Янка Канцавы (1924)
| Янка Канцавы П’еса Аўтар: Казімір Сваяк 1924 год |
К. С.
ЯНКА КАНЦАВЫ
ВЯСКОВАЯ ДРАМА Ў 5 ДЗЕЯХ

Выданьне Беларускага Грамадзянскага Сабраньня
Вільня — 1924.
Друкарня „LUX“ Вільня, вул. Жэлігоўскага 1.
Янка Канцавы.
|
Янка Канцавы — гаспадарскі сын. |
Звычайная беларуская хатка. Абраз адзін — другі на сьцяне. Пры стале Янка з газэтай у руках. Далей — Каруся з кудзеляй. На зэдліку Маці з прасьніцай. Пры ёй малы Язэпка з лементаром. Маці паказуе яму ціха літары. Пара вячорная.
Янка (чытае з газэты). «Каб пачалі мы болей думаць аб жыцьці сваім, пакінулі благія наровы, ўзяліся шчыра за работу, хутка-бы сталі на роўныя ногі — асьветы і дабрабыту. Найгорш шкодны нам наша адсталасьць і гультайства, што баіцца зрабіць сабе прымус на дарозе да лепшай долі»…
Язапка (голасна). Бэ-а-ба, бэ-э-бэ, бэ-і-бі, бэ-о-бо.
Янка. Цішэй, Язэпка! Не замінай мне! (чытае далей) — «Праўда мы любім новае, кідаем старое. Але часта робім гэта без развагі. Прымаем ахвотна тое, без чаго абышліся-б шчасьліва; кідаем тое, за што пашлюць нам праклён нашыя ўнукі»…
Язэпка (ізноў). Эм-а-ма, эм-э-мэ, эм-і-мі…
Янка (гнеўна). О, шалунька! Бачыце яго? Успакой-жа, мамачка, свайго чытальніка!
Маці. Ціха, ціха! Нястройна быць назойлівым.
Каруся. Э, бо ўжо до’ гэтага чытаньня і нараканьня. Раскажы лепей, мама, як даўней людцы жылі. А ты адкажы, Янка, чаму так людзі наракаюць на лёс свой, калі самі вінаваты.
Янка (задуманы). Так, так… вінаваты.
Маці. Ох, многа зьмянілася ад часу, як стала я помніць… Гдзе дзеліся паны? Гдзе тыя людцы забітыя гаротныя, што ня зналі нічагусенька, ніякай людзкасьці!..
Янка (цьверда). І што-ж, мама! Даўней людзі былі бяднейшыя, цямнейшыя; але-ж ня былі такія, як цяпер, налпы!
Маці. Чаму налпы? Што ты, Янка, кажаш?..
Янка. А тое, што цяпер нашы жывуць чужым розумам і то розумам хворым. Лішне ўжо пачалі ўзірацца на чужое: і ў адзежы і ў мове, а грош трудавы марнаваць на кепства. Эт, налпы — крывулі!..
Маці. А мо’ і праўда, Яначка! Даўней людзі былі бедны і забіты, але ня чураліся так свайго роднага абычаю, свае мовы, мілай прастаты, а навет адзежы хатняй. Часьцей-гусьцей чутны былі нашы песьні, віданы нашы вопраткі; цяпер родная песьня заціхае, чужынец абкрадае бедных людцоў навет з песьні…
Каруся (пяе ціха песьню, пасьля памагае ёй Маці, ў канцы Янка) Відзіш, мама: помнім, любім яшчэ нашы песьні.
Маці. Адна-ж ты толькі і пяеш іх з сваей Разалькай. Іншым дзяўчатам няміла ўжо родная песьня.
Янка. Гэта яшчэ нішто, мама. Найгорай, што цяпер ледзь ня ўсе сябры мае цягнуць з іншай злыбядой загранічнай і п’янства, закарлае, хамскае п’янства… Я неяк іначай узгадаваўся: дзякую маме (цалуе). Праўда, раз я правініўся, наругаючыся Богу, але мамачка так мяне настрашыла нябожчыкам бацькам, што ад таго разу я ўжо ніколі не забываюся.
Каруся. Мамачка, раскажы нам, як гэта наш тата памёр, і чаму мама вечна па ім плача, ўспамінаючы?
Маці. Цяжка мне, дзіцятка, аб гэтым гаварыць… Пакараў мяне можа Бог за сьляпое каханьне. Муж нябожчык яшчэ дзяцюком меў цягу да гэнага благога зельля: няраз, бывала, здаралася, што дзе прагуляўся, а то i пабіўся з таварышамі. Але гэты-то чалавек упаў мне горача ў вока, а яшчэ глыбей у сэрца. Прысягнуў мне перад сьвятым крыжам, што па шлюбе ніколі ўжо піць ня будзе. І паслухаў, бо сьмелы быў і не зважаў на тое, што людзі скажуць. Але посьле… Меў ужо такую дрэнную натуру і застарэлы навык: зацягнуўся йзноў. Павольна стаў і з хаты браць тое-сёе і насіць да Бэркі. Я плакала і прасіла яго. Як быў цьвярозы — абяцаў, што болей ня будзе, а, зышоўшыся з сябрамі, — піў дужа (папраўляе калаўрот).
Каруся. Ох, гэтыя сябры!
Янка. То-ж кажуць: хто з кім задаецца, такі й сам астаецца.
Маці. Аж трэба: няшчасьце ўдарыла ў нас громам. Малыя вы тады яшчэ, дзеткі, былі. Муж паехаў прадаць збожжа ў мястэчка. Было гэта зімой. Прышоў вечар. Стала цямнець, а яго няма. Сядзела я доўга і дарэмна чакала. Было холадна, марозна. На дварэ — сьветла ад месяца. Мароз трашчэў па плоце. І віджу я, што ў падвора ўехалі сані. Я выбегла спатыкаць мужа. Конь спакойна стаяў пры ганку. Гаспадар ляжаў у санёх. Думала, што п’яны. Узяла за руку і… адскочыла з жахам. Рука была, як лёд. Пры сьвятле месяца я ўбачыла, што твар мужа быў, як палатно, белы. Бяз памяці бегла я да суседзяў… Горкае гора было…
Франук (уходзіць). Пахвалёны Хрыстус!
Усе. Навекі. Амэн.
Янка (спатыкаючы Франука). Хадзі, брат, бліжэй. Чакалі. Пагаворым (садзіць між сабой і Карусяй).
Каруся. Даўно ўжо ў нас быў, Франучок. Пэўна з якой добрай навіной.
Маці. Лёгка згадаць, дзеткі. Сёньня-ж субота. Пэўна, на вечарыну зваць будзе.
Франук. Цётка ўгадала. Будзе-будзе, і яшчэ якая! Прышоў намовіць Янку з Карусяй.
Янка. Ну, я адразу даю згоду… Толькі, — што я там буду рабіць?
Франук. Знайдзем, знайдзем што рабіць! Не раздумвайся…
Маці (сумна). Лепей ты, Яначка, ня йдзі, бо хлапцы на цябе даўно ўжо коса глядзяць і нездаволены — як я чула — што ты неякі іншы, нялюдзкі: Бог ведае, да чаго намаўляеш і дразьніш іх толькі.
Янка. Не, мама. Пазволь мне пайсьці. Чую сёньня асаблівую ахвоту.
Маці. Ну, добра. Але Каруся астанецца, бо адной мне з Язэпкам вельмі нудна.
Каруся. Я, мамачка, і ня думаю ісьці. Нашы гульні цяпер рэдка калі абходзяцца без гарэлкі i крыўды. Пэўна і сёньня так будзе. (Бярэ ад Маткі калаўрот).
Язэпка (праціраючы вочы). Мама, а я пайду такі!
Маці. Табе, дзіцятка, пара ўжо йсьці спаць: во і вочкі твае ліпнуць.
Франук (устаючы). Калі ісьці, так ісьці. Цётка хоча, каб Каруся асталася: няхай так будзе, хоць чаму-ж бы і не пайсьці. Ідзем, Янка! Там музыка даўно рэжаць.
Вясковая вечарынка. Музыка. Кругом маладзеж. За сталом старшыя гуляюць у карты. Танцы. Чуваць прыпеўкі. Янка стаіць сумны, злажыўшы рукі накрыж. Глядзіць няўважна на танец.
Франук (скончыўшы танец). Гэй хлопцы! Годзі! Дайце польценьку!..
Юрась. Ды што полька! Тут трэба аб чым лепшым падумаць…
Другі хлопец. Што і думаць!..
Юрась. З носа па грошу! Давайце, хлопцы, на гарэлку. Байчэй і ахватней найдзе гульня.
Адна з дзяўчат (Разалька). Ну, во йзноў гарэлка! Абойдземся! Нашто яна?
Юрась. Ведама ты, Разалька, курыныя грудзі! (сьмех). Ня хочаш гарэлкі? Ну, дык давайце на піва!
Янка. Хлопцы! Мне здаецца, што найлепей пагуляць цяпер гэту польку, пасьля я прачытаю нешта вельмі цікаўнае з газэты, — тым махнём нашу родную мяцеліцу, ну, і ўжо будзе пара…
Дзяўчаты. Праўда, праўда! Так і зробім.
Адзін з-за стала (з паднятай картай). Слухайце вы толькі бабаў!
Адзін з хлапцоў. Во нашоўся газэтнік! Што тут табе — школа ці царква, каб мы твае навукі слухалі?!
Юрась (зьбірае грошы ў шапку і шэпчацца з кожным). Пашоў-бы лепей спаць з сваей мудрасьцяй!..
Янка (безнадзейна). Вось вы зразу, хлопцы, і ўселі на мяне. Я-ж толькі стаўлю такі проект! Пагулялі-б стройна, даведаліся-б, што чуваць на сьвеце — і гэта нам дало-б карысьці больш, чым гарэлка. Што мы замнога маем грошай, ці замала патрэб, каб траціцца на гэнае зельле благое?
Юрась (кончыўшы збор). Га! Што чуваць на сьвеце? А во што: Бэрка прывёз з места добрага піва і харошай гарэліцы. Дык, каб тут ня цацкацца, ідзём хутчэй да яго даведацца што чуваць… (Крыкі „Гарой Юрась, гарой!“ Сьмехі. Некаторыя з-за стала сунуліся да дзьвярэй за Юрасём).
Франук. Пастойце, пастойце! Я маю новы проект!
Голас з-за дзьвярэй. Бывай здароў з сваім проектам (расходзяцца).
Франук (на старану). Пайду за імі. Хто там іх патрапіць адвясьці ад блазноты!.. (Выходзіць за Разалькай, каторая сумна паглядае на Янку, ўздыхаючы).
Янка (адзін; ходзіць нэрвова, пасьля сядае).
Божа! Во людзі, во людзкое жыцьцё!.. Поціцца чалавек гаротна, гаруе на крывавы грош аж да змадзеньня — а посьле: прапівае ўсё лёгкадушна, бяз дай прычыны. А ў хаце цёмна, няхват найпатрабнейшага; а ў галаве так пуста, няма жывога сьвятла навукі… І гэты чалавек мае быць грамадзянінам… Што пойме ён, што зразумее!.. І хоча ён быць багатым (сьмяецца злосна, ходзіць неспакойна). А гэты-ж чалавек мае душу, душу мабыць няўмірушчую, здольную да шчасьця вечнага, жыцьця неабнятага. Розум яго здолен парушаць шыбкія машыны, мерыць бесканечнасьць… І ці-ж ён няздолен любіць праўду каханьнем гарачым? Ня можаць-жа ён стаць чалавекам вольным, адкрытым на высокую творчасьць… Эх, нясілен ён зьдзяржаць сябе, неўмагату яму барацьба сьвятла з цемрай. (Садзіцца, ўсьпіраецца на локцях, сьціскає голаў). Божа! Божа! Мне так сумна, так неяк душна! Што мне да іх? Маю многа працы з самым сабой. Можа лезу не ў сваё. Няхай-бы ішлі «сьледам за дзедам». Хай-бы не выглядалі з падворка адсталасьці… І скуль у мяне пэўнасьць праўды?!
(З сілай). Не! Пакінуць іх не магу! Аддацца толькі сабе і сваім было-б зрадай Богу і сумленьню… Ніколі!.. Але чаму яны мяне ня любяць? Асабліва гэты Юрась. Ненавідзіць проста. А мо’ я й сам вінаваты, мо’ няздольны? Не! Мусіць гэты адпор толькі да пары. Трэба якога сільнага ўражаньня на іх; трэба, каб іх страсло, каб страпянула іх сэрцы і душы… Я-ж, апроч словаў, нічога больш ня знаю, ня ўмею… Паправіў, праўда, гаспадарку, гледзячы на разумнейшых і чытаючы пільна, але прыкладам для іх ня стаў: пальцам не кранулі адны, а другія зайздруюць… Працу
сваю цяжкую заносяць Бэрку на гарэлку і дзіва, што бедныя. Сьмяюцца з мяне, што чытаю, разьвіваюся: «На мудрага захварэў!» А я працую з мысьлямі гарачымі, думкамі лятуценьня аб роднай Бацькаўшчыне — і ім гэта хацеў-бы перадаць. Не паддаюцца… Ці грунт благі, ці сейбіт няўдалы? (Думае). Але каб што збудаваць, трэба ахвяры. Будыніна, да каторай я кладу сваю цэглу, мае быць вялікая. Вялізарных, значыцца, трэба і ахвяраў. Можа і з мяне трэба… Я яе палажыць гатоў! Па мне прыдуць другія… І адновім нашу Родную — Мілую — Харошую — Скрыўджаную… Такую сьветлую, высокую… аж да зор паднябесных:
|
Гдзе душы бацькоў нашых іскрамі сьвецяць, |
Хата Юрасёвых бацькоў. Позна. У хаце ложак. На ім сьпіць мужчына — ўжо стараваты. Пры сьцяне шафа. Услончык. Стол. Лямпа.
Язэп (чухаецца і пазёўвае). Га, трохі стары падла, добра той казаў, здрамнуў. Гэта-ж ужо й позна. Ляжы тут адзін, стары падла. Баба не вярнулася яшчэ з талакі ад суседа. (Устае). Сын недзе бадзяецца. Пэўне ў Бэркі, падлец. Які бацька, такі й сын — а мо’ яшчэ й горшы. Любіць гарэлку, а да працы невялікі ахвотнік. Эх, гарэлка, гарэлка! Ухадзіла яна маладога калісьці Янкавага бацьку… Добрага чалавека… Есьці, падла, хочацца. (Ідзе да шафы. Дастаець пустую бутэльку): Пустая, падла! (Дастаець другую): Га, тут чарачка, нябольш! (П’ець смакуючы, моршчыцца, хавае бутэльку, закусвае крышкаю хлеба). Але-ж няма доўга і яго. Што-ж тут рабіць? Спаць ня хочацца. (Сумляваецца. Дастае з-пад паяса люльку, красіць агонь). Ісьці ці ня йсьці? (Варожыць на пальцах) Ісьці — ня йсьці; ісьці ня — йсьці. Ну, значыць, трэба йсьці. Ён пэўна ў Бэркі. Праганю да хаты. Найгорш з гэтымі дзяцьмі!.. Ад гарэлкі не адвучыш! (Выходзіць).
Янка (адзін). Нікога няма… Ня ў добры час прышоў. Трэба чакаць. Позна: павінен зара надыйсьці. Так хацелася-б з ім шчыра пагаварыць. Няўжо ён такі задорны, няўжо ніколі са мной ня сойдзецца? А шкода Юрася. Хлопцы ідуць за ім, як за правадыром. Ня цэніць гэтага. Прыгадаў толькі хадзіць да Бэркі ды звадзіць дзяўчат. Дзіўная натура, а мілая — міма такіх заган, каторых не адробіш. Трудна мне. Заўтра выпадае фэст і кірмаш у мястэчку. Будзе п’янства… А мы-ж разам з ім гадаваліся. Меў нейкі іншы склад: уважнейшы і глыбейшы. Вучыцца прабаваў і памяць меў… Дарогі нашы аднак разышліся. Я біўся з сваім нявуцтвам — ён блутаўся ўсюды, ўсё чагось шукаючы: мо’ самога сябе…
Але цяжка мне нешта сягоньня. Зьядае жуда нейкая. Сэрца нешта благое прароча… І нятолькі сягоньня… (чуваць стук). О, ідзець
ужо мусіць. (Дзьверы шырока адчыняюцца, ўпадає добра падпіўшы Юрась).
Янка (ў старану). Нічога ня будзе: ён моцна выпіўшы…
Юрась (ідзе няроўным шагам і застанаўліваецца, ўбачыўшы Янку). А, ты, Янка, тутака! Можа і з газэтай… Ха, ха!
Янка (з сумам). Юрась, Юрась! Што ты з сабой вырабляеш! Губіш моладасьць, браце! Ох!
Юрась (сьлязьліва). Даруй, брацятка, сягоньня трохі падпіў. Калі ведаеш, дальбо не магу. На мяне і Разалька сварылася… Які я п’яніца? Яна так кажа, бо мяне ня любіць… Затое ад цябе, дык месца ня мае… А ты, Янка, любіш яе? Ну, скажы праўду, скажы… бо я на цябе зазлуюся!..
Янка. Люблю, ці ня люблю — я аб жонцы ня маю часу думаць. Кінь піць, Юрась, дык можа знайдзеш ласку ў Разалькі…
Юрась. «Ён ня думае»… «Знайдзеш ласку»… Кепства! Яна за табой прападае… А я згінуў… І то праз цябе: ты тут віной…
Янка. Не кажы гэтак, Юрась! Сэрцу ніхто прыказаць ня можаць…
Юрась (глуха). «Сэрцу ніхто прыказаць ня можаць»!.. Так ты яе любіш! А, прызнаўся, махляр!
Янка. Пакінем лепей, Юрась, Разальку…
Юрась. Што, пакінем?! (Моцна і злосна). А, злавіўся, махляр!..
Янка. Я не махляр, Юрась! Я табе ніколі-ніколі ня лгаў. Уцям, браце, што я тут нічагутка не вінаваты… Паслухай, Юрась: я да цябе маю просьбу!..
Юрась. Ну, слухаю.
Янка. Відзіш, Юрась, — заўтра фэст і гульня ў мястэчку. Табе вялікая пакуса, ведаеш. Дык, калі ты хочаш быць мілым Разальцы, ня глянь заўтра ў чарку.
Юрась (гнеўна). Ідзі ты ад мяне ў балота! Я ніколі ёй мілым ня буду! Не хачу я твае намовы ні адмовы… Кінь гарэлку, кінь гарэлку: адна песьня ! А бадай цябе гаручка! Ці-ж я ўжо апошні п’яніца, што ты мне ўсё толькі аб гарэлцы правіш…
Янка (лагодна). Бо яна адна, Юрась, цябе згубіць можа.
Юрась. Згубіць? Няхай губіць! (Моцна) А ты ўбірайся проч!..
Янка (адходзячы). Апомніся, Юрась!
Юрась (мяркуючыся). Апомніся, апомніся! Дай мне Разальку, дык апомнюся…
Не! відаць, яна мне ня суджана… Ён усіліў яе сэрца… Сягоньня, спаткаўшы мяне, кажа: Ты, Юрась, ізноў п’яны! А я ёй: Выпіў, кажу, на злосьць Янку! Нічога не адказала. Толькі апусьціла вочкі… А была ў гэту мінюту такая харошая, як анел божы. Гледзячы на яе, збрыдзіў я сабе ўсе дзяўчаты… Не, мусіць мне там ня месца… Яму яна раўня… Але чаму ня я, чым-жа ён лепшы?.. (Задумчыва): Што-ж я зраблю, калі яна яго любіць… Ах, злосьць мяне абымае пры мысьлі аб ім… Так, здаецца, даў-бы… «Ня пі заўтра! Ня пі!» От-жа нап’юся. І дам табе яшчэ за навукі… Або другіх падмоўлю… дзяруноўскіх хлопцаў… паслухаюць… А каб ты скіс: заўс ды мне прымерам служыць хоча. (Падходзіць да шафы шукаючы гарэлкі). Вылахтаў стары падла! (Ідзець да стала. Задумваецца. Пасьля п’янавата пяе):|
А у лесе на ляшчыне |
Ах, Разалька, Разалька! Каб ты ведала, як глыбока запала ў мае сэрца… Каб ты ведала!.. І так яно баліць мне бязьмерна… Ах, і піць я дзеля таго мушу.
Уздыхае безнадзейна).
Разалька, Разалька!
Уходзіць Бэрка і збліжаецца нясьмела. Юрась, убачыўшы яго, кажа нездаволенна ў старану: Патрэбны тут, скула!
Бэрка (з хітрым уніжэньнем). Вечар добры пану! Ай, пан адзін! Ужо-ж бацькі няма ў мяне: пашоў да бабы. Чаго-ж пан Юр так рана ўцёк да хаты? Ну, а што тут рабіў у пана Янка Канцавы? Спаткаў я яго вельмі гнеўнага на пана. Мусіць вы яго выправілі?..
Юрась. Прынёс гарэлкі?!
Бэрка. Ну, чаму ня прынёс?.. Я заўсёды маю з сабой трошкі. Божа барані хвароба якая, ці прыпадак: зара і лякарства. (Падае Юрасю бутэльку. Той цалуе яе і раптам кідае аб зямлю, кажучы: Праклятая атрута! Бутэлька разьбіваецца. Жыд перапуджаны крычыць: Ай-вай, што пан робіш. Гэта каштуе!)
Юрась. Ідзі проч, Бэрка, бо я злы!
Бэрка. Ну, я пашоў. Каб ня злосьць, то я сказаў-бы яшчэ два словы… Чаму гэта сёньня дзяўчаты ня прышлі з вамі да мяне? Ай-ай! Гэты Янка зара збунтуе ўсю вёску! Спаткаўшы яго, кажу: Вечар добры пану Яну! А ён: Будзь — кажа — здароў! Калі ня кінеш ашуканства, то выкурым цябе з вёскі! Ну, каго я ашукаў? Каму я што благое зрабіў? Ай гэты Янка! Гэта-ж я чуў, што ён вёску на хутары намаўляе дзяліць. А ўжо хто-ніхто яму патакуе. Асабліва гэта яго любая Разалька.
Юрась. Разалькі ты не чапай, смала, чуеш?
Бэрка. Ну, ну! А што-ж тады будзе, калі яго паслухаюць? 3 торбамі тады ісьці і мне і людзям! Ой, дрэнна вы, хлопцы, робіце, што слухаеце яго!
Юрась. Хто яго слухае? Не такія мы дурні, як ты думаеш!
Бэрка. Ну, дык чаму ён вамі камандуе? Чаму вы яго не павучыце, як летась Алася, каторы думаў, што ён разумнейшы за ўсіх?!.
Юрась. Да пары збан ваду носіць. Павучым яго, калі будзе трэба, павучым і цябе, калі жыць будзеш абманам і лезьці не ў сваё…
Бэрка (з хітрым сьмехам). Ну, я пана Юра ніколі не зманіў, ані зманю. Завялікі яго розум, каб даўся зманіць… Ай-вай! Ужо поўнач! Добрай ночы пану!..
У хаце Янкі. Нядзеля. Каруся пасьвяточнаму. Разглядае кніжку і абразочкі. Папраўляецца пры люстры.
Каруся (адна). Вось хораша неяк на сьвеце і ясна і сьветла, а разам і сумна чагосьці. Казаў-бы жыцьцё — то ігра цемры і сьвятла, радасьці і журбы, шчасьця і нядолі… Але, прыгожа сёньня было. Як я люблю вялікія сьвяточныя дні! Як хор пяяў стройна. Здавалася, што дух нашых сялянцаў узьнесься ўзвыш, забываючы сумныя будні. Адчуваецца іншае якоесь жыцьцё… Зьмяняюся сама: сільнейшая воля, жывей б’ецца сэрца. (Глядзіць праз вакно). Але-ж пара ўжо і маме вярнуцца. Пэўна Янкі чакае, каб ісьці разам. Ен заўсёды мае шмат інтарэсаў. То газэтку ўзяць, то пагаманіць з старшымі, то з маладзежай пагутарыць… Толькі ён цяпер такі дзіўны стаў і нямоўны. Разалька глядзіць на яго з трывогай. Але ўжо такая яго натура: тут вясёлы, тут сумны. Асабліва грызецца тады, калі высьмейваюць яго добрыя намеры… Не такі мой Франук. Зусім іншы.
Разалька (за вакном). Каруся! Франук кланяецца!
Каруся. Гдзе-ж ён? Дзякую, які міленькі!
Разалька. Зара раскажу, а ці міленькі ён, гэта ўжо твая бяда.
Каруся (да сябе). Ведама бяда: спаць ад думкаў не магу.
Разалька (ходзячы). Хлопцы з дзяўчатамі зьбіраюцца на вечарыну. Але шмат ужо п’яных. Абрыдлі: я ўцякла.
Каруся. А гдзе Янка з мамаю?
Разалька. Янка пашоў з сваімі газэтамі да хлапцоў. А Франук маніўся з мамаю тваей ісьці да хаты. Казаў толькі перадаць табе паклон.
Каруся. Дзякую! Добры Франук! (Абымае Разальку). Прызнайся, Разалька: які ён табе, гэты… гэты… ну, словам Франук?
Разалька. О, гэтага табе я не скажу. Ведай толькі, што няма ў сьвеце харашэйшага і лепшага за вашага Янку…
Каруся. Калі ты ня скажаш, дык я скажу: ён страйнейшы, а наш Янка трохі разумнейшы. Добра?
Разалька. Можам яшчэ спорыць. (Чуваць стук). Але там у сенцах хтосьціка стукаецца. Спаткай ідзі гасьця!
Уходзіць Міхасіха. За ею некалькі дзяцей. Між імі Язэпка.
Міхасіха. Дзень добры вам, дзеванькі! Пахвалёны Езус! Слава Хрыставі! Во прывяла вам дзяцюкоў. Не даюць старой супакою. Кажы ім усё байкі.
Каруся. Садзіся, бабулька, калі ласка, госьцяй будзеш.
Міхасіха (сядае, цяжка ўздыхаючы, каля яе дзеці). Ох, добрая госьця! Не такіх вам ужо трэба, дзеванькі. Ох, старасьць, старасьць. (Апушчае голаў). Сон жыцьцё… мара злудная. Даўно-ж і я такой была, як вы… Ня йдзеце, дзеванькі, замуж, ня йдзеце! Не дайце кветачцы рана завянуць; прападзець-бо вашае хараство, замоўкнуць песьні, прыхіліць вас гора да зямелькі…
Разалька. А-ей! Бабулька сёньня нешта зразу ня тое. Малюе нам страшную будучыну. Дзеткі! Прасеце, малеце бабулю, каб баяла нам байкі.
Дзеці. Бабуля, бабуля! Кажы байкі, кажы!
Міхасіха. Старая я ўжо і на байкі. Памяць цёмная. Але аб чым-жа вам казаць? Ці казала-ж я вам калі аб купальскай кветцы?
Дзеці. Не, не!
Mixacixa. Ну, дык паслухайце. Жыў-быў адзін стройны і разумны дзяцюк, Стафусь. І палюбілася яму харошая дзяўчынка, на імя Мальвіна. Была яна і прыгожая і багатая, але не хацела ісьці замуж за Стафуся, пакуль ня прынясе ён ёй купальскай кветкі.
Адно з дзяцей (Язэпка). А што гэта, бабуля, купальская кветка?
Міхасіха. Чакайце, дзеткі! Пільна вучэцеся, дык шмат посьле даведаецеся з вучоных кніг аб гэтай кветцы. Ці відзелі вы, дзеткі, квет папараці?
Дзеці. Не, не! (Некаторыя за Язэпкам сядаюць на зямлю).
Mixacixa. Ну, дык ведайце, што папараць заквітае толькі апоўначы на сьвята Купальле, у найцямнейшым лесе, найдалей ад людзкога
вока. І хто гэты кветак знайдзе, той шчасьце знайдзе. Вось гэнае дзяўчо ведала, што шчасьце на сьвеце рэдка, а больш гора і крыўды — і дзеля таго пасылала Стафуся па краску, каб прад няшчасьцем забясьпечыць сябе. А ведайце, дзеткі, што гэты квет папараці на Купальле бароняць розныя страхі і духі. Дык трэба было вялікай адвагі Стафуся, каб пайсьці ў лес, уночы, шукаць гэнай краскі. (Ажыўляецца). Ішоў ён, ішоў, аж так сьцямнела, што хоць вока выкалі. Узьбіваўся ён на кусты, калечыў сабе твар, блутаўся ў нейкай траве, дзёр вопратку на хмызьнякох — і ўсё йшоў.
Лес зашумеў, загудзеў, як-бы вялікія віхры ў ім загулялі і загукалі. Кусты зачалі хіляцца, дрэвы з трэскам ламацца, казаў-бы мелі спа́сьці на галаву Стафусю. Яму валасы на галаве сталі і ледзь ён перажагнаўся. Але прыпомніў казкі старых людзей, што калі хто, шукаючы кветкі, спужаецца моцна, то не знайдзе яе ён. Атросься тады ад страху Стафусь і пашоў далей… І стала так ціха, як у мядзьведжым вушку. Праз галіны дрэў заблішчэла нешта яснае. Дагадаўся Стафусь, што гэта пэўна кветка купальская. Кінуў ён вокам на зямлю, аж тут віюцца страшэнныя га́дзіны… Ня страціў аднак адвагі: ня прысеў, ня прыстаў: ішоў сьмела наўперад. Бачыць ён: ўжо сьвятло штораз бліжэй і бліжэй; а страхаў ўсё штораз болей і болей. Жабы на дзьвёх нагах, яшчыркі з рагамі, калодкі дрэва з бычачай галавой, куры на аднэй ножцы, пеўні з дзюбамі, як труба. Усё гэта круціцца, верціцца і крычыць голасам страшным, паказуючы на Стафуся: «Злавіўся, злавіўся!» Стафусю дух забіла… Затуліў вушы, прыжмурыў вочы і йшоў уперад. І пачуў ён, што ўжо блізка кветка. Вот-вот ужо яна блішчыць і гарыць цуднымі агнямі. Ужо Стафусь нахіліўся, каб яе сарваць… Калі раптам, кінуўшы вокам на старану, ўбачыў ён крывавую галаву свае Мальвіны. Тут Стафусь ня вытрымаў. Як сноп паваліўся ён і самлеў… Няведама як доўга ён ляжаў. Толькі як падняўся, відзіць, што ўжо дзень, а ён у лесе адзін. Прыпомніў ён тутака ўсё і, пры мысьлі аб Мальвіне, кроў застыла ў ягоных жылах. Пусьціўся ён ляцець да хаты і, прыбегшы, знашоў Мальвіну… жывую, здаровую, чакаючы купальскай кветкі. Тут ён і расказаў ёй усё ад пачатку, чаму
кветкі ня прынёс і чаго спужаўся. Калі Мальвіна даведалася, ад якога страху Стафусь ня вытрываў, пазнала, як ён шчыра яе любіў, ну і зара пайшла за яго замуж, думаючы, што калі з ім ня будзе шчасьця, то пэўна яго зусім няма на сьвеце. На іх вясельлі і я была, віна й мёд піла: па барадзе сьцякло, ў вуснах ня было.
Дзеці. Дзякуй бабулі, дзякуй! От-жа харошая байка! Ай-я-яй! Яшчэ адну, яшчэ!
Міхасіха. Чакайце, чакайце! Дайце-ж адпачыць! Прыпомню…
Франук (перапуджаным голасам). О Божа! Ня пужайцеся!.. і не трацьце галоў! 3 Янкам няшчасьце! Зьбіты ў мястэчку… ледзь не да сьмерці… Вязуць бяз памяці дамоў. (Міхасіха ў нямым жалі складає рукі як да малітвы. Разалька заліваецца сьлязьмі)… Дзяруноўскія хлапцы зьбілі яго. Ах, Юрась, Юрась!
Каруся (як-бы не разумее). Франук, Франук! Што ты сказаў? Як-жа гэта можа быць!..
Франук. Боская і людзкая воля, а можа і чартоўская! Забілі!
Разалька (закрываючы твар). Сэрца чула маё… О, мілы Янка! Чаму-ж вы яго не адбаранілі?!
Франук (паказуючы на голаў). Во і мне дасталася… Бяжэма спатыкаць! (Усе выбягаюць за Франуком. Міхасіха, выціраючы вочы, выходзіць за імі з словамі: Боская воля ці чартоўская: страшна, страшна!).
Хата Міхасіхі: убогая, але чыстая. Прытуліўшыся да вокна, сьціснуўшы голаў, стаіць сумная Разалька.
Разалька (адна ў зьнемажэньні). Не, ня вытрымаю! Баліць мне галава, мучыцца сэрца… Ён забіты… ахвярай няведама за што… найхарашэйшы, наймілейшы мне з вока і душы… Чую, што з ім пашло ў магілу маё шчасьце. Матачка Божая, ратуй мяне!.. Я сёньня ня мела ані сілы, ані адвагі ісьці аддаць яму апошні цалунак… Яго ўжо няма, толькі страшны труп… З усяго хараства труп… Завялая краска… Ах, баюся людзей і самой сябе. Людзі абсьмяюць любоў маю… Неўмагату-ж мне гора такое… Ня маю сілы йсьці на хаўтуры… Даруй мне, мілы, з таго сьвету. (Чуваць за акном сьпевы)… Ідуць ужо, ідуць… Ох, нясуць ягоны труп! (Слухае песьні).
|
Пусьці, о Божа, з зямелькі гаротнай Відзела вока ўсенька на сьвеце, Што прыгатовіў Огляд Усямоцны, Сьвятло бліснула прад маей душою, |
(Задумчыва). Ах, песьня аб раі і Божай справядлівасьці… Веру-веру, што не марнуецца нішто на сьвеце: і дабро і зло мае свой одгук аж у небе… Янка, Янка, Янка! Куды гэта ўсё зьмярае? Які канец болю жыцьцёвага, і ці-ж варта жыць, каб гэтакі скон меці? Ты сказаў раз, помню: «Сьмерць гэта новыя ўродзіны да новага быту»… Якія-ж сумныя ўродзіны… Як цяжка мне іх перажыць!
Міхасіха (ўходзіць — гаворыць з адчуцём і верай таемнай). Ты тут, дачушка? Чаму-ж не пайшла на хаўтуры Янкі нешчасьлівага?
Разалька (смутна). Не называй, ваша, яго нешчасьлівым. Ён мо’ і шчасьлівейшы, толькі нам без яго шчасьця няма. Прапала яно, як тая Стафусёва кветка Купальская. Божа-ж мой міленькі, як гэна казка бабулі вышла на праўданьку вялікую!
Міхасіха (садзіцца охаючы). Вось паслухай, Разалька, другую… У тым часе, калі хадзіў па зямлі Бог, у гародзе адным, між розных траваў і зельля расла стройная краска-кветка. Яна толькі-што распусьціла расткі, толькі-што пачула ў сабе маладую сілу. Вітала радасна ўсход сонца, з роскашай піла яго залатыя касулі. Ад сьвятла і сонца стала яна багатай у хараство і сілу. Углыбілася моцна ў зямельку родную і пусьціла дужа-многа расткоў. Травы і зельле ёй зайздравалі, абвівалі вокал сваімі брыдамі сплётаў, глушылі яе. Але не маглі
ўняць ёй стройнасьці і сілы…
Аж поўзаў раз брыдкі вужак між расьцінкаў кволых. І стала яму вельмі завідна, што краска ўзрасла ў сілу вялікую і хараство нябывалае. Затруціў, дзеля гэтага, адну крыніцу вужачай сьлінай сваей і скусіў у сьне благога чалавека, каб паліў ею гэну краску.
І паліў той нядобры чалавек краску і ссохла яна жаласьліва. Пад тую пару ішоў блізка Бог каля затручанай крыніцы і, ўбачыўшы штучку злога духа, пракляў гэну нячыстую ваду — a людзі, хворыя душой, пачулі да яе смагу і назвалі яе гарэлкай. Калі-ж Бог убачыў кветку бяз жыцьця і яе зусім яшчэ кволенькія адросткі, літасьціва да іх зьвярнуўся: «Ажыўляю і багаслаўляю вас, маладыя расткі-лялейкі, і будзьце
найстрашнейшым квецьцем на зямельцы». І згінула тады зельле з гароду. А краску-мучаніцу Бог узяў да сябе на ўлоньне сьвятое…
Ня плач, Разалька, пэўне тут боская воля, а ня іншая.
Бэрка (нясьмела). Ны, пахвалёны ў хату! Добры вечар пані Міхасёвай і паньне Разальцы!
Міхасіха. Бэрка! Ты тут? — Рэдкі ты госьць у нас: садзіся.
Разалька. Ах, бабулька, я гэтага хітруна баюся. Ён заўсёды ненавідзеў Янку…
Бэрка (здалёку). Ны, Буг мой! Я ненавідзеў?! Гэта няпраўда: я толькі ня любіў яго… Ны, я і прышоў да пані Міхасіхі толькі прасіць, каб мне даравала, калі што якое. Я выеду ўжо з гэтае вёскі. Такэй бяды ня меў нігдзе і ніколі. Найгорай заработку ніто… А йшчэ гэта сьмерць Янкі. Ай-вай! Гэта-ж хлапцы-злыдні п’яныя замучылі яго… Ну, а ў мяне ад страху з такой іх нязбожнасьці нейкі шмэльц зьзёг на сэрцы… Няхай вас, Міхасіха, і цябе, Разалька ваш Буг пацешыць… Выбачайце, калі што якое! Ай, Які шмэльц на сэрцы! (Выходзіць з рукой на сэрцы. На парозе лоб у лоб зьбіваецца з Юрасём. Чуваць з аднаго боку: «Ай-вай!» — з другога: «Каб це немач!»).
Юрась. Чаго, цётачка, быў тутака гэты махляр? Каб ён сонца ня бачыў, колькі праз яго сьлёз у вёсцы! Гэта-ж ён сеяў у нас гэнае зельле-атруту…
Разалька. Не кажы так, Юрась. Хто-ж быў найболей дружны з гэтым зельлем, калі ня васпан. Жыд яе ніколі вуснамі не чапіў. А Янка ці-ж не намаўляў вас да другога зусім… (Сядзіць, апусьціўшы галаву).
Юрась. О, Янка, Янка! Многа я вінен перад ім. Разумны я па пары. Але гэты парх усіх плутаў, каб ён сьвету ня знаў! (Садзіцца воддаль).
Міхасіха (звольна). Скажы, Юрась: за што дзяруноўскія хлапцы прычапіліся да Янкі?
Юрась. Цётачка, не магу! Ня маю адвагі аб гэтым расказваць. Можа іншым разам. Скажу толькі, што не адны тут яны ў віне… І Бэрка і я… а ўсё праз гэту атруту.
Міхасіха (з моцай). Ой, дзеткі, дзеткі! Старая я: цяжка мне гэту справу ўцяміць. Мусіка найболей тут вінен гэны злосьнік з пекла… Але паслухайце, што я чула ад старшых за сябе. Даўней, як Бог гасьціў між людцоў, прывялі раз прад яго божыя стопы вялікую грэшніцу і хацелі яе каменаваць. Твары ўсіх зіхацелі нядобрым агнём. А дзяўчо пала ў стыдзе і паніжэньні на зямліцу. Тады Бог, зьвярнуўшыся да людзей, сказаў: «Хто з вас без граха, хай першы ў яе камень кінець». Маўчалі ўсе і звольна разышліся хто куды. Бог зьвярнуўся тады да грэшнай душы, кажучы: «Ідзі ў супакоі і не грашы болей»! (Узіраецца ў твар Юрася).
Юрась. Цётухна! Праўданька гэта сьвятая! Хай так і ў нас будзе… Эх, Божа, Ты мілы! Дай моц мне ступіць у сьляды яго… Разалька! Выбач ты мне, як і ён мне перад сьмерцяй дараваў…
| На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Калі ласка, дадайце яе, кіруючыся даведнікамі Вікікрыніцы:Выявы і Даведка:Дадаванне выяў. |
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.