Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/НА НІВЕ

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Пятрусь-касец НА НІВЕ
Аўтар: Якуб Колас
1911
Пахмельле


НА НІВЕ

— Гэй, мой конік! гэй, мой сівы!
Ну, яшчэ, маленькі!
Варушыся, гэй, ня бойся,
Конік мой сівенькі! —

Зранку ў полі за сахою
Аратай гукае,
Сіўку, друга ў цяжкай працы,
Просіць-панукае.

Сам бяз шапкі, босы ногі,
Грудзіна раскрыта.
Б’юць каменьні аб нарогі,
Скрыгацяць сярдзіта,

І шуршаць пяскі буйныя,
Як жарства рачная,
Ходзіць подскакам, няроўна
Сошачка крывая.

Аратай ідзе спавагу,
Мерна, крок за крокам,
Вузка доўгая палоска,
Не акінеш вокам.

Пройдзе боразну аратай,
Сошку падтрасае,
Сам назад увесь падасца —
Конік службу знае:

Сам заходзіць без панукі,
Без каманды спраўна,
Аж нейк глянуць на сівога
Люба і забаўна.

Нібы знае сівы конік
Думкі аратая,
І яго панукі-крыку
Сіўка не чакае.

Завярнуўшыся, аратай
Спыніць друга-сіўку,
Слова добрае прамовіць
І паправіць грыўку.

Гладзіць коніка па шыі,
Мух дакучных гоніць,
Як-бы з самым лепшым другам,
З сіваком гамоніць.

— Змардаваўся, адпачынь, брат,
Пастаім, пакурым.
Вератнік мы гэты скончым,
Спачываць патурым. -

Конік трэцца галавою
Аб яго кашулю,
Адпачыўшы, зноў ён цягне
Сошачку-крывулю.

А аратай, задуменны,
Зноў ідзе ступою...
Моцна, моцна іх злучыла
Праца за сахою!

— Гэй, мой конік! но, мой мілы! -
Носіцца па полі.
Конік, сошка і аратай
Сунуцца паволі.

Эх, ты, поле! Колькі сілы
Тут затраціць трэба!
Цяжка, цяжка дастаешся
Ты, кавалак хлеба!

1911 г.