Яснавяльможнай пані Арэшчысе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Яснавяльможнай пані Арэшчысе
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/416

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гдзе ж нам парывацца -
З мудрымі раўняцца:
Чэсьць аддаць Аўторцы
У простай гаворцы!

Не, ня чэсьць, то мала -
Славу сваім трудам
Сама ты зьяднала!..
Ты з пальмай прад людам.

Шмат ксёнжак пісалі
Не аб нашым браце:
Лепш чужых пазналі,
Як у сваёй хаце;

А нас, подлых кмеці,
Міналі здалёка
І хавалі дзеці
Ад нашага вока.

А Ты, пані, сьмела
Заглянула ў хату,
Усё зразумела
І нашаму брату

Працягнула руку
І сэрцам балела,
Глядзеўшы на муку,
І пяром умела

Выліць смутак гэты, -
Што аж душа рвецца,
Што плачуць кабеты,
Ня знаюць, гдзе дзецца!

Чым жа мы аддзячым?
Што ж мы напрыносім? -
Хіба што заплачым
Ды Бога папросім:

Прымі ж нашу дзяку
У малітве, ў сьлёзцы,
Прымі як азнаку
Тваёй славы ў вёсцы.