Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/НА ПРАДВЕСЬНІ!

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
У палёх Беларусі НА ПРАДВЕСЬНІ!
Аўтар: Якуб Колас
1907
Мужычае жыцьцё


НА ПРАДВЕСЬНІ!

Эх, наперла ліха-гора!
Ні сяніны, ні зярна.
А тут сьнег яшчэ ня скора
Згоніць цёплая вясна.

У кішэні ні грашынкі,
Хата поўная дзятвы!
Ні паленца, ні лучынкі -
Хоць у землю лезь жывы.

Папалілі, пераелі, -
Нічагутка, ані ў зуб!
Хлеба толькі да нядзелі,
На два разы ўсяго круп!

А даўгоў ты нахватаўся!
Таму дзесяць, таму пяць...
Ось дзе, Грышка, ты папаўся:
Чым ты будзеш аддаваць?

Эх, наперла ліха Грышку -
Рук няма за што зацяць!
Хіба вып’ем па кілішку -
Лягчэй будзе гараваць.

1907 г.