Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/ЦЕМРА

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
На адзіноце ЦЕМРА
Аўтар: Якуб Колас
1909
У ночы


ЦЕМРА

Бедны мы і цёмны,
Ходзім сьлепакамі,
Судзімся і б’емся
З роднымі братамі,

І адзін другога
Часта акрадаем,
І куды йдзе праца,
Самі мы ня знаем.

Пуста, бедна ў хатах,
Чад і гразь і сырасьць…
Хто нас ў кут аціснуў?
Чыя гэта міласьць?

На каго мы робім?
Што за гэта маем?
На каго ўсе сокі,
Сілы вынішчаем?

Пад ярмом адвечным
Шлі мы без дарогі,
Натрудзіўшы плечы,
Зьверадзіўшы ногі.

Папіхалі намі,
Гналі, як жывёлу,
Змардаваных, босых,
Неакрытых, голых.

А ўсе дармаеды
Нас бяз жалю лаюць,
Мужыком, хамулам
Злосна папікаюць.

Эх, вы дармаеды,
Моль вы, вош людзкая!
А хто-ж вас, праклятых,
На плячах трымае?

1909 г.