Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/ПАЛЕСЬСЕ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Прайшлі незваротна дзянькі веснавыя... ПАЛЕСЬСЕ
Аўтар: Якуб Колас
1916
Дубы


ПАЛЕСЬСЕ

Край лясоў, край балот!
І туманаў гнілых!
Хоць і бедна ў табе,
Хоць у лозах тваіх
Вецер жудасна ўвосень шуміць,
А ўсё міл ты мне — чым?
Я ня ведаю сам,
А твой вобраз маім
Прыглядзеўся вачам,
Да цябе маё сэрца ляжыць.
Я люблю твой прастор,
Гмах шырокі балот,
Дзе бубняць бугаі,
Дзе красуе чарот
І дзе травы, як мора, ляглі.
Калі лес там, дык лес:
Можна тыдзень дыбаць;
А прастор, дык прастор —
І канца ня відаць,
Не ахопіш, ня зьмерыш зямлі.
Я люблю твой спакой,
Яснасьць ціхіх дзянькоў,

Залаценькі убор,
Тую чырвань лясоў,
Што на сонцы увосень гарыць.
Я далёка цяпер
Ад палескіх раўнін.
А люблю-ж я той край,
Бы яго родны сын,
І па ім маё сэрца баліць.

1916 г.