, ад таго скурчыліся так, выцягліся ў вышыню і шукаюць месца ў зямлі, куды-б праваліцца, зьнікнуць, хочуць апраўдацца перад цёмнай масай дамоў і домікаў за тое, што й яны з папамі разам абманвалі іх…