Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/У ПАЛЁХ БЕЛАРУСІ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Дубы У ПАЛЁХ БЕЛАРУСІ
Аўтар: Якуб Колас
1921
На прадвесьні!


У ПАЛЁХ БЕЛАРУСІ

Дзень добры вам, лясы і далі,
Прасторы вольныя зямлі!
Я зноў між вас, пагоркі-хвалі,
Палоскі цьмянае ральлі!

Вітаю вас, як блізкіх, родных,
Старыя хвоі на палёх,
І вас, красёнцы сьцежак згодных,
Сьляды нялічаных дарог!

І гэты жоўценькі пясочак,
Дзе хвойкі зелена растуць,
Бярозы тыя, што ў шнурочак
За рубяжы зямлі бягуць.

Над рэчкай гэты луг мурожны,
Дубоў разьвіслых цэлы рад,
І буслаў дом, стары, заможны,
Як той пасэсарскі пасад.

То тут, то там лясок сінее,
Ў лагчынах рэчачкі блішчаць,
Куды ні глянь — пакоем вее,
На ўсім адна ляжыць пячаць:

Развагі мудрай, задуменьня
І нейкай смутнае красы,
І чуеш ў гэтым лятуценьні
Адвечнай песьні галасы.

А хмарка ў небе, ў ясным полі
Плыве шчасьліва, як дзіця,
І забываеш мімаволі
Ўвесь клопат буднага жыцьця.

Куды ні гляне маё вока, -
Ўсё поўна згоды, дабраты, -
Ты маеш выгляды прарока,
Наш край пакуты, край сьвяты!

1921 г.