Якуб Колас (Тарас Гушча). Збор твораў/МЯЦЕЛІЦА

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Журба палёў МЯЦЕЛІЦА
Аўтар: Якуб Колас
1910
Зіма


МЯЦЕЛІЦА

Нізка зьвісьлі над зямлёю
Хмары сьнегавыя,
Сьвішча вецер за сьцяною,
У коміне вые.

Лес гудзе, дрыжаць галіны,
Стогне бор хваёвы,
Злосна выюць верхавіны,
Гнуцца іх галовы.

Белым пылам даль закрыта,
Ходзяць віхры вірам,
Прасяваюць сьнег на сіта
У бясконцай шыры.

Як разьнімуць крыльле-раме
Ды як задурэюць,
Сьледам гурбы курганамі
Стануць на сувеях.

Эх, гуляюць віхры ў полі,
Ветравыя дзеці!
Як зайздрошчу я іх долі -
Вольна песьні пеці!

Ой, ты, вецер, сын прастору!
Ты-ж аб чым галосіш?
Ці ня гэта маё гора
Ты ў палёх разносіш?

1910 г.