Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/ПЕРАД ВОСЕНЬНЮ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Дудка ПЕРАД ВОСЕНЬНЮ
Аўтар: Якуб Колас
1910
Тройка


ПЕРАД ВОСЕНЬНЮ

Засмуцілася,
Зажурылася
Даль шырокая,
Неаглядная.

Думкай горкаю,
Невясёлаю
Зьвіс туман сівы
Над балотамі.

А ў палёх даўно
Жыта зьвезена,
Коска, серп крывы
Працу скончылі.

Агаліўся луг,
Даўно скошаны,
Толькі вежамі
Стагі высяцца.

А зірнеш на лес -
Сэрца сьцісьнецца:
І маркотна ў ім
І ня весела!

Пажаўцеў убор,
Пышны ліст яго,
І ціхусенька
Асыпаецца.

Сьціхлі песенькі
Вольных пташачак...
Глуха лес маўчыць,
Думку думае.

Знаць, ён думае
І маркоціцца
Па вясьне-красе,
Залатой пары.

Эх, пануры лес!
Ня журыся, брат:
Для твае вясны
Сьцежка бітая -

Жыцьцё новае
К табе вернецца.
Зашуміш ты зноў
Гучна лісьцямі,

Засьпяваеш ты
Разам з пташкамі
І хвалу сьпяеш
Жыцьцю новаму.

А мая вясна,
Мая мілая,
Ўжо ня вернецца,
Ой, ня вернецца!..

Чаго-ж смуцішся
І маркоцішся,
Даль шырокая,
Даль зьнямелая?

1910 г.