Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/ТРОЙКА

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Перад восеньню ТРОЙКА
Аўтар: Якуб Колас
1910
Раздум'е


ТРОЙКА

Мчацца коні. Дзын-дзын-дзын!
Гучна звон нясецца
І далёка між раўнін
Ціхім жалем льлецца.

Ціхне, глухне гэты звон,
Ўскочыўшы ў гаёчак.
Замірае, моўкне ён,
Кволы галасочак.

Вось і тройкі ня відаць,
Праняслась стралою.
І званочка ня чуваць
Плачу пад дугою.

Толькі пыл трубой курыць
Над дарогай бітай.
Поле ціхае маўчыць
Сіратой забытай.

І пытае ціш яго
Поглядам, здаецца:
Хто праехаў і чаго
І куды нясецца?

І ня будзе знаць, стралой
Куды тройка скача
І званочак пад дугой
Чаго ціха плача.

1910 г.