Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/НОЧ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
На полі вясною НОЧ
Аўтар: Якуб Колас
1910
Нязбытныя надзеі


НОЧ

Між палёў шырокіх
Я адзін стаю.
Ахваціла ціша
Душу ўсю маю.

Ночанька мая ты,
Водблеск глыбіні!
Ты чаруеш душу
Сьпевам цішыні.

Многа ў гэтым сьпеве
Водгукаў жывых,
Іх ня зловіш вухам,
Чуеш сэрцам іх.

Ночанька мая ты,
Ціхі сон вясны!
Колькі зор на небе!
Як блішчаць яны!

Водблескам пажару
Неба край гарыць -
Там двурогі месяц
Выплыў з-загары.

Ночанька мая ты,
Ціхая дума!
Не ахваціш вокам
І тых слоў няма

Апісаць твой вобраз,
Хараство, спакой —
Толькі ў цябе ўнікнеш
Чуткаю душой.

1910 г.