Як мора, хвалююцца з ветрам прыгожа

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Як мора, хвалююцца з ветрам прыгожа
Верш
Аўтар: Янка Лучына
Крыніца: http://yankalychina.ru/categories/1.htm


Як мора, хвалююцца з ветрам прыгожа
Лагуны пшаніцы і жыта…
Прысядзем на камень!
Схаваемся ў збожжа,
Што шэпча лагодна, адкрыта.
Хай ніва сваей супакойвае песняй,
Хай шумам заглушыць знаёмым
Па страчаным шчасці ў жыццёвым прадвесні
Душы маёй смутак і стому.
О ўлонне айчыннае, родныя нівы!
Вы гэтак, як колісь, шуміце,
Калі поўны сіл і надзеяй шчаслівы
Купацца ляцеў я у жыце.
А сёння душы маёй струны кранае
Іначай… іначай калоссе,
Пра шчасце не шэпча ўжо хваля жытная,
Уцех не чутно ў шматгалоссі.