Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/НАША СЯЛО

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Чыгунка НАША СЯЛО
Аўтар: Якуб Колас
1908
Вёска


НАША СЯЛО

Між узгоркаў над ракою
Выглядае сіратою
Наша беднае сяло.
Убраў стрэхі мох калматы
На бок скрыўленыя хаты,
Як-бы ў дол яно ўвайшло.

І зьліліся ў плех будынкі,
Ў шыбы ўсаджаны лучынкі,
Ці анучак цэлы жмут.
Спарахнела наша школа,
Згніў паркан усесь наўкола -
Школка горбіцца, як склют.

Збоку вербачкі крывыя,
Бы кабецінкі старыя,
Нуднай кучкаю стаяць.
Нёман ногі ім змывае,
Вецер голькі іх люляе,
Лісьці жаласна шумяць.

На прыгорку ў аддаленьні
Насып, крушнямі каменьне,
Смутна крыжыкі стаяць.
А ўнізе пад іх нагамі,
Спаласканыя сьлязамі,
Косьці родныя ляжаць.

Плачуць ветры над магілай,
З песьняй нуднай і пастылай
Пралятаючы у даль.
Як успомніш кут свой родны,
Кут закінуты, галодны,
Сьцісьне сэрца горкі жаль.

1908 г.