Ясната, пекната…
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
← Толькі той, чый вольны дух… | Раніцаю Верш Аўтар: Уладзімір Жылка Крыніца: Вершы. Паэмы. Крытыка. — 2016 Выбраныя творы — 1998 |
Ізноў пытанні… З глуму… → |
У выданні 1998 змешчаны без загалоўку і даты варыянт 2. З падобнай назвай: «Раніцою». |
Ясната, пекната,
Неба сінь — любата.
Вось дзянёк!
Цёмны гай, неўнарай,
Вабіць, быццам той рай,
У цянёк.
Па траве, мураве
Ветрык вее, плыве
Лёгка так.
Скошан лог; ў каласох
Спее жыта ў палёх,
Ў градах мак.
Згода, ціш. Не ляціш
Вольнай думкай у выш
Ад зямлі —
Добра тут. Бачыш цуд:
Свет, цяпло, родны кут
Спавілі.
(1922)
Варыянт[правіць]
Ясната, пекната,
Неба сінь — любата,
Вось дзянёк!
Цёмны гай, неўнарай,
Быццам казачны рай,
Вабіць нас у цянёк.
Згода, ціш, не ляціш
Вольнай думкаю ўвыш
Ад зямлі.
Добра тут. Верыш ў цуд.
Свет, цяпло — родны кут
Спавілі.