Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/ПАСТУШКА

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Матчына прычытаньне ПАСТУШКА
Аўтар: Якуб Колас
1911
Сялянскія думкі


ПАСТУШКА

Будзіць матка сваю дочку:
«Ўстань, дачушка залатая!
Унь і сонейка з лясочку
На пасьцельку заглядае.

Ўстань, паслухай, як у лесе
Сьвішчуць пташкі і гамоняць.
Вераб’і крычаць на стрэсе
І сьмяюцца з цябе, соні...

А як цёпла, каб ты знала.
Мёду пах ідзе ад грэчкі...
Ўстань!.. а ўчора-ж ты казала -
Буду пасьвіць я авечкі!

Ну, дачушка, не лянуйся!
Выжань іх на прорасьць нашу...
Ўстань, умыйся ды абуйся -
Трэба-ж выгнаць іх на пашу».

Ўстала дзяўчынка малая.
Плача, сеўшы на пасьцелі,
І авечкі праклінае:
«А, каб іх ваўкі паелі!»

- Вось дурная, — кажа матка: -
Ці-ж то можна гэтак клесьці?
Як зьядуць ваўкі ўсё стадка,
Што-ж сама ты будзеш есьці?

Сама-ж любіш, нябось, мяска
І аладкі мазаць тукам?
Дык і пасьвіць трэба, краска!
Пры авечках стаяць крукам.

А хвалілася: «ого, я!..»
Ну, ня плач!.. Ох, ты блазнота!.. -
Плача горш дзіця малое.
Ох, як пасьвіць не ахвота!

Самой матцы Нінкі шкода,
Дый куды ёй пасьвіць стадка?
Які розум яе? годы?.. -
Чуць сама ня плача матка.

1911 г.