Якімі наіўнымі спосабамі польскія прафэсары полёнізуюць Вільню

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзіў Якімі наіўнымі спосабамі польскія прафэсары полёнізуюць Вільню
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1926 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1 (11), студзень-чэрвень 1926 г., б. 112-113
Дняпро ці Няпро?

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Якімі наіўнымі спосабамі польскія прафэсары полёнізуюць Вільню. За час цяперашняй польскай окупаціі надрукавана некалькі новых праваднікоў па Вільні. З паміж прафэсароў (палякаў) віленскага унівэрсытэту ёсьць некатарыя, якія лічацца ўжо спэціялістамі па знаньню гісторыі старой Вільні (паводле тэксту праваднікоў), прыкл. праф. Ю. Клос, і дзеля гэтага ім даручаецца абводзіць экскурсіі і даваць тлумачэньні. Дзіўнага, ў тлумачэньні гісторыі старой Вільні, прыходзіцца экскурсантам выслухаць не мала, ў апраўданьне далучэньня гэтага гораду да Польшчы. Але якой вартасьці аргуманты даюць польскія прафэсары, хай паслужыць, з массы падобных, пара ніжэйпрыведзеных прыкладаў.

Праходзіць экскурсія па вуліцы Субач. Прафэсар спыняецца і тлумачыць: Вуліца гэта называецца Субач, таму, што ў даўныя часы, праз браму, якая была на гэтай вуліцы, прыяжджалі ў горад сабакаловы, і, от, ад сабак, вуліца гэта атрымала назоў Сабачай, або скарочана Субач“.

Праходзячы праз вулачку, званую Скапоўка, прафэсар таумачыць: Вуліца гэта названа Скапоўка, таму, што тут трымалі скопаў г. зн. баранаў (па польску skop—лягчоны баран) у агароджы, для каралеўскага стала.

Мне некалькі годаў таму назад прышлося чуць з вуст прадстаўніка другіх акупантаў, вучыцеля расійскай гімназіі, тлумачэньне назовы Скапоўка, бытцам яно пайшло ад таго, што на гэтай вуліцы ў часы Івана Грознага сяліліся сэктанты скапцы, якія ўцяклі ад прасьледаваньня з Масковіі.

Першы і другі прыклады сьведчаць як цяжка чужым людзям разабрацца ў мясцовым імязоўніцтве і гісторыі.

Бо назоў Субач трудна зразумець таму, хто не знае мяйсцовай мовы, якая ў даным здарэньні зьяўляецца ключом да тлумачэньня гэтага слова. Слова субоч вытварылася падобна як сукос, суплеч, суклон, сустаў, а знача яно выражае, што даная вуліца зьяўляецца бакавой, пабочнай, субочнай, збоч- най, у старане ад цэнтру, ці мо таму што ляжыць яна на збочы гары.

Так сама назоў вуліцы Скапоўка нямае нічога супольнага ні са скапцамі ні з баранамі. Гэта прастары мясцовы назоў пляцу на якім адбываліся копныя суды і скопы, т. зн. масавыя народныя сабраньні. Крыўская народная і песенная мова, слова гэтае, захавала ў тым-жа значэньні, прыклалам:

Сабраліся паны, ксяндзы, архірэі,
Архірэі, бальшая скопа,
(Рогачоўск. пав. Романов. „Бел. Сборн.“ т. VIII-IX, б. 172).

Сэрбы называюць свой парлямант „скупшчына“. Нашы селяне, калі мае адбыцца селянскае сабраньне пад кіравецтвам вясковай старшызны, называюць такое сабраньне „збор“, „сход“, а калі сойдзецца сабраньне прыпадковае, прыкладам з прычыны якой колечы раптоўнай падзеі, то такое сабраньне называюць „скапà“, ў перакладзе на чужаземскую мову, гэта другая адмена сабраньня будзе называцца мітынг. Такое значэньне мае слова „скапа“ цяпер, даўней-жа, праўдапападобна, скапой называліся сабраньні афіціяльныя. Віленская скапоўка, якая ляжыць каля самага княжага замку, была пляцам, на каторым адбываліся княжыя суды (княжая капа), дзе скуплялася, г. зн. зьбіралася войска і іншыя народныя зборы.

Каб уходзіць у людзкіх вачох за паважных людзей, няшкодзіла-бы віленскім польскім прафэсаром пазнаёміцца з краёвай мовай і гісторыяй, а не займацца хітрымі імпровізаціямі.

В. Л.