Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/ПАХМЕЛЬЛЕ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
На ніве ПАХМЕЛЬЛЕ
Аўтар: Якуб Колас
1911
Песня п'янага


ПАХМЕЛЬЛЕ

- Годзі, жонка! Ну, ня лайся:
Больш гарэлкі ані ў зуб!
Калі вып’ю, ну, хоць кроплю,
Бі мяне, цягай за чуб!

Сам, нябож, я добра знаю,
Што з гарэлкі сьвет гарыць...
Тфу, паскудзтва! тфу, брыдота!
Хоць зарэж, — ня буду піць! -

Так прад жонкай спавядаўся
Посьле выпіўкі Тарас:
— Ну, на гэты раз павер мне -
Каб я жыў — апошні раз!

— Ой, ня раз я гэта чую!
Заракалася сьвіньня
За вугол хадзіць, Тарасе, -
І табе ня веру я!

— Ты ня верыш? Эх, Марылька!
Хочаш? я іду ў заклад
Залажэмся на цікавасьць:
Ты праграеш, як бог сьвят!..

Тфу! пад грудзі падпірае!
Кішкі зблутаны ў камяк,
Ну, а ў роце, каб знала -
Фэ, які нядобры смак!

Галава-ж, як малатарня
Або хто завёў там млын...
А ўсё Грышка, недаверак,
Каб ён спух, сабачы сын! -

Як прусак, што зьеў бураксы,
Ходзіць, плёвае, бядак,
І да жонкі падыходзіць.
— Сьсе вантробы мне чарвяк.

Слухай, золатка-галубка -
Стаў пакорненькі Тарас: -
Прынясі апахмяліцца -
Каб я жыў — астатні раз! -

1911 г.